Категории

Радзінныя абрады

2 минуты на чтение

Радзінныя абрады  – комплекс абрадаў, што суправаджае з’яўленне новага чалавека і прыняцце яго ў групу. Традыцыйна даследчыкі ўключаюць ў гэту групу вераванні і абрады, звязаныя з цяжарнасцю жанчыны, нараджэннем дзіцяці, першым купаннем дзцяці, адведак парадзіхі, імянарачэння і выбару кумоў, хрысцінамі.

Першае купанне дзіцяці, будучы неабходнай гігіенічнай працэдурай, мела і рытуальнае значэнне. Абрад здзяйсняла бабка (павітуха), якая перад купаннем “раўняла ножкі” дзіцяці, сціскала носік, каб не быў шырокі. Ваду для купання падагравалі, але, як і паўсюдна на Беларусі, не гатавалі. Лічылася, што дзіця, якое купалі ў папярэдне гатаванай вадзе, будзе нядобрым. У ваду дадавалі адвары траў: браткоў, мяты, чарады, часам кідалі хлеб, часам соль – для абароны ад напасці. Перад тым, як апусціць дзіця ў ваду, яго ўкручвалі ў кавалак тканіны. Пасля купання дзіця спавівалі ў пялюху (кавалак чыста вымытай старой спадніцы, напрыклад), часам у край пялюхі завязваючы грошы. Спавівалі тканым поясам альбо спецыяльны пашытым для гэтых мэтаў спавівачам. Ваду пасля купання звычайна пакідалі ў хаце да раніцы (уцемры няможна было выліваць). Пасля світанку ваду вылівалі ў ціхае месца, дзе ніхто не хадзіў, альбо пад пладовае дрэва, але ў любым выпадку не выносілі за межы ўласнай сядзібы.

Звычайна на працягу першага тыдня да парадзіхі прыходзілі ў адведкі замужнія жанчыны. Абавязковым было прынесці парадзісе пачастунак, а таксама старызну на пялёнкі. У адведкі прыходзілі без запрашэння.

Адным з асноўных абрадаў цыкла з’яўляюцца хрэсьбіны (хрысціны), дзе сумяшчаюцца рэшткі дахрысціянскага далучэння дзіцяці да грамады і пазнейшага хрысціянскага хросту. Хрысцілі дзіця звычайна пасля спаўнення 40 дзён, але ў выпадках, калі яно было кволым і снавала пагроза смерці немаўляці, стараліся пахрысціць як мага хутчэй. У касцёл альбо царкву дзіця везлі кумы, якіх выбіралі як са сваякоў, гэтак і з чужых людзей. У выпадках, калі дзеці паміралі, запрашалі за кумоў першага, хто сустрэнецца. У многіх лакальных традыцыях існаваў звычай хрышчэння ўсіх дзяцей з сям’і ў адной сарочцы, каб дружна жылі паміж сабою і не сварыліся.

На хрысціннае застолле запрашалі сваякоў, звычайна яно бывала мнагалюдным. Госці абавязкова прыносілі падарункі. Кумы, пераступіўшы парог пасля вяртання з храма, адразу называлі імя дзіцяці. Папчэснай госцяй на хрысцінах была павітуха, якая прыновіла з сабою рытуальную страву. У адрознне ад большасці беларускіх рэгіёнаў, дзе бытавала “бабіна каша”, у Панямонні часце сустракалася яечня ў якасці такой стравы. Яе дзялілі паміж усімі гасцямі напрыканцы хрэсьбінаў. У абавязкі бабы наксама ўваходзіў збор сродкаў для дзіцяці, якія пазней сталі насіць назву “на мыла”. Збірала іх парадзіха са спецыяльнай песняй, звяртаючыся да кожнага з гасцей. Паўсюдна ў Панямонні існаваў звычай ушанавання бабкі. Яе насілі на ўслоне па хаце, вазілі па вуліцы на баране, пакрытай кажухам (зімою), альбо ў вазку (летам). У паасобных лакальных традыцыях хрэсьбіны заканчваліся карнаваламі (абрадавымі пераапрананнямі).

У турыстычнай справе Р.А. можа выкарыстоўвацца ў якасці асновы для сцэнізацый з мэтай азнаямлення турыстаў з традыцыйнай абраднасцю рэгіёна. Інфармацыю аб асаблівасцях рэканструкцыі абрадавых элементаў можна атрымаць у раённых метадычных цэнтрах народнай творчасці.

І.С. Чарнякевіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp