Категории

Развіццё БССР у 1965−1985 г. «Застой» і наспяванне крызісу.

9 минут на чтение

Пасля адстаўкі М.С. Хрушчова Генеральным сакратаром ЦК КПСС у 1964−1982 г. з’яўляўся Л.І. Брэжнеў. Перыяд яго кіравання атрымаў назву «эпохі застою» і характарызаваўся пераходам ад адноснай лібералізацыі грамадства да кансервацыі сфарміраваных за дзесяцігоддзі эканамічнай і грамадска-палітычнай мадэляў. У гэты час спынілася палітычная рэабілітацыя, адбылося зліццё дзяржаўнага апарату з партыйным, з’явілася так званая наменклатура ― партыйная эліта, у руках якой засяродзілася ўся паўната ўлады ў краіне. Фармальны характар набылі дэмакратычныя правы і свабоды, абвешчаныя ў Канстытуцыі СССР 1977 г. і  Канстытуцыі БССР 1978 г.

Эканамічнае становішча ў БССР і развіццё народнай гаспадаркі

У 1965 − 1980 г. БССР узначальваў П.М. Машэраў. Пад яго кіраўніцтвам рэспубліка заняла адно з вядучых месцаў у СССР па развіцці гаспадаркі і ўзроўню дабрабыту насельніцтва.

У 1965 г. у СССР пачала ажыццяўляцца эканамічная рэформа, ініцыятарам якой быў старшыня Савета Міністраў СССР А.М. Касыгін. Асноўнай прычынай правядзення рэформы з’яўлялася адставанне тэхнічнага ўзроўню эканомікі ад дасягненняў навукі і тэхнікі.

Сутнасць рэформы заключалася ў наступным:

  1. ліквідацыя саўнаргасаў і замена іх міністэрствамі;
  2. скарачэнне планавых паказчыкаў, якія даводзіліся да прадпрыемстваў;
  3. стварэнне на прадпрыемствах фондаў матэрыяльнага стымулявання;
  4. фінансаванне прамысловага будаўніцтва не за кошт датацый, а праз крэдытаванне;
  5. павышэнне закупачных цэн на прадукцыю сельскай гаспадаркі;
  6. забеспячэнне аграрнага сектара эканомікі сельскагаспадарчай тэхнікай;
  7. увядзенне гаспадарчага разліку.

Нягледзячы на высокія паказчыкі колькаснага росту прамысловай вытворчасці, паралельна ішлі і ўзмацняліся негатыўныя з'явы, якія сведчылі, што эканамічная рэформа 1965 г. не дала жаданых вынікаў. Працягвалася адставанне тэмпаў навукова-тэхнічнага прагрэсу і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. Гэта стрымлівала пераход прамысловасці на шлях інтэнсіўнага развіцця. Адбывалася падзенне якаснага ўзроўню многіх вырабаў, павялічвалася іх адставанне ад сусветных стандартаў, трацілася канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку. Рабіліся спробы дабіцца павышэння эфектыўнасці вытворчасці і якасці выпускаемай прадукцыі, аднак ужо не ў рамках эканамічнай рэформы, а на аснове ўзмацнення адміністрацыйна-партыйнага ўздзеяння на эканоміку. Як і раней, упор рабіўся на забеспячэнне росту вытворчасці за кошт увядзення ў строй новых прадпрыемстваў, тады як праблемы тэхнічнай рэканструкцыі дзеючых вырашаліся ў вельмі абмежаваных маштабах. З 1965 па 1985 г. у рэспубліцы было пабудавана і ўведзена ў дзеянне 240 буйных прамысловых прадпрыемстваў, на шмат якіх заводах адбывалася мадэрнізацыя асноўных фондаў.

Пры ажыццяўленні рэформы ў БССР па-ранейшаму перавага аддавалася цяжкай прамысловасці, якая ўсё больш пачынала працаваць на абслугоўванне ваенна-прамысловага комплексу (ВПК). Рэформа не ўлічвала мясцовых асаблівасцей. Для павелічэння плошчы ворыўных зямель у рэспубліцы актывізавалася меліярацыя, што абвастрыла экалагічныя праблемы беларускага Палесся.

Такім чынам, рэформа прадугледжвала толькі ўвядзенне некаторых элементаў рыначнай эканомікі, не закранаючы асноваў камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання. Таму рэформа не прынесла істотных вынікаў і была згорнута.

У 1970 − пачатку 1980-х г. прамысловасць БССР развівалася пераважна экстэнсіўным шляхам. Тэмпы развіцця прамысловай вытворчасці ў БССР былі дастаткова высокімі. Развіваліся машынабудаванне, металаапрацоўка, хімічная прамысловасць, павялічылася вага тэкстыльнай вытворчасці. Аднак хуткі рост індустрыі, у першую чаргу хімічнай прамысловасці, вёў да значнага пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў краіне.

Станоўчыя зрухі ў эканоміцы тлумачыліся, між іншым, высокімі коштамі на нафту, якія трымаліся на міжнародным рынку ў другой палове 1960-х – 1970-х г. У Беларусі былі адкрыты ўласныя радовішчы нафты ў Рэчыцкім басейне. Продаж «чорнага золата» за мяжу дазваляў савецкаму кіраўніцтву пераразмяркоўваць нафтадолары ў розныя галіны эканомікі. Беларусы прымалі актыўны ўдзел у «будоўлі стагоддзя» ― Байкала-Амурскай магістралі (БАМ).

Таксама у гэты перыяд пашырылася выкарыстанне станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, станкоў-аўтаматаў. Прынцыпова новым напрамкам у аўтаматызацыі вытворчасці з'явілася робататэхніка. У сярэдзіне 80-х гг. прамысловыя робаты выкарыстоўваліся на Мінскім трактарным заводзе, заводзе “Тэмпласт” і інш.

Галоўным вынікам развіцця прамысловасці з'явілася стварэнне ў Беларусі буйнога тэрытарыяльна-галіновага прамысловага комплексу, у якім у 1985 г. налічвалася 1490 прадпрыемстваў. Індустрыяльны воблік рэспублікі пачалі вызначаць магутная энергетыка, машына- і прыборабудаванне, хімічная і нафтахімічная прамысловасць, электроніка і радыёэлектроніка, вытворчасць мінеральных угнаенняў, сінтэтычных валокнаў. Паказчыкам эфектыўнасці тэхнічнага прагрэсу быў рост прадукцыйнасці працы. Ён нарастаў аж да сярэдзіны 70-х гг., аднак у наступныя гады тэмпы яго затармазіліся, якасць вырабаў перастала адпавядаць сусветным стандартам.

Прычынамі гэтага з'яўляюцца:

  1. абвастрэнне супярэчнасцей паміж патрабаваннем свабоднага развіцця эканомікі на базе рыначных адносін і панаваннем дзяржаўнага цэнтралізаванага кіраўніцтва ёю;
  2. апераджальныя тэмпы развіцця групы "А" (сродкі вытворчасці) у параўнанні з групай "Б” (прадметы спажывання), у сувязі з чым першая расла даволі хуткімі тэмпамі, а патрабаванні ў спажывецкіх таварах задавальняліся ўсё горш;
  3. прамысловае будаўніцтва ў рэспубліцы ажыццяўлялася ў адпаведнасці з планамі, якія распрацоўваліся ў Маскве. У іх не ўлічваліся патрэбнасці фарміравання рэгіянальнага прамысловага комплексу ў рамках асобных рэспублік. Таму, калі Беларусь набыла дзяржаўны суверэнітэт, яна атрымала не сваю самастойную прамысловасць, а механічна адрэзаны кусок саюзнай.

Становішча ў сельскай гаспадарцы ў адзначаны час вызначала стварэнне аграпрамысловага комплексу (АПК), задачай якога было аб’яднанне ў адзіную структуру галін народнай гаспадаркі, якія забяспечвалі вытворчасць прадуктаў харчавання і прамысловых вырабаў з сельскагаспадарчай сыравіны, а таксама рэалізацыю іх спажыўцам. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў. Да пачатку 1980-х г. сельская гаспадарка Беларусі набыла дастаткова выразны накірунак спецыялізацыі па мяса-малочнай жывёлагадоўлі.

Аднак вельмі часта сродкі, якія выдаткоўвала дзяржава на развіццё сельскай гаспадаркі, ва ўмовах каманднай эканомікі размяркоўваліся ў стратныя калгасы, дзе і знікалі, не прыносячы прыбытку. Негатыўнымі момантамі ў арганізацыі працы ў калгасах па-ранейшаму заставаліся адчужэнне калгаснікаў ад зямлі і вынікаў сваёй працы і адсутнасць матэрыяльнага заахвочвання. Гэта прывяло да павелічэння сабекошту сельскагаспадарчай прадукцыі і абвастрэння крызісных з’яваў у сельскай гаспадарцы. Паменшылася вытворчасць прадуктаў харчавання, што прывяло да іх вострага недахопу і вымусіла ўрад СССР прыняць у 1982 г. «Харчовую праграму». Але яна не выратавала сітуацыю. Для забеспячэння насельніцтва СССР павялічыў імпарт прадуктаў харчавання і прамысловых тавараў першай неабходнасці.

Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё

Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў краіне праходзіла пад дыктатам КПСС. Усё працоўнае насельніцтва было аб’яднана ў прафесійныя саюзы (школы камунізму), павялічылася колькасць членаў партыі. Асаблівая ўвага надавалася працы з моладдзю, якая са школьнага ўзросту праходзіла ідэалагічную школу. Дзеці паступова станавіліся акцябратамі, піянерамі і камсамольцамі.

Ужо ў канцы 1960-х г. стала відавочна, што праграма пабудовы камунізму, прынятая на ХХІІ з’ездзе КПСС, не можа быць выканана ў тэрмін. Л.І. Брэжнеў у 1967 г. абвясціў аб пабудове ў СССР развітога сацыялізму. У гэты перыяд у краіне набіралі моц працэсы, супрацьлеглыя адноснай лібералізацыі часоў «адлігі». У літаратуры і мастацтве ўзмацніўся прынцып партыйнасці. Насельніцтву ўнушалася вера ў бязгрэшнасць і беспамылковасць партыі і кіраўніцтва краіны. Тыя дзеячы культуры і навукі, якія не дагадзілі рэжыму, абвяшчаліся дысідэнтамі.

У 1971 г. на ХХІV з’ездзе КПСС Л.І. Брэжнеў заявіў аб узнікненні ў Савецкім Саюзе новай супольнасці людзей ­― «савецкі народ». Пад гэтым тэрмінам разумеліся грамадзяне СССР, людзі, якія прытрымліваліся камуністычнага светапогляду і фактычна адмаўляліся ад сваіх нацыянальных адметнасцяў. Мовай міжнацыянальных адносін па Канстытуцыі 1977 г. аб’яўлялася руская. Найбольшую актыўнасць у «стварэнні» савецкага народа праявіла кіраўніцтва Беларускай ССР.

Пераход ад рэфарматарска-ліберальнага курсу кіраўніцтва краінай першага паслясталінскага дзесяцігоддзя да кансерватыўна-неасталінскага ў другой палавіне 60-х - першай палавіне 80-х гг. асабліва адчувальна выявіўся ў культуры. У рэспубліцы клопатамі партыі на першае месца была пастаўлена марксісцка-ленінская адукацыя, якая павінна была забяспечыць выхаванне новага чалавека з яго камуністычным светапоглядам. Партыя аб'явіла непрымірымую барацьбу з рэлігійнай ідэалогіяй, яшчэ больш узмацніла так званую антырэлігійную прапаганду. Рэспубліканскі друк, телебачанне, радыё пад кіраўніцтвам партыі вялі настойлівую работу па камуністычным выхаванні працоўных. Народная адукацыя развівалася пад непасрэдным уплывам тых працэсаў, якія характарызавалі ўнутрыпалітычнае жыццё краіны. Безумоўна, былі ў народнай адукацыі і поспехі. Галоўным дасягненнем з'явіўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, які адбыўся ў рэспубліцы ў другой палове 70-х гг., павялічылася колькасць сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установаў (у 1960 г. - 24, у 1985 г. - 33). Пры гэтым адукацыя, асабліва вышэйшая, была пераведзена ў асноўным на рускую мову.

Беларуская літаратура перажывала складаны час свайго развіцця. Зноў на першае месца вылучалася ідэйная накіраванасць твораў, іх адпаведнасць устаноўкам партыі. Але насуперак устаноўкам партыйнага кіраўніцтва нараджаліся і сапраўды праўдзівыя творы. Хоць дэсідэнтаў, якія аказаліся ахвярамі рэпрэсій, сярод беларускіх пісьменнікаў у гэтыя гады і не было, але не было і ўсеагульнай пакорнасці.

У гэтыя гады былі напісаны творы на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Лепшыя з іх - дакументальная аповесць "Зона маўчання" С. Грахоўскага, раманы "Кар'ер", "Знак бяды" В.Быкава, "Дарогі спазнаныя і неспазнаныя" А. Кулакоўскага і інш. Пісьменнікі працягвалі раскрываць гісторыю свайго народа. Гэта раман I. Мележа "Завеі, снежань...", У. Караткевіча "Чорны замак Альшанскі" і інш. У гэты час тварылі наступныя паэты: П. Панчанка, М. Танк, В. Вітка, С. Грахоўскі, Н. Гілевіч, А. Лойка, Р.Барадулін і інш. Аднак з пункту гледжання сацыяльнай значнасці ўплыў літаратуры на грамадскае жыццё быў невялікім.

Сярод твораў беларускай драматургіі атрымалі вядомасць спектаклі "Начное дзяжурства" А. Дзялендзіка, "Таблетку пад язык", "Святая прастата" А. Макаёнка, "Брама неўміручасці" К. Крапівы, "Званы Віцебска" У. Караткевіча і інш.

Музыкальнай творчасцю ў гэты час займаліся наступныя беларускія кампазітары: Г. Вагнер, А. Мдывані, Э. Зарыцкі, Д. Смольскі і інш. Ю.Семяняка стварыў оперы "Зорка Венера", "Ф.Скарына", Я. Глебаў - балет "Альпійская балада" і інш.

Мастакамі М. Савіцкім, Г. Вашчанкам, В. Сумаравым, Б. Аракчэевым ствараліся палотны, якія адпавядалі гэтаму часу. Прызнанне арыгінальнасці і таленту некаторых мастакоў прабівала сабе дарогу праз замежжа. Такім быў шлях мастака з Рэчыцы А. Ісачова, карціны якога пачалі з'яўляцца на выставах толькі пасля прызнання яго таленту за мяжой. За 32 гады свайго жыцця А. Ісачоў стварыў каля 500 карцін.

Асабісты лёс М. Шагала не быў такі трагічны, як А. Ісачова, ён пражыў доўгае жыццё, у асноўным у Францыі, куды паехаў, пакінуўшы Віцебск, у першыя гады пасля рэвалюцыі і памёр у 1985 г. Але прызнанне ў сябе на радзіме атрымаў толькі ў апошнія гады.

У ліку твораў 70-х гг. ў галіне манументальнай скульптуры асабліва вылучаюцца помнікі Я.Купалу (скульптары А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі); Я. Коласу (скульптар З. Азгур) у Мінску, Ф. Скарыне ў Полацку (скульптар А. Глебаў), мемарыяльны комплекс "Прарыў" у г.п. Ушачы (скульптар А. Анікейчык).

Даволі высокі ўзровень развіцця навукі быў пастаўлены на службу ваенна-прамысловаму комплексу і асваенню Космасу. Асартымент тавараў народнага спажывання быў дастаткова вузкі і пераважна невысокай якасці. У сельскай гаспадарцы, нягледзячы на некаторае паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў, адміністрацыйная сістэма кіравання захавала калектыўную форму гаспадарання і не дапусціла прыватнага землекарыстання. Павялічвалася колькасць стратных калгасаў, абвастрыліся экалагічныя праблемы. Побач з гэтым узмацніліся цэнзура і ідэалагічны ціск. Гэта было сведчаннем таго, што камандна-адміністрацыйная сістэма ў СССР вычарпала ўсе магчымасці экстэнсіўнага развіцця і паступова вяла краіну ў бок глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу.

Падагульняючы, неабходна падкрэсліць, што перыяд, названы «застоем», характарызаваўся шэрагам супярэчнасцяў у эканамічным, палітычным і культурным жыцці грамадства. Зліццё партыйнага апарату з дзяржаўным павялічыла колькасць бюракратыі і стварыла адарваную ад грамадства кіруючую партыйную эліту ― наменклатуру. Ажыццяўлялася партыйнае кiраўніцтва эканомiкай, калі пяцiгадовыя планы прымалiся на з’ездах КПСС, а выконваць іх павінны былі ўсе. На кожным заводзе iснавалi партыйныя групы, якiя сачылi за выкананнем лозунга «Планы партыі ― планы народа!».

У лістападзе 1982 г. памёр Л.І. Брэжнеў. Спробы Генеральных сакратароў ЦК КПСС Ю.У. Андропава (1982–1984 гг.) i К.У. Чарненкі (1984–1985 гг.) утрымаць СССР у былых рамках кантролю КДБ i КПСС не далi станоўчых вынiкаў. Было відавочна, што касметычнае рэфармаванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы не зможа палепшыць сітуацыю ў краіне, таму неабходны карэнныя рэформы.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Гарады адыгралі надзвычай важную ролю ў эканоміцы Заходняй Беларусі ў акрэслены адрэзак часу, які прыпадае на завяршаючы этап Вялікай Айчыннай вайны і два пасляваенныя дзесяцігоддзі, увабраўшыя ў сябе аднаўленне і далейшае развіццё ўсёй народнай гаспадаркі, вя...
22.02.1940 г. – принятие постановления Совета народных комиссаров БССР№ 209 «О мероприятиях по народному образованию в Западных областях БССР», в п.11 которого говорится:  «Утвердить открытие педагогического института в городе Белостоке и трёх учительских инст...
Главным научно - исследовательское учреждение республики в эти годы являлась АН БССР. В институтах велись исследования по проблемам социально-экономического и культурного развития, а также фундаментальным проблемам математики, физики, биологии, микробиологии, ...