Категории

Зборная субота

2 минуты на чтение

Зборная субота (дзявочнік, паненскі вечар, вянкі)  – вечарына напярэдадні “уласна вяселля”, што ладзілася ў доме нявесты. Час узнікнення дакладна невядомы, але лічыцца, што ў паўночнай зоне Беларусі абрад быў пашыраны ў ХІІ – ХІV стст. У пісьмовых крыніцах фігуруе з ХVІІІ ст., у ХІХ – пачатку ХХ ст. меў шырокае распаўсюджанне ў тым ліку і ў разглядаемым рэгіёне. Галоўным прызначэннем З.С. было віццё вянка для младой і развітанне нявесты з дзявочым гуртом. Абавязковым было асабістае запрашэнне на вечар з боку нявесты. Хату абявязкова ўпрыгожвалі. Увечары збіраліся дзяўчаты. Колькасць іх залежала як ад мясцовай традыцыі, гэтак і ад колькасці незамужніх дзяўчат шлюбнага ўзросту ў вёсцы. Спачатку дзяўчаты ішлі за кветкамі ў сад (зімою вянок плялі з засушаных кветак ці з руты, якую спецыяльна накрывалі на зіму, каб не замёзла). Прынёсшы кветкі, ніткі, іголкі і пярсцёнак, дзяўчаты прасілі благаславення ў маці нявесты звіць вянок маладой. Пасля атрымання благаславення, садзіліся вакол стала і пачыналі працу. Вянок для маладой рабіла звычайна старэйшая дружка. Выраб вянка адбываўся са шматлікімі перасцярогамі і, як і ўсё вяселле, патрабаваў дакладнага выканання рытуалу згодна мясцовай традыцыі, якая ад вёскі да вёскі значна вар’іравалася. Адначасова дружкі выраблялі кветкі, што прышывалі потым дружкам маладога. Падчас віцця вянка спявалі спецыяльна прымеркаваныя да гэтага этапу вяселля песні. Па заканчэнні працы вянок выкупалі ў дзяўчат родныя маладой, звычайна маці. Пасля гэтага дзяўчат частавалі, часам, згодна мясцовай традыцыі, ладзілі танцы з запрашэннем музыкаў. Пачастунак не павінен быць вельмі вялікім, так як у многіх вёсках дзяўчаты, каб забяспечыць сабе хуткае замужжа, павінны былі з’есці ўсе пададзеныя стравы, а потым зрушыць з месца стол. Часам дастаткова было трохі сцягнуць са стала настольнік. У маладога ў гэты вечар гулялі асобна.

У некаторых мясцовасцях рэгіёна вянок для маладой рабілі ў хаце маладога яго блізкія сваячкі, пасля чаго малады сам адвозіў вянок нявесце, пачапіўшы на бутэльку гарэлкі.

І.С. Чарнякевіч.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp