Категории

"Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю": грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў пры вывучэнні творчасці Янкі Купалы

20 минут на чтение

Адной з асноўных задач, якія ставяцца перад сучаснай школьнай адукацыяй у Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца выхаванне высокамаральнай асобы, грамадзяніна сваёй краіны. Зразумела, што дасягнуць гэтага магчыма толькі ў тым выпадку, калі будзе рацыянальна арганізаваны навучальны працэс, зарыентаваны не толькі на рэалізацыю пэўных дыдактычных задач, але і на ўсебаковае і гарманічнае выхаванне асобы. Урокам літаратуры ў гэтым выпадку належыць выключнае месца ў школьнай сістэме адукацыі. Тлумачыцца гэта некалькімі акалічнасцямі. Па-першае, літаратуру па праву называюць чалавеказнаўствам, зыходзячы з таго, што менавіта ў мастацкіх творах можна знайсці ўсе праявы чалавечых пачуццяў, дзеянняў і ўчынкаў, даючы ім глыбокі аналіз і характарыстыку. Па-другое, на сённяшні дзень урокі беларускай і рускай літаратур ў сярэднім і старэйшым школьным звяне з’яўляюцца адзінымі прадметамі з ярка выражаным эстэтычным ухілам. Усё гэта дазваляе на такіх уроках рэалізаваць задачы і па эстэтычным, і па маральна-этычным, і па патрыятычным выхаванні. Гэта пацвярджаецца і зместам “Канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”: “Вучэбны прадмет “Беларуская літаратура” – адзін з прадметаў, з дапамогай якіх рэалізуецца галоўная мэта навучання і выхавання: фарміраванне гарманічнай асобы, інтэлектуальна развітой, здольнай усведамляць ролю маралі, этыкі ў асабістым і грамадскім жыцці, адчуваць і ацэньваць прыгожае, дасканала валодаць мовай” [5].

Сучасныя навукова-метадычныя выданні беларускіх выдавецтваў багатыя на артыкулы, прысвечаныя праблеме грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Большасць публікацый такога кшталту адсылае да “Канцэпцыі патрыятычнага выхавання моладзі ў Рэспубліцы Беларусь”, якая рэгламентуе выхаваўчую дзейнасць педагогаў пад час урокаў і пазакласнай працы.

Паводле названага нарматыўнага дакумента, “патрыятызм – гэта пачуццё любові да сваёй Радзімы, якое выражаецца ў актыўнай дзейнасці па яе працвітанні і абароне ад ворагаў” [7, с.113]. Адпаведным чынам фармулюецца мэта такога віду выхавання: “прывіццё моладзі любові да Беларусі, фармаванне ў яе ўстойлівага жадання садзейнічаць  росквіту Радзімы і імкненні абараняць ад ворагаў” [7, с.115].

“Выхаванне грамадзянскае – фармаванне грамадзянскасці як інтэграцыйнай якасці асобы, якая дазваляе чалавеку адчуваць сябе юрыдычна, сацыяльна і палітычна дзеяздольным. … Асноўная мэта грамадскага выхавання – фармаванне ў чалавеку маральных ідэалаў грамадства, пачуцця любві да Радзімы, імкненне да міру, патрэбы ў працы на карысць грамадства” [15, с.74]. Такія ж складнікі грамадзянскасці называе і “Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь”: “Грамадзянскасць – гэта інтэграцыйная якасць асобы, асноўнымі элементамі якой з’яўляюцца маральная, прававая і палітычная культура” [7, с.73].

Неабходнасць павышэння ўвагі да патрыятычнага і грамадзянскага выхавання моладзі метадысты тлумачаць досыць аднатыпнымі варункамі: “палітычная нестабільнасць у свеце”, “нефармальныя палітычныя рухі”, “пабудова прававой дзяржавы”, “рэфармаванне сістэмы адукацыі ў рэспубліцы”, “грамадзянская супольнасць”.

Пры гэтым ставяцца наступныя задачы названага віду выхавання: “фармаванне ведаў пра з’явы і працэсы грамадскага жыцця, фармаванне ўсведамлення прыналежнасці да грамадскіх структур, разумення залежнасці асабістых і грамадскіх інтарэсаў, прыняцце грамадскіх каштоўнасцей у якасці арыенціраў уласнай жыццядзейнасці, самавызначэння ў навакольным свеце, фармаванне патрэбы ў выкананні пэўных сацыяльных роляў, у дзейнасці па рэалізацыі сябе як асобы” [13, с.11].

Думаецца, што яскрава бачыцца неабмежаваны патэнцыял матэрыялу ўрокаў беларускай літаратуры для выхавання любові і сур’ёзных адносінаў да ўсяго, што з’яўляецца тыпова беларускім, нацыяльным. Менавіта на гэтых занятках, як і на ўроках беларускай мовы, гісторыі Беларусі, геаграфіі Беларусі (у выпадку, калі дзве апошнія дысцыпліны выкладаюцца па-беларуску), настаўнік карыстаецца сродкамі роднай мовы, г. зн. “спецыфічным кодам, які перадае фізічна-духоўную сутнасць людской супольнасці, сугучную з навакольнай прасторай” [19, с.110].

Улічваючы той факт, што грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ўключае ў сябе і такі аспект, як павагу да культуры і традыцый іншых народаў, патрыятычнае выхаванне неабходна праводзіць і пры вывучэнні ў школьным курсе беларускай літаратуры класічных твораў сусветнага мастацкага пісьменства (напрыклад, “Маленькі прынц” А.дэ Сэнт-Экзюперы (7 клас), “Стары і мора” Эрнеста Хемінгуэя, “Дом без гаспадара” Генрыха Бёля (11 клас) і інш.).

Улічваючы той факт, што немагчыма ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе адасобіць адзін від выхавання ад іншага, усё ж такі спынімся на выхаванні патрыятычным, але з пэўным узаемадзеяннем розных відаў выхавання пры вывучэнні беларускай літаратуры ў сярэдняй школе. Прапануем рэалізацыю патрыятычнага выхавання пры вывучэнні творчасці класіка беларускай літаратуры, першага Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, чыя творчасць у школьнай праграме прадстаўлена досыць багата, з улікам родава-жанравай разнастайнасці яго мастацкай спадчыны.

Грамадзянска-партыятычнае выхаванне школьнікаў пры знаёмстве з біяграфіяй Янкі Купалы

Вывучаць жыццяпіс любога чалавека заўжды цяжка. Але куды складаней вывучаць біяграфію літаратурнага генія, прарока нацыі; нацыянальнага Адраджэння, асабліва калі і да сённяшняга дня засталося нямала загадак пра гэтую постаць. Рэч ідзе, безумоўна, пра Купалу.

Жыццёвы і творчы шлях Янкі Купалы даволі добра прадстаўлены ў школьным курсе беларускай літаратуры. У падручнікі апошніх гадоў Купала ўвайшоў як аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі разнастайных паэм. Радуе і той факт, што забароненую на многія дзесяцігоддзі несмяротную трагікамедыю «Тутэйшыя» цяпер вывучаюць беларускія падлеткі.

Што ж тычыць біяграфіі Янкі Купалы, то і на яе ў адпаведна манаграфічнай тэме адводзяцца пэўныя гадзіны. Але першае знаёмства з асобай Купалы адбываецца яшчэ ў пачатковых класах, у межах курса “Беларускае чытанне”.

У сярэдняй школе з творамі Купалы вучні знаёмяцца амаль у кожным класе. А з 8 клас звяртаецца вучнёўская ўвага і на жыццёвы лёс пісьменніка.

Так, згодна са школьнай праграмай для 9 класа ў межах тэмы «Шляхі развіцця беларускай літаратуры ў пачатку ХХ стагоддзя», на вывучэнне якой адводзіцца 20 гадзін, на разгляд творчасці Янкі Купалы адводзіцца каля 6 гадзін. Пачынаецца праграмны артыкул, а значыць, і ўся манаграфічная тэма, наступным: «Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка» [2, с.75]. Зыходзячы з патрабаванняў праграмнага артыкула, настаўнік павінен данесці да навучэнцаў моманты, звязаныя з жыццёвым шляхам класіка, а таксама асаблівасці эвалюцыі творчага мыслення паэта. На першы погляд, ніякай праблемы тут няма. Але ж разам з тым, акрамя сімвалічнага дня параджэння (ноч на Купалле 1882 года), з асноўных падзей Купалавага жыцця неабходна звярнуць увагу і на трагічны вечар чэрвеня 1942 года, калі прарока беларускага Адраджэння не стала. У большасці школьных падручнікаў пра гэты дзень толькі ўпамінаецца, гаворыцца, што «28 чэрвеня 1942 г. Янкі Купалы не стала, трагічная заўчасная смерць абарвала жыццё паэта», а часам у падручніках факт смерці класіка зусім не асвятляецца. На жаль, да сённяшняга дня няма дакладных звестак аб тым, што адбылося ў і гасцініцы «Масква» ў той дзень. Ёсць толькі асобныя бедныя звесткі ды шматлікія здагадкі купалазнаўцаў . Але і тое, што ёсць, варта данесці да свядомасці беларускіх вучняў Па-першае, гэта патрэбна для навуковай дасведчанасці. Па-другое, для лепшага ўсведамлення эпохі сталінізму і трагізму высакароднай асобы ў той жудасны час.

У 9 класе пры вывучэнні біяграфіі Янкі Купалы можна прапанаваць вучням такі від працы, як калектыўнае складанне табліц. Улічваючы ўзроставыя асаблівасці дзевяцікласнікаў, варта прапанаваць некалькі відаў табліц, тым самым ствараючы рознаўзроўневыя заданні. Так, для 1 узроўню неабходна будзе прапанаваць табліцу з загадзя запоўненымі падзеямі, а вучні ў падручніках адшукаюць толькі адпаведныя даты. Навучэнцы II узроўню будуць адшукваць падзеі, якія адбыліся ў пададзеных датах. Для III ўзроўню варта прапанаваць так званую чыстую табліцу: і даты, і асноўныя моманты жыцця і творчасці, якія адпавядаюць адпаведным датам, неабходна будзе запоўніць вучням самастойна, карыстаючыся падручнікамі. Але, улічыўшы той факт, што падручнік па літаратуры не можа ахапіць усе моманты жыцця і творчасці пісьменніка, для вучняў IV узроўню варта прапанаваць і шэраг навуковых, навукова-метадычных прац, скіроўваючы ўвагу на даследчую працу. Тут жа, на нашу думку, нельга абысціся без шасцітомнага біябібліяграфічнага даведніка «Беларускія пісьменнікі», дзе Янку Купалу адводзіцца нямала месца, а таксама без фундаментальных прац па творчасці паэта такіх аўтарытэтных даследчыкаў, як Алега Лойкі [11], [12], Уладзіміра Гніламёдава [4], Івана Навуменкі [14]і інш.

У Тлумачальнай запісцы да праграмы па беларускай літаратуры ў 9 – 11 класах называецца і асноўная мэта навучання: «сфарміраваць у вучняў цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру ад старажытнасці да сучаснасці, дапамагчы асэнсаваць ідэйна-мастацкі змест лепшых твораў беларускага мастацкага слова і паасобных твораў замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову» [2, с. 11]. 3 працытаванага вынікае, што і перад настаўнікам і перад дзевяцікласнікамі пастаўлена вялікая і складаная задача, вырашыць якую, прачытаўшы толькі школьны падручнік, практычна немагчыма. Але гэта, разам з тым і неабходна, паколькі біяграфія пісьменніка – гэта ў большасці выпадкаў і ключ да разумення ягоных твораў

На нашу думку, вырашыць такую і падобныя задачы магчыма толькі ў тым выпадку, калі настаўнік накіруе вучняў на плённую даследчую працу. Дзеці павінны з аб’ёмнага матэрыялу выбраць і запомніць толькі найбольш вартаснае, г.зн. тыя факты з жыцця, якія прынцыпова паўплывалі на творчую свядомасць класіка.

Апошнім часам вялікая ўвага пры вывучэнні літаратуры надаецца працы з дакументальнымі крыніцамі. Таму моцным вучням тут варта прапанаваць звярнуцца да ўнікальнай у Купалазнаўстве працы Івана Лепешава «Ён не прыняў зло, або Пра Купалавы песні з турмы» [9], дзе прафесар з Гародні сабраў нямала дакументальных фактаў адносна трагічнасці лёсу паэта.

Калі ў савецкіх падручніках пастаянна пісалася аб тым, што зорным часам для Купалы быў Ляўкоўскі перыяд яго творчасці, то дапаможнікі па роднай літаратуры апошніх гадоў аб гэтым этапе творчай дзейнасці пісьменніка чамусьці абсалютна не ўспамінаюць. З аднаго боку, гэта выдатна: нарэшце наша літаратуразнаўства, а за ім і методыка выкладання роднай літаратуры, могуць абапірацца на аб'ектыўныя матэрыялы, Але ж давесці да вучняў усю трагічнасць таленту Янкі Купалы, не ўспомніўшы гэты перыяд, даволі цяжка. Што адбывалася з Купалам у гэты “зорны» час, як выжываў творца, пра гэта распавядае вучням узгаданы артыкул Івана Лепешава. Акрамя таго, нельга тут узгадаць і верш Рыгора Барадуліна «Чакалі», дзе аўтар называе той час «залачонаю клеткай паэта».

Акрамя навуковага падыходу да вывучэння біяграфіі пісьменніка варта выкарыстоўваць і творчыя працы. Так, пасля вывучэння манаграфічнай тэмы “Янка Купалы” ў тым жа 9 класе прапануецца і ўрок развіцця мовы. Гэта могуць быць такія віды працы, як сачыненне, водгук, эсэ і г.д. У працах такога тыпу вучні могуць пісаць як пра пэўныя Купалавы творы, так пра асобу класіка. Калі ж праца будзе прысвечана жыццёваму шляху творцы, то можна прапанаваць напісаць і рэцэнзію альбо водгук на ўжо неаднойчы ўзгаданы артыкул прафесара Лепашава ці на вершы Рыгора Барадуліна «Чакалі» і Сяржука Сокалава-Воюша «Янку Купалу». Калі ж гаворка пойдзе пра апошнія, то перад вучнямі паўстане сур’ёзная задача: даць як мага найбольш набліжаны да літаратуразнаўчага аналіз верша. Асаблівую ўвагу тут неабходна звярнуць на мастацкія сродкі твораў, на якія яны вельмі багатыя.

Трэба ўлічваць, што сучасная метадычная думка скіравана на тое, што вывучэнне літаратуры павінна ажыццяўляцца ў спалучэнні з сумежнымі відамі мастацтва. Зыходзячы з гэтага, можна прапанаваць вучням падрыхтаваць паведамленне па біяграфіі Янкі Купалы па аснове фотаальбома «Янка Купала ў творчасці мастакоў» [21], выдадзеным у 1982 годзе і прысвечаным 100-годдзю з Дня нараджэння пісьменніка, а таксама выданне 2002 года «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве» [20], выдадзеным Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

Прапанаваны намі дыферэнцыйны падыход, зварот да шматлікай навуковай і дакументальнай літаратуры, выкарыстанне нагляднасці, а таксама разнастайныя творчыя працы дазволяць сучаснаму школьніку трывала засвоіць асноўныя звесткі з жыцця нашага вялікага класіка, атрымаць своеасаблівы ключ да разумення ягоных твораў.

На нашу думку, вывучэнне біяграфіі такой знакавай постаці як Янкі Купалы з’яўляецца вельмі важным сродкам выхавання гонару за сваю Айчыну і яе знакамітых прадстаўнікоў. Усё гэта павінна садзейнічаць выхаванню патрыятызму ў навучэнцаў праз разуменне складанага гістарычнага працэсу сваёй краіны і ролі асобы ў ім.

Шматбаковае вывучэнне біяграфіі Янкі Купалы ў спалучэнні з даследчай працай дае больш трывалыя і ўсвядомленыя веды, якія павінныя садзейнічаць выхаванню патрыятычных пачуццяў у вучняў.

Вывучэнне біяграфіі Янкі Купалы з выкарыстаннем розных метадаў і прыёмаў садзейнічае выхаванню нацыянальнай свядомасці, патрыятызму ў вучняў.

 

Вывучэнне асобных лірычных твораў Янкі Купалы ў спалучэнні з сумежнымі відамі мастацтва як сродак грамадзянска-патрыятычнага выхавання

Усім вядома, што нельга вывучаць пэўны прадмет адасоблена ад іншых. Так, напрыклад, нельга вывучаць мову адасоблена ад гісторыі і г.д.

Што тычыцца літаратуры, то, згодна са школьнай праграмай па дадзеным прадмеце, пры яе вывучэнні неабходна ўлічваць не толькі міжпрадметныя сувязі, але і звяртаць увагу на іншыя віды мастацтва, паколькі літаратура і з’яўляецца адным з відаў мастацтва са сваімі спецыфічньмі адметнасцямі.

У старэйшай школе творчасць Янкі Купалы прадстаўлена досыць няблага, што паказана ў наступнай табліцы:

Клас

Творы

6

«Як у казцы”

7

«Курган».

8

Спадчына», «Магіла льва», «Паўлінка»

9

«Мая малітва», «Роднае слова», «Явар і каліна», «У вырай», «На сход!», «Паязджане», «Бандароўна», «Раскіданае гняздо»

Улічваючы геній таленту нашага прарока, відавочна, што твораў мастацтва, створаных да юбілейных датаў пісьменніка, а таксама па матывах ягоных твораў, нямала. Так, у 1982 годзе выйшла выданне «Янка Купала ў творчасці мастакоў», прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння класіка, а ў 2002 годзе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы выдаў каталог твораў выяўленчага мастацтва «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве: 1882-2002».

Дадзеная акалічнасць, як і многія іншыя, безумоўна, спрыяе ажыццяўленню сувязі з сумежнымі відамі мастацтва на ўроках беларускай літаратуры.

Звернемся да канкрэтных прыкладаў.

У 8 класе вывучаецца верш «Спадчына», дзе класік паказвае значэнне нацыянальнай спадчыны для народа, які не павінен траціць сувязі са сваімі каранямі. Як адзін з варыянтаў пачатку вывучэння гэтага твора — праслухоўванне песні «Спадчына» ў выкананні ансамбля «Песняры». Для праверкі ўспрымання праслуханага вучням неабходна адказаць на наступныя патанні: Ці супадае мелодыка, настрой, гучанне верша і музычнага твора? Наколькі ўдала паказалі Песняры Купалаву Спадчыну? і пад. Дзякуючы гэтаму, вучні адчуюць настрой твора, яго ўзнёсласць, патрыятычнасць, любоў да таго, што завецца «Старонкай Роднаю».

Для пашырэння кругагляду вучняў таксама ёсць сэнс паведаміць аб творчых здабытках ансамбля «Песняры», аб тым, што менавіта гэты калектыў адзін з першых звярнуў увагу на тэкст верша, паклаў яго на музыку.

У 9 класе ў межах вывучэння манаграфічнай тэмы, на нашу думку, абавязкова неабходна звярнуць увагу на верш «А хто там ідзе?», які вызначае творчае крэда пісьменніка.

Пасля выразнага чытання твора, для стварэнне адпаведнага эмацыйнага настрою, варта прапанаваць мастацкае палатно Янкі Раманоўскага «А хто там ідзе?». Вучням даецца заданне параўнаць рэпрадукцыю са зместам верша, пры гэтым настаўнік павінен паставіць вучням праблемныя пытанні тыпу: Што мастаку ўдалося паказаць? Што засталося па-за ўвагай І Раманоўскага ў адпаведнасці з тэкстам верша? і пад. Таксама неабходна патрабаваць ад вучняў аргументаваць свой адказ. Гэтым самым, акрамя гутаркі, на ўроку будуць прысутнічаць і элементы дыспуту.

Пасля разгляду названага вышэй палатна настаўніку варта для пашырэння кругагляду вучняў расказаць пра асобу Янкі Раманоўскага, затым пералічыць асноўныя творы, прысвечаныя Янку Купалу, і паказаць іх рэпрадукцыі. Гэта могуць быць такія, як Партрэт Янкі Купалы» (1959), «Янка Купала і Якуб Колас у Мінску» (1959), ілюстрацыі да твораў песняра «Магіла льва» [1959), «Зімою» (1957), «Бандароўна» (1952, 1959) і інш.

Таксама варта прапанаваць паразважаць над наступным выказваннем Пятра Васілеўскага: «Нашай культуры пашчасціла, што ў геніяльнага паэта Янкі Купалы быў таленавіты пляменнік — мастак Янка Раманоўскі. Дзяцінства будучага мастака прайшло ў сям’і паэта. Ён бачыў Івана Дамінікавіча так блізка, як мала хто. Быць сваяком генія – гэта ўдача, гонар і... крыж, часам даволі цяжкі, але які трэба несці з годнасцю. Бо ад носьбіта вялікага імя чакаюць адпаведнасці гэтаму імені» [10]. Вучням будзе цікава даведацца, што галоўная тэма яго творчасці – вобраз Янкі Купалы. што яна праходзіла праз усё жыццё мастака: ад дыпломнай работы ў інстытуце да апошняга дня жыцця. Вельмі важна падкрэсліць, што мастак доўгія гады жыў у сям’і паэта, што яму «даводзілася бачыць паэта не толькі за рабочым сталом, але і ў час адпачынку, і тады, калі да яго заходзілі сябры і госці...» [20].

Яшчэ адным з варыянтаў фрагмента правядзення дадзенага ўрока можа быць заданне прапанаваць 9-класнікам параўнаць карціну Раманоўскага з аднайменнай гравюрай В. Шаранговіча, звярнуўшы ўвагу на асаблівасці апошняй як шматфігурную кампазіцыю – трыпціх. Важна, каб вучні адзначылі, што ў цэнтры ў Раманоўскага Купала і персанажы яго твораў, а ў Шаранговіча – беларускія пісьменнікі, асветнікі, змагары. Неабходна, каб вучні| паразважалі над тым, як адрозненне мастацкіх палотнаў выяўляе аўтарскую пазіцыю кожнага з мастакоў.

Такім чынам, вывучэнне лірычных твораў Янкі Купалы ў спалучэнні з сумежнымі відамі мастацтва садзейнічае выхаванню нацыянальнай свядомасці і патрыятызму ў падрастаючага пакалення беларусаў, так як апора ў навучальна-выхаваўчым працэсе прыпадае на зрокавае, слыхавое і эмацыйнае ўспрыманне матэрыялу, што дапаўняецца выхаваннем эстэтычнага густу ў навучэнцаў.

 

Выхаванне нацыянальнай свядомасці пры вывучэнні паэм Янкі Купалы “Бандароўна”, “Курган”[1]

Для дасягнення мэтаў па выхаванні нацыянальнай свядомасці настаўніку на ўроку неабходна звярнуцца да літаратурна-фальклорных сувязяў. Нагадаем, што Праграма па беларускай літаратуры рэгламентуе вывучэнне дадзенага аспекта: “Бандароўна. …Фальклорная першакрыніца паэмы” [2, с.76]. “Курган”. …Сувязь твора з фальклорам” [2, с.35].

Варта пэўную частку твора адвесці на разгляд гісторыі ўзнікнення фальклорнага сюжэта пра Бандароўну. Найноўшая галіновая энцыклапедыя “Беларускі фальклор” падае, што “балада, пашыраная на Беларусі і Украіне, узнікла прыблізна ў 18 ст. і адносіцца да самых позніх у гэтым жанры” [16, с.134]. У розныя часы тэкст балады запісвалі і публікавалі Ян Чачот, Іван Насовіч, Павал Шэйн, Уладзіслаў Вярыга, Міхась Федароўскі, Яўхім Карскі.

“Даследчыкі сюжэта пра Бандароўну слушна адзначаюць сувязь падзей, пра якія апавядае балада, з імем пана Мікалая Патоцкага, канеўскага (Канеў – горад на Украіне – заўв. аўт.) старасты, эксцэнтрычнага, свавольнага магната, незлічонае багацце якога, знатнае паходжанне, надзвычай уплывовая радня, дазвалялі яму не лічыцца ні з якой уладай, ні з якімі законамі, акрамя сваіх далёка не бяскрыўдных прыхамацяў. Ужо пры жыцці Патоцкага пра яго апавядалі шмат розных быляў і небыліц, анекдотаў. Апавяданні сцвярджалі, што Патоцкі, заўважаўшы прыгожую дзяўчыну, прымусам браў з ёю царкоўны шлюб, а нацешыўшыся ахвярай, загадваў забіць яе, а пасля наладжваў ёй пышнае пахаванне” [17, с.175]. “Такія спосабы разводаў у даўнейшыя часы нярэдка сустракаліся ў асяроддзі ўладароў і магнатаў Еўропы” [16, с.134].

“Геаграфія беларускіх запісаў балады паказвае, што песня “выбрала” найбольш зручны шлях: з Валыні праз Заходняе Палессе з яго пераходнымі гаворкамі на Гродзеншчыну, дзе мела найбольшае пашырэнне, далей да Маладзечна, Мінска. З Гродзеншчыны “Бандароўна” павандравала на поўнач у літоўскія землі, у Сувалкію і нават за Нёман, за Каўнас – у Жэмайцію. … у каталозе літоўскіх балад … зарэгістравана каля 30 варыянтаў гэтага сюжэта менавіта з названых мясцін. … У Закарпацці балада жыве ў народным рэпертуары і зараз. Гэты факт сведчыць пра большую жыццяздольнасць твора на роднай глебе” [17, с.176 – 177].

На нашу думку, дадзеную інфармацыю мэтазгодна выкласці ў форме ўводнай лекцыі настаўніка (паралельна растлумачыўшы значэнне паняцця “каталог вусна-паэтычнай народнай творчасці”) альбо заранёў задаць падрыхтаваць вуснае паведамленне аднаму з вучняў. Цікавай формай работы класа пад час аповеду пра гісторыю ўзнікнення сюжэта пра Бандароўну будзе складанне карты распаўсюджвання балады. У сшытках па беларускай літаратуры вучні малююць абрысы сучаснай Беларусі (можна выкарыстаць трафарэт), кропкамі абазначаюць гарады Мінск, Брэст, Гродна, Маладзечна, плаўнай лініяй спрабуюць перадаць абрысы ракі Нёман, штрыхоўкай – межы Палесся. Настаўнік можа выкарыстаць звычайную фізічную карту Беларусі ці палітычную карту Усходняй Еўропы, размясціўшы нагляднасць на дошцы. Лектар пад час аповеду дэманструе шлях распаўсюджвання балады, вучні паўтараюць гэта ў сябе ў сшытках, малюючы лініі і стрэлкі. Таксама неабходна пазначыць украінскія і літоўскія мясцовасці, дзе была вядома песня пра Бандароўну. Апошнім пунктам, пазначаным на карце, стануць Акопы. Менавіта тут у 1913 годзе Купала напісаў сваю “Бандароўну”. Пад час тлумачэння дадзенага матэрыялу настаўнік можа выкарыстаць матэрыялы багатага на ілюстрацыі навукова-папулярнага выдання “Гасцінцам Купалы” [18, с.13-18].

На наступным этапе работы над творам настаўнік звяртае ўвагу не на галоўных герояў Бандароўну і пана Патоцкага, а на вобраз народа ў паэме Янкі Купалы і ў фальклорных першакрыніцах. Для гэтага прапаноўваецца параўнаць заключныя часткі літаратурнай і народнай песняў. У гарадскіх бібліятэках сёння ў свабодным доступе можна знайсці запісы балады Шэйна (зборнік народных песняў у 1962 годзе склаў К. Кабашнікаў) і Чачота (змешчаны ў трэцім томе “Беларусаў” Я. Карскага). Вучням прапаноўваецца параўнаць канцоўкі Купалавай “Бандароўны” і народнай балады.

Заўважым, ні ў воднай знойдзенай намі вусна-паэтычнай баладзе пра Бандароўну не гаворыцца пра тое, што паднялося паўстанне ў адказ за забойства гераіні. Пра народнае стаўленне да вобраза Бандароўны піша аўтарытэтная энцыклапедыя “Беларускі фальклор”: “…З аднаго боку, гэта любаванне маладой, прыгожай, пекна апранутай, смелай і незалежнай дзяўчынай. З другога – народная мараль не ўхваляе разгульнасць, дзёрзкасць, свабодныя паводзіны маладой дзяўчыны, што танцуе ў карчме з дваровымі, не ў сваім жорстка рэгламентаваным асяроддзі, дзе ёй нічога не пагражала б. Асуджэнне празмерна свабодных паводзін вынікае … і з заключных маралізавальных сентэнцый, укладзеных у вусны яе смуткуючых бацькоў:

 

Прышла стара бандарыха,

Спляснула рукамі

Ото ж табе, маё дзіця,

Гуляць з дваракамі”

[16, с.135].

Альбо:

“…Ой, прышоў жа яе бацька і спляснуў рукамі:

— Ото ж табе прышло ліха с тваімі думкамі”

[1, с.24].

“У яшчэ больш позніх рэдакцыях да Бандароўны заляцаецца каралевіч, які яе моцна кахае:

Да як стали  бондаруўну да долу спускаци,

Так же стаў пан крулевич сильненько плакаци.

“Ой, и плацьце, мои слуги, ой, и плацьце, мои людзи,

Бо такой же бондаруўны на свиеци не будзе!”

[6, с. 352].

Такім чынам, мы бачым, што “крывава бітва” казакоў – аўтарская выдумка. Настаўнік праноўвае класу паразважаць над пытаннямі:

  • Для чаго Янка Купала дапісвае менавіта такі фінал?
  • Чаму, на вашу думку, паэт пераносіць дзеянне паэмы на Украіну (хоць сюжэт, як мы ўжо ведаем, быў добра вядомы і на беларускіх землях)?
  • Для чаго паэт так зашыфраваў ключавую ідэю твора?

У канцы дыскусіі настаўнік можа зрабіць падагульненне, карыстаючыся дапаможнікамі У. В. Гніламёдава [9]. Літаратуразнаўца пісаў, што “Купалу бянтэжыла замаруджанасць працэсу абуджэння народнай масы ад сну, і пагэтаму ён бачыў пільную патрэбу ў героях, якія б адчулі смак свабоды. … Мелася вялікая патрэба наталіць прагу народа ў яго ўласным гістарычным мінулым, … на якое абапіралася сучаснай жыццё” [9, с.113].

Прывядзем яшчэ адзін прыклад задання, якое, на нашу думку, спрыяе выхаванню нацыянальнай свядомасці пры разглядзе паэмы “Бандароўна”. Прапануем параўнаць вобраз народа ў “Бандароўне” з аналагічным вобразам у раней вывучанай паэме “Курган” (настаўнік дае папярэдняе дамашняе заданне перачытаць “Курган” і прынесці тэкст паэмы на ўрок). Вучні складаюць параўнальную табліцу з цытат, якія раскрываюць вобразы простых людзей.

 

Вобраз народа ў паэме “Бандароўна”

Вобраз народа ў паэме “Курган”

“Да сягоння жыве памяць аб злым дусе на ўсёй чыста Украіне і на Беларусі. Ў сёлах, як клялі дагэтуль, так і праклінаюць, у палацах яго толькі міла ўспамінаюць. Аб прыгожай Бандароўне і аб справах пана засталася ў народзе песня здавён-даўна” [8, с.67] .

“Паміж пустак балот беларускай зямлі, на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, - ўдзірванелы курган векавечны. … Ён стаіць – гэта памяць людская, паказ… Толькі гутарка ходзіць такая” [8, с.51].

“Асцярожна, пан Канёўскі! Будзе ліха, будзе, не забудзься, што сумленне ёсць і ў простым людзе! Не папусціць ў крыўду славу, славу ды свабоду, хоць і дуж ты, і багаты, ды панскага роду” [8, с.69].

“…Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй; стражы князевы – ў полі і дома,

толькі модлы[2] раслі ў сэрцах у людзей, і пракляцце расло пакрыёма[3] [8, с.52].

“З руты-мяты ёй вяночак вілі ў дамоўку, як карону каралеўне, клалі на галоўку. Збілі з дошак габляваных белу дамавіну і лажылі ў ёй няшчасну забіту дзяўчыну” [8, с.76].

“Не часалі дамоўку яму сталяры,

не заплакалі бліжнія вочы; змоўклі гуслі і ён з той пары – да пары; сум і сціша залеглі, як ночай” [8, с.56].

“…Толькі думак украінцам пахаваць не ўмелі. … Весць аб смерці Бандароўны скрозь пайшла, як мора, зашумела Украіна – гора панам, гора! Бандарэнка сходы кліча, ўсім аб крыўдзе кажа; войска сільнае збірае, роўна сіле ўражай. …Колькі выцекла крыві йшчэ, не будзем казаці, бо крывёю сваёю роднай трэ было б пісаці” [8, с.78].

“…І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць, і на месяц глядзіць, як сам, белы. Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той, не зазнаў бы ніколі ўжо гора… Можна тут веру даць, толькі слухаць душой… Курганы шмат чаго нам гавораць” [8, с.56 – с.57].

 

Пасля запаўнення табліцы настаўнік арганізуе дыскусію ў класе, задаючы наступныя пытанні:

  • Што аб’ядноўвае простых людзей у паэмах?
  • Чым адрозніваюцца гэтыя вобразы?
  • І ў паэме “Курган”, і ў “Бандароўне” людзі маюць падобнае гора: жорскі гаспадар катуе людзей і забівае іх герояў. Аднак народ паводзіць сябе па-рознаму. Як вы думаеце, чаму?
  • Для чаго, на вашу думку, Янка Купала менавіта так скончыў “Курган” і “Бандароўну”?

Думаецца, такія параўнальныя заданні ў суправаджэнні праблемных пытанняў даюць магчымасць настаўніку на ўроках шырока выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял твораў нацыянальнай класікі. Акрамя гэтага такі спосаб падачы матэрыялу дазваляе педагогу ненавязліва, паслядоўна падводзіць вучняў да аўтарскай ідэі, зашыфраванай у літаратуры, прывучае задумвацца, “чытаць паміж радкоў” і рабіць самастойныя высновы.

 

Як бачна, творчасць Янкі Купалы – гэта тая прыдатная глеба, на якой можна выдатна арганізаваць рэалізацыю задач педагога па маральна-этычным выхаванні, фармаванні любові да радзімы, павагі да мінулага.

М.У.  Грынько

Янка Купала и Якуб Колас : зб. навук. прац  / рэдкал.:  І.В. Жук (адк. рэд.) [і інш.]. — Гродна : ГрДУ, 2012


[1] Напісана ў сааўтарстве з Марчук К.

[2]Слоўнікавая праца. Модлы – Уст. Польск. ‘Скаргі, малітвы’ [18, с. 102].

 

[3] Слоўнікавая праца. Пакрыёма – Польск. ‘Цішком’ [18, с. 319].

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Да ранніх паэмаў Янкі Купалы традыцыйна адносяць творы рамантычна-баладнага зместу: «Зімою»,  «Нікому», «Калека», «У Піліпаўку», «За што?», якія па часе былі створаныя некалькі раней за драматычныя ці фальклорна-рамантычныя паэмы. У іх, як зазначыў літаратураз...
Спадчына Янкі Купалы заўсёды прыцягвала ўвагу не толькі даследчыкаў вербальнага мастацтва, але і стваральнікаў літаратуры – ягоныя радкі беларускія пісьменнікі бралі і бяруць ў якасці эпіграфаў, яму прысвячаююцца творы, яго постаць рэгулярна ўзнікае ў самых ро...
У творчасці Янкі Купалы вершаў, якія  толькі ў загалоўку ўтрымліваюць канцэпт шляху ці дарогі, назбіраецца на добрую паэтычную кнігу. Зрэшты, і кніга з назвай матыву таксама ёсць: «Шляхам жыцця». Выбіраючы загалоўкавую фармулёўку для аднаго з лепшых паэтычных ...