Категории

Роля гарадоў у развіцці прамысловасці Заходняга рэгіёна Беларусі (1944 – 1965 гг.)

20 минут на чтение

Гарады адыгралі надзвычай важную ролю ў эканоміцы Заходняй Беларусі ў акрэслены адрэзак часу, які прыпадае на завяршаючы этап Вялікай Айчыннай вайны і два пасляваенныя дзесяцігоддзі, увабраўшыя ў сябе аднаўленне і далейшае развіццё ўсёй народнай гаспадаркі, вядучае месца ў якой усё больш пачынае займаць прамысловасць. Менавіта гарады, гарадскія пасёлкі і мястэчкі былі асноўным каталізатарам узнікнення і станаўлення буйных, сярэдніх і дробных прамысловых прадпрыемстваў па ўсёй Беларусі, а ў яе заходнім рэгіёне – у першую чаргу, таму што рэгіён з сакавіка 1921 года да верасня 1939 года ўваходзіў у склад Другой Рэчы Паспалітай. Ён іменаваўся “крэсамі ўсходнімі” польскай дзяржавы, з’яўляўся яе аграрным прыдаткам. Згодна з другім артыкулам Рыжскага дагавора ад 18 сакавіка 1921 года ў склад Польшчы адышлі Гродзенская губерня, Навагрудскі, Пінскі, частка Слуцкага, Мазырскага і Мінскага ўездаў Мінскай губерні, Ашмянскі, Лідскі, Вілейскі і Дзісненскі ўезды Віленскай губерні. Яшчэ раней палякамі была захоплена так званая “Сярэдняя Літва” ў складзе Віленскага, Свянцянскага і Трокскага ўездаў Віленскай губерні. Узгаданая тэрыторыя ў гістарычнай літаратуры атрымала назву Заходняя Беларусь. Пастановай польскага ўрада яна была падзелена на чатыры ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Беластокскае і Віленскае (апошняе да снежня 1925 г. насіла афіцыйную назву Віленская адміністрацыйная акруга). Правячымі коламі Польшчы Заходняя Беларусь, меўшая тэрыторыю ў 113 тыс. км2 з насельніцтвам 4,6 млн. чалавек, разглядалася як крыніца пэўных відаў сыравіны для прамысловай вытворчасці і рэзерв таннай рабочай сілы, а таксама месцам збыту прамысловых вырабаў з астатняй тэрыторыі Польшчы, пераважна з карэнных польскіх зямель. Таму патэнцыял прамысловай вытворчасці на беларускай тэрыторыі Польшчы, а гэта было 24 % тэрыторыі ўсёй Польскай дзяржавы, вызначаўся функцыянаваннем каля 2 тысяч прамысловых прадпрыемтсваў, на якіх працавала ад 5 да 20 рабочых і ўдзельная вага якой некалькі перавышала 3 % ад усёй прамысловай прадукцыі ў краіне [1].

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года і яе новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзела ў снежні таго ж года (стварэнні на тэрыторыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Пінскай абласцей), становішча з развіццём прамысловасці пачало паступова выпраўляцца. За няпоўны 1940 год у заходнім рэгіёне БССР у лік дзеючых уступіла 105 прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці, пераважная большасць з іх – новыя. Прадпрыемствы хутка раслі, і ўжо ў пачатку 1941 года дзейнічала 392 прадпрыемствы, на якіх працавалі каля 40 тысяч чалавек [2]. Значна ўзрасла колькасць сярэдніх і буйных прамысловых прадпрыемстваў, амаль не засталося дробных фабрык і заводаў, рамесна-саматужных майстэрань, а выпуск прамысловай прадукцыі павялічыўся ў параўнанні з 1938 годам удвая. Гэтаму садзейнічала рад фактараў: працэс узбуйнення прамысловай вытворчасці да пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гадоў, дапамога заходнім абласцям рэспублікі з боку ўсходніх абласцей БССР і іншых рэгіёнаў СССР, праведзеная ў канцы 1939 года нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў і банкаў, працоўны энтузіазм рабочых, рост іх колькасці і якасці і ншыя.

Неабходна падкрэсліць, што на працягу 1940 – першай паловы 1941 года ў заходніх абласцях атрымалі развіццё найперш тыя галіны прамысловасці, якія былі дастаткова забяспечаны сыравінай, рабочай сілай, знаходзіліся ў гарадах і мястэчках. Так, з названай вышэй колькасці прадпрыемстваў 28 прадстаўлялі тэкстыльную прамысловасць (горад Беласток і Беластоцкі прамысловы раён, на якіх працавалі 10,6 тыс. рабочых), 33 лесапільныя заводы і фанерныя фабрыкі (8,4 тыс. рабочых), 100 прадпрыемтсваў харчовай прамысловасці (5,3 тыс. рабочых), 22 прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў і сілікатнай прамысловасці (2,8 тыс. рабочых), столькі ж прадпрыемстваў гарбарнай і абутковай прамысловасці (2,3 тыс. рабочых), 7 прадпрыемстваў хімічнай і запалкавай вытворчасці [3].

За ўказаны перыяд былі адноўлены, пашыраны і пераабсталяваны амаль усе фабрыкі і заводы, уключаючы Гродзенскі веласіпедны завод, Лідскі завод сельскагаспадарчых машын, карэнным чынам рэканструяваны Дняпрўска-Бугскі канал, рамеснікі саматужных майстэрняў у гарадах і мястэчках аб’яднаны ў 453 прамысловыя арцелі, уведзены ў эксплуатацыю прадпрыемствы Брэста, Пінска, Баранавічаў, Маладзечна, Вілейкі і іншых гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і мястэчак.

Фашысцкая акупацыя Беларусі 1941 – 1945 гадоў прынесла яе населеным пунктам, асабліва гарадам, гарадскім пасёлкам і мястэчкам, усім галінам эканомікі, уключаючы прамысловасць, будаўніцтва, транспарт, сувязь, татальныя разбурэнні. Таму развіццё прамысловасці ў пасляваенныя гады пачалося з аднаўлення наступстваў ваеннага ліхалецця. З завяршэннем вайны арганізацыя аднаўленчых работ у прамысловасці і на транспарце цалкам была падпарадкавана задачам мірнага будаўніцтва, чаму ў вялікай ступені садзейнічала пастанова Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР ад 26 мая 1945 г. “Аб мерапрыемствах па перабудове прамысловасці ў сувязі са  скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў”. Згодна з ёю многія беларускія прадпрыемствы вызваляліся ад вытворчасці прадукцыі для патрэб фронту, а вызваленыя грашовыя сродкі, рабочую сілу, сыравіну і матэрыялы, арганізацыйна-кіруючую дзейнасць уладныя структуры змаглі выкарыстаць у іншых мэтах [4].

Больш хуткія тэмпы развіцця прамысловай вытворчасці планаваліся ў заходніх абласцях Беларусі, якія аб’ектыўна значна адставалі ад агульнага ўзроўню развіцця прамысловасці ўсходніх абласцей. Удзельная вага заходняга рэгіёну рэспублікі па выпуску валавай прамысловай прадукцыі павінна была вырасці з 9,1 % у 1940 годзе да 22,6 % у 1950 годзе, на што па Гродзенскай вобласці былі прадугледжаны капіталаўкладанні ў суме 155,1 млн. рублёў, Брэсцкай – 134 млн. рублёў. Адпаведныя асігнаванні былі прадугледжаны і для Баранавіцкай, Маладзечанскй і Пінскай абласцей. Усе гэтыя пяць абласцей былі ўтвораны на тэрыторыі заходняга рэгіёна Беларусі ў 1944 годзе ў сувязі з новым тэрытарыяльным дзяленнем і праіснавалі да ўзбуйненняў 1954 і пачатку 1960-х годоў [58].

Трэба падкрэсліць, што насельніцтва рэспублікі, уключаючы і яе заходні рэгіён, з энтузіазмам узялося за аднаўленне і пад’ём усёй народнай гаспадаркі, уключаючы і яе індустрыяльны комплекс, у якім вядучую ролю адыгрывала прамысловасць.

Аднаўленчыя работы працоўныя Брэстчыны пачалі яшчэ на заключным этапе Вялікай Айчыннай вайны, адразу пасля вызвалення яе тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Ужо да канца 1944 года ў Пінскай вобласці запрацавалі караблерамонтны завод, чатыры мэблевыя фабрыкі, фанерна-запалкавы камбінат, сем гарбарных прадпрыемстваў, 11 цагельных і вапнавы заводы, чатыры электрастанцыі, больш за сто прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці. Да верасня 1946 года ў горадзе Брэсце былі поўнасцю адноўлены лесазавод “Стаханавец”, швейная фабрыка, чыгуначны вузел, дзесяткі дробных прадпрыемтсваў,  а ў Брэсцкай вобласці працавала 478 дзяржаўных прадпрыемстваў і прамысловых арцеляў, на якіх былі заняты 6 705 рабочых.

Згодна з планам чацвёртай пяцігодкі, зацверджаным Вярхоўным Саветам БССР у верасні 1946 года, па Брэсцкай вобласці прадугледжвалася аднавіць і пабудаваць 125 прамысловых прадпрыемстваў, а ў Пінскай вобласці – караблерамонтны завод пераўтварыць у караблебудаўнічы, увесці ў строй другую чаргу фанернага цэха на фанерна-запалкавым камбінаце. Планавалася таксама будаўніцтва ліцейна-механічнага, лесапільнага, калёсаабознага, кансервавага заводаў, мэблевай фабрыкі і іншых прадпрыемстваў. Вялікая ўвага ўдзялялася падрыхтоўцы кадраў спецыялістаў і кваліфікаваных рабочых, забеспячэнню прамысловых прадпрыемстваў абсталяваннем і механізмамі, будаўнічымі матэрыяламі, сыравінай, электраэнергіяй і транспартнымі сродкамі. І хаця ў практычным вырашэнні пазначаных напрамкаў дзейнасці ў развіцці прамысловасці сустракаліся аб’ектыўныя цяжкасці і пэўныя складанасці, кіруючыя партыйныя, савецкія, прафсаюзныя, гаспадарчыя органы і арганізацыі ўсебакова аналізавалі становішча спраў у працоўных калектывах, дапамагалі ў ліквідаванні недахопаў, намячалі канкрэтныя мерапрыемствы па выкананню месячных, квартальных і гадавых планаў кожным прамысловым прадпрыемствам.

Станоўчую ролю ў выкананні планаў па развіццю прамысловасці ў заходнім рэгіёне рэспублікі адыграла сацыялістычнае спаборніцтва ў працоўных калектывах, абласных гарадах, гарадскіх пасёлках і мястэчках Баранавіцкай, Брэсцкай, Гродзенскай, Пінскай і Маладзечанскай абласцей. Удзельнікі спаборніцтва ў большасці сваёй датэрмінова завяршылі гадавыя планавыя заданні і пяцігодку ў цэлым, уключаючы і прадпрыемствы саюзна-рэспубліканскага падпарадкавання, а не толькі мясцовай і кааператыўнай прамысловасці.

Да 30-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі гадавую праграму 1947 года датэрмінова выканалі большасць прамысловых прадпрыемстваў Брэсцкай, Баранавіцкай і Пінскай абласцей, у тым ліку 5 прадпрыемстваў горада Баранавічы, 23 прадпрыемствы горада Пінска. А ў Брэсцкай вобласці ў 1947 годзе было ўведзена ў строй дзеючых 23 прамысловых прадпрыемстваў, першая чарга Брэсцкай электрастанцыі, магутнасць якой значна перавысіла даваенную.

Важным вынікам чацвёртай пяцігодкі з’явіўся хуткі рост прамысловасці ўсяго заходняга рэгіёна рэспублікі. Прывядзём для прыкладу Пінскую вобласць. Калі да ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР на Піншчыне прамысловасць была прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі, то да канца 1950 года ў вобласць налічвалася ўжо 350 прадпрыемстваў, з’явіліся новыя галіны прамысловай вытворчасці – караблебудаўніцтва, ліцейная, будаўнічых матэрыялаў, паліўная, трыкатажная. Пералік прыкладаў можна прадоўжыць, але ўсе яны будуць сведчыць толькі аб адным: індустрыяльны воблік заходняга рэгіёна рэспублікі хутка мяняўся. Толькі па Брэсцкай вобласці (у яе сучасных граніцах) аб’ём прамысловай вытворчасці ў 1950 годзе ў адносінах да 1940 года склаў 194 %.

У пятай пяцігодцы (1951 – 1955 гг.) першаступенная ўвага ўдзялялася не толькі рэканструкцыі дзеючых і будаўніцтву новых прамысловых прадпрыемстваў, але і павышэнню якасці вырабляемай прадукцыі, зніжэнню яе себякошту, ліквідацыі цякучасці рабочай  сілы, укараненню новай тэхнікі і прагрэсіўнай тэхналогіі. Гэтыя праблемы абмяркоўваліся не толькі ў партыйных органах КПБ, камсамольскіх і прафсаюзных органах, але і на пастаянна дзеючых вытворчых нарадах, праводзімых спецыяльных канферэнцыях па навінках тэхнічнай літаратуры.

У лютым 1956 года на ХХ з’ездзе КПСС, а затым і на ХХІІ з’ездзе Кампартыі рэспублікі былі падведзены вынікі выканання пятай пяцігодкі і вызначаны асноўныя накірункі развіцця эканомікі, у тым ліку і прамысловасці, на шостую пяцігодку. Новы пяцігадовы план развіцця Брэсцкай вобласці прадугледжваў павелічэнне вытворчасці прамысловай прадукцыі ў 1,5 раза ў параўнанні з 1955 годам. Планавалася будаўніцтва новых і пашырэнне шэрагу дзеючых прадпрыемстваў.

У выкананні і перавыкананні планавых заданняў вялікае значэнне адводзілася сацыялістычнаму спаборніцтву, ролі ў яго развіцці прафсаюзных органаў і пярвічных арганізацый, у тым ліку  і ў выкараненні недахопаў у рабоце прамысловасці. Актывізацыі дзейнасці прафсаюзаў патрабавалі і рашэнні снежаньскага (1957 г.) Пленума ЦК КПСС, разгледзеўшага пытанне “Аб рабоце прафесіянальных саюзаў СССР”. У адпаведнасці з яго рашэннем у рэспубліцы, уключаючы і яе заходні рэгіён, паўсямесна былі створаны пастаянна дзеючыя вытворчыя нарады. Усяго да верасня 1958 года ў Брэсцкай вобласці было створана больш за 200 агульназавадскіх пастаянна дзеючых вытворчых нарад, і там, дзе яны працавалі ў поўную сілу (Брэсцкае аддзяленне чыгуначнай дарогі, АТК №2, торфапрадпрыемства “Агдэмер” Іванаўскага раёна і інш.), іх дзейнасць давала плённыя вынікі. Але так было не ўсюды. Многія прафсаюзныя арганізацыі, асабліва на прадпрыемствах мясцовай прамысловасці, недаацанілі ролю пастаянна дзеючых вытворчых нарад, яны там існавалі практычна на паперы. Некаторым гаспадарчым кіраўнікам, прывыкшым да камандна-адміністрацыйных метадаў працы, гэта было нават добра. Іх не хвалявала, што правы працоўных у кіраванні вытворчасцю на гэтых прадпрыемствах ушчэмліваліся, а іх актыўнасць глушылася. Рэзервы росту вытворчасці працы і ўдасканаленне вытворчасці выкарыстоўваліся далёка не поўнасцю [6].

У ходзе выканання VI пяцігодкі ўзнік шэраг новых задач. Адначасова выявіліся і новыя магчымасці для развіцця эканомікі краіны. З улікам гэтага быў распрацаваны праект дырэктыў сямігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1959 – 1965 гады, адобраны ЦК КПСС і вынесены на абмеркаванне пазачарговага ХХІ з’езда партыі. Папярэдне праект быў апублікаваны і шырока абмяркоўваўся ў розных сродках масавай інфармацыі, у працоўных калектывах усіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы.

У Брэсцкай вобласці планавалася ў 2,5 раза павялічыць у параўнанні з 1959 годам аб’ём выпуску прамысловай прадукцыі, стварыць новыя вытворчыя галіны ў электрапрыборабудаванні, хімічнай, дывановай, баваўнянай, цукровай прамысловасці. Капіталаўкладанні ў развіццё прамысловасці намячаліся ў памеры 224,7 млн. рублёў, што ў 2,5 раза перавышала капіталаўкладанні за папярэднія сем гадоў.

Прадугледжвалася будаўніцтва Бярозаўскай ГРЭС магутнасцю ў 495 тыс. кВт., пашырэнне магутнасцей Пінскай і Баранавіцкай ТЭЦ, стварэнне шэрагу новых торфапрадпрыемстваў, пракладка па тэрыторыі вобласці газаправода “Дашава-Мінск” з падключэннем да яго гарадоў Брэст, Баранавічы і шэрагу прамысловых аб’ектаў. Намячалася ўзвядзенне такіх буйных аб’ектаў, як Брэсцкі завод электравымяральных прыбораў (сёння электрамеханічны завод), Баранавіцкі баваўняны камбінат, Брэсцкі дывановы камбінат, завод штучных скур у Пінску. Планавалася таксама ўзвядзенне шэрагу аб’ектаў будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці. Адпаведна гэтым заданням прадугледжваўся рост грузаабарочання і тэхнічная рэканструкцыя чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту.

ХХІ з’езд КПСС, які праходзіў з 27.01. па 5.02.1959 г., зацвердзіў праект сямігодкі і тым самым вызначыў галоўныя задачы на гэтыя гады ў эканамічнай, палітычнай, ідэалагічнай абласцях, а таксама ў знешняй палітыцы. За безумоўнае і датэрміновае выкананне сямігодкі ў Беларусі, уключаючы і яе заходнія вобласці, разгарнулася шырокае працоўнае спаборніцтва, у тым ліку і за новае (камуністычнае) стаўленне да працы. Сталі стварацца канструктарска-тэхналагічныя бюро на грамадскіх пачатках. Значна пашырыўся рух вынаходнікаў і рацыяналізатараў, распаўсюдзіўся пачын Валянціны Гачанавай – пераход перадавікоў працы на адстаючыя ўчасткі работы для вываду іх у перадавыя. К ліпеню 1963 года ў індустрыяльнай сферы Брэсцкай вобласці 50 тысяч чалавек удзельнічалі ў спаборніцтве за безвыплатную працу, налічвалася 5 тысяч рацыяналізатараў і вынаходнікаў, якія ўкаранілі ў вытворчасць 17 тысяч прапаноў з агульным эканамічным эфектам каля 7 млн. рублёў.

Шырокі размах у рэспубліцы, у тым ліку і ў яе заходніх абласцях, атрымаў пачын ткачыхі Мінскага тонкасуконнага камбіната Алены Лазарэнка змагацца за выдатную якасць прадукцыі, асваенне вытворчых магутнасцей у кароткія тэрміны і без зніжэння прадукцыйнасці працы.

На Баранавіцкай трыкатажнай фабрыцы была створана група грамадскіх тэхнолагаў, адыграўшая важную ролю ў павышэнні якасці прадукцыі. На Пінскім караблебудаўнічым і рамонтным заводзе быў створаны ўчастак па асваенню новых матэрыялаў, замяняючых вырабы з чорных і каляровых металаў. Усё гэта ў канчатковым выпадку прывяло працоўныя калектывы прамысловых прадпрыемстваў да своечасовага і якаснага выканання вытворчых планаў і заданняў, істотным змяненням у структуры прамысловай вытворчасці.

Найбуйнейшымі новабудоўлямі Брэстчыны сталі Бярозаўская ГРЭС і горада Белазёрска, Баранавіцкі баваўняны камбінат, Брэсцкія электралямпавы і электрамеханічны заводы, дывановы камбінат, швейная фабрыка, Жабінкаўскі цукровы завод, Пінскі завод штучных скур. У 1965 годзе ў Брэсце пачалося будаўніцтва найбуйнейшага ў краіне панчошна-насочнай фабрыкі, а ў Пінску – трыкатажнага камбіната.

Што тычыцца структурных змяненняў у прамысловасці, то за сямігодку практычна ў два разы ўрасла вага цяжкай прамысловасці (з 12 да 22,9 %), машынабудавання і металаапрацоўкі (ад 0 да 10,2 %), паліўна-энергетычная прамысловасць дасягнула 7,7 % і г.д. Значна колькасна і якасна вырас рабочы клас.

Сямігадовы план Брэсцкай вобласцю быў выкананы датэрмінова – 1 верасня 1965 года. Аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў 2,2 раза, вытворчасць працы – на 52,2 %. Было  пабудавана 22 новых прамысловых прадпрыемстваў, а ў развіццё прамысловасці ўкладзена 196,7 млн. рублёў. А колькасць жыхароў у абласным цэнтры з няпоўных 15 тыс. павялічылася да 90 тыс. чалавек [7].

Плённа развівалася і прамысловасць Гродзенскай вобласці, створанай 20 верасня 1944 г. У яе склад увайшлі гарады Гродна, Ліда, шэсць раёнаў былой Беластокскай вобласці і восем раёнаў Баранавіцкай вобласці. Ужо ў 1945 годзе былі ўведзены ў дзеянне Ваўкавыскі цэментны завод “Перамога” магутнасцю 110 тыс. тон цэмента ў год, Мастоўскі фанерны і Ваўкавыскі чыгуналіцейны заводы, 17 раённых прамысловых камбінатаў і іншыя прадпрыемствы. Быў пабудаваны новы чыгуначны мост праз Нёман у Гродне, нанова адбудаваны чыгуначныя вакзалы ў Гродне, Лідзе, Ваўкавыску, Мастах. Пачата ў 1946 годзе будаўніцтва Скідзельскага цукровага завода, паспяхова ішло будаўніцтва Гродзенскага тонкасуконнага камбіната і іншых прамысловых аб’ектаў. І ў 1947 годзе прамысловасць Гродзеншчыны дасягнула даваеннага ўзроўню [8].

Да пачатку 1951 года ў вобласці ўзніклі новыя галіны прамысловасці – тэкстыльная, сельскагаспадарчага машынабудавання, харчовая. Было адноўлена і зноў пабудавана больш за 350 прадпрыемстваў, у тым ліку першая чарга цукровага завода ў Скідзелі, велазборачны завод, хлебакамбінат і абутковая фабрыка ў Гродне, Лідскі камбінат гумовага абутку, маслазаводы ў Бераставіцы, Свіслачы, Скідзелі, завод ліцейна-механічнага абсталявання ў Ваўкавыску. Значна ўзрасла выпрацоўка электрычнай энергіі [9].

Развіццё прамысловасці інтэнсіўна працягвалася ў 50 – 60 гады  ХХ ст. Згодна з пяцігадовым  планам развіцця народнай гаспадаркі на 1951 – 1955 гады павелічэнне выпуску прадукцыі прадугледжвалася  як за кошт будаўніцтва новых, так і за кошт рэканструкцыі і пашырэння існуючых фабрык і заводаў, укаранення новай тэхнікі і перадавой тэхналогіі, больш рацыянальнага выкарыстання абсталявання і вытворчых плошчаў, павышэння вытворчасці працы. За акрэсленыя пяць гадоў толькі ў абласным цэнтры здзяйснялася будаўніцтва завода жалезабетонных канструкцый і санітарна-тэхнічнага абсталявання, швейнай фабрыкі, рамонтна-падшыпнікавага завода, высокаводнага маста праз раку Нёман. Былі рэканструяваны на новай тэхналагічнай аснове шклозавод, велазборачны і скураны заводы, тонкасуконны камбінат, тытунёвая і мэблевая фабрыкі, камбінат будаўнічых матэрыялаў.

І што вельмі істотна, на заводах і фабрыках, будаўнічых пляцоўках, на транспарце і ў сувязі распрацоўваліся канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне існуючых магутнасцей, механізацыю і аўтаматызацыю вытворчых працэсаў, павелічэнне аб’ёмаў і паляпшэнне якасці прадукцыі. Таму невыпадкова гадавыя планы пятай пяцігодкі і пяцігодка ў цэлым па вытворчасці і выпуску валавай прадукцыі абласным цэнтрам і Гродзенскай вобласцю быў выкананы датэрмінова і перавысіў даваенны ўзровень на 88,8 %. Былі адноўлены і зноў пабудаваны 350 прадпрыемстваў. У гэтых поспехах несумненная заслуга працоўных калектываў прамысловых прадпрыемстваў, будаўнічых арганізацый, транспартнікаў і сувязістаў, рабочых, служачых, інжынерна-тэхнічных работнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў рацыяналізатарстве і вынаходніцтве, працоўным спаборніцтве, якое развівалі прафсаюзныя арганізацыі.

Аб’ёмы развіцця прамысловасці ў Гродзенскай вобласці ў шостай пяцігодцы (1956 – 1960 гады) планавалася павялічыць у паўтара разы (па рэспубліцы ў цэлым у 1,7 раза), у тым ліку вытворчасць тарфянога паліва – у 2, чарапіцы – у 2,5, кірпічу – у 3 з лішнім, шарсцяных тканін – у 1,4, скуранога абутку, цукру і іншых харчовых тавараў – у 2 разы. Прычым да 1960 года больш за 80 % вытворчасці харчовых тавараў павінна была забяспечвацца мясцовай сельскагаспадарчай сыравінай. Рост вытворчасці працы да канца шостай пяцігодкі планавалася падняць у прамысловасці на 50 %, у будаўніцтве – на 52 %, на чыгуначным транспарце – на 34 %. Так, у 1956 г. у Шчучыне пачаў дзейнічаць завод па вырабу аўтамабільных правадоў, створаны на базе фанернага завода і арцелі імя Чапаева, які к 1960 году вырас у буйное прадпрыемства “Аўтапровад”.

У абласным цэнтры ў 1956 г. планавалася рэканструяваць абутковую фабрыку, а ў 1960 – пачаць будаўніцтва азотнатукавага завода. У 1956 годзе план прамысловай вытворчасці Гродзенская вобласць выканала на 103 %, звыш плана выпрацавана прадукцыі на 38,6 млн. рублёў. Заданне па росту прадукцыйнасці працы выканана на 102 %.

Упершыню датэрмінова выканалі гадавыя планавыя заданні прадпрыемствы мясцовай і паліўнай прамысловасці, прамысловай кааперацыі. Многія прадпрыемствы гарадоў Гродна, Ліды, Ваўкавыскага, Навагрудскага і іншых раёнаў перавыканалі планавыя заданні па росту прадукцыйнасці працы і зніжэнні сабекошту выпускаемай прадукцыі, асваенню яе новых відаў. У іх ліку былі Мастоўскі фанерны і Лідскі малочнакансервавы заводы, шклозавод “Нёман”, Гродзенскі скураны завод №5, мэблевая фабрыка і іншыя. Пераможцамі ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве сталі калектывы Гродзенскай тытунёвай фабрыкі і Лідскага мясакамбіната.

План 1957 года таксама вобласцю быў выкананы датэрмінова. Важную ролю ў барацьбе за развіццё прамысловасці належала спаборніцтву. Добрыя паказчыкі былі ў прамысловых арганізацыях гарадоў Гродна і Ліды, Бераставіцкага, Воранаўскага, Гродзенскага, Слонімскага і Жалудокскага раёнаў, у прыватнасці, Лідскага завода сельскагаспадарчага машынабудавання, Гродзенскага тонкасуконнага камбіната, тытунёвай і абутковай фабрык, велазавода і іншых. Прамысловасцю Гродзенскай вобласці звыш гадавога плана выраблена прадукцыі на 116,8 млн. рублёў. І тым не менш прамысловасць вобласці адставала ад рэспубліканскіх паказчыкаў. Калі аб’ём прамысловай прадукцыі БССР за год павялічыўся на 13 %, то ў Гродзенскай вобласці – на 6 %. І гэта пры тым, што ў адпаведнасці з рашэннем лютаўскага (1957 г.) Пленума ЦК КПСС аб перабудове кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам на падставе стварэння саўнаргасаў і Законам, прынятым Вярхоўным Саветам СССР у маі таго ж года, быў утвораны Савет народнай гаспадаркі БССР, што прывяло да рэарганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам і першапачаткова дадатна адбілася на іх развіцці. У тым жа годзе на прадпрыемствах вобласці было ўстаноўлена новае абсталяванне на 19,5 млн. рублёў і ўкаранёна ў вытворчасць 900 прапаноў рацыяналізатараў і вынаходнікаў з эканамічным эфектам 3181 тыс. рублёў. А ў 1958 годзе гэтыя паказчыкі ўзраслі ў паўтара разы. А ўсяго на прадпрыемствах Гродзенскай вобласці ў 1956 – 1958 гадах было ўсталявана і асвоена каля 900 адзінак новага вытворчага абсталявання.

У цэлым жа план трэцяга года шостай пяцігодкі быў выкананы 17 снежня, а аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў параўнанні  з 1957 г. павялічыўся на 18 %, вытворчасць працы ўзрасла на 6 %. Аб’ём прамысловай прадукцыі Гродзенскай вобласці з 1950 па 1958 гады павялічыўся болей чым у 2 разы, а гарады Гродна і Ліда пераўтварыліся ў буйныя прамысловыя цэнтры. Што тычыцца структуры прамысловай вытворчасці вобласці, то ў ёй  пераважалі харчовая і лёгкая галіны, якім належала 47,5 і 23,3 % ад агульнага аб’ёму валавага выпуску прадукцыі.

Палажэнне карэнным чынам змянілася  ў гады выканання сямігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі (1959 – 1965). Рост прамысловай вытворчасці прадугледжваўся ў ёй больш высокімі тэмпамі, чым у цэлым па краіне і рэспубліцы. Пры агульным павелічэнні прамысловай вытворчасці ў СССР на 80 %, а ў Беларусі – у 1,8 раза, у Гродзенскай вобласці планаваўся яго рост у 1,9 раза. Высокія тэмпы развіцця забяспечваліся ў энергетыцы, паліўнай прамысловасці і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, лёгкай і харчовай, дрэваапрацоўчай і шкляной, а таксама ў новых галінах – хімічнай, электратэхнічнай, металаапрацоўчай і машынабудаўнічай.

Вялікае значэнне для далейшага тэхнічнага пераўзбраення прамысловасці, а таксама будаўніцтва і транспарта, мелі чэрвеньскі (1959 г.) і ліпеньскі (1960 г.) Пленумы ЦК КПСС. Сямігодка працоўнымі Гродзенскай вобласці была выканана датэрмінова. Тэмпы індустрыяльнага развіцця вобласці былі аднымі з самых высокіх у БССР. Прыкметна змяніліся геаграфія і структура прамысловай вытворчасці. У 1960 г. пачалося будаўніцтва гіганта вялікай хіміі – Гродзенскага азотнатукавага завода, уключанага ў спіс шасці асабліва важных прамысловых аб’ектаў саюзнага значэння. Прадукцыя завода (аміячная салетра, карбаміт, вадкі аміяк і аміячная вада) была востра запатрабавана для развіцця сельскай гаспадаркі. Завод быў запраектаваны з улікам найноўшых дасягненняў айчыннай і замежнай хімічнай прамысловасці з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Праектаванне і будаўніцтва завода здзяйсняліся паралельна. Асігнаванні на яго будаўніцтва ўзрасталі кожны год. У 1961 г. яны склалі 3,9 млн. рублёў, у 1962 г. – 6,15 млн. рублёў, у 1963 г. – 13 млн. рублёў. Штомесячна падводзіліся вынікі працоўнага спаборніцтва паміж будаўнікамі, а ўвесь калектыў будаўнікоў спаборнічаў з будаўнікамі Светлагорскага завода штучнага валакна. Паралельна рыхтаваліся кадры для новага прадпрыемства ў Гродзенскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы №49.

Неабходна адзначыць, што будаваць завод дапамагалі многія працоўныя калектывы прамысловых прадпрыемстваў горада Гродна і вобласці. Дапамога аказвалася і з іншых гарадоў Беларусі. Былі створаны належныя побытавыя і культурныя ўмовы для будаўнікоў прадпрыемства. Усё гэта дазволіла ўвесці ў строй дзеючых першую чаргу азотнатукавага завода – цэх слабой азотнай кіслаты і аміячнай салетры – 30 лістапада 1963 года, на месяц раней устаноўленага тэрміну. Да газаправода “Дашава – Мінск” быў падключаны як сам завод, так і горад Гродна.

У 1964 і 1965 гадах будаўніцтва завода працягвалася такімі ж тэмпамі. Ужо 1 ліпеня 1964 г. было пастаўлена пад абкатку абсталяванне вытворчасці аміяка, а 9 студзеня 1965 г. магутнасці аміяка і карбаміда пачалі ўстойліва выдаваць прадукцыю – адпаведна 50 і 70 тыс. тон у год. У верасні завяршальнага года сямігодкі, зноў на тры месяцы раней тэрміну, уступіла ў эксплуатацыю другая чарга па вытворчасці слабой азотнай кіслаты і аміячнай салетры. І ў той жа час поўным ходам вяліся работы па ўзвядзенню завода капралактама – найбуйнейшага прадпрыемства такога тыпу ў Еўропе. Увод яго ў эксплуатацыю прыйшоўся ўжо на гады восьмай пяцігодкі [10].

Паспяхова будаваўся Лідскі завод па вытворчасці лакаў і фарбаў, які ўступіў у строй дзеючых і стаў выдаваць прадукцыю ў 1965 годзе. У перыяд сямігодкі Гродзенская вобласць практычна ўпершыню была прыроўнена да іншых абласцей рэспублікі ў размяшчэнне аб’ектаў прамысловасці. Сярод 28 прамысловых прадпрыемстваў, пабудаваных у гэтыя гады, да ўжо названых вышэй трэба дадаць заводы гандлёвага машынабудавання, сілікатных вырабаў, тэхнічнай аснасткі, другая чарга завода “Аўтазапчастка” ў Гродне, завод “Аўтапровад” у Шчучыне, аўтарамонтны завод у Лідзе, гідрамеханічны завод у Смаргоні, Слонімскі і Ашмянскі льнакамбінаты, Ваўкавыскі мясакамбінат, Навагрудскі завод масла і сухога малака. Менавіта ў гэтыя гады пачалося і паспяхова ішло будаўніцтва Гродзенскай бавоўнапрадзільнай фабрыкі, завода па рамонту складанай бытавой тэхнікі і фабрыкі механічнага рамонту абутку. Больш таго, для ўводзімых у строй аб’ектаў прамысловымі прадпрыемствамі адначасова будавалася жыллё (жылыя дамы, інтэрнаты), дзіцячыя садкі, клубы і бібліятэкі, сталовыя, медыцынскія пункты, паліклінікі і нават шпіталі. Заслугоўвае быць адзначаным і той факт, што прамысловасць Гродзенскай вобласці пачала абслугоўваць іншыя рэспублікі СССР.

Разам з ростам прамысловасці раслі і іх працоўныя калектывы. Толькі за 1952 – 1961 гады колькасць рабочых і служачых у Гродзенскай вобласці павялічылася з 113 да 201,3 тысячы чалавек. У 1962 – 1965 гады гэтыя паказчыкі падвоіліся. Рабочыя кадры рыхтаваліся спачатку праз сістэму індывідуальнага і ФЗН (фабрычна-завадскога навучання), а затым праз спецыялізаваныя прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, адно з якіх ужо ўзгадвалася вышэй. Кадры інжынерна-тэхнічных работнікаў сярэдняга і вышэйшага ўзроўню рыхтавалі спецыялізаваныя тэхнікумы і інстытуты  ў БССР [11].

Акрамя Гродна і Ліды, буйнымі прамысловымі цэнтрамі сталі Ваўкавыск, Слонім, Смаргонь, Навагрудак, Шчучын. Адначасова з традыцыйнымі галінамі прамысловасці – лёгкай і харчовай – былі створаны новыя галіны прамысловасці – машынабудаўнічая, хімічная, металаапрацоўчая, электратэхнічная і некаторыя іншыя. Колькасць жыхароў у абласным цэнтры з 1944 па 1965 гады ўзрасла з 22 тыс. да 100 тыс. чалавек [12].

Такім чынам, праведзены аўтарам аналіз развіцця прамысловасці ў заходнім рэгіёне рэспублікі ў перадваенныя часы і за дваццаць пасляваенных гадоў прыводзіць да наступных высноў:

·         стану прамысловай вытворчасці Заходняй Беларусі да верасня 1939 года характэрны рысы для эканамічнага развіцця залежнай і слаба развітай краіны;

·         вынікі намаганняў па ўздыму прамысловасці ў разглядаемым рэгіёне з верасня 1939  года па чэрвень 1941 года ў складзе БССР былі знішчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны;

·         больш хуткімі тэмпамі прадугледжвалася аднаўленне прамысловай вытворчасці па заходніх абласцях рэспублікі з прычыны іх большага адставання ад усходніх абласцей рэспублікі;

·         развіццё прамысловай вытворчасці адбывалася з істотнай дапамогай усесаюзнага ўрада, палітычных і эканамічных структур СССР;

·         важную ролю ў развіцці прамысловасці ў разглядаемы адрэзак часу ў заходніх абласцях рэспублікі адыгрывалі гарады, гарадскія пасёлкі і мястэчкі, у якіх пераважна і акумуляваліся прамысловыя прадпрыемствы;

·         у пераважнай ступні гарады, гарадскія пасёлкі і мястэчкі з’яўляліся каталізатарамі будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў рознага ўзроўню па шэрагу аб’ектыўных прычын, да якіх адносяцца месцапалажэнне, працоўныя рэсурсы, навукова-тэхнічны і культурны патэнцыял, наяўнасць арганізацыйных ўладных і грамадскіх структур і іншыя;

·         быў і адваротны працэс, калі будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў уплывала на само горадаўтварэнне, ініцыявала ўзнікненне новых гарадоў і гарадскіх пасёлкаў ці іх значнае ўзбуйненне;

·         у разглядаемыя гады ў заходніх абласцях Беларусі быў закладзены трывалы падмурак прамысловай вытворчасці, яе новых прагрэсіўных галін, якія рэвалюцыянізіравалі ўвесь індустрыяльна-эканамічны і сацыяльны патэнцыял у цэлым;

·         развіццё індустрыяльна-прамысловай і сацыяльнай сфер заходняга рэгіёна рэспублікі былі цесна ўзаемазалежнымі і дапаўнялі адна другую, што ў канечным выпадку прыносіла вялікую карысць усяму грамадству.

І.П. Крэнь

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Дакументы па гісторыі гарадоў Беларуі з’яўляюцца, бадай, адной з самых вывучаных і ўведзеных у навуковае абарачэнне частак кніг Метрыкі ВКЛ увогуле і кніг запісаў за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы ў прыватнасці. Аднак, не гледзячы на наяўныя спробы выкар...
У артыкуле абагульняецца вопыт археалагічных даследаванняў беларускіх гарадоў ХІХ –  ХХ стст. Паказваецца, што найбольш інтэнсіўныя даследаванні прыпадаюць на 70 – 80-я гады ХХ ст., у выніку якіх распрацаваная археалагічная дэфініцыя гораду (адрозненне яго ад ...
Інфармацыйны ліст Нацыянальная акадэмія навук Беларусі Інстытут гісторыі НАН Беларусі Запрашаем прыняць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гістарычныя лёсы беларускай савецкай дзяржаўнасці (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Бе...