Категории

Выкарыстанне фразеалагізмаў у прозе беластоцкай пісьменніцы Міры Лукшы

13 минут на чтение

        Міра Лукша – прадстаўнік маладзейшага пакалення пісьменнікаў “Белавежы”, якая  “ў сваёй прозе плённа і паслядоўна працягвае традыцыі беларускай, тыпова вясковай, сялянскай літаратуры” [7, с. 181]. Адметнасць творчай манеры Міры Лукшы пазначана ў загалоўку яе кнігі “Бабскія гісторыі”, “гэта значыць тыя, якія апавядаюцца кабетамі і якія выяўляюць спецыфіку народнага жаночага светаўспрымання, менталітэт вясковых бабулек, надзеленых мудрасцю перажытага..” [7, с. 182].

         Асноўныя праблемы, якія закранаюцца ў “Бабскіх гісторыях” – гэта праблема вымірання вёскі, праблема непатрэбнасці зямлі нашчадкам, страта вясковай традыцыйнай маралі, праблема эміграцыі.

         Асаблівай увагі заслугоўвае мова гэтага зборніка. Менавіта праз мову аўтарка раскрывае непаўторныя характары сваіх персанажаў – вясковых людзей, іх маральна-этычныя каштоўнасці, адносіны да іншых герояў і да сябе. Кніга вызначаецца спакойнай, разважлівай інтанацыяй, “па-народнаму мудра-абстрагавнай манерай апавядання” [7, c. 183]. Майстэрства моўнай стылізацыі дазваляе яскрава перадаць характары сваіх гераінь. Выкарыстоўваючы няўласна-простую мову, форму маналога, пісьменніца выдатна перадае своеасаблівасць і спецыфіку лексікі гераінь, яна быццам бы гаворыць іх голасам. Яркасць, запамінальнасць, майстэрства маўленчай індывідуалізацыі вызначаюць своеасаблівы пісьменніцкі стыль Міры Лукшы. У гэтым аўтарцы дапамагаюць разнастайныя моўныя сродкі: дыялектызмы (харашэ, гарбузэ, путо), вузкамясцовыя словы (злеўня, конаўка), паланізмы (могліцыфацэт, матура, збачэнца, завадоўка, заштрахуюць), а таксама фразеалагізмы. У “Бабскіх гісторыях” выяўлена 204 фразеалагізмаўжыванні.

         Падлікі паказваюць, што толькі некаторыя з фразеалагічных адзінак выкарыстоўваюцца ў зборніку некалькі разоў (у свет ісці, пайсці, павыходзіць, у людзі выпраўляць, даць рады каму, так сказаць, на вачах у каго, чыіх, раз-пораз, тое-сёе, узяць у свае рукі, як у шклянцы, што зробіш, як сноп падаць, дзякуй богу, і так, кавалак хлеба, мець рацыю, мець гонар, не сваім голасам галасіць, закрычаць і інш. ), астатнія ужыты толькі адзін раз, з’яўляюцца адначастотнымі. Аўтар паслядоўна прытрымліваецца няпісанага правіла не паўтараць фразеалагізмы без пэўнай мэты, калі такі паўтор чымсьці не абумоўлены. Так, выраз у свет, выкарыстаны з рознымі дзеясловамі-суправаджальнікамі са значэннем руху, перамяшчэння ў прасторы вырвацца, пайсці, ісці, павыходзіць, 6 разоў сустракаем у зборніку. Неаднаразовае ўжыванне гэтага выразу тлумачыцца адной з асноўных праблемных тэм, закранутай пісьменніцай – праблемай эміграцыі, вымывання інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі. Блізкі па значэнні фразеалагізм у людзі выпраўляць, пайсці, пусціць (4 ужыванні) таксама мае сувязь з названай праблемай. Аўтарка з сумам распавядае пра тых прадстаўнікоў маладзейшага пакалення, якія ў пошуках шчасця выехалі за мяжу, адарваліся ад сваіх каранёў.

         Як і ў творах іншых пісьменнікаў, у апавяданнях Міры Лукшы большасць фразеалагізмаў выкарыстоўваецца без пэўных змен, з замацаванай структурай і значэннем. Гэтыя моўныя сродкі і ў такім выпадку ўзбагачаюць маўленне, выконваюць разнастайныя стылістычныя функцыі. У мовазнаўстве іх традыцыйна падзяляюць на узуальныя і аказіянальныя [2]. Узуальныя функцыі – гэта агульныя, пастаянныя, «прыродныя» функцыі, «унутрана ўласцівыя самім фразеалагізмам», яны самі па сабе «рэалізуюцца ў моўным кантэксце» [2, с. 76]. Да іх адносяцца наступныя функцыі: намінатыўная, лаканізацыі маўлення, вобразнага выказвання, ацэначная, эмацыянальная, экспрэсіўная. Аказіянальныя стылістычныя функцыі рэалізуюцца ў спецыяльна арганізаваным кантэксце ў адпаведнасці з задумай аўтара. Да іх адносяцца: функцыя стварэння гумару і сатыры, функцыя маўленчай характарыстыкі персанажа, градацыйная, а таксама функцыі кампазіцыйна-канструкцыйнай накіраванасці: функцыя сюжэтнай асновы твора, загаловачная функцыя, функцыя заключнага акорда, функцыя рэфрэна і функцыя стварэння абсалютна дакладнай рыфмы. Разгдзедзім, якія стылістычныя функцыі выконваюць фразеалагізмы ў творах Міры Лукшы.

         Фразеалагізмы, з’яўляючыся будаўнічым матэрыялам для сказаў, уступаюць у семантычную і сінтаксічную сувязь са словамі і гэтак жа, як і словы, абазначаюць, называюць тыя ці іншыя паняцці, г.зн. выконваюць намінатыўную функцыю. Яна ўласціва амаль усім фразеалагічным адзінкам. Так, фразеалагізмы могуць абазначаць: чалавека (раба божая, лішні рот, наш брат), прадмет (дах над галавой, гусіныя лапкі), з’яву (залаты фонд, жывое слова), прымету (на галаву вышэй, востры на язык), дзеянне (гуляць у жмуркі, праціраць вочы, адкрываць дарогу (каму, куды) і інш. Зразумела, што фразеалагізмы не проста называюць пэўныя з’явы, прадметы, паняцці і г.д., а характарызуюць іх. Таму намінатыўная функцыя не асноўная і не галоўная, дзеля якой выкарыстоўваецца ў маўленні пэўны фразеалагізм. Адначасова ён выступае з шэрагам іншых стылістычных функцый, з’яўляецца поліфункцыянальнай адзінкай. Так, фразеалагізм высмактаць сокі з каго не толькі абазначае ‘мучыць каго-н., прычыняць пакуты’, выконвае намінатыўную фукцыю, але і надае маўленню экспрэсіўнасць, лаканізуе яго: “Работа ўсе сокі з чалавека высмакча, а хто мае час лячыцца!” [5, c. 175].. Фразеалагізм уесціся ў косці каму выконвае намінатыўную функцыю, абазначае ‘вельмі назяляць, становячыся прыкрым, нязносным’, адначасова лаканізуе маўленне, бо колькасць слоў у тлумачальным мінімуме большая, чым колькасць фразеалагічных кампанентаў; акрамя гэтага фразеагізм мае неадабральную ацэнку і з’яўляецца экспрэсіўным сродкам: “Коля і Надзя, яго стараватыя бацькі, і не думаюць здаваць гаспадарку, хоць ім ужо ўелася ў косці” [5, с. 49].

         У мове ёсць нязначная колькасць зваротаў, якія з’яўляюцца адзінай назвай для абазначэння пэўных рэалій (напрыклад, бабіна лета ў 1-м значэнні – ‘ранняя восень з цёплымі яснымі днямі’). Намінатыўная функцыя для такіх зваротаў – асноўная, але не адзіная: фразеалагізм адначасова выступае і як экспрэсіўны сродак выказвання. Амаль тое самае можна сказаць і пра фразеалагічныя звароты як паралельныя абазначэнні з’яў з расліннага і жывёльнага свету, непараўнальна часцей ужывальныя, чым навуковыя абазначэнні тых жа з’яў. Напрыклад, выраз зязюльчыны слёзы, які адначасова з намінатыўнай функцыяй выконвае загаловачную функцыю, выступае ў ролі загалоўка апавядання і абазначае ‘аднагадовая або шматгадовая расліна сямейства злакавых з некалькімі сцябламі і суквеццем мяцёлкай; дрыжнік’ [3, т. 2 ,с, 412].

         Уменне сказаць “многа ў малым”, ёміста, але дакладна характарызаваць пэўную сітуацыю ўласціва творчай манеры зборніка. У гэтым пісьменніцы дапамагаюць і фразеалагізмы, якія выконваюць функцыю лаканізацыі маўлення – «даюць найбольшую канцэнтрацыю думкі пры найменшай затраце слоўнага матэрыялу» [6, с. 250]. Названая функцыя ўласціва тым фразеалагізмам, у якіх  колькасць слоў у тлумачальным мінімуме большая, чым колькасць кампанентаў фразеалагізма: глядзець у рот каму (у 1-м значэнні ‘уважліва і лісліва, угодліва слухаць каго-н.’), і след прастыў каго (‘хто-н. бясследна знік, прапаў’), кроў закіпела ў каго ( у 2-м значэнні ‘хто-н. ахоплены парывам пачуццяў, вельмі ўзбуджаны, усхваляваны і пад.’).

         Фразеалагізмы могуць выконваць і ацэначную функцыю, якая праяўляецца ў іх здольнасці даваць станоўчую ці адмоўную ацэнку асобе або прадмету. Пісьменніца выкарыстоўвае фразеалагізмы як трапныя сродкі ацэнкі персанажаў. Часцей фразеалагізмы выражаюць адмоўную ацэнку. Так, выраз голы як бізун (‘вельмі бедны’) аўтарка перадае  пагардлівыя адносіны да Анопа Канстэнціка-Чорта “багацею толькі ва ўспамінах, цяпер голаму як бізун” [5, с 80]. Неадабральную ацэнку героям надаюць фразеалагізмы курам на смех (‘вельмі дрэнны’): “А хай яе, з тою польскаю мовай бабы Нюры! На смех курам!” [5, c. 69]; на адзін капыл (‘вельмі падобныя, аднолькавыя’): “А тыя немцы здаваліся нам усе на адзін капыл, ці стары ці малады, ці паліцэйскі, ці жаўнер…” [5, c. 22]. Выразам ніякая халера не бярэ каго перадаюцца непрыязныя адносіны да героя аднаго з апавяданняў Зютка: “Раз крыху сам супакоіўся, то падышоў да сасны і давай біць у камель галавою! Лупіў так, што мала чэрап не раструшчыў. А потым праспаўся ў карчах, і то на мокрым, ніякая халера яго не ўзяла” [5, c. 112]. Улюбёны аўтарскі выраз як у шклянцы, створаны на аснове агульнаўжывальнага фразеалагізма як шклянка, 4 разы ўжыты ў розных апавяданнях зборніка “Бабскія гісторыі” і выкарыстоўваюцца як сродак аўтарскай характарыстыкі сваіх гераінь, у якіх лад і парадак у хаце. У Міры Лукшы гэты выраз набывае новае значэнне: абазначае не толькі ‘новы, нядаўна пабудавны (пра хату, дом)’, а і ‘чыста, акуратна’, з’яўляецца прыслоўным фразеалагізмам: “І Працуе Аня, і дзяцей нарадзіла. Чыстая, гжэчная, у царкву ходзіць. У хаце як у шклянцы” [5, c. 89].

         Апавяданні зборніка вызначаюцца лірычным настроем, роздумам над сэнсам чалавечага жыцця. Адпаведны настрой для гэтага ствараюць фразеалагізмы, якія выконваюць эмацыянальную функцыю: выражаюць пэўныя пачуцці і эмоцыі чалавека. Эмацыянальная афарбоўка такіх фразеалагізмаў выступае як устойлівы элемент іх сэнсавай структуры. Так, эмацыйны стан Антона, галоўнага героя аднайменнага апавядання, перадаецца з дапамогай фразеалагізмаў свет нямілы каму і распускаць нюні, зваліцца як сноп, якія ўкладзены ў вусны ягонага брата Яўгена: “Чаго ты, Антон, зваліўся як сноп? Распусціў нюні, што табе свет нямілы? Збірай старыя косці, пойдзем пагуляць у госці! – густы Яўгенаў барытон падарваў Антона на ногі” [5, с. 132–132]. Як бачым, у гэтым невялікім урыўку аўтарка выкарыстоўвае аж 5 фразеалагізмаў, і ўсе яны да месца і адлюстроўваюць псіхалагічны стан героя. Эмацыянальны стан герояў перадаецца фразеалагізмамі з какмпанентамі сэрца, душа: сэрца баліць у каго, сэрца сціснулася ў каго, сэрца шчыміць у каго і пад.: “А калі кавалер загаварыў да Юлі, быцца нейкі верш пра каханне зачытаў, не сцярпела яна, і хоць сэрца сціснулася, запытала…” [5, с. 16].

         Экспрэсіўнасць варта разглядаць як “катэгарыяльную ўласцівасць фразеалагізмаў” [1, с. 173]. Найчасцей яе атаясамліваюць з выразнасцю. Таму ўсе фразеалагізмы, якім уласцівы вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць, адначасова з’яўляюцца і яркімі сродкамі моўнай выразнасці (экспрэсіўнасці)» [4, с. 212].

         Некаторыя фразеалагізмы ў апавяданнях Міры Лукшы выконваюць загаловачную функцыю, выступаюць у ролі загалоўкаў. У такім выпадку кантэкстам, у якім рэалізуецца значэнне фразеалагізма, з’яўляецца цэлы твор. Так, напрыклад, фразеалагізм зязюльчыны слёзы выступае загалоўкам аднайменнага апавядання.  Выраз блудная дачка, які выступае ў ролі загалоўка, цесна звязаны са зместам апавядання, у якім гаворыцца пра нелюбімую дачку Варку і яе жыццё. У гэтым фразеалагізме назіраем аўтарскі прыём замены фразеалагічнага кампанента (блудны сын – блудная дачка), і гэтая замена матываваная і апраўданая зместам твора.

         Пісьменніца шырока выкарыстоўвае фразеалагічныя варыянты. У апавяданнях сустракаюцца наступныя тыпы варыянтаў: лексічныя, марфалагічныя, акцэнтна-фанетычныя, канструкцыйна-колькасныя і камбінаваныя. Разгледзім больш падрабязна кожны тып варыянтнасці.

         Лексічныя варыянты – гэта «слоўна-кампанентныя разнавіднасці фразеалагізмаў, якія адбываюцца ў межах адной і той жа сінтаксічнай канструкцыі і не ўносяць якіх-небудзь сэнсавых адценняў у змест фразеалагізма» [1, с. 186]. Напрыклад, у апавяданнях зборніка сустракаем варыянты назоўнікавага і дзеяслоўнага фразеалагічных кампанентаў: вырваць з зубоў – вырваць з горла, ледзь ногі цягаць – ледзь ногі валачы, ні мінуты – ні хвіліны, душа баліць у каго – сэрца баліць у каго. 

         Акцэнтна-фанетычная варыянтнасць у беларускай мове даволі рэдкая. Такія варыянты адрозніваюцца гукам і месцам націску. Так, у апавяданні “Чорт у хаце” сустракаем варыянт як укопаны – як укапаны.

         Марфалагічныя варыянты адрозніваюцца граматычнай формай кампанентаў. У апавяданнях пісьменніцы такія разнавіднасці адрозніваюцца склонавымі канчаткамі і формамі ліку: высмактаць сок з каговысмактаць сокі з каго; з усёй сілы – з усяе сілы.

         У апавяданні “Чорт у хаце” сустракаем канструкцыйна-колькасны варыянт фразеалагізма не бачыць <белага> свету, які адрозніваецца факультатыўным кампанентам белага: не бачыць свету.  

         Камбінаваную варыянтнасць, якая спалучае лексічны і канструкцыйны віды вар’іравання, сустракаем  у апавяданні “Смерць і Волька”: на <адну> мінуту – на хвіліну. 

         Нароўні з агульнамоўнымі, агульнаўжывальнымі варыянтамі, якія фіксуюцца ў фразеалагічных даведніках, у “Бабскіх гісторыях”  сустракаем варыянты няслоўнікавага тыпу. Яны не занатаваны ў фразеалагічных слоўніках, а ўжываюцца пісьменніцай для разнастайнасці маўлення ці з мэтай пазбегнуць таўталогіі. У асноўным гэта лексічныя варыянты: лахі пад пахі – цюхі пад пахі, выцягнуць ногі – выцягнуць капыты, гарэць у руках – гарэць у далонях,  след прастыў чый – дух прастыў чый, падняць на ногі каго – падарваць на ногі каго, сагнуць у дугу каго – сагнуць у крук каго, памінаць добрым словам – паўспамінаць добрым словампанесці <з сабой> у магілу што – пацягнуць з сабой у магілу што. Выраз на здзіў каму (у 3-ім значэнні – ‘так, што хто-н. можа захапіцца, здзівіцца і пад.’) выступае аўтарскім лексічным варыянтам да агульнаўжывальнага фразеалагізма на дзіва каму. Сустрэўся таксама няслоўнікавыя марфалагічныя варыянты: да касцей – да касці.

         Цікавасць выклікаюць кантамінаваныя фразеалагічныя ўтварэнні. Так, у апавяданні “Настуля” сустракаем выраз адной нагой стаяць на тым свеце, які  ўзнік у выніку аб’яднання двух фразеалагізмаў адной нагой стаяць у магіле і той свет. У гэтым жа творы ўжываецца кантамінаваны фразеалагізм звесці з белага свету каго (звесці са свету каго + белы свет). У апавяданні “Раман і Юля” пісьменніца на аснове фразеалагізмаў чорт панёс каго куды і у свет ісці (пайсці), ехаць (паехаць) стварае кантамінаваны выраз чэрці ў свет панеслі каго: “Гадуе ад яго Марыля дачушку, і добра, расце малое, і яшчэ лепш, што татку чэрці ў свет панеслі, хай яму сонца не свеціць, бо лепш такога бацьку дзіцяці не бачыць..” [5, с. 18].

         У зборніку “Бабскія гісторыі” назіраем аўтарскія наватворы, створаныя на аснове вядомых фразеалагізмаў. Так, у апавяданні “Настуля” на аснове фразеалагізма хоць ты жывы ў зямлю лезь утвораны фразеалагізм хоць жывым у зямлю пайшоў: “Гэтыя сцярвятнікі жыць бацьку не дадуць, цяпер то яго ўспомнілі, а так то хоць бы жывым у зямлю пайшоў” [5, с. 32]. У апавяданні “Канстэнцік” замест агульнаўжывальнага фразеалагізма як старой бабе сесці чаго (‘вельмі мала. Звычайна пра зямлю’) аўтарка ўжывае выраз казе не сесці: “На Місюковым кавалачку казе не сесці, а радзіў ён толькі свірэпу ды пырэй” [5, с. 80].

         Безумоўна, найбольшую цікавасць і непаўторнасць выклікаюць выразы, абноўленыя пісьменніцай з пэўнай стылістычнай мэтай, якія падпадаюць пад разнастайныя стылістычныя прыёмы. Звычайна фразеалагізмы ўжываюцца ў нязменным выглядзе, толькі некаторыя з іх абыгрываюцца пісьменнікамі. У выпадку стылістычнага выкарыстання фразеалагізмаў – знарочыстага змянення іх значэння ці формы і значэння адначасова –  стылістычная роля фразеалагізмаў нібы падвойваецца, яны ствараюць большы мастацкі эфект, аказваюць большае эмацыянальна-экспрэсіўнае ўздзеянне на чытача, чым пры сваім звычайным ужыванні.

         Часцей аўтарка выкарыстоўвае прыём замены фразеалагічнага кампанента. Напрыклад, у апавяданні “Панас” сустракаем матываваную замену дзеяслоўнага кампанента ў фразеалагізме ісці сваёй дарогай, бо гаворка ідзе пра насякомае: “Калі не прыхлабушчыць мухабойкай, то мо выжане ручніком, а кыш! – ляці, паскуда, сваёю дарогай” [5, 109].

         Двойчы і па-рознаму прыёмам замены фразеалагічнага кампанента абыгрываецца фразеалагізм сунуць носа не ў сваё проса (‘умешвацца ў чужыя справы’), у апавяданнях “Скарб” і “Не мела баба… дзеда”: “Ты, маці – баба, а бабскае дзело – печы пільнаваць. Не сунь носа ў такія справы” [5, c. 154]; “Суседзі не прыбеглі. Яны заўсёды добра ведаюць: ніколі не суньце носа ў чужыя сямейныя справы” [5, с. 10].

         Прыём ускладнення фразеалагічнага кампанента словам свабоднага ўжывання сустракаем у апавяданні “Зязюльчыны слёзы”, дзе размова ідзе пра рабаўнікоў-баяр: “Былі калісь славутыя Баяры сваімі “баярамі”, ды тыя баяры мелі свой гонар, хоць і бандыцкі. Рабавалі не сярод сваіх” [5, c. 178]. У выразе злажыць галаву (‘гінуць у баі, ахвяроўваць сабой’) абыгрываецца назоўнікавы кампанент галава: “Яе дзеткі неўзабаве зложаць свае галоўкі, ледзь абскубаныя, недавараныя-недапечаныя” [5, с. 85].

         Фразеалагізм перамываць костачкі каго камічна расшыфроўваецца ў апавяданні “Тры вёскі, тры палоскі”: “Нават папляткарыць няма з кім і пра што, бо са сваімі суседкамі ўжо перамылі костачкі ўсіх жывых і нябошчыкаў” [5, c. 76]. У сваім звычайным ужыванні гэты фразеалагізм мае значэнне ‘абгаворваць каго-н., пляткарыць’, а ў дадзеным кантэксце дзякуючы стылістычным актуалізатарам – словам усіх жывых і нябошчыкаў, “якія нібыта паясняюць фразеалагізм і гэтым разбураюць яго цэласнасць, вяртаюць словазлучэнню літаральнае значэнне яго састаўных частак, ствараецца стылістычны эфект” [2, с. 149].

         Стылістычны прыём стварэння метафарычнага кантэксту на вобразнай аснове фразеалагізма назіраем пры абыгрыванні выразу выходзіць на дарогу <якую> (у пісьменніцы ўжываецца аўтарскі варыянт станавіцца на дарогу): “Спрабаваў быў пан Адам перад гэтай апошняй бядой стаць на роўную, новую дарогу, каб з кімсьці пад руку прайсці свой перадапошні шлях у дружбе” [5, с. 25]. Фразеалагізм  з’яўляецца фонам, на вобразнай аснове якога ствараецца метафарычны кантэкст. Гэта фразеалагічная адзінка мае выразную матываванасць, і на аснове яе значэння (‘знаходзіць сваё месца ў жыцці, станавіцца самастойным’) пісьменніца развівае далейшае вобразнае ўяўленне. У выніку ствараецца метафарычны кантэкст, для разумення якога патрэбна ўлічваць значэнне фразеалагізма, «празрыстасць» яго ўнутранай формы, суаднесенасць з свабодна арганізаванай сінтаксічнай канструкцыяй. «Зона дзеяння» гэтага фразеалагізма пашыраецца на далейшы кантэкст і, як вынік гэтага, фразеалагізм адначасова ўспрымаецца двухсэнсава.

         Фразеалагізм хоць <ты> плач дзякуючы прыёму канкрэтызацыі значэння дзеяслоўнага кампанента у наступным кантэксце адначасова ўспрымаецца і як фразеалагізм са значэннем ‘склалася цяжкае, бязвыхаднае становішча’ і як свабоднае словазлучэнне: “А што кабет тычыцца… Ужо сабе ніякай не знайду, застары, і маладзейшыя хлопцы ў нас іх не знойдуць. Хоць ты сядзь ды плач” [5, с. 48].

         Такім чынам, Міра Лукша ў зборніку апавяданняў “Бабскія гісторыі” творча выкарыстоўвае фразеалагізмы. Большасць з іх ужыта ў традыцыйным выглядзе, многія выкарыстаны ў варыянтнай форме (агульнаўжывальныя варыянты і аўтарскія), а некаторыя з фразеалагізмаў абыгрываюцца стылістычнымі прыёмамі. 

С.В. Асабіна

Шлях да заемнасці 2012

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Жыццё выдатнай польскай дэмакратычнай пісьменніцы Элізы Ажэшка было цесна звязана з Гродзеншчынай і з горадам Гродна. Тут яна нарадзілася, жыла, пісала свае лепшыя творы. Яна добра ведала жыццё беларускага народа, і гэта знайшло самае шырокае адлюстраванне ў я...
Гісторыя не церпіць мадэрнізацыі. Сучасныя гістарычныя і палітычныя тэрміны амаль не прыгодныя для цэласнага разумення падзей мінулых стагоддзяў. Але выкарыстанне архаізмаў зрабіла б навуковыя працы яшчэ больш акадэмічнымі і менш папулярнымі. Двухсэнсоўнасць, ...
Гаворкі Гродзеншчыны з даўніх часоў мелі сувязь з іншымі мовамі. Гэта не магло не адбіцца на іх фразеалагічнай сістэме. Асобныя фразеалагізмы ўвабралі ў сябе іншамоўныя элементы, якія маглі з’явіцца непасрэдна праз фразеалагічнае запазычванне ці апасродкавана,...