Категории

Прынёманскі яр

3 минуты на чтение

Прынёманскі яр (Гродзенскі р-н). Унікальнасць. Вышэй г. Гродна знаходзіцца ўчастак самой вузкай і глыбокай даліны Нёмана – Гарадзенскія вароты – месцы прарыву ракой Гродзенскага ўзвышша, дзе ўтвараюцца шматлікія яры, якія працягнуліся на 30 км. ад вусця р. Котра ўздоўж Нёмана да г. Гродна. Прыкладамі такіх яраў, якія ўтвараюць эразійны ярава - бэлечны ландшафт з'яўляюцца яры Міхайлаў, Моліцкі, Лёзаў, Срэбны Роў. Найбольшую цікавасць выклікае Калодзежны Роў, у схілах якога выяўлены арганагенныя пароды, якія ўтрымліваюць  рэшткі міжледніковай флоры. Больш за 100-гадовае вывучэнне КР прывяло да выяўлення на яго сценках ападкаў Лiхвiнскага (Александрыйскага) узросту (Ліхвінскае межледнікоўе 460-320 тыс. гадоў таму назад). Разрэз з'яўляецца адным з найбольш вывучаных на тэрыторыі Беларусі і мае агульнасусветнае значэнне. Геаграфічнае становішча. К Р   знаходзіцца ва ўсходн. і паўдн.-усходн. ускраіне  г. Гродна . З зах. да яго падыходзяць лецішчы, а з поўн. шаша Гродна-Мінск. Насупраць К Р. на левым беразе Нёмана размешчана в. Кашэўнікі. Стварэнне і статус. Вывучэнне помніка пачалося ў 19 ст. і працягнулася ў СССР, у выніку чаго ў 1963 г. для захавання ўнікальнага месца ў межах К Р былі створаны геалагічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння «Агаленні «Прынёманскае 1» і «Навала груд валунна-галечнага кангламерату «Прынёманскае». У 2006 г. статус быў пацверджаны. Геаграфічная характарыстыка . Яр з'яўляецца вытворным ад эразійных працэсаў берагавых схілаў р. Нёман. Па яго дне цячэ ручэй з падземных ключоў. Плошча “Агаленне «Прынёманскае 1» - 60 000 м², плошча ахоўнай зоны вакол помніка – 51600 м². Уяўляе сабой міжледніковыя адклады ліхвінскага (александрыйскага) часу, прадстаўленыя азёрнымі iламi і моцна спрасаванымi тарфамi, агульная таўшчыня якіх дасягае 7 м. Гэта адклады міжледніковага возера, якое ператварылася ў балота, i існавала на працягу 160 тысяч гадоў. Азёрна -балотныя адклады ўтрымліваюць у сабе рэшткі раслін і жывёл, дзякуючы чаму гэты геалагічны разрэз стаў палеантолага - стратыграфічным помнікам сусветнага значэння. “Навала груд валунна-галечнага кангламерату «Прынёманскае». Пл. 88,94 м², ахоўнай зоны – 10 000 м². Уяўляе сабой сцэментаваны карбанатным матэрыялам блок флювiагляцыянных адкладаў, якія ўтварыліся пад уздеяннем другаснага ледніковага ціску. Блок складаецца з шасці груд : 1 - даўжыня 10,4 м., шырыня - 6,1 м., вышыня 5 м.; 2 - даўжыня 4 м., шырыня 3 м., вышыня 5 м.; 3 - даўжыня 2 м., шырыня 2,5 м., вышыня 2,5 м.; 4 - даўжыня 2 м., шырыня - 1,5 м., вышыня- 1 м.; 5 - даўжыня 3 м., шырыня 1,5 м., вышыня 1 м. 6 - даўжыня 1 м., шырыня 1 м., вышыня 0,7 м. Кангламераты сфармаваліся ў працэсе напорнага ціску ледніковых мас на абломкавыя пароды, па якіх рухаліся гэтыя масы. Цэментацыя адкладаў пачалася прыкладна 150 тыс. гадоў таму. Валуны маюць параўнальна рэдкі склад і адлюстроўваюць складаныя геалагічныя працэсы, якія адбываліся тут у мінулым. Флора прынёманскай світы адкладаў прадстаўлена 188 раслінамі, з якіх 50 адносяцца да экзатычных, а 12 – да вымерлых. Для біялагічнай  разнастайнасці характэрны бярозава - кляновыя ўчастка натуральнага лесу. Цікавым з'яўляецца спалучэнне культурных раслін ( яблыні, вішні, ліпы і г.д.) і натуральнай расліннасці поймы Нёмана. На схілах рова расце кураслеп лясны (Anemonesylvestris). Жывёльны свет КР уяўляе тыповы для поймы Нёмана комплекс. Хрыбетныя прадстаўлены дробнымі сысунамі (крот, мышападобныя грызуны і г. д.); птушкі – вераб’інападобнымі (пячураўкі, дразды і г.д.); земнаводныя – травяной жабай (Ranatemporaria), а бліжэй да Нёмана на пяшчаных пустэчах адзначаецца прадстаўнік паўзуноў - яшчарка порсткая (Lacertaagilis). Свет бесхрыбетных не вывучаны. Турыстычны патэнцыял.К Р не ўключаны ў склад экатурыстычных маршрутаў, але  блізкае месцазнаходжанне да г. Гродна, Нёманскай ГЭС і яго ўнікальнасць захоўваюць у сябе вялікі турыстычны патэнцыял. Ён можа быць уключаны ў праграму наведвання палацава - паркавага комплексу Панямунь.

В. Бахараў, В. Гуменный.

Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы:Гродзеншчыны і Сувальшчына. Энцыкл. давед. ; Рэд. В.Р. Карнялюк, І.І. Трацяк [і інш.] – Гродна: СМЫК, 2014

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp