Категории

Першы Усебеларускi з’езд 1917 г. Напярэдадні з’езда.

9 минут на чтение

Рэвалюцыйныя падзеі кастрычніка 1917 г.  iстотна змянiлі палiтычную сiтуацыю i ўмовы рэалізацыі ідэі дзяржаўна-палітычнага самавызначэння Беларусі.

24 кастрычніка ў Петраградзе пачалося ўзброенае паўстанне. Да раніцы 25 кастрычніка Часовы ўрад быў звергнуты. У 10 гадзін раніцы была абнародавана напісаная У. I. Леніным адозва  “Да грамадзян Расіі”, у якой аб’яўлялася аб звяржэнні Часовага ўрада і пераходзе ўлады ў рукі Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта – органа Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адозва заканчвалася заклікам:  “Няхай жыве рэвалюцыя рабочых, салдат і сялян!” 26 кастрычніка 1917 г. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў абвясціў пра тое, што ўзяў уладу ў свае рукі. 3 гарадской турмы было вызвалена больш за 1000 палітычных зняволеных і салдат, з якіх быў сфарміраваны Першы рэвалюцыйны полк. Для ўмацавання сваёй улады Мінскі Савет увёў цэнзуру, адхіліў ад кіраўніцтва гарадскую думу, узяў пад ахову найбольш важныя ўстановы. 26 кастрычніка 1917 г. пачаў фарміравацца надзвычайны орган улады – Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, аснову якога склалі Прэзідыум Мінскага Савета, бюро абласнога выканаўчага камітэта Саветаў Заходняй вобласці, бальшавіцкая фракцыя франтавога камітэта, прадстаўнікі вайсковых часцей, якія размяшчаліся ў горадзе. Супраць пераходу ўлады ў рукі бальшавікоў выступілі прадстаўнікі іншых партый сацыялістычнага накірунку – сацыялісты-рэвалюцыянеры, бундаўцы, меншавікі, гарадская дума і цэнтральнае бюро прафсаюзаў г. Мінска, якія 27 кастрычніка 1917 г. стварылі Камітэт выратавання рэвалюцыі на чале з Т.М. Калатухіным. Пасля некалькіх дзён супрацьстаяння, абапіраючыся на салдат Заходняга фронту, 2 лістапада 1917 г. бальшавікі атрымалі перамогу. Загадамі ад 4 і 5 лістапада было завершана фарміраванне ВРК Заходняга фронту. У склад выканаўчага органа ВРК – бюро ўвайшлі К. Ландар (старшыня), А.Ф. Мяснікоў, У.С. Селязнёў, М.У. Рагазінскі, М.І. Калмановіч, В.М. Фрэйман. ВРК з’яўляўся адзіным поўнаўладным органам на ўсёй неакупіраванай тэрыторыі Беларусі і Заходняга фронту[1].

Менавіта пад пад кантролем ВРК пачаліся перавыбары функцыянаваўшых на той момант Саветаў у тых населеных пунктах, дзе бальшавікі колькасна саступалі прадстаўнікам іншых палітычных партый. Так, напрыклад адбыліся перавыбары Саветаў у Віцебску, Оршы, Гомелі, Магілёве, Полацку і іншых гарадах.  Літаральна на працягу менш месяца, з 25 кастрычніка па 18 лістапада 1917 г. неакупаваная германскімі войскамі тэрыторыя Беларусі, а таксама часці і злучэнні Заходняга фронту апынуліся пад ўладай ВРК Заходняга фронту і падканторльных яму Саветаў. паўната ўлады таксама перайшла ў рукі бальшавіцкіх Саветаў[2].

19 – 21 лістапада 1917 г. адбыўся з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, 18 – 20 лістапада –  III з’езд Саветаў ся-лянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, 20 – 25 лістапада II з’езд армій Заходняга фронгу.

26 лістапада ў адпаведнасці з рашэннямі гэтых з’ездаў выканкамы Саветаў рабочых і саддацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці ў складзе 35 чалавек, сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў у складзе 35 чалавек, Заходняга фронту ў складзе 100 чалавек аб’ядналіся ў выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах) на чале з М. Рагазінскім. Абласны камітэт сфарміраваў Савет народных камісараў вобласці і фронту на чале з К. Ландарам. Аб’яднанне вобласці і фронту ў адзінае ваенна-грамадзянскае дзяржаўнае ўтварэнне, як гэта адбылося ў Беларусі, не мела прэцэдэнту. I ВРК Заходняга фронту, і Аблвыканкамзах, і Саўнаркам Заходняй вобласці і фронту ў адзін і той жа час з’яўляліся і абласнымі, і франтавымі. Але па свайму складу ў пераважнай болынасці яны былі ўкамплектаваны ваеннымі, цывільных асобаў у іх было мала. Акрамя таго, партыйнае і савецкае кіраўніцтва вобласці складалася з прафесійных ваенных рускай, украінскай, армянскай, латышскай, яўрэйскай і іншых нацыянальнасцяў, большасць з якіх была закінута на беларускую зямлю віхурай вайны. Беларусаў сярод іх не было. Акрамя таго, Аблвыканкамзах не зрабіў ніякіх рэальных крокаў на шляху стварэння беларускай дзяржаўнасці.

Такім чынам, абапіраючыся ў асноўным на салдат Заходняга фронту, выкарыстоўваючы ў сваёй рабоце элементы рэпрэсіўнага механізму, заснаванага не на праве, а на прынцыпе рэвалюцыйнай мэтазгоднасці, бальшавікі на Беларусі здолелі за кароткі перыяд часу ўстанавіць сваю ўладу. Дзяліць уладу, ісці на кааліцыю з іншымі палітычнымі сіламі, як паказаў далейшы ход падзей, яны не збіраліся. 

В. Кнорын адзначаў: “Кастрычнiцкая рэвалюцыя з прайшоўшай дэцэнтралiзацыяй улады i  той  няўпэўненасцю, якая ў беларускiм пытаннi iснавала ў асяроддзi працаўнiкоў Мiнскага Савета i  Выканаўчага  Камiтэта  Заходняй вобласцi, амаль што незнаёмых з iм,  узнялi надзеi п.п. варонка, мамонькi,  макрэевых, езавiтавых, алексюкоў i да iх падобных. Пасля Кастрычнiцкага перавароту ў днi арганiзацыi СНК Заходняй вобласцi i фронту iхнiя дэлегацыi з’яўляюцца  да  старшынi Савета Народных Камiсараў  i Мiнскага Савета т. К.I.Ландэра, каб запэўнiць у сваёй лаяльнасцi да  Савецкай  улады,  але адначасова выявiць свае патрабаваннi аб арганiзацыi беларускiх вайсковых аддзелаў,  беларускай мовы i г.д.  Зразумела,  гэтыя патрабаваннi не  змагла  прыняць  Савецкая  ўлада i беларускiя  прадстаўнiкi не атрымалi станоўчага адказу”[3].

2 лiстапада 1917 г.  урадам У.I.Ленiна была абвешчана “Дэкларацыя правоў народаў  Расii”.  Адзначалася, што  Савецкi ўрад у  аснову  сваёй  дзейнасцi ў нацыянальным пытаннi паклаў прынцыпы сувярэннасцi i роўнасцi народаў Расii,  iх  права  на свабоднае самавызначэнне  аж  да  аддзялення  i  ўтварэння самастойных дзяржаў. Дарэчы, у  напiсаны  А.Ф.Мяснiковым  праект  “Наказу рабочых і салдат Мiнска дэлегатам у Мiнскi Савет” быў  уключаны пункт аб неадкладным абвяшчэннi права народаў Расiйскай iмперыi на самавызначэнне.  Але пры гэтым  9 снежня 1917 года ў рэдакцыйным артыкуле газеты “Революционная ставка” было заяўлена,  што  “час  нацыянальных  дзяржаў  ужо прайшоў, што мы iдзем да аднанацыянальнага аб’яднання дэмакратыi. Наша партыя нiколi  не  стаяла  за  разбурэнне  створаных вялiкiх дзяржаўных арганiзмаў i стварэнне невялiкiх нацыянальных рэспублiк”. Разам з тым, права народаў на самавызначэнне   прадстаўнікамі бальшавiцкай партыі ў Беларусi разглядася менавіта як  дэкларацыя аб намерах. Як сведчыў ход падзей на працягу лістапада-снежня 1917 г., яны яшчэ не вызначылi  канкрэтнай пазiцыi адносна вырашэння нацыянальнага пытання ў  краi.

Яшчэ адным важным, менавіта геапалітычным фактарам, што зрабіў істотны ўплыў на далейшае развіццё падзеяў, была вялікая пагроза таго, што лінія расійска-германскага фронту, якая праходзіла па тэрыторыі Беларусі, можа стаць у бліжэйшай будучыні лінііяй раздзелу беларускага народу па выніках мірных перагавораў.  Перагаворы, якія пачаліся 12 лістапада падпісаннем перамір’я на многіх участках Заходняга фронту, закончыліся падпісаннем 21 лістапада ў мястэчку Солы Ашмянскага павета дамовы паміж дэлегацыямі расійскіх ваенных Заходняга фронту і аўстра-германскай групы армій Усходняга фронту аб спыненні ваенных дзеянняў. У  рэзалюцыі “Аб нацыянальна-палітычным Адраджэнні Беларусі”, прынятай канферэнцыяй воінаў-беларусаў Петраградскага гарнізона, што адбылася 11-14 лістапада 1917 г., адзначалася: “Лёс  Беларусі цалкам залежыць ад вынікаў мірных перагавораў. Няма ўпэўненасці ў тым, што акупаваная частка Беларусі будзе ўз’яднаная  з астатняю яе часткаю ў выпадку, калі на мірнай канферэнцыі не будзе прадстаўніка беларускага народа”. Канферэнцыя воінаў-беларусаў Петраградскага гарнізона прызнала неабходным дабівацца такога прадстаўніцтва і звярнулася да Савета Народных Камісараў з патрабаваннем выдаць дэкрэт аб тым, што “расійскі сялянскі і рабочы Урад паставіць адной з умоваў заключэння міру аб’яднанне абедзвюх частак Беларусі”,   падзеленай на той момант лініяй фронту. А для падтрымання “законных, спрадвечных і неад’емных” патрабаванняў беларускага народа ўдзельнікі канферэнцыі заклікалі згуртаваць “усе жывыя сілы беларускага народа вакол Вялікай беларускай рады і Беларускай цэнтральнай вайсковай рады ў г. Мінску”[4]. Такім чынам, паступова адбывалася ўсведамленне беларусамі неабходнасці самаарганізацыі ў справе вырашэння пытання палітычна-дзяржаўнага самавызначэння. Пагроза падзелу роднай зямлі ў выніку мірных перагавораў з’явілася кансалідуючым фактарам, які дазволіў аб’яднаць намаганні прадстаўніком беларускіх арганізацый і партый як на тэрыторыі Беларусі, так і па-за яе межамі.

У выдадзенай выканкамамі  Вялікай Беларускай рады, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, а таксама Беларускага выканкама Заходняга фронту  18 лістапада 1917  г. адозве  “Да ўсяго беларускага народу”  адзначалася, што Беларусь  “павінна быць дэмакратычнай рэспублікай, спаянай з Вялікарасіяй і іншымі суседнімі рэспублікамі Расіі на аснове федэрацыі... Уся ўлада ў Беларусі павінна належыць Краёвай Радзе, якая выбіраецца на асновах усеагульнага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага галасавання... Краёвай Радзе павінна належыць права выдання мясцовых законаў, развіцця, распрацоўкі і прымянення да мясцовых умоў законаў, якія выдаюцца вышэйшым заканадаўчым органам Расійскай дэмакратычнай Рэспублікі”[5].

У адозве акцэнтавалася ўвага на тым,  што для Беларусі, разарванай фронтам, найбольш закранутай вайной, хутчэйшае заключэнне міру з’яўляецца краевугольным каменем усёй палітыкі. 18 лiстапада  1917  г.  Выканаўчы Камiтэт Вялiкай Беларускай Рады выпусцiў адозву за №683, у якой было абвешчана пра скліканне ў Мінску 5 снежня 1917 г. Усебеларускага з’езда.  Для ўдзелу ў працы  з’езда  Выканкам  запрашаў  дэлегiраваць  па   аднаму прадстаўнiку ад кожнай арганiзацыi[6].  8 снежня 1917 г. газета “Вольная Беларусь” паведамляла,  што “на з’ездзе будзе iсцi гаворка пра  абвяшчэнне  Беларускай  дэмакратычнай  рэспублiкi ў складзе Вiленшчыны,  Мiншчыны, Магiлёўшчыны, Вiцебшчыны, Гродзеншчыны, паўночнай  часткi  Чарнiгаўшчыны,  заходнiх  паветаў Смаленшчыны”. На з’езд выбiралiся прадстаўнiкi ад воiнаў-беларусаў, бежанскiх арганiзацый, валасных i павятовых земств, гарадскiх дум,  настаўнiцкiх  камiтэтаў,  мясцовых  Саветаў  сялянскiх, рабочых i салдацкiх дэпутатаў. 

Прыкладна такую ж канцэпцыю ўлады на Беларусі прапанаваў другі з’езд бежанцаў-беларусаў, які адбыўся па ініцыятыве БНГ у Маскве 19–21 лістапада 1917 г. У распрацаваным палажэнні ў мэтах абароны інтарэсаў беларускага народа адзначалася, што павінен быць арганізаваны Часовы Беларускі Савет, які ажыццяўляў бы ўладныя функцыі да выбрання Беларускай Краёвай Думы. У склад Савета планавалася ўвесці прадстаўнікоў губернскіх земстваў, органаў гарадскога самакіравання, Саветаў сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў, беларускіх грамадскіх і ваенных арганізацый.

З ліку дэлегатаў ад беларускіх губерняў, а таксама прадстаўнікоў арміі і флоту  пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў 17 лістапада 1917 г. быў створаны Беларускі абласны камітэт (БАК) на чале з Я.Канчарам, які ў той жа дзень выдаў дэкларацыю з патрабаваннем неадкладна паставiць пытанне аб самавызначэннi беларускага  народа з мэтай утварэння аўтаномна-свабоднай Беларусi, як часткi Расiйскай Федэратыўнай Рэспублiкi.

 Iмкнучыся перахапiць iнiцыятыву  па  склiканню  з’езда  ў свае рукi,   Беларускi   Абласны  Камiтэт  у пачатку снежня 1917 г. звярнуўся ў Наркамнац з прапановай аб сумеснай рабоце па ўмацаванню Савецкай  улады  ў  Беларусi.  Пры Наркамнацы было створана прадстаўнiцтва Беларускага Абласнога Камiтэта ў складзе  Ф.Караткевiча i  В.Селiванава.  2  снежня  1917 года СНК  пад старшынствам У. Ульянава-Ленiна прыняў рашэнне аб фiнансавай дапамозе  БАКу. Саўнарком выдаў пазыку БАКу ў памеры 50000 рублёў.  БАКу дазвалялася карыстацца тэлеграфам i тэлефонам, а ў тэлеграме камандаванню i камiтэтам армiй Заходняга фронту,  Аблвыкамзаху прапаноўвалася “не ствараць сялянскiм секцыям i Саветам нiякiх перашкод”[7].  6 снежня 1917 года ў газеце “Известия” былi надрукаваны “Умовы сумеснай  працы”  БАКа  з  Наркамнацам дзеля ўпарадкавання  пытання аб “безумоўным і поўным самавызначэнні беларускага народа”. Наркамнац  згадзiўся  з тым, што  З’езд  на пэўных умовах можа адбыцца,  каб на аснове  самавызначэння народаў выявіць волю беларускага  народа:

1) Дзейнiчаць ва ўсiм у кантакце з Саветам Рабочых i Салдацкiх Дэпутатаў у Мiнску.

2) Краёвая ўлада павiнна належаць Савету Рабочых  i  Салдацкiх Дэпутатаў, выбранаму на краёвым з’ездзе.

3) Краёвы з’езд Беларусi склiкаецца  ад  iмя  Беларускага Абласнога Камiтэту i Савету Дэпутатаў сумесна.

4) Тэрмiновая перадача без выкупу ўсiх памешчыцкiх зямель  у валоданне  зямельных  камiтэтаў,  рэарганiзаваных на строгiх дэмакратычных пачатках.

5) Улада Саветам Рабочых, Сялянскiх i Салдацкiх Дэпутатаў на месцах.

6) Безумоўнае  i  поўнае  права свабоднага самавызначэння  беларускага народа[8].

 


[1] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2 /    М. П. Касцюк, I. М. Ігнаценка,У. I. Вышынскі і інш.; Інстытут гісторыі АНБ. – Мінск: Беларусь,1995. – 20–23

[2] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2 /    М. П. Касцюк, I. М. Ігнаценка,У. I. Вышынскі і інш.; Інстытут гісторыі АНБ. – Мінск: Беларусь,1995. – С.23–25; Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе. – Мінск: Тэхналогія, 2001. – С.148.   

[3] Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. – Минск, 1990. – С..48.

[4] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. (Далей - НАРБ). Ф.60. Воп.З. Спр.171. Арк.111; Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т.1. (1917 – 1922 гг.) . Мн.: БелНДІДАС, 1997. –С. 24-25.

[5] НАРБ. ф. 60-п. воп. 3. спр. 81. арк. 17.

[6] Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Лiтвы (АР БАН), ф.21, спр.2224, арк.1.

[7] Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов. Часть 2. Петроград. 1918. – С.6, 17.

[8] АР БАН Лiтвы. Ф.21, спр.2283, арк.88.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

В данной статье мы расскажем лишь о состоянии и деятельности военно-медицинской организации Сухопутных войск Русской армии в ходе Первой мировой войны до событий Октября 1917 г. Так сложилось, что в предыдущих войнах военные врачи были отстранены от организаци...
Пачатак вайны для 85-й стралковай дывізіі, як і для іншых часцей 3-й Арміі Заходняга фронту, быў катастрафічным. Гэтыя злучэнні пацярпелі паразу ўжо ў першы тыдзень нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Пад Гродна адбываліся жорсткія баі з вялікімі страта...
На тэрыторыю Беларусі Чырвоная Армія ўступіла восенню 1943 г. У час правядзення Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 23 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР Камарын. 26 верасня савецкія войскі ўвайшлі ў Хоцімск, 28 верасня ў Клімавічы і Касцюковічы, 30 вера...