Категории

Тры Каралі (Вадохрышча)

2 минуты на чтение

Тры Каралі (Вадохрышча) - свята, што завяршае калядны перыяд народнага календара. Адзначаецца каталікамі 6 студзеня, праваслаўнымі – 19 студзеня. Напярэдадні В. (у праваслаўных часам таксама называлася “Тры Каралі”) захоўваўся строгі пост, а ўвечары спраўлялася апошняя, посная, куцця (гатаваліся тыя ж стравы, што і на першую посную куццю, у многіх вёсках абавязкова варылі гарох). Перад вячэрай, памаліўшыся, гаспадар браў куццю, хлеб, крыж, зерне і гарох, ішоў у хлеў, даваў куццю жывёле і пасяваў зернем хлявы, а потым хату і сваіх сямейных (перш за ўсё дзяцей). У Лідскім раёне ў некаторых вёсках у праваслаўных у гэты вечар “Дзед Мароз” “адвозіў Каляду”. Гэты персанаж у белым кажусе і з каронай на шапцы ехаў праз вёску на санях. Дзецям, што беглі за санямі, ён раздаваў спецыяльна спечаныя дзеля гэтага галушкі. А дарослым Дзед Мароз казаў: “Кіньце каляду, я з сабою павяду”. І Дзеду даравалі грошы, пірагі, кілбасы. Пасля аб’езду ў хаце таго чалавека, што пераапранаўся ў Дзеда Мароза, ладзілася вячэра. На вячэры маглі выпіць, але не спявалі, “бо гэта посная куцця”. На В. з раніцы ішлі на службу ў храм. Пасля службы ў праваслаўных адбывецца ўрачыстае асвячэнне вады ў адкрытым вадаёме – “Іардане”. Напярэдадні там рабілі палонку, каля яе крыж, які ў некаторых вёсках рэгіёна аблівалі бурачаным квасам, каб быў ружовы. Вакол крыжа ставілі елачкі. Да палонкі ішлі крэсным ходам. Пасля асвячэння кожны набіраў вады ў бутэльку. Вада гэтая лічылася цудадзейнай, лекавай, захоўвалася цэлы год да наступнага В. Лапкі елак пасля асвячэння вады таксама забіралі дадому. Яны выкарыстоўваліся у якасці аховы ад грому, пажару. У каталікоў на Трох Каралёў раней ваду не асвячалі (гэта сталі рабіць пад уплывам праваслаўнай традыцыі толькі ў апошнія дзесяцігоддзі). Пасля імшы ў касцёле вернікам раздавалі асвечаную крэйду. Гэтай крэйдай гаспадары ставілі крыжы на дзвярах сваіх дамоў і пісалі першыя літары  імён трох каралёў (С – Каспар, М – Мельхіёр, В – Балтазар). У дзень свята рыхтаваўся багаты стол. Згодна каталіцкай традыцыі ў гэты дзень ладзілі маскарады – “Тры каралі” альбо “Гэроды” (гурт складалі звычайна нежанатыя хлопцы, якія хадзілі з віншаваннямі па хатах, паказвалі сцэнкі на евангельскія тэмы, спявалі адпаведныя песні).

І.С. Чарнякевіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Святыя вечары (вячоркі, вечарына, музыкі)  – святочныя вечарыны, якія ладзіліся рознымі ўзрастовымі групамі асобна ў калядныя вечары на працягу ўсяго каляднага цыкла – ад Раздва да Вадохрышча (Трох Каралёў). Паколькі на працягу ўсіх С.В. існавала забарона на п...
Шэрагам айчынных і замежных навукоўцаў вылучаюць тры накірункі гістарычнага краязнаўства: дзяржаўны, грамадскі, школьны. Кіруючая роля ў краязнаўстве БССР на працягу практычна ўсяго ХХ ст. належыць дзяржаве. Краязнаўчымі даследаваннямі займаюцца рэгіянальныя а...
У жыцці чалавека спакон вякоў былі тры самыя важныя падзеі: нараджэнне, стварэнне сям’і і смерць, з якіх толькі другую (вяселле) ён мог сам выбіраць. Таму вясельная абраднасць з’яўляецца адной з самых старажытных. У кожнага народа гэтае свята рыхтавалася з нев...