Категории

Вобраз хаты ў творчасці Францішка Багушэвіча і Мар’і Канапніцкай

10 минут на чтение

На працягу ўсяго XIX стагоддзя сацыяльна-палітычныя ўмовы былі неспрыяльнымі для развіцця беларускай і ў значнай ступені польскай літаратуры. І ўсё ж новая мастацкая традыцыя ў беларускім прыгожым пісьменстве запачаткавалася, пашырылася, чэрпаючы ідэі і вобразы найперш з народнага жыцця, удасканальваючы мастацкія прыёмы і моўныя сродкі. Гісторыя развіцця культуры і літаратуры прыгнечаных народаў сведчыць аб тым, што іхні ўздым у значнай ступені абумоўлены здольнасцю браць урокі ў сусветнай, еўрапейскай культуры. На развіццё беларускай літаратуры другой палавіны XIX стагоддзя станоўчы ўплыў аказала яе ўзаемадзеянне з іншымі літаратурамі: рускай, украінскай і польскай.

Францішак Багушэвіч займае асаблівае месца сярод пісьменнікаў XIX стагоддзя. Найбольш характэрныя асаблівасці яго творчасці выяўляліся ў смелай і бескампраміснай пастаноўцы пытанняў тагачаснага жыцця, найперш у прадмовах да паэтычных зборнікаў „Дудкі беларускай” і „Смыка беларускага”, у якіх няма нічога выпадковага. Кожны са зборнікаў – асобная старонка ў творчасці паэта, непаўторная мастацкая з’ява са сваімі ідэйнымі акцэнтамі, вядучымі вобразамі, ідэйна-эстэтычнымі задачамі. Гэта Францішак Багушэвіч голасна заявіў аб раўнапраўі беларускага народа ў сям’і славянскіх народаў, аб яго святым праве на карыстанне роднай мовай, на стварэнне сваёй уласнай культуры і літаратуры. Творчасць паэта прасякнута глыбокай любоўю да роднага краю, вернасцю простаму чалавеку.

Годным прадстаўніком польскай літаратуры другой паловы XIX ст., выразнікам народна-вызваленчых ідэй польскага народа з’яўляецца Мар’я Канапніцкая. У сваёй паэзіі яна закранала найцяжэйшыя і самыя балючыя праблемы тагачаснага жыцця: трагізм грамадства, у тым ліку падзел людзей на пакрыўджаных і крыўдзіцелей, а таксама драму людзей, якія страцілі сваю годнасць. Відавочна, што пытанні, якія ўзнімала ў сваёй творчасці Мар’я Канапніцкая, блізкія да праблем, што хвалявалі Францішка Багушэвіча.

Па глыбіні разумення ўнутраных патрэб народнага жыцця, творчай энергіі іх абвяшчэння Францішак Багушэвіч і Мар’я Канапніцкая сталі першымі народнымі выразнікамі тыповых рыс свайго народа. Паэтычная творчасць паэтэсы адыграла вялікую ролю ў польскай літаратуры і тагачасным грамадстве. Аб Мар’і Канапніцкай гаварылі: “jako rzeczniczce pokrzywdzonych i uciśnionych, яе вершы przyczyniły się do jej popularności tam, gdzie toczono walkę o prawa mas ludowych” [1, c. 672]. Жыццё беларускага народа было галоўнай крыніцай творчасці Францішка Багушэвіча, „яно вызначала яе змест і форму, – заўважае Міхась Ларчанка – дало ёй своеасаблівае мастацкае аблічча” [2, c. 125].

Як скразны вобраз-матыў праз усю творчасць Францішка Багушэвіча і Мар’і Канапніцкай праходзіць вобраз роднай хаты. Некаторыя вершы паэтаў так і названы: „Мая хата”, „Nasza chata”, значнае месца займае гэты вобраз у многіх іншых іх творах: „Думка”, „Wolny najmita”.

Верш Францішка Багушэвіча „Мая хата” пабачыў свет у зборніку „Дудка беларуская”, які выйшаў у 1891 годзе. Твор прасякнуты пачуццём палымянай любові да роднай зямлі. Вобраз „маёй хаты [3, c. 33] відавочна сімвалізуе Радзіму паэта: бедную, прыгнечаную Беларусь, якая: ... „расселася з краю, // Меж пяскоў, каменняў, ля самага гаю”. У краіне-хаце і „дымна і зімна”, пануе прыгнёт над працоўным чалавекам, народ жыве ў страшэннай галечы, бяспраўі. Але, нягледзячы на гэта, яна мілая і дарагая паэту, як і народу, мілая і дарагая настолькі, што ён не прамяняе яе „на замкі чужыя”, бо цвёрда стаіць на тым, што „калок свой мілейшы, як чужыя клямкі” і даражэйшы яму свой вугал, хаця гнілы, і камень пры дарозе, і пясок, што ляжыць ля магілы. Усё гэта мае большую вартасць, чым урадлівае чужое поле і „дом мураваны”.

Лірычны герой асуджае тых, хто чужога хоча, а сваё кідае: “Ад чужога хлеба губы абсядаюць, // Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць”. Яму не трэба чужой зямлі, але Радзімы ён не аддасць нікому і ні за што, бо яна даражэй яму за ўсё на свеце, дзеля яе ён гатовы вытрымаць любыя пакуты. Атрыбутам шэрага, гаротнага жыцця народа з’яўляецца бедная, крывая, паросшая імхом, з вокнамі, заткнутымі анучамі, сялянская хата. Лірычны герой прысягае ніколі не пакідаць яе, нават калі б яна і цалкам завалілася, а ён быў бы сілай змушаны адарвацца ад яе, ён вернецца на тое месца і будзе нанова будаваць сваю ўласную, родную хату – Бацькаўшчыну. Ён вернецца “калісьці”, як мядзведзь да дому” [3, c. 33]. “Мая хата” – пранікнёны маналог чалавека-патрыёта, якога лёс непарыўна звязаны з роднай зямлёй і толькі ў зліцці з ёю магчымае для яго жыццё. У некаторых вершах Францішка Багушэвіча нацыянальны элемент з’яўляецца самім прадметам творчасці і шчыльна звязваецца з элементам сацыяльным [4, c. 247].

Уласціва гэта з’ява і для творчасці Мар’і Канапніцкай. Яскравым прыкладам такога твора тут можа быць верш „A kiedyż my doczekamy...” са зборніка „Poezjе”, які пабачыў свет у 1881 годзе. Хутчэй за ўсё беларускі паэт добра ведаў творчасць Мар’іі Канапніцкай: яе першы паэтычны зборнік выйшаў на дзесяць гадоў раней за кнігу вершаў Францішка Багушэвіча. Трэба ўзгадаць, што як і іншыя тагачасныя беларускія пісьменнікі, Францішак Багушэвіч многа пісаў на польскай мове, супрацоўнічаў у польскіх часопісах („Kraj”, „Życie”).

   Лірычным героем верша Мар’і Канапніцкай з’яўляецца народ, які марыць аб шчасці і свабодзе на роднай зямлі. Пытанні, якія ставяцца ў творы, успрымаюцца як рытарычна-роспачныя, бо невядома, дзе знайсці на іх адказ. Народ, у гэтым выпадку польскі, чакае вясны, калі разам з нараджэннем прыроды прыйдуць новыя надзеі на лепшае жыццё. Цяпер усё сумнае і маркотнае, не відаць нават промняў сонца, радасці. Людзі аднак з кволай надзеяй чакаюць раніцы, можа новы дзень прынясе палёгку іх цяжкаму жыццю. Паэтэса піша:

                              A kiedyż my doczekamy

                              Tego ranka, tego dzionka,

                              Że przez szybkę, przez okienko

                              Zajrzy w izbę więcej słonka?... [5, c. 88]

 

Мар’я Канапніцкая паказала ў вершы аб’ектыўны вобраз сялянства з яго праблемамі, у пэўнай ступені актуальнымі і па сённняшні дзень. Аліна Бродзкая ў даследаванні пра творчасць Мар’і Канапніцкай піша: „Obiektywizacja obrazu uzyskana jest dzięki temu, że wszelkie mieszczące się w nim przeżycia emocjonalne stanowią wyraz uczuć konkretnego podmiotu lirycznego: współczesnego chłopa” [6, c. 338].

Вызначальным пафасам творчасці Францішка Багушэвіча і Мар’і Канапніцкай з’яўляецца любоў да роднага краю, яго прыроды і людзей. Польская паэтэса ў вершы „Nasza chata” апісвае бацькоўскі дом, які напаўняе яе роздумамі над мінулым і сённяшнім яе жыццём. Хата ў творчасці Мар’і Канапніцкай сімвалізуе Радзіму, таксама як і ў Францішка Багушэвіча, старонку, дзе яна нарадзілася, вырасла, якая дала ёй сілы да творчага жыцця. Успамінае маладыя гады, глядзіць на родную хату і дзякуе за ўсё, што дала яна лірычнай гераіні. Канапніцкая некалькі разоў паўтарае словы: „Oto jest chata, // Z której nam wyszło wszystko, co było!” [5, c. 102]. Выказваючы свае думкі, яна гаворыць ад імя народа. Перад вачыма паэтэсы паўстае крытая саломай старая хата, якая блішчыць пад промнямі заходзячага сонца. Чырвонымі каралямі ўпрыгожвае драўляную хату гонкая рабіна.

Сімвалам роднай зямлі выступае таксама бусел, клекатанне якога чуваць кожнай раніцай. Вобраз хаты ўбірае ў сябе і акаляючую прыроду з лесам, лугамі, пчолкамі:

                              A bór gdzieś szumi, a łąka rosi;

                              Gdy z starej lipy pszczółeczka złota,

                              Jak za piastowych czasów, miód nosi; [5, c. 102]

 

Лірычны герой, углядаючыся ва ўсё гэта, аб нечым тужыць і адначасова адчувае радасць. Калі хата дубовая, моцная, то ніякі чарвяк не знішчыць яе. Так павінна быць і з Радзімай: калі ў Бацькаўшчыну ўкладзены сэрца, любоў, калі чалавек гатовы ўсё зрабіць дзеля дабра, тады ніводны “чарвяк” не зашкодзіць будучыні роднага краю. З радасцю паэтэса глядзіць на працавіты народ:

                                             

                              Gdy siewacz rzuca wiosenne ziarno,

                              Kiedy się runią ugor odziewa,

                              Gdy lemiesz skibę odwala czarną,

                              A oracz idzie i piosnkę śpiewa; [5, c. 103]

 

Толькі чалавеку з чулай душой блізкі жаваранкавы цудоўны спеў у полі, які радуе яго душу. І нават ціхі пошум ветру і курганы, парослыя травой, якія напамінаюць пра слаўнае мінулае краіны, радуюць сэрца лірычнага героя, за якім выразна праглядае аўтарка верша. Заўсёды хацелася б Мар’і Канапніцкай, каб да яе вушэй даходзіў сумны голас вясковага звана, які кліча людзей на супольную малітву. Паэтэса ўпэўнена, што ў народзе сіла, надзея на лепшую будучыню. Яна верыць у яго стваральныя магчымасці:

 

                              Kosiarze wyjdą a brzękną w kosy

                              I kiedy razem całą gromadą

                              Z wielkim rozmachem łan zboża kładą –

                              Wtedy nadzieja w pierś mi kołata...

 

Народ з’яўляецца гаспадаром у роднай старонцы, Польшчы, якую паэтэса называе – „nasza chata”. Апошнія радкі верша гавораць пра будучыню народа і Радзімы, якую трэба любіць, шанаваць і рабіць усё дзеля яе дабра, таму што: „Oto jest chata, // Z której nam wyjdzie wszystko, co będzie!”. Як відаць, многа залежыць ад чалавека, ад таго, што ён пакіне сваім нашчадкам.

Мар’я Канапніцкая ў вершы „Pieśń o domu” некалькі разоў звяртаецца непасрэдна да чытача з пытаннем: „Kochasz ty dom...?” [5, c. 105]. Дом – у творчасці Мар’і Канапніцкай атаясамліваецца з Айчынай. Зноў жа, гэта не толькі родная хата, але і лес, спеў птушак, вецер у полі, і хлеб штодзённы. Гэты верш нагадвае песню, якая апявае родную старонку – яе нельга не любіць! Паэтэса, апісваючы хату ноччу, калі сцелецца белы туман, спявае песню: дзе шум ліп „wtórzy twym snom, // A ciszą swą koi twe łzy”. Можна сказаць, што гэта лекі для душы, вялікая сіла каб суцешыць чалавека. Родная хата нагадвае мінулае, расказвае казкі пра даўнія часы. Кожны павінен ведаць, што бацькоўскі парог заўсёды вітае сваіх дзяцей з далёкага падарожжа, „z cierniowych dróg”. Ці можна не любіць скошанага пахучага сена, родных ніў, „wilgotnych olch i dzikich róż?” – як заўважае паэтэса. Між тым у апошняй страфе верша паяўляецца засцярога:

 

                              O, jeśli kochasz, jeśli chcesz

                              Żyć pod tym dachem, chleb jeść zbóż,

                              Sercem ojczystym progów strzeż,

                              Serce w ojczystych ścianach złóż! [5, c. 105]

 

Мар’я Канапніцкая піша, што калі сапраўды хто любіць сваю Айчыну, той павінен сцерагчы свой народ і сваю Бацькаўшчыну. Вядома, што свой вугал наймілейшы і хлеб з родных ніў найсмачнейшы! Калі хто пражыве жыццё ў сваёй хаце-Радзіме, той павінен скласці і косці на роднай зямлі, а праз некалькі гадоў курганы запяюць песні пра сыноў, адданых Айчыне-Маці. Радзіма мае вялікае значэнне для паэтэсы, яна хоча, каб кожны чалавек зразумеў, што Айчына ў яго толькі адна.

Пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці зліваўся ў творчасці Ф. Багушэвіча з пратэстам супраць нацыянальнай крыўды, а праз лёс адзінага чалавека выяўляўся лёс цэлага народа.

У вершы “Думка” адлюстраваны невыносныя абставіны жыцця сялян: неўраджай, невядомы лёс сыноў-рэкрутаў, а ўсвядомленыя бяда і гора часта наводзяць на чалавека думкі аб самагубстве. Толькі вера ў Бога трымае многіх пры жыцці: „(...) каб грэху не баяўся б, // Ці ў пятлю палез бы, ці ў ваду схаваўся б!” [3, c. 39]. Але душа не гліна – баліць, гледзячы на навакольны свет. Субяседнікам лірычнага героя з'яўляецца дрэва, якое расце каля яго сялянскай хаты: „Чаго ж мне маркотна? Ты ж скажы, бярозка, // Маўчыш, як нямая, і сама смутная! (...)”. Белая бяроза разам са старой хатай у творы помняць усё: і добрае і злое ў лёсе беларускага народа. Можна меркаваць, што белая бярозка ўвасабляе сабой самую Беларусь. Яе галінкі, апушчаныя ўніз, нагадваюць жанчыну ў слязах і герой шкадуе яе, але ён настойліва раіць бярозцы, каб перастала яна плакаць „над сваёй доляй!”. Паэт упэўнены, што нельга паддавацца, а трэба верыць у незнішчальныя сілы народа:

 

Не тужы, бярозка, свет з намі не згіне,

Вецер як павее, шышачкі раскіне;

Хоць бы ты засохла – вырасце вас болей (...) [3, c. 39]

 

Дзеці-завушнічкі бярозы, як тое зерне, кінутае ў глебу, вырастуць здаровымі магутнымі дрэвамі. Лірычны герой не траціць надзеі на лепшую будучыню. Ён упэўнены, што вернуцца яго шэсць сыноў: „Паглядзець, як людзі ў бядзе сабе радзяць, // Абсядуцца ў дому і лад заправадзяць” [3, c. 40]. Бярозка-Беларусь вырасціць сваіх сыноў на сапраўдных беларусаў, якія будуць ведаць, дзе іх месца на зямлі.

Вобраз хаты, які паўстае ў некаторых вершах Францішка Багушэвіча і Мар’і Канапніцкай можна вызначыць як топас - вобраз, характэрны для польскай і беларускай літаратур XIX ст. Жыццё чалавека звязана з хатай: яго будзённыя і святочныя дні, праца ў полі, акружаючая прырода... Ва ўсёй творчасці Францішка Багушэвіча і Мар’і Канапніцкай значную ролю адыгрываюць устойлівые адзінкі, якія сімвалізуюць Радзіму: бусел, рабіна, бяроза і іншыя.

Мастацка-эстэтычныя сыходжанні вершаў Францішка Багушэвіча і Мар’і Канапніцкай абумоўлены як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі аспектамі: блізкім сацыяльным станам грамадства, цяжкім становішчам сялянства, а таксама самаахвярнай любоўю паэтаў да Радзімы.

Іаанна Васілюк

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

І такі ў нас буў абычай, што хадзілі з хаты да хаты шчадраваць. Прыходзілі і к хазяіну, спрашываем: – Можна ў вас паспяваць? – Да, пажалуста, спявайце. – А каму ж вам спяваць, сыну ці дочкі? – Вот і сыну Васільку, і дочкі Людачцы. Вот мы і спяём: Маладая Людач...
Адзін з вызначальных момантаў рамантычнай паэзіі — апяванне, узвышэнне Айчыны праз вобраз каханай, калі ствараецца праўдзівы культ, якому верна служыць і перад якім у пашане схіляецца рыцар-паэт. У беларускай і польскай паэзіі гэтае велічнае двуадзінства годна...
Матыў балю, бяседы, ігрышча ў творчасці Алаізы Пашкевіч   З матывам балю, бяседы, ігрышча непасрэдна звязаны арфічныя матывы, якія ў беларускай паэзіі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. прагучалі надзвычай выразна, яскрава. Утварыўся праўдзівы аркестр, што мэтай сва...