Категории

Уплыў рамантызму на гістарычную думку Беларусі першай паловы ХІХ ст

11 минут на чтение

На рубяжы ХVІІІ – ХІХ стст. назіраецца спроба перасэнсавання вопыту Французскай буржуазнай рэвалюцыі паміж яе прыхільнікамі і праціўнікамі. Вынікам стаў перагляд поглядаў на грамадства як на суму індывідаў, на магчымасць розуму да пераўтварэння свету. Гэта стала асновай новага ідэйна-мастацкага напрамка ў еўрапейскай і амерыканскай літаратуры і мастацтве, які атрымаў назву “рамантызм”.

Рамантызм закрануў і сферу гістарычнага пазнання. Гісторыя паступова афармляецца ў самастойную навуковую дысцыпліну. Калі ў ХVІІІ ст. даследаваннем мінулага займаліся філосафы, то ў першай трэці ХІХ ст. з’яўляюцца спецыялісты-гісторыкі, найперш у тагачасных універсітэтах. Напрыклад, у Віленскім імператарскім універсітэце дзейнічала кафедра ўсеагульнай гісторыі, на якой сфарміравалася група прафесараў гісторыі (І. Даніловіч,                           М. Баброўскі, І. Анацэвіч, І. Ярашэвіч). Дзякуючы іх навуковай дзейнасці, была закладзена крыніцазнаўчая аснова гістарычнай навукі Беларусі і вызначаны новы напрамак даследаванняў – гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.

У тэорыі пазнання мінулага ўсталёўваецца прынцып “чыстага гістарызму”, які быў распрацаваны ў нямецкай гістарыясофіі. Прафесар Берлінскага універсітэта Леапольд фон Ранке (1795 – 1886) пісаў, што “гісторык павінен шукаць і пісаць так, як гэта было на самой справе”. Прычым кожная гістарычная эпоха самакаштоўна сама па сабе, таму мінулае трэба вывучаць дзеля мінулага. Георг Гегель (1770 – 1831) стварыў дыялектычную філасофію гісторыі, паводле якой сусветны гістарычны працэс – гэта паэтапнае самараскрыццё лагічнага пачатку быцця; пры гэтым кожны этап выяўляецца праз рэалізацыю нацыянальнай ідэі таго ці іншага народа.

Адсюль выступае і новая функцыя гістарычнага пазнання – фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці, найперш нацыянальна-дзяржаўнай. Для беларуска-літоўскіх зямель гэта праблема набыла актуальнасць, паколькі ў апошняй трэці ХVІІІ ст. з палітычнай карты знікла Рэч Паспалітая, у якой ВКЛ захоўвала элементы дзяржаўнай самастойнасці.

Таму зразумелай выглядае пазіцыя прафесара І. Анацэвіча (1780 – 1845), які адным з першых пачаў чытаць студэнтам спецкурс па гісторыі Княства [1]. Менавіта ў гэты час аматар гісторыі Тэадор Нарбут (1784 – 1864) апублікаваў 9-томную  “Старажытную гісторыю літоўскага народа” [2]. Пасля “рэнесансавай” хронікі                                  М. Стрыйкоўскага і “езуіцкай” працы В. Каяловіча гэтае выданне сімвалізавала цікавасць мясцовай шляхты да мінулага сваёй радзімы, якую яны не атаясамлівалі з Польшчай.

Прафесар крымінальнага і грамадзянскага права Віленскага універсітэта Іосіф Ярашэвіч (1793 – 1860) актыўна займаўся даследаваннем старажытнай гісторыі ВКЛ і крыніцазнаўствам. Дакладнае вывучэнне гістарычных крыніц дазволіла І. Ярашэвічу падрыхтаваць фундаментальнае выданне «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца            ХVІІІ ст.», якое выйшла ў трох тамах (830 старонак) у 1844 – 1845 гг.

Гэтае даследаванне адлюстравала істотны прагрэс у развіцці гістарычнай навукі Беларусі і Літвы. Ярашэвіч першым у айчыннай гістарыяграфіі стаў разумець гістарычную навуку як цывілізацыйны закон развіцця асветы грамадства. Яго перыядызацыя была новай з’явай, паколькі амаль усе даследчыкі завяршалі асвятленне гісторыі ВКЛ Люблінскай уніяй або прывілеем Ягайлы аб хрышчэнні Літвы. Ярашэвіч давёў гэтую гісторыю да канца ХVІІІ ст. [3].

Таксама ў Віленскім універсітэце працаваў прафесар Ігнат Даніловіч (1788 – 1843). Ён пачаў збіраць, вывучаць і публікаваць пісьмовыя крыніцы па гісторыі беларуска-літоўскіх зямель. Вядома, што студэнты прывозілі свайму настаўніку пергаментныя рукапісы пераважна з уніяцкіх цэркваў і манастыроў. Рукапісныя крыніцы ён класіфікаваў і крытычна разбіраў. Разам з М. Баброўскім І. Даніловіч пачаў рыхтаваць да выдання помнікі заканадаўства ВКЛ.

Ігнат Даніловіч адным з першых пачаў вывучаць агульнадзяржаўнае летапісанне ВКЛ. Разам з М. Баброўскім у 1827 г. апублікаваў Супрасльскі летапіс пад назвай «Летапісец Літвы і Руская хроніка». Археаграфічная дзейнасць вучонага знайшла адлюстраванне ў зборніку пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы «Скарбніца грамат», які ўключае 2500 дакументаў – ад выпісак з Герадота да актаў 1569 г. Вядомы расійскі даследчык М. Уладзімірскі-Буданаў назваў Ігната Даніловіча «патрыётам-ліцвінам, грамадзянінам ВКЛ» [4].

Пошукам гістарычных крыніц на працягу ўсяго свайго жыцця займаўся Міхаіл Кірылавіч Баброўскі (1784 – 1848) – славіст, багаслоў, палеограф, гісторык славянскай культуры, збіральнік славянскіх старажытнасцяў. Падчас знаходжання ў Заходняй Еўропе ён вывучаў старажытнаславянскія рукапісы Ватыканскага архіва, рабіў іх копіі ў Парыжы. У сховішчах Еўропы было назапашана багата навуковых матэрыялаў. Камандзіроўкі прыводзілі да трывалых сувязяў з пэўным асяродкам еўрапейскіх вучоных, прызнаных аўтарытэтаў у галіне вывучэння крыніц.

Летам 1823 і 1824 гг. даследчык разам з Даніловічам ён здзейсніў археаграфічныя экспедыцыі па манастырах і архівах Падляшша і Заходняй Беларусі. Менавіта тады быў знойдзены і атрыбутаваны «Хранограф» і Супрасльскі летапіс. У 1825 г. на старонках «Библиографических листов» з’явіўся «Супрасльскі рукапіс», палімпсест з Барберынскай бібліятэкі Ватыкана. Апошні быў укладам М.К.Баброўскага ў развіццё айчыннай археаграфіі, вынікам яго доўгіх археаграфічных пошукаў.

Пасля ссылкі ў Жыровіцкі манастыр гісторык распрацаваў курсы біблейскай археалогіі, герменеўтыкі, славянскай бібліяграфіі, апісаў калекцыі медалёў і манет ВКЛ. З гэтых лекцыяў паступова склаўся «Курс славянскай бібліяграфіі» – фундаментальная праца (у рукапісу), у якой даваўся поўны разбор славянскіх помнікаў кірылічнага пісьма.

Працы і дзейнасць Баброўскага сталі пачаткам сусветнага славяназнаўства. Ён спрыяў узнікненню асобнага кірунку ў гуманітарных навуках – беларусазнаўства [5].

Вялікім аўтарытэтам сярод студэнцкай моладзі і патрыётаў карыстаўся загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі прафесар Іаахім Лялевель (1786 – 1861). Ён лічыў справу вывучэння гісторыі актуальным і важным абавязкам, сродкам актывізацыі польскага нацыянальна-вызваленчага руху. У цэнтр гістарычнага працэсу І. Лялевель паставіў ідэю «нацыянальнага духа», які вызначае лёс народа. Адпаведна кожны народ мае свой спецыфічны «дух», які з’яўляецца рухавіком гістарычнага працэсу і прагрэсу. Тут можна правесці пэўную аналогію з пазіцыяй Шэлінга (“сусветны дух”) і Фіхтэ (“Боскае воля”).

Лялевель у кнізе «Гісторыя Польшчы да смерці Стэфана Баторыя» (1813 г.) вызначыў наступныя рысы «нацыянальнага духа» палякаў: схільнасць да свабоды, мужнасць, адкрытасць, імкненне захаваць старажытныя славянскія свабоды і рэспубліканскія інстытуты ўлады. Польскую мову ён лічыў самай багатай з усіх славянскіх моў, паколькі ў ёй адсутнічаюць такія паняцці як «дэспатызм» і «самадзяржаўе».

Падобны падыход адлюстроўваў погляды дробнай шляхты і прагрэсіўнай інтэлігенцыі рэспубліканскага кірунку. Рускі гісторык М.І. Карэеў адзначаў: «Трагічны лёс роднай зямлі прымусіў іх [палякаў] перанесці свае сімпатыі ў мінулае і, параўноўваючы з ім крыўднае сучаснае, зрабіць з гэтага мінулага прадмет паўрэлігійнага культу… У гэту эпоху прадстаўнікі нацыі адчулі крыўду, спачуванне да саміх сабе, жаль па страчаным палітычным існаванні, і ўсё гэта павінна было адбіцца на гістарыяграфіі пачаткам ідэалізацыі былой Рэчы Паспалітай» [6].

Традыцыйна лічылася, што пазнанне нацыянальнага духа магчыма толькі праз вывучэнне фальклору. Вучная народная творчасць уяўлялася спосабам сувязі тагачаснага пакалення са “светам продкаў”, а простанароддзе разглядалася як аснова маральных асноў грамадства. Фалькларыстыка стала сродкам сінтэзу гісторыі і літаратуры. Гэта яскрава прасочваецца ў творчай дзейнасці ўраджэнцаў Беларусі, прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі.

Поспех і вядомасць маладому яшчэ паэту Яну Чачоту прынеслі рамантычныя балады – “Бекеш”, “Навагрудскі замак”, “Радзівіл, альбо заснаванне Вільні”, “Мышанка”, “Свіцязь” і інш. У іх упершыню былі выкарыстаны народныя паданні, беларускія па паходжанню. Напрыклад, у баладзе “Навагрудскі замак” паэт акцэнтуе ўвагу на пэўных гістарычных падзеях: “Было гэта ў горадзе слаўным Міндоўга”, “Калі яшчэ дзесь пры Казіміры Яне прыйшоў сюды Карл найшалёны і ўзяўся паіць дол крывёю, паганец, знішчаючы нашы плямёны, а цар той з усходу ліў кроў гэтаксама, пакуль ён з Чарнецкім не стрэўся, о колькі тут гора, дзе сённяшні замак і далей, - наш люд нацярпеўся!” І тут жа выкарыстоўвае паданне пра каханне мясцовага князя да шведкі, якое прывяло да здрады і здачы замка непрыяцелю. Цікава, як патрыятычна Я. Чачот вызначыў паходжанне здрадніка: “відаць не ліцвін, не з палякаў…”.

Пад уплывам спрэчак аб гістарызме з’явіўся цыкл твораў аб мінулым роднага краю. Абапіраючыся на “Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі” Стрыйкоўскага і працу Нарбута, Ян Чачот давёў вершаваную гісторыю беларуска-літоўскіх зямель да 1434 года. Характарыстыкі літоўскіх князёў уражваюць сваёй трапнасцю. У прыватнасці, аб Міндоўгу: “Быў ён кароль, ліцвінскі, меў калісці сілу. Ды абманам жыў. Абман той звёў яго ў магілу”; аб Войшалку: “Адзецца можа ў скуру авечкі й воўк, як трэба. Хадзіў у ёй і Войшалк, калі быў служкай Неба”; аб Яўнуту Гедымінавічу: “Меў ён розум: не ірваўся за сваё да бою. Не заліў, як Свідрыгайла, ён Літву крывёю” [7] .

Творы Я. Чачота аказалі моцны ўплыў на творчасць Адама Міцкевіча. Геніальны “вучань” хутка пераўзышоў свайго “часовага” настаўніка. У 1823 г. у Вільні ён напісаў славутую паэму “Гражына”, у якой ажывае старажытная гісторыя беларуска-літоўскіх зямель. Патрыятызм увасоблены ў прывабным вобразе навагрудскай княгіні Гражыны, якая ператварыўшыся ў воіна, не ведае літасці, калі яе зямлі пагражае небяспека. Гістарычная тэматыка таксама прасочваецца ў паэмах “Дзяды”, “Конрад Валенрод”, “Пан Тадэвуш”. Апошні твор нашчадкі назвалі “энцыклапедыяй жыцця ліцвінаў”. Уступныя словы паэта сталі хрэстаматыйнымі: “Літва, о айчына мая! Ты што здароўе… Як цаніць цябе трэба, той толькі спазнае, хто цябе страціў…” [8].

Знаходзячыся за мяжой, у 1830-я гг. А. Міцкевіч распачаў працу над “Гісторыяй Польшчы”, драмамі “Барскія канфедэраты” і “Якуб Ясінскі”.

Гістарычныя даследаванні сталі “візітнай карткай” Уладзіслава Сыракомлі, празванага нашчадкамі “вясковым лірнікам”. Паэт даў вельмі высокую ацэнку беларускай мове: “Цудоўнае гэта адгалінаванне славянскай мовы – крывіцкі дыялект! І старое! Бо гэта – мова нашага Літоўскага статута, нашага заканадаўства на працягу двух стагоддзяў, ХVІ і ХVІІ. А як шырока яна ўжывалася! Смела можна сказаць, што гаварылі на ёй тры чвэрці насельніцтва даўняй Літвы – народ, шляхта і паны”. Рамантызм выклікаў пільную цікавасць                   У. Сыракомлі да народнага жыцця і народнай паэзіі, да гістарычнага мінулага сваёй радзімы. Ягоны рамантызм вылучаўся пэўнай своеасаблівасцю – “моцна трымаўся зямлі”. Сыракомлеўскія “гавэнды” (гутаркі) найчасцей вяліся ад імя прадстаўніка ніжэйшых сацыяльных станаў, які многае пабачыў і многае разумее.

У гістарычным мінулым беларуска-літоўскіх зямель паэта прываблівалі тыя падзеі, якія сведчылі аб патрыятызме нашых продкаў у іх барацьбе з чужаземцамі. Прыкладам могуць стаць наступныя творы: “Маргер”, “Соф’я, княжна Слуцкая”, “Каспар Карлінскі” і інш. Асаблівую цікавасць выклікае нарыс «Нясвіж», які прызначаўся для «Старажытнай Польшчы» Міхала Балінскага. Паэт у храналагічнай паслядоўнасці апісаў найбольш важныя бітвы, звязаныя з гісторыяй гэтага горада, даў высокую ацэнку яго архітэктурным помнікам.

Да лепшых узораў краязнаўчага апісання адносіцца праца                   У. Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах...», якая ўбачыла свет у 1853 г. Аўтар падрыхтаваў гістарычныя нарысы мястэчак Любчы і Міра, разглядзеў мясцовыя падзеі ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі. Ён лічыў, што Мірскі замак маладзейшы за Навагрудскі, Лідскі і Крэўскі. У. Сыракомля падрабязна апісаў беларускую вёску, у прыватнасці, жыллё, вясковае адзенне, звычаі і абрады мясцовых сялян – у наваколлі Міра, Нясвіжа, Стоўбцаў, Койданава, Слуцка.

Любоў да “роднага Мінска” вылілася ў «Апісанне Мінска»           (1857 г.) – своеасаблівую хроніку горада. У. Сыракомля прадставіў асноўныя этапы жыцця гараджан, адзначыў запамінальнасць  архітэктуры горада, выказаў думку, што Мінск пачаў забудоўвацца з захаду на ўсход.

Пад уплывам манаграфіі К. Тышкевіча «Вілія і яе берагі» паэт напісаў кнігу «Нёман ад вытокаў да вусця». Яна стала першым апісаннем беларускай ракі, у якім прапаноўвалася методыка такога тыпу даследаванняў. Ва “Уступным слове” аўтар пісаў: “Адна з самых вялікіх, геркулесавых жылаў нашай Літвы – гэта рака Нёман…” [9].

Рамантычная гістарыяграфія садзейнічала афармленню новага літаратурнага жанру – гістарычнага рамана. Яго пачынальнікам на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі лічыцца Юзэф Крашэўскі (1812 – 1887 гг.) – вядомы польскі пісьменнік і гісторык. Хаця нарадзіўся ён у Варшаве, але дзіцячыя і юнацкія гады правёў пад Пружанамі ў маёнтку Раманава. Скончыў Свіслацкую гімназію, затым – Віленскі універсітэт.

Гісторыя беларуска-літоўскіх зямель стала галоўнай тэмай яго шматлікіх гістарычных раманаў. Сярод іх – «Старое паданне», «Кунігас. Раман з літоўскіх паданняў», «Пан Твардоўскі», «Апошнія са слуцкіх князёў», «Часы Жыгімонта», «Кароль у Нясвіжы. 1784». Таксама ён падрыхтаваў шэраг гістарычных прац, напрыклад, «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мовы, вера, звычаі, песні» (1847 – 1850 гг.), «Мастацтва ў славян, асабліва ў Польшчы і дахрысціянскай Літве». Ю. Крашэўскі шмат вандраваў па беларускім землям і пакінуў цікавыя дарожныя нататкі, якія носяць белетрыстычны характар. Побач з красамоўнымі апісаннямі прыроды пісьменнік прывёў каштоўныя звесткі аб жыцці сялянства, яго занятках, прыладах працы, жыллі, адзенні і ежы. Напісаны яна з ліберальных пазіцый: польскі пан і беларускі селянін – члены адзінай сям’і, і не добры пан, а дрэнны аканом з’яўляецца віноўнікам цяжкага становішча селяніна. 

Асаблівую цікавасць у даследчыка выклікала гісторыя культуры і побыту насельніцтва ВКЛ у ХVІІІ ст., якую ён добра ведаў і выклаў у працы «Польшча ў час трох падзелаў». Аўтар заклікаў да комплекснага вывучэння народнай культуры. Гэтым прынцыпам ён кіраваўся пры напісанні гістарычнай чатырохтомнай працы «Вільня ад яе пачатку да 1750 года» (1842 г.) [10].

У новых умовах ствараюцца гістарычныя гурткі, таварыствы. Прыкладам з’яўляецца гурток графа Мікалая Румянцава (1754 – 1826 гг.) – вядомага дзяржаўнага дзеяча Расійскай імперыі. Пасля адстаўкі ў 1814 г. ён жыў у Гомелі. Румянцаў збіраў рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, дакументы, якія затым склалі аснову Румянцаўскага музея ў Пецярбургу. Мецэнат арганізаваў гурток, у які ўвайшлі вядомыя гісторыкі, мовазнаўцы, археографы. Членам Румянцаўскага гуртка з’яўляўся Ігнат Лабойка (1786 – 1861 гг.) – прафесар расійскай славеснасці Віленскага універсітэта. Ён перыядычна чытаў курсы гісторыі Расіі. Вучоны скончыў Харкаўскі універсітэт, быў добразычлівым чалавекам. Лабойка хутка ўсталяваў сяброўскія адносіны з мясцовай інтэлігенцыяй, рэкамендаваў графу Румянцаву многіх знаўцаў «літоўскай» старыны. Акрамя сваёй выкладчыцкай дзейнасці, ён энергічна займаўся палеяграфіяй, археалогіяй, пошукам помнікаў славянскай пісьменнасці. Пад яго кіраўніцтвам студэнты універсітэта склалі апісанне 80 мястэчак і гарадоў Заходняй Беларусі і Літвы.

Пансіянерам графа М. Румянцава быў Іван Грыгаровіч, які ў 1824 г. выдаў першы зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі – «Беларускі архіў старажытных грамат». Выданне ўключала 57 старажытных актаў, у асноўным з гісторыі Магілёва ХV – XVIII ст. У прадмове аўтар падкрэсліваў, што гэтыя дакументы «з’яўляюцца крыніцай па гісторыі Беларусі, царкоўнай і грамадзянскай, і ў гэтых адносінах змяшчаюць у сабе шмат вартага і цікавага». Пры ўсім станоўчым значэнні гэтага выдання для развіцця айчыннай гістарыяграфіі нельга не адзначыць яго ідэалагічны характар. Зборнік «выяўляў», на думку гісторыка, «дух папізма» і той уціск ад яго, які прыйшлося вынесці праваслаўным у Беларусі [12].

Такім чынам, цікавасць да гісторыі ахоплівала значныя колы адукаванага грамадства. Гісторыкі-рамантыкі імкнуліся аднавіць непаўторныя асаблівасці духоўнага складу людзей мінулага, іх быту, адзення. Адсюль і прынцып “ужывання” в вывучаюмую эпоху, красамоўнасць выкладання, стылізацыя мінулага. Панаваннне рамантызму ў грамадскай думцы садзейнічала ў першай палове XIX ст. да ўзрастання грамадскай ролі і ўплыву гістарычнай навукі, якая стала “навукай стагоддзя”.

Белазаровіч В.А.

Развитие методологических исследований и подготовка кадров историков в Республике Беларусь, Российской Федерации и Республике Польша: сборник научных статей; под науч. ред. проф. А.Н. Нечухрина. – Гродно: ГрГУ, 2011. – 372 с.

 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Пачынаючы з першай паловы ХІХ ст., калі ў расійскай і польскай гістарыяграфіі з’явіліся першыя крытычныя і тэарэтычныя працы аб мемуарах, у навуковай літаратуры фарміруюцца два асноўныя падыходы да аналіза дадзенага віда крыніц. Яны грунтуюцца на розным стаўле...
Перыяд ХІХ – пачатку ХХ ст. характарызуецца своеасаблівай модай на мемуарную літаратуру. У гэты час была створана вялікая колькасць успамінаў, дзённікаў, нататак падарожнікаў. Гэта так званыя “крыніцы асабістага паходжання”. У цэнтры твораў мемуарнай літаратур...
Літаратурнае мінулае з’яўляецца неад'емнай часткй грамадска-культурнага жыцця. У данным артыкуле пойдзе гаворка пра «ліратаратурнае жыццё» як гістарычную з’яву першай чвэрці ХІХ ст. Пад “літаратурным жыццем” мы будзем разумець перыядычны друк, кніжныя крам...