Святыя вечары (вячоркі, вечарына, музыкі) – святочныя вечарыны, якія ладзіліся рознымі ўзрастовымі групамі асобна ў калядныя вечары на працягу ўсяго каляднага цыкла – ад Раздва да Вадохрышча (Трох Каралёў). Паколькі на працягу ўсіх С.В. існавала забарона на працу, асноўным заняткам былі спевы, гульні і танцы.
У гэтую пару збіраліся і падлеткі, але не ўвечары, а днём. Асобна ад нежанатай моладзі збіраліся маладыя сямейныя пары, якія ад пачатку Каляд да Новага года ладзілі вечарыны з багатым застоллем, танцамі, пераапрананнямі. Старэйшыя людзі збіраліся асобна, спявалі духоўныя песні, а таксама калядныя.
Самай яскравай з’явай гэтых вечароў былі гулянні моладзі. У адрозненне ад іншых беларускіх рэгіёнаў, галоўная роля ў гэтых вечарынах адводзілася хлопцам, якія выбіралі хату, запрашалі дзяўчат, наймалі музыкаў, распараджаліся танцамі. Абавязкам дзяўчат было прыгатаванне закускі. Самастойна дзяўчаты на вячоркі не хадзілі, патрэбна было мець запрашэнне, а яшчэ лепей, каб хлопец адвёў дзяўчыну на танцы.
Дзяўчына не магла таксама самастойна выйсці ў танец, толькі пасля запрашэння з паклонам з боку хлопца. Пры гэтым дзяўчына не мела права адмовіцца ад танца, будучы запрошанай, няхай бы ёй хлопец і надта не падабаўся. У выпадку адмовы хлопец меў права спыніць музыкаў і пад марш выгнаць дзяўчыну з вячорак. Адзінай засадай адмовы быў відавочна нецвярозы стан хлопца.
Яшчэ адным элементам С.В. былі калядныя гульні. На паўночным усходзе разглядаемага рэгіёну этнографамі зафіксавана бытаванне гульняў “Яшчар” і “Ката пячы”.
У сучаснай турыстычнай справе звычаі С.В. могуць стаць асновай для сцэнічных пастановак, а таксама анімацыйных праграм, што давалі б магчымасць турыстам паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях і танцах, пакаштаваць традыцыйных страў беларускай кухні.
І.С. Чарнякевіч