Категории

Піліпаўскія вячоркі

2 минуты на чтение

Піліпаўскія вячоркі (“папрадухі”, “кудзялькі”, “вечарушкі”) – дзявочыя працоўныя вечары, што пачыналіся з наступленнем перыяду посту перад святамі Божага нараджэння: Піліпаўскі пост у праваслаўных (28 лістапада – 6 студзеня) , Адвэнт у католікаў (пачатак: паміж 27 лістапада і 3 снежня, доўжыцца да 24 снежня). Неад’емная частка грамадскага жыцця вясковай моладзі. Збіраліся дзяўчаты (пачынаючы з 15-17-гадовага ўзросту) невялікімі групамі (“сваім кругам”), у кожнай з сябровак па чарзе (у рэгіёне асобную хату для вячорак звычайна не наймалі). Вячоркам папярэднічалі запрашэнні – увечары на папярэдніх В. альбо ў дзень перад В. Асноўным жаночым заняткам гэтага перыяду было прадзенне (пралі ў буднія дні за выключэннем пятніцы). Кожная дзяўчына несла з сабою прасніцу альбо калаўрот. Пралі пад наглядам старэйшай жанчыны ў хаце. Гаспадыня хаты, дзе праходзілі П.В., гатавала вячэру. Абавязковым элементам П.В. быў прыход хлопцаў. Гуртам хлопцаў запрашэнне не патрабавалася. Яны за вечар абыходзілі ўсе хаты, дзе былі В.  За працай дзяўчаты спявалі (часам толькі духоўныя песні). Падчас працы хлопцы падсаджваліся да дзяўчат, жартавалі. Распаўсюджанымі жартамі былі скідванне шнура з калаўрота, падпальванне кудзелі, пужанне маскамі і г.д.. Пры гэтым хлопцы глядзелі, як дзяўчаты рэагуюць на жарты. Дзяўчына мусіла паводзіць сябе спакойна, цярпліва. Пад канец В., нягледзячы на пост, ладзілі танцы. Музыкаў спецыяльна не наймалі. Паіграць для танцаў мог хто-небудзь з прысутных хлопцаў. У нядзелю і святы дазваляліся гульні. Гулялі ў “Фанты”, “Кальцо”, “Явар”, “Рэпу” і да т.п.). Калі дзяўчына хлопцу падабалася, то  ён імкнуўся правесці яе да дому, прапанаваў паднесці прасніцу. Дзяўчына таксама магла выказаць свае адносіны да хлопца. Напрыклад, калі пэўны хлопец не падабаўся, то дзяўчына пазбягала провадаў дахаты, не давала паднесці прасніцу.

У сучаснай турыстычнай справе звычаі П.В. могуць стаць асновай для сцэнічных пастановак, а таксама анімацыйных праграм, што давалі б магчымасць турыстам паспрабаваць свае сілы ў характэрных для перыяду посту занятках (прадзенне), а таксама паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях і танцах, пакаштаваць традыцыйных посных страў беларускай кухні.

І.С. Чарнякевіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Святыя вечары (вячоркі, вечарына, музыкі)  – святочныя вечарыны, якія ладзіліся рознымі ўзрастовымі групамі асобна ў калядныя вечары на працягу ўсяго каляднага цыкла – ад Раздва да Вадохрышча (Трох Каралёў). Паколькі на працягу ўсіх С.В. існавала забарона на п...