Категории

Пазнавальны і выхаваўчы характар казкі "Цуда-вуда" Уладзіміра Мазго

9 минут на чтение

Сучасная беларуская дзіцячая літаратура шмат робіць для таго, каб абудзіць ў дзяцей патрыятычныя пачуцці, нацыянальную годнасць, сумленне, неабыякавае стаўленне да ўсяго свайго роднага. І ўжо з самага пачатку, з самых першых усвядомленых крокаў варта гаварыць з імі праўдзіва і шчыра. Сёння, калі вельмі востра адчуваецца дэфіцыт дабрыні і міласэрнасці, увагі, мусіць, асабліва цяжка дзецям, паколькі праз іх сэрцы праходзіць шмат маланак. Даўно заўважана, праверана часам: нішто так моцна не можа ўздзейнічаць на маленькага чалавека, ніхто і нішто не можа так яго выхоўваць, фармаваць характар, шліфаваць светапогляд як цікавая маляўнічая кніга. Акрываючы яе, маленькі чытач (хай спачатку і з дапамогай дарослых) адразу ж адпраўляецца ў незабыўнае падарожжа па краіне, імя якой Літаратура. У гэтай краіне яго чакаюць цікавыя прыгоды з новымі героямі, большасць якіх падчас падарожжа на ўсё жыццё стануцца яго сапраўднымі сябрамі.

Пераадольваючы розня цяжкасці, якія сустрэнуцца на шляху, сённяшні маленькі, а ў будучым вялікі зразумеюць, як важна быць добрым і працавітым, шчырым і мужным, сумленным і праўдзівым чалавекам. Як важна быць проста чалавекам у самым вялікім сэнсе гэтага слова.

Менавіта вера ў спрадвечнасць і незнішчальнасць родных каранёў і каштоўнасцей жыцця, любоў да роднай мовы, надзвычай добразычлівае стаўленне да акаляючага свету, сапраўднага шчырага сяброўства складаюць праблемна-тэматычную сферу і ўнутраны пафас напісанага для дзяцей Уладімірам Мазго, лаурэатам Літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі, вельмі таленавітым майстрам слова.

Найбольш у паэта зборнікаў для маленькіх чытачоў. Метафарычнасць дзіцячага светаўспрымання адлюстравана ў іх назвах: “Калі спрачаюцца маланкі” (1989), “Суседзі на сусвеце” (1994), “Смехапад” (1999), “Прыгоды марахода” (2002), “Таямнічая планета” (2008), “Цуда-вуда” (2008), “Лепшыя сябры” (2012). Беспамылкова заўважым, што паэт умее весці размову з юнымі чытачамі, як з самымі добрымі сябрамі,на даверлівай ноце, што амаль усе ягоныя вершы і казкі вясёлыя, прасякнутыя цёплым гумарам, не вельмі шматслоўныя, энергічныя і гуллівыя, як і самі дзеці, максімальна прыбліжаныя да іх, сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак,да іх клопатаў і захапленняў, да тых праблем, якімі надзяліў усіх нас гэты свет, гэты час, у якім усім нам выпала жыць. Ён выдатна адчувае і разумее, што трэба сённяшнім дзецям, чым зацікавіць іх, “да зубоў узброеных” усімі здабыткамі сучасных камп’ютэрных тэхналогій і ў школе, і дома. Галоўнае – творца цалкам пагаджаецца са сказаным аднойчы старэйшымі калегамі ад мастацкага слова: “Маленства – самы адказны момант жыцця, стартавая пляцоўка чалавека. І ад таго, хто вёў дзіця за руку, хто адкрыў яму навакольны свет, будзе залежаць яго ўзлёт, будучыня і шчасце” [1, с. 27], што з самых першых крокаў чытанне “ўзвышае, крышталюе душу дзіцяці” [2, с. 339].

З нязменным захапленнем аўдыторыя “чамучак” і “фантазёраў” успрымае праблемы рака-вусача з твора Якуба Коласа і Веры-вавёрачкі з казкі Васіля Віткі, насамрэч перажывае за лынькоўскага Міколку-паравоза і задумваецца над жыццёвай мудрасцю казак і апавяданняў Алены Васілевіч, Уладзіміра Ягоўдзіка, Таццяны Мушынскай і іншых. І вось кніга “Цуда-вуда” У. Мазго – своеасаблівы зборнік вясёлых і займальных, дасціпных і пазнавальных казак, вершаў, загадак, якія цікавыя не толькі дзецям, але і дарослым. У гэтым зборніку дзіцячую дапытлівасць задаволяць і сціслыя па памеры, але надзвычай дасціпныя па змесце загадкі, патрыятычны настрой выклічуць вершы і песні. Але нязменная пашана аддаецца аўтарам самаму любімаму жанру – казцы. Не выпадкова адна з іх па волі паэта дала назву ўсяму зборніку, змусіла прыгадаць казкі пра цуда-рыбу кіта, пра іншыя чарадзейныя рэчы і, безумоўна, выклікала зацікаўленасць-запытанне: што яшчэ своеасаблівага, незвычайнага падрыхтаваў дзіцячаму чытачу таленавіты творца на гэты раз. А ён проста, без усякіх агаворак і падходаў пачынае:

Жыў ля сажалкі Міхалка [3, с. 62]. Вось так гучыць зачын вершаванай аўтарскай казкі. Далей болей…Распавядаючы пра захапленні героя, пісьменнік непрыкметна заўважае, што Міхалка – гэта не хлопчык, а “маленькі мядзведзік”. Рэальнае пераплялося з казачным, і мы самі непрыкметна (а што ўжо казаць пра маленькіх дзетак) становімся ўдзельнікамі і падзей, і іх выніку. Па традыцыі выкарыстаны ў творы трохразовы паўтор, што толькі напружыла дзеянне і яшчэ больш прыцягнула ўвагу: не дапамаглі нашаму герою ні бацькава вуда, ні матчына, а толькі свая вудачка, цярпенне і старанне далі плён:

І – вось дзіва! –

Узлятае

Угору рыбка

Залатая. [3, с. 66].

Вобраз залатой рыбкі – гэта таксама элемент казачнага сюжэта. Як і ў іншых казках, мы знаходзім пастаянныя эпітэты: “вуда чароўная, вуда рыбалоўная”. Іх не адзін раз паўторыць маленькі рыбак, бо так жадае злавіць рыбку. Атрымаецца гэта ў яго ці не – пажадана пазнаёміцца з усім творам. Вось так, неназойліва прапануе У. Мазго менавіта казку, бо захаваная ў ёй таямнічасць становіцца ўдзячным грунтам для палёту дзіцячай фантазіі, якая, у рэшце рэшт, прывядзе да ўжо вядомага, вартаснага і патрэбнага ў жыцці: “без труда не вытянешь рыбку из пруда”.

Выхаванне працавітасці, любові да працы – вось што “прапаведуе”, на што акцэнтуе ўвагу маленькіх і большанькіх таленавіты творца. Тэма традыцыйная для ўсёй сусветнай літаратуры, не выключэнне і беларуская. Яшчэ ў перыяд зараджэння нацыянальнай дзіцячай літаратуры напрыканцы XIX стагоддзя з’явіліся творы “Каток” і “Рыбак” Адама Гурыновіча. Каток, які хацеў злавіць рыбку без лішніх старанняў, вельмі нагадвае хлопчыка, якому “шкода галоўкі бедаваць” над кніжкай. У заключных радках – традыцыйная парада: калі не працаваць, дык і рыбкі не дастаць.

Калі ты што-кольвек захочаш пазнаць,

То мусіш не мала над тым працаваць. [4, с. 40].

У казцы У. Мазго, здавалася б, аналагічная сітуацыя. Аднак і ён не спяшаецца да неназойлівага павучання, сам праяўляе цярпенне, сочыць уважліва, са спадзяваннем за ўчынкамі і разважаннямі малога Мядзведзіка Міхалкі. Спачувае яму і ўпэўнена даводзіць, дае зразумець ужо нам, што праблемы пазнання і выхавання застаюцца актуальнымі і ў XXI стагоддзі. Ад гэтага нікуды не дзецца. Бясспрэчна, аб удачы мараць усе і часам выпрабоўваюць лёс, імкнучыся лёгкім спосабам дасягнуць поспеху. Толькі не адна сотня казак розных часоў сцвярджае: лёгкага хлеба не бывае. Такое ж правіла выводзіць у сваім творы і А. Гурыновіч.

пячоныя пташкі ў рот не ляцяць [4, с. 40].

Таму, каб не забыліся ўсе мы на гэтыя высновы, У. Мазго з клопатам пра духоўны стан падрастаючага пакалення ўсавядомлена яшчэ раз вырашыў напомніць:

Больш цярпення,

Больш старання. –

І шчаслівы міг

Настане! [3, с. 64].

І як толькі гэтая ўмова ў казцы выконваецца, наш герой узнагароджаны:

І – вось дзіва! –

Узлятае

Угору рыбка

Залатая. [3, с. 66].

Магчыма, гэтая праблема магла б стацца грунтам для разважанняў у апавяданні ці вершы. Але У. Мазго не памыліўся, выбраўшы казку, бо менавіта гэты жанр, як ніякі іншы, дае неабмежаваную прастору для нашай фантазіі, развівае мары-летуценні, пашырае дапытлівасць. Незларма кажуць: казка – розуму падказка. І лепей, калі да правільных вывадаў дзіця прыйдзе з дапамогай ларослых, з дапамогай таленавітых казачнікаў. А казка ў чарговы раз паслужыць вырашэнню праблемы выхавання сур’ёзнай, самастойнай асобы, “стварэнню падмурка трывалых духоўных адносін у грамадстве” [5, с. 13].

Заўважым, што яркіх супярэчнасцей у творы “Цуда-вуда” мы не сустракаем. А вось сутыкненне характару і абставін пісьменнік паказвае вельмі выразна:

У бацькоў

Багаты ўлоў

А сынка

Вярэдзіць клёў. [3, с. 63].

Незадавальненне перадаецца на самаадчуванне Міхалкі:

Заняло

У малога мову

Ад загадкавага

Клёву. [3, с. 62].

Менавіта такім чынам дае знаць пра сябе супярэчнасць героя з навакольным асяроддзем. Вастрыня сутыкнення нарастае – незадаволенасць пераходзіць у злосць, адчай. Аўтар аб гэтым піша так:

Тут Міхалка

Ледзь не плача:

Адвярнулася

Удача. [3, с. 63].

Але чым больш наш герой перажывае, тым хутчэй яму хочацца змяніць сітуацыю да лепшага:

Нешта рыбка

Не бярэцца –

І на вуду

Ён злуецца:

Бавіць час

Дарма не буду

Лепш вазьму

У таты вуду. [3, с. 65].

У такіх паводзінах праяўляюцца “супярэчнасці паміж героем і абставінамі, героем і асяроддзем, супярэчнасць унутры самога характару героя” [6, с. 71].

Лепш вазьму

У мамы вуду…

Эх, сваю

Закіну вуду

І далей

Рыбачыць буду.

У. Мазго ў некалькіх радках здолеў апісаць і сітуацыю, у якую трапіў герой, і яго паводзіны. Калі спачатку наш герой спадзяецца на цуд, то ў трэці раз ён вырашае дачакацца свайго шчаслівага імгнення. І цуд адбываецца адразу ж, як толькі Мядзведзік пачынае працаваць:

Міхась

Не пазяхаў,

А вудзільнам

Замахаў.

І – вось дзіва –

Узлятае

Угору рыбка

Залатая. [3, с.66].

Раскрываючы гісторыю маленькага рыбалова, аўтар неназойліва даводзіць вельмі сур’ёзную думку: важна быць настойлівым і старанным. Гэтыя якасці, гэтыя рысы характару павінны закладвацца і фарміравацца ў дзецях дарослымі. Спрыяе гэтаму і сам аўтар казкі. Яго шчырасць спалучаецца з элементамі дзіцячага ўспрымання жыцця, падзей, іх неабыякавасцю, перажываннем. Усе радуюцца разам з Міхалкам, здзіўляюцца, як звычайная вудачка ўсё-такі ператвараецца ў цуда-вуду. Адно толькі слова “ўдача” запрашае паразважаць, каб зразумець і падтэкст твора, і талент пісьменніка, якому ўдалося сфармуляваць трапны вывад-крэда:

Цуда-вуда!

А іначай –

Навываецца

Удачай. [3, с. 66].

І яшчэ…нельга не адзначыць, што рыфмы ў вершаваных радках казкі пастаўлены на самай блізкай адлегласці адна ад другой. Словы, якія служаць рыфмамі, у казцы з’яўляюцца галоўнымі носьбітамі сэнсу ўсёй фразы: на іх кладзецца найбольшы цяжар семантыкі. Таксама радкі твора прытрымліваюцца структуры правільнай дзіцячай літаратуры дзякуючы прынцыпу: “…кожны верш павінен быць закончаным сінтаксічным цэлым, таму што ў дзіцяці думка пульсуе заадно з вершам” [7, с. 124]. У казцы У. Мазго два радкі – два сказы:

Усміхаецца Міхалка,

Задаволены рыбалкай. [3, с. 66].

Калісьці, паводле артыкула Алеся Марціновіча, Ніна Галіноўская, таксама ьаленавітая дзіцячая пісьменніцца зазначыла: “Пісаць для дзяцей – ні з чым не параўнальная асалода. Танюткія чалавечыя парасткі, і ў кожным сусвет, дзе жыве казка, трапяткая, нібы алянятка, гаючая, нібы трыпутнік… і малыя…. глядзяць на цябе і просяць быць шчырай. Фальш яны ўспрымаюць адразу…” [8, с. 210].

Нельга не прыслухацца да гэтых слоў. Яны вызначальныя для тых пісьменнікаў (у іх шэрагах і У. Мазго), якія адчуваюць адказнасць за тое, што пісаць для маленькіх – вялікая Справа.

Старое, як сусвет, пытанне выхавання. І на службе дзіцягача пісьменніка зноў казка. Ва ўсе часы яна выконвала пазнавальную і выхаваўчую ролю ў фарміраванні асобы дзіцяці, як бы ні крытыкавалі і ні абвінавачвалі казку як жанр. Яна вучыць дзяцей у звычайным бачаць незвычайнае, у простым – складанае, тым самым дапамагае выхоўваць іх светапогляд, іх характар, іх грамадскую свядомасць. Цяперашніх дзетак мала чым здзівіш: касмічныя караблі, далёкія планеты, камп’ютэрныя гульні. Для іх гэта як учарашні дзень… Але маленькія акселераты з задавальненнем адгадваюць загадкі, слухаюць казкі і, уяўляючы эпізоды, фантазіруюць, тлумачаць, дзейнічаюць.

Вядомы псіхолаг В.С. Мухіна адзначае: “Слухаючы казкі і гісторыі, …успрымаючы з’явы прыроды, разглядаючы ілюстрацыі да кніжак, дзіця засвойвае не толькі інфармацыю, але і яе ацэнку дарослым…і праз знешняе перайманне альбо ўнутранае глыбіннае пранікненне ў з’яву адкрывае для сябе палітру новых чалавечых эмоцый і пачуццяў” [9, с. 318].

Сказанае лагічна суадносіцца з тымі задачамі, якія вырашаюць дзіцячыя пісьменнікі. Мастацкае слова захапляе сваім гучаннем, зместам, нараджае спачуванне, спагаду, радасць. Станоўчыя эмоцыі выклікаюць мудрыя думкі, за якімі – гуманныя ўчынкі. А ўсё гэта дзякуючы літаратурным творам, сярод якіх і казка У. Мазго “Цуда-вуда”. Яна, як і ўсё напісанае гэтым таленавітым аўтарам, не толькі ўзбагачае мову родную, не толькі знаёміць з навакольным светам, але і выхоўвае любоў да роднага слова, да роднай прыроды, да працы, да ўсяго ўзвышанага і прыгожага. Важна толькі сказаць пра ўсё гэта па-свойму, арыгінальна, не паўтараючы ні сябе, ні іншых. У.Мазго ведае сакрэт: слова тады прыйдзецца да дзіцячага сэрца, калі яно ідзе ад самай глыбіні неспакойнага, шчырага, праўдзівага, сумленнага сэрца творцы.

П.Маляўка

Шлях да ўзаемнасці, 2012

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Візуальнае вырашэнне спектакля з’яўляецца неад’емнай часткай тэат­раль­нага мастацтва на працягу ўсяго яго існавання, прычым з часам афармленне сцэнічнай прасторы значна эвалюцыянавала і на сённяшні дзень носіць канцэп­ту­альны характар. Тэатр выступае ў шырок...