Категории

Вершаванае пасланне ў паэтычнай спадчыне Максіма Багдановіча

10 минут на чтение

         Максім Багдановіч адным з першых між паэтаў нашаніўскай пары пачаў актыўна выкарыстоўваць паэтычныя пасланні. Адна з прычынаў гэтага –  практычная неабходнасць: жыў надта далёка ад  тагачасных цэнтраў Вільні і Менску. Сувязь трымаў праз пошту.  Паэтам заставаўся ва ўсім і лісты пісаў вершам. Безумоўна, ягоныя паэтычныя пасланні ёсць гэткай жа класікай беларускай паэзіі, як і ўсё, створанае мастаком. І ў гэтых творах Максім Багдановіч часта скарыстоўваў інтэртэкст. Як адзначае даследчык творчасці паэта Юрась Пацюпа, за многія дзесяцігоддзі вывучэння літаратуразнаўцамі Багдановічавай спадчыны «выявіўся багаты глыбінны дыялог, які вёў аўтар «Вянка» з рознымі пісьменнікамі і эпохамі» [9, с. 106].

У гэтым плане асабліва цікавым з’яўляецца ліст да Антона Луцкевіча, аўтара  першай рэцэнзіі на «Вянок», – «Пану Антону Навіне»:

Дзень добры, пане! Вось Вам просты надпіс:

Ёсць гэткая японская забаўка, –

Кідаюць простыя аскёпкі дрэва

Ў ваду – і робяцца яны цвятамі.

Ўсё гэта мне згадалась мімаволі,

Калі чытаў я Вашую стаццю

Аб вершыках «Вянка». І шлю падзяку.

І цісну руку. Ваш – М. Багдановіч [1, с. 271].

Пад тэкстам паслання мелася пазнака: «Яраслаўль. 22.ІІІ.1914 г.». Як вядома, гэты верш быў напісаны ў адказ на артыкул («стаццю») Антона Навіны «Пясняр чыстае красы», які быў надрукаваны ў «Нашай Ніве» 21 лютага пад псеўданімам «Г. Б.». З лёгкай рукі крытыка такое вызначэнне мастакоўскай  сутнасці аўтара «Вянка» застанецца за паэтам на многія гады. Антон Навіна дакладна ўлавіў тое, што падкрэсліваў паэт ужо ў назвах раздзелаў кнігі: «Малюнкі і спевы» – «і лёгка ліюцца яго вершы», «чытаць вершы Багдановіча павінны толькі тыя, хто разумее музыку слова». Многія высновы аўтара артыкула грунтам для сябе мелі Багдановічавы вобразы. Так, Алесь Бяляцкі адзначае: «Антон Луцкевіч спрабуе і сам праз вобраз перадаць духоўную асалоду, якую прыносяць вершы паэта. «І як у летні дзень у крыштальна чыстай крынічнай вадзе асвяжаецца наша цела, так асвяжае душу паэзія Максіма Багдановіча». Гэты сказ пераклікаецца з радкамі Максіма Багдановіча, які цытуе Псалтыр: «Вось псальма слічная. «Як той алень шукае крыніцы чыстай, так шукаю Бога я». Як вее свежасцю яе краса жывая!..»[10, c. 448]

Ды і ў знакамітай выснове крытыка: «Вянок» – гэта праўдзівая пэрла ў беларускай паэзіі» таксама знаходзім водсвет багдановічавай вобразнасці:

Калі  ў ракавіну цёмную жамчужніцы

Упадзе пясчынка хоць адна,–

Жомчугам патроху робіцца яна! [1, с. 124]

Цёмная жамчужніца – гэта тое ж зачарованае царства, заснулая душа  Беларусі, яе знямелая мова, здранцвелая культура, куды было ўкінута жывое Багдановічава слова, тая ж пясчынка, што ў жыццядайнай глебе ператварылася ў «праўдзівую пэрлу».

Між чарнавых накідаў маецца яшчэ адзін твор, сугучны з гэтым пасланнем, – «Ёсць гэткая японская забаўка…», які заканчваецца радкамі: «Баюся я, што Ваша спачуванне // Прымушу тое ж з вершамі зрабіць» [1, c. 433].

Максім Багдановіч не толькі дасканала ведаў творчасць тагачасных рускіх паэтаў, але і быў знаёмы з літаратурай, што мела дачыненне да іх жыцця і творчасці. Відавочна, паэтычнае пасланне да Максіміліяна  Валошына М.В. Сабашнікавай, напісанае ў адказ на пасланне да яе, і стала асновай для напісання гэтых двух вершаў:

Мне вспоминаются игрушки

Японские ( люблю Восток! ):

В стакан с водой бросают стружки,

И вот из них растет цветок.

Так строки Вашего посланья

Горят огнем воспоминанья,

Коснувшися души моей,

И тайно расцветают в ней [11, с. 126].

         Гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што інтэртэкставасць выступае  «як творчы прынцып паэта» [9, с. 107].

Многія нашаніўскія аўтары слалі вершы-віншаванні з нагоды «дня народзінаў» газеты, разумеючы вялікае значэнне гэтага выдання. Вядомыя пасланні Янкі Купалы, Алеся Гаруна і інш. Сярод іх – віншаванне з чарырохгоддзем, дасланае з Яраслаўля, якое было апублікавана 18 лістапада 1910г. ў № 47:

Вас днём нараджэння газеты віншую!

Гарачы прывет вам ад сэрца ўсяго!

Народ ужо к шчасцю за вамі прастуе,

Вядзіце ж і далей яго [1, c. 230].

         Найперш Максім Багдановіч падкрэслівае адраджэнцкую сутнасць працы нашаніўцаў, асветніцкую, будзіцельскую функцыю. А сама «Наша Ніва» – як той зніч, агмень, што асвятляе шлях. Паэт добра разумеў няпростыя варункі, у якіх даводзілася ствараць беларускую газету, як ведаў і шчырую адданасць нашаніўцаў беларускаму руху: 

І што б ні нясло вам жыццё, гэтым рухам

Жывіце, ідзіце будзіць вы народ

І шчыра працуйце ўсім целам і духам,

што ж будзе, – пабачым праз год! [1, с. 230]

         Праўдзівым трактатам аб сутнасці, вытоках мастацкай творчасці, аб прыродзе таленту мастака з’яўляецца верш «Ліст да Вацлава Ластоўскага». Гэта не столькі паэтычнае пасланне тагачаснаму супрацоўніку «Нашай Нівы», колькі дыскусія пра адрозныя творчыя прынцыпы, якія так па-рознаму рэалізаваліся ў творчасці вялікіх кампазітараў мінулага Моцарта і Сальеры. Бясспрэчна, «гэта паэтычны роздум над драмай Аяксандра Пушкіна «Моцарт і Сальеры»… На першы погляд, паэт абараняе Сальеры ад банальных уяўленняў пра кампазітара. А на самой справе перад намі споведзь самога Багдановіча, абгрунтаванне яго цэнтральнай ідэі пра «спакойную думу» як аснову мастацтва» [2, с. 199]. Даследчык тут ідзе ўслед за А.А. Лойкам, які пісаў, што «вобраз Сальеры ў «Лісце…» – своеасаблівы аўтапартрэт Багдановіча, а «Ліст… у цэлым – паэтызацыя роздуму, «спакойнай думы» і працы, паэтычнага майстэрства як асноўнага ў падвалмнах паэзіі Багдановіча» [12, с. 163].

         Напісаны ў 1913 годзе, верш упершыню быў надрукаваны толькі ў 1917 у газеце «Гоман» у №48. Вельмі позна, бо меў непасрэдныя адносіны да тагачаснай нашаніўскай дыскусіі, пачатай менавіта Вацлавам Ластоўскім, і ўспрымаецца як працяг размовы, дасканала ўпісваецца ў гэтую дыскусію як адзін з адказаў на артыкул «Сплачывайце доўг». Максім Багдановіч выказвае асноўныя эстэтычныя прынцыпы, якім заставаўся верным у сваёй творчасці. Рацыянальнасць, прадуманасць, штодзённая праца над зместам і формай здольны прыносіць сапраўдную асалоду творцу, асалоду ад створанай ім красы:

Таксама робіш ты, дума, і у паэта

Краснейшым кожын твор. Прывет табе за гэта!

Прывет мой і табе, штодзённы рупны труд, –

Гатуеш радасць ты ад творчаскіх мінут [1, с.264].

Ірына Багдановіч доказна даводзіць «уплыў асобы і паэтыкі М. Карыцкага на выпрацоўку эстэтычнай праграмы Максіма Багдановіча, адлюстраваную ў вершы» [5, c. 174]. Даследчыца найперш мае на ўвазе верш М. Карыцкага «Да аднаго паэта», у якім сфармуляваны асноўныя прынцыпы эстэтыкі класіцызму. Не прымаючы пастулату пра карыснасць як мэту прыгажосці, «тэзіс аб харастве, збудаваным розумам, аб «штодзённым рупным трудзе» Багдановіч прымаў, падзяляў і развіваў далей» [5, с. 175].

 Вядомы верш Максіма Багдановіча «Быць можа, пуціна жыцця…» – гэта паэтычнае прысвячэнне Дзіядору Дзябольскаму, гімназічнаму сябру паэта. Філасофскі прынцып колазвароту пакладзены ў аснову гэтай мастацкай філасофіі жыцця, дзе шлях чалавека замыкаецца ў крузе, коле, сімвалам якога ёсць пярсцёнак:

                                     Быць можа, пуціна жыцця

Лягла пярсцёнкам, друг

І я ў краіне забыцця

Не раз раджаўся, як дзіця,

Прайшоўшы поўны круг [1, с. 245].

Толькі аднойчы, толькі ў гэтым вершы «дазволіў сабе Багдановіч паэтычную медытацыю на тэму «вечнага вяртання» індывідуальнага жыцця» [2, с. 142]. І гэта адзіная «слабасць» пазначана шчырай надзеяй на паўтарэнне пройдзенага, бо жыццё ж увогуле бясконцае, паўтараецца ў розных сваіх праявах, таму і жыццё кожнага чалавека, як часцінка вялікай цэласнасці, таксама мае надзею на аднаўленне ў новай сутнасці:

І ў новым свеце пройдзе ўсё

Былое прада мной.

Што ж: хай канчаецца жыццё,

Хай зноў зварушыцца чуццё

Мінулай пуціной [1, с. 245].

Максім Багдановіч і свае фотаздымкі падпісваў вершаванымі радкамі. У кнізе «Сяргей Палуян. Лісты ў будучыню», падрыхтаванай да друку Таццянай Кабржыцкай і Вячаславам Рагойшам, поруч змешчаны два падараваныя маладому нашаніўцу фотаздымкі – Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. І калі б мы нічога не ведалі пра няпростыя дачыненні двух найвялікшых паэтаў, нічога не ведалі пра адметнасць іх талентаў, іх творчай манеры, гэтых подпісаў на фотаздымках было б дастаткова, каб зразумець, якія ж яны розныя – Купала і Багдановіч. Размашысты, вельмі няроўны, далёкі ад каліграфічнага почырк Янкі Купалы (згадайма, пасаду пісара Ясь Луцэвіч страціў аднойчы якраз з-за дрэннага почырку), словы ў надпісе размешчаны адвольна, відавочна, аўтар не надта мудраваў і ў афармленні надпісу, і ў стварэнні ягонага зместу: «На добрую памятку С. Палуяну. Ахвяроўваю ад шчырага сэрца». Ніяк нельга сумнявацца ў шчырасці паэтавых словаў, але недарэмна ж юны Максім Багдановіч папракаў Купалу ў занядбанні формы. Відавочна, магутны, стыхійны Купалаў голас не мог заўсёды ўкласціся ў цесныя рамкі формы. Здавалася б, дробязь – надпіс на фотаздымку, але яна выразна  характарызуе адрознасць гэтых вялікіх талентаў, якую найбольш дасканала вызначыў купалазнаўца Зміцер Санюк: «Багдановіч – антаганіст Янку Купалу па духу творчасці.., яны крайнія супрацьлегласці па стылю, манеры думання, па мастацкай інтуіцыі… Купала ўвесь няправільны, няроўны, увесь з «барочным» адценнем, некласічны, Багдановіч – правільны, роўны, з адменным класічным густам» [13, c. 15]. Відавочна, аўтары-ўкладальнікі кнігі «Лісты ў будучыню» невыпадкова змясцілі поруч гэтыя фотаздымкі, яшчэ раз падкрэсліўшы, як хораша, шчыра ставіліся нашы класікі да Сяргея Палуяна. Адначасова і праз гэта таксама падкрэсліўшы іх адрознасць: поруч з стыхійным, няроўным Купалавым радком – надзвычайнай прыгажосці, дасканалы, каліграфічны почырк Максіма Багдановіча, роўненькія радочкі, як пад лінейку, быццам выгравіраваны гэты надпіс. Калі б гэта было сёння, – быццам выкарыстаны магчымасці кампутара. Ізноў жа – той надпіс – паэтычнае пасланне, створанае ў жанры трыялета, які Максім Багдановіч першым увёў у наша прыгожае пісьменства:

Я, нядужны, бязскрыдлы паэт,

Помню, раз пазабыў сваё горэ,

Бо ў той час атрымаў ваш прывет.

Я – нядужны, бязскрыдлы паэт:

Мо не выкажа вам трыолет,

Дык хоч гэты партрэт хай гаворэ,

Як нядужны, бязскрыдлы паэт

На гадзіну забыў сваё горэ [1, с.112].

Гэты ж трыялет Максім Багдановіч раней выкарыстаў і ў надпісе на фотаздымку для М.А. Кіціцынай, загадкавай, рамантычнай асобы, пра якую ведаем нямнога. Але, відавочна, яе вобраз глыбока хваляваў маладога паэта, пакінуў у ягонай душы значны след, бо і іншыя вершы таксама ахвяраваны гэтай дзяўчыне.

У спадчыне Максіма Багдановіча тры вершы, прысвечаныя Сяргею Палуяну: трыялет, змешчаны на зваротным баку фотаздымка, трыялет «С.Палуяну», верш «С.Е. Палуяну». Напісаны ў 1909 годзе, пры жыцці паэта, апошні з пералічаных твораў успрымаецца як прароцтва. Недарэмна многія аматары паэзіі Багдановіча дапускаюць памылку, лічачы, што верш напісаны пасля трагічнага сыходу адзінокага юнака, на якога беларускае прыгожае пісьменства ўскладала вялікія надзеі. Гэтую недакладнасць сустракаем нават у прадмове ўкладальнікаў да кнігі «Лісты ў будучыню»: «Яркім метэарытам бліснуў Сяргей Палуян у густой цемры сталыпінскай рэакцыі пасля паражэння першай рускай рэвалюцыі.

«Усё кругом на мамэнт асвяціць

І пагаснуць у цёмнай імглі», – напісаў у некралозе Максім Багдановіч» [14, с. 3]. Размова ідзе не столькі пра памылку, колькі пра блізкасць гэтых талентаў, пераплеценасць іх лёсаў, аднолькавую прагу красы і светласці.

        Паэтычна, вобразна  вызначаў А.А. Лойка прычыны, чаму Максім Багдановіч, гэткі ж адзінокі, і пакутаў меўшы не меней, усё ж не зламаўся, не сышоў. Аўтар верша нібы падкрэсліваў, «што свет і людны, і шырокі» заўсёды быў перад яго, Багдановіча, вачыма – свет з вечным абнаўленнем і суровай дыялектыкай развіцця, з радасцю нараджэнняў і красой квітненняў, з усходамі сонца і далёкімі зорамі, да якіх ён, свет, ляціць у сваім спрадвечным руху» [12, с. 107].

        Шматлікія вершы-пасланні Максіма Багдановіча, прысвечаныя ягонай каханай Ані Какуевай, – праўдзівыя шэдэўры інтымнай лірыкі, што ўяўляе сабой асобную вялікую тэму, некаторыя аспекты якой даследаваліся многімі багдановічазнаўцамі.

           Апошняе паэтычнае пасланне паэта, што адзінока паміраў у далёкай Ялце, калі вясна была ў самай квецені, скіравана ў будучыню. У ім – не безнадзейнасць і адчай, а ўзнясенне да вечнасці. Праз паэзію, праз Кнігу:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты [1, с. 320].

Наогул, уся творчая спадчына нашага наймаладога класіка – гэта цудоўнае паэтычнае пасланне ўсім, хто шукае красу і светласць.

 

 

Петрушкевіч, А.М.

Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: Матэрыялы для вывучэння курса «Беларуская літаратура ХХ ст» / А.М. Петрушкевіч; пад рэд. праф. І.В. Жука. – Гродна: ГрДУ, 2009. 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Імя Максіма Багдановіча ўваходзіць у нашу свядомасць з дзяцінства і застаецца ў ёй сімвалам гарачай любові да роднага краю і веры ў творчыя сілы беларускага народа. Літаратурная спадчына М. Багдановіча з’яўляецца унікальнай з’явай у гісторыі беларускага мастац...
Б.І. Сачанка – значная асоба ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У творчай спадчыне пісьменніка прадстаўлены багатыя ў ідэйна-філасофскім і маральна-эстэтычным планах творы аб’ёмам ад паўстаронкі друкаванага тэксту, да цэлай трылогіі; ад мініяцюр і ...