Категории

Падзеі Першай Сусветнай вайны на старонках кніг "Памяць" гарадоў і раёнаў Брэсцкай вобласці

15 минут на чтение

Першая сусветная вайна прынесла Беларусі вялікія людскія страты і разбурэнне гаспадаркі. Насельніцтва моцна пакутавала ад шматлікіх рэквізіцый, марадзёрства, прымусовых работ і эвакуацыі, ваенных і дзяржаўных павіннасцей. Беларускія землі больш чым два гады былі падзелены германска-расійскім фронтам. У зоне нямецкай акупацыі апынулася каля трох з паловай мільёнаў чалавек. Больш за 800 тысяч беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі былі прызваны ў расійскую армію, што складала да 51% ад колькасці ўсіх дарослых працаздольных мужчын. Амаль паўтара мільёна жыхароў беларускіх губерняў сталі бежанцамі. Бадай, што самым пацярпелым ад вайны з усіх рэгіёнаў Беларусі была Брэстчына.

Падзеі першай сусветной вайны на Беларусі, даволі шырока адлюстраваныя ў гістарычнай і мастацкай літаратуры, знайшлі пэўнае асвятленне таксама ў кнігах «Памяць» гарадоў і раёнаў Брэсцкай вобласці. На старонках выданняў шэрагу раёнаў і гарадоў вобласці, дзякуючы стараннай працы гісторыкаў, архівістаў, краязнаўцаў, пісьменнікаў, змешчаны разнастайныя матэрыялы аб тым трагічным часе. У кнігах «Памяць» утрымліваюцца звесткі аб жыцці мясцовага насельніцтва ў гады вайны, пачынаючы з увядзення ваеннага становішча і аб’яўлення мабілізацыі. Матэрыялы, уключаныя ў кнігі «Памяць», можна ўмоўна звесці ў тры тэматычныя групы. Да першай адносяцца звесткі аб мерапрыемствах ад моманту ўступлення Расійскай імперыі ў вайну і да ўварвання германскіх войск на беларускія землі. Гэты перыяд ахоплівае час з лета 1914 г. і да ліпеня 1915 г. Другая тэматычная група ўтрымлівае інфармацыю аб падзеях, якія адбываліся са жніўня і па восень 1915 г., калі большая частка тэрыторыяі Брэстчыны была захоплена нямецкімі войскамі. Трэцяя група – матэрыялы аб сітуацыі на расійска-германскім фронце, лінія якога з канца 1915 г. праходзіла на ўсходзе Брэстчыны і стабілізавалася тут на даволі працяглы час, а таксама аб становішчы мясцовага насельніцтва па абодва бакі ад лініі фронту.

Матэрыялаў аб падзеях на Брэстчыне з ліпеня 1914 г. і да моманту ўварвання германскіх войск на тэрыторыю рэгіёну няшмат. Так, у кнізе «Памяць» г. Брэста змешчана падрабязная інфармацыя аб інжынерных работах у Брэсцкай крэпасці і ўдзеле мясцовага насельніцтва ў будаўніцтве яе аб’ектаў. У выданні адзначана, што ўступленне Расійскай імперыі ў вайну паслужыла моцным штуршком для разгортвання інтэнсіўных работ па будаўніцтве фортавага пояса, якое распачалося непасрэдна перад вайной. Аднак да ліпеня 1914 г. з 16 фартоў былі завершаны толькі два. У сувязі з аб’яўленай мабілізацыяй работы ў крэпасці сталі праводзіцца круглыя суткі. У кнізе «Памяць» прыведзены дадзеныя, што для работ у крэпасці прыцягвалася да 70 тысяч чалавек, а штодзённа выдаткі на заработную плату складалі каля 100 000 рублёў. Дзякуючы такой грандыёзнай працы найперш жыхароў, што ўваходзілі ў склад Брэст-Літоўскага крапаснога раёна, да пачатку кастрычніка 1914 г. усе форты, прамежкавыя апорныя пункты і абарончыя казармы былі амаль падрыхтаваны да баявых дзеянняў. Да вясны 1915 г. крапасныя аб’екты мелі завершаны выгляд, а да жніўня 1915 г. Брэсцкая крэпасць была адным з найбольш падрыхтаваных да абароны фартыфікацыйных збудаванняў расійскай арміі. Агульная даўжыня фортавага пояса складала 45 кіламетраў і ўключала 14 фартоў, 5 абарончых казармаў, 21 прамежкавы апорны пункт. Сярэдняя адлегласць паміж умацаваннямі складала да аднаго кіламетра, што забяспечвала іх узаемную агнявую сувязь. Акрамя таго, агнявая моц крэпасці дадаткова забяспечвалася амаль 2 тысячамі гармат [1, с. 217–218].

У кнігах «Памяць» Брэсцкага і Камянецкага раёнаў у невялікім па аб’ёме матэрыяле паведамляецца, што з першых месяцаў вайны разам са значным адтокам мужчын прызыўнога ўзросту ў сувязі з мабілізацыяй у войска, практычна ўсё працаздольнае насельніцтва вёсак і мястэчак прыцягвалася да дабудовы абарончых аб’ектаў, перавозкі ваенных грузаў, прагону гуртоў жывёлы, аховы чыгунак. Для камянецкіх сялян вайна азначала таксама пастаўкі прадуктаў і коней для патрэб арміі, размяшчэнне на пастой расквартыраваных войскаў, што падрывала і без таго бедную гаспадарку. Але галоўнае няшчасце было ў тым, што сялянскія сем’і пазбаўляліся карміцеляў, якія прызываліся ў царскую армію. У кнізе «Памяць» Брэсцкага раёна на прыкладзе вытрымкі з тэлеграмы міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі ад 1 жніўня 1914 г. гродзенскаму губернатару (на той час большая частка Брэстчыны ўваходзіла ў склад Гродзенскай губерні) паказана, што ўяўляў сабой ваенна-палітычны рэжым, устаноўлены ў заходніх губернях Расійскай імперыі з ліпеня 1914 г. У дакуменце загадвалася спыняць сур’ёзныя парушэнні грамадскага парадку ў самым пачатку ўсімі магчымымі сродкамі і звярталася ўвага на тое, што нерашучасць і бяздзейнасць у гэтай справе будуць разглядацца як найцяжэйшая віна перад доўгам службы. Сведчаннем катастрафічнага стану сельскай гаспадаркі ў прыфрантавых рэгіёнах у сувязі з пастаянным прыцягненнем сялян да выканання павіннасцей з’яўляецца прыведзены ў кнізе «Памяць» Брэсцкага раёна факт звароту Гродзенскага губернатара да ваеннага камандавання з просьбай замяніць на тры тыдні на абарончых работах сялян губерні, якім неабходна было выканаць наступаючыя палявыя работы, сялянамі іншых губерняў. Аднак армейскае камандаванне пакінула просьбу без вырашэння. Больш таго, брэсцкі павятовы кіраўнік у хуткім часе атрымаў ад начальніка гарнізона Брэсцкай крэпасці загад аб неабходнасці прыцягнуць усё мужчынскае насельніцтва ад 18 да 50 гадоў на крапасныя работы: абарончыя, дарожныя, па ахове казённай маёмасці, па зборы і дастаўцы ўражаю бягучага года і інш. [2, с.81; 6, с.132].

Пэўная інфармацыя аб становішчы насельніцтва і працы дзяржаўных устаноў з ліпеня 1914 г. і да лета 1915 г. ёсць у кнігах «Памяць» Кобрынскга раёна і г. Пінска. Так, у Кобрыне, які лічыўся стратэгічна важным пунктам, паколькі тут праходзіла чыгунка, са жніўня 1914 г. былі ўведзены ваеннае становішча, каменданцкая гадзіна і падоўжаны рабочы дзень. У кнігах «Памяць» згадваецца аб цыркулярах, выдадзеных службовымі асобамі для рэгламентацыі дзейнасці дзяржаўных устаноў у сферы чыгуначнага транспарту, гандлю, а таксама паводзін насельніцтва ў сувязі з ваенным становішчам. Яшчэ да ўступлення Расійскай імперыі ў вайну асобы камітэт па ўпраўленні Палескіх чыгунак 27 ліпеня 1914 г. прыняў спецыяльны дакумент, у якім былі змешчаны палажэнні па барацьбе з забастоўкамі, праверцы добранадзейнасці рабочых, павелічэнні колькасці жандарскіх патрулёў, фарміраванні запасу кваліфікаваных машыністаў і іх памочнікаў ды інш. На ўстанаўленне жорсткага ваенна-палітычнага рэжыму ў прыфрантавой тэрыторыі было скіравана распараджэнне губернатара ўсім начальнікам паліцыі, дзе апошнім прадпісвалася пра ўсіх, выяўленых у распаўсюджванні сярод насельніцтва «ілжыва-трывожных чутак аб дзеяннях рускай арміі», неадкладна дакладваць губернатару з прадстаўленнем пратаколаў для прыцягнення вінаватых да адказнасці. У пастанове галоўнага начальніка Мінскай ваеннай акругі генерала Е.А. Раўш фон Траунберга ад 13 жніўня 1914 г «Аб дзеяннях, яія караюцца па законах ваеннага часу». патрабавалася забараніць празмернае павышэнне цэн на прадукты першай неабходнасці і іх продаж па цэнах, вышэйшых, чым таксы, якія ўстанаўліваюцца мясцовымі гарадскімі і земскімі пастановамі па ўзгадненні з губернатарамі. У дакуменце ўказвалася, што да строгай адказнасці павінны прыцягвацца людзі за бунт супраць вярхоўнай улады, за наўмысны падпал і знішчэнне ваеннай маёмасці, пашкоджанне водаправодаў, мастоў, плацін, шлюзаў, за продаж агнястрэльнай зброі [7, с. 75; 10, с. 166].

Звесткі аб функцыянаванні з верасня 1914 г. і да лета 1915 г. Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пададзены ў кнізе «Памяць» г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна. У горад, дзе на працягу першага года вайны знаходзілася Стаўка, дзесяць разоў прыязджаў расійскі імператар Мікалай ІІ, у сувязі з чым на гэты час Стаўка станавілася царскай. У выданні падрабязна апісана наведванне Мікалаем ІІ Стаўкі 14 снежня 1914 г. Пры гэтым прыведзены распарадак дня імператара Мікалая ІІ падчас яго знаходжання ў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, пералічаны службовыя асобы, якія дакладвалі яму аб апошніх падзеях вайны, а таксама названы тыя, хто знаходзіўся з царом у мясцовай ваеннай царкве на абедні [3, с. 153].

Грозны подых вайны на Брэстчыне стаў востра адчувацца праз з’яўленне на тэрыторыі яе паўднёва-заходніх паветаў першых бежанцаў з Украіны і Польшчы, а таксама адступаючых расійскіх войск з Польшчы яшчэ да ўварвання германскіх войск на беларускія землі. У кнізе «Памяць» Кобрынскга раёна даволі шырока паказана «бежанская эпапея». Падаецца спасылка на дакумент, у якім галоўны начальнік забеспячэння армій Паўночна-Заходняга фронту генерал А.М. Данілаў у пачатку ліпеня 1915 г. патрабаваў ад кіраўнікоў польскіх і ўкраінскіх тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак «тэрмінова прыняць меры» для вызвалення ад бежанцаў Ковельскага, Уладзімір-Валынскага, Холмскага, Люблінскага і іншых паветаў і накіравання іх у Кобрынскі і Пружанскі паветы, але не па чыгунцы, а па звычайных дарогах, каб не перашкаджаць ваенным перавозкам. Паводле дакумента ад 9 ліпеня 1915 г., з Кобрыня дакладвалі генералу А.М. Данілаву аб праведзенай рабоце па прыёме бежанцаў (арганізацыя кармлення, санітарны агляд, амбулаторны прыём і інш.). Разам з тым з трывогай паведамлялася пра вялікую колькасць народу і штодзённае прыбыццё ўсё новых і новых партый бежанцаў і выказвалася просьба з мэтай папярэджання інфекцыйных хвароб не дапускаць далейшага прыбыцця бежанцаў у Кобрынь, а накіроўваць іх у Пінск. У сувязі з такой сітуацыяй А.М. Данілаў ужо 11 ліпеня 1915 г. хадайнічаў перад начальнікам Мінскай ваеннай акругі аб неабходнасці тэрміновай падрыхтоўкі новых раёнаў для канцэнтрацыі бежанцаў у Смаленскай і Магілёўскай губернях і аб перамяшчэнні часткі іх з Кобрынскага і Пружанскага паветаў. На сялянскіх гаспадарках Брэсцкага раёна таксама цяжка адбіваўся бясконцы шэраг бежанцаў і армейскіх атрадаў з абозамі, якія на сваім шляху забіралі харчаванне, фураж, спусташалі пасевы, сенажаці [2, с. 82; 7, с. 77].

Найбольш значная частка інфармацыі аб першай сусветнай вайне прысвечана асвятленню падзей, якія адбываліся на Брэстчыне ад моманту непасрэднага набліжэння германска-расійскага фронта да яе тэрыторыі і па восень 1915 г. Сярод звестак аб баявых дзеяннях на тэрыторыі Брэстчыны варта вылучыць апісанне прычын здачы Брэсцкай крэпасці, баёў на подступах да яе і эвакуацыі ваеннага гарнізона і ваеннай маёмасці. У кнізе «Памяць» г. Брэста, азначаецца, што Брэсцкая крэпасць як апорны пункт пры ашчадным выкарыстанні запасаў, якія там меліся, магла б пратрымацца да 8 месяцаў. Аднак пад уздзеяннем хуткага падзення Коўна і Новагеоргіеўска Вярхоўнае камандаванне страціла ўсякую веру ў крэпасць і, нягледзячы на настойлівыя просьбы каменданта Брэст-Літоўска, загадала раніцай 8 жніўня 1915 г. эвакуіравацца з крэпасці. Эвакуацыя праходзіла ў цяжкіх умовах пад уздзеяннем наступаючага праціўніка і пад прыкрыццём 3-й арміі, якую падтрымлівала крапасная артылерыя. Са змешчанай у выданні вытрымкі з рапарта каменданта крэпасці Галоўнакамандуючаму Паўночна-Заходнім фронтам ад 25 жніўня 1915 г вынікае, што дзякуючы звышчалавечым намаганням асабовага складу гарнізона на працягу 120 гадзін удалося правесці эвакуацыю крэпасці, куды маёмасць звозілася гадамі і нават дзясяцігоддзямі. Так, з артылерыйскіх пазіцый да месца пагрузкі ў самыя кароткія тэрміны было вывезена каля 1900 крапасных гармат. У плане падрыхтоўкі да захопу Брэста немцамі была створана Бугская армія генерала Лінзінгена, якой належала абысці Брэст з усходу і акружыць тут групоўку расійскіх войск. У пачатку жніўня 1915 г. дзве нямецкія дывізіі фарсіравалі Буг, а ўжо 19 жніўня армія генерал-фельдмаршала фон Макензена падышла да Брэст-Літоўска [1, с. 218; 7, с. 77; 8, с. 208].

На старонках большасці кніг «Памяць» гарадоў і раёнаў Брэсцкай вобласці змешчаны звесткі аб баях расійскіх войск з германскай арміяй летам – восенню 1915 г. і ўказаны даты заняцця апошняй тых ці іншых населеных пунктаў Брэстчыны. Напрыклад, згадваецца, што цяжкія баі ў жніўні 1915 г. праходзілі на тэрыторыі Брэсцкага, Маларыцкага і Кобрынскага раёнаў, аб захопе 22 жніўня 1915 г. нямецкай арміяй «Буг» Кобрыня. Аб стратах праціўніка падчас баёў на згаданай тэрыторыі сведчаць могілкі нямецкіх салдат у вёсках Паляцічы, Тэўлі, Гайкоўка, Балоты, Бародзічы, Ізабелін. У кнізе «Памяць» Лунінецкага раёна ёсць інфармацыя аб баях пад Антопалем і Драгічынам. Прыводзіцца лічба штомесячных страт расійскай арміі: у сярэднім за вайну – па 140 тысяч чалавек, а ў час адыходу ў 1915 г. – па 235 тысяч. Гэты адыход абышоўся царскай арміі амаль у паўтара мільёна забітых і параненых салдат і афіцэраў. Але ў самых цяжкіх умовах салдаты 3-й і 4-й рускіх армій працягвалі змагацца з ворагам. У той самы час, нягледзячы на гераізм расійскіх салдат і афіцэраў, немцы здолелі захапіць летам – восенню 1915 г. большую частку Брэстчыны. Пасля цяжкіх баёў германскія войскі 15 верасня 1915 г. увайшлі ў Пінск [2, с. 81; 7, с. 77; 8, с. 209; 9, с. 118; 13, с. 86].

Баявыя дзеянні на Брэстчыне згадваюцца ў змешчаных у кнізе «Памяць» Пінскага раёна вытрымках з ХVI і XVII выпускаў «Запісак кавалерыста» М.С. Гумілёва. Рускі паэт, які праходзіў службу на пасадзе ўнтэр-афіцэра ўланскага палка, апісаў адступленне расійскіх войск ад Буга, пачынаючы з 11 жніўня 1915 г. Адыходзячы ва ўсходнім напрамку, полк час ад часу спальваў вёскі, стагі сена і масты, зрэдку ўступаў у перастрэлку з насядаючым праціўнікам і гнаў перад сабой гурт жывёлы. У запісках М.С. Гумілёва ўказаны населеныя пункты Піншчыны, дзе ў першай палове верасня 1915 г. часова знаходзіўся полк, названы дарогі, якія абаранялі кавалерысты, коратка паведамляецца аб баях з немцамі ў раёне вёсак Вулька Лаўская, Рэчкі, Гута, Краі, Горталя, Буда, а таксама аб удзеле. лейб-гвардыі ўланскага палка, які размяшчаўся на пазіцыях уздоўж Агінскага канала, 21 і 23 верасня 1915 г. у маштабнай аперацыі ў раёне Лагішына і яго ваколіцах. Пасля шэрагу няўдач царскай арміі ў зоне баявых дзеянняў у пачатку восені 1915 г. апынуліся Баранавічы і навакольныя населеныя пункты, якія ўваходзілі тады ў склад Навагрудскага павета. Як згадваецца ў кнізе «Памяць» г. Баранавіч, 17 верасня 1915 г. Стаўкай было прынята рашэнне, згодна з якім 1, 3, 4, 10-й арміям загадвалася адысці на лінію Міхалішкі – Ашмяны – Навагрудак – Баранавічы – Выганаўскае возера. На гэтай лініі, якая падзяліла тэрыторыю сучаснага Баранавіцкага раёна на дзве часткі, фронт стабілізаваўся больш чым на два гады [3, с. 153–154; 11, c. 137–138].

Вялікай трагедыяй для насельніцтва Брэстчыны стала адступленне царскай арміі і звязаная з гэтым масавая эвакуацыя жыхароў гарадоў, мястэчак і вёсак. Як вынікае са зместу матэрыялаў, змешчаных у кнігах «Памяць», гэта з’ява з лета 1915 г. набыла прымусовы характар. Уперамешку з бежанцамі па дарогах рухаліся і вайсковыя абозы. У ліпені 1915 г. на ўчастку Кобрынь – Баранавічы Брэсцка – Маскоўскай шашы знаходзілася каля 400 тыс. бежанцаў. Зыход адбываўся ва ўмовах летняй спёкі, смагі, якую нельга было наталіць, таму што прыдарожныя студні і вадаёмы былі вычарпаны да дна. Сярод бежанцаў былі распаўсюджаны такія захворванні, як дызентэрыя і халера. Па гарадах бясконцай чарадой праязджалі тысячы вазоў з дзецьмі і скарбам. Для таго,каб павялічыць пропуск вялікіх людскіх патокаў праз Кобрынь, у цэнтры горада ў спешным парадку быў наведзены пантонны мост праз Мухавец. Побач з ім на беразе засядала ацэначная камісія, якая прымала ад бежанцаў і мясцовых жыхароў коней, кароў, табуны і статкі, якія сваім ходам адпраўляліся на ўсход. У паласе адступлення царскай арміі па ўказанні вялікага князя Мікалая Мікалаевіча мясцовай уладай і ваеннымі прымянялася тактыка «выпаленай зямлі». У выніку выканання загадаў Стаўкі на ўсіх напрамках адступлення расійскай арміі разбурэнні былі грунтоўныя. Усё, што нельга было вывезці, знішчалася на месцы. Салдаты спальвалі дашчэнту цэлыя вёскі. Агню аддаваліся палі спелага збожжа, хлебныя сцірты. Пры правядзенні прымусовай эвакуацыі вяскоўцаў з дамоў высялялі казакі. У вёсках Кобрыншчыны, каб бежанцы не спрабавалі вярнуцца назад, да бліжэйшага бальшака іх суправаджалі кавалерыйскія атрады. Нярэдка здаралася і так, што як толькі сялянскія павозкі выязджалі за ваколіцу, ужо гарэлі першыя падпаленыя хаты. За некальькі дзён да таго, як былі пакінуты Баранавічы, салдаты падпалілі буйны спіртзавод у Новых Баранавічах. У апошні дзень адступлення царскай арміі ваенныя пачалі ўзрываць у Баранавічах чыгуначнае палатно, вакзалы, некаторыя майстэрні ваеннага значэння. У кнігах «Памяць» г. Баранавічы, Кобрынскага, Пружанскага раёнаў прыводзяцца звесткі аб тым, што немцы спрабавалі ўсяляк перашкодзіць руху насельніцтва і ў чэрвені – пачатку верасня 1915 г. іх аэрапланы і артылерыя абстрэльвалі калоны і лагеры бежанцаў. За сотні кіламетраў ад фронту у раёне Бабруйска ці Рагачова заканчваўся шлях бежанцаў. Тут засядала камісія, якая праводзіла закупы ў бежанцаў кароў, коней з павозкамі, а саміх людзей адпраўляла да новых месцаў жыхарства [2, с. 82; 3, с. 152–154; 7 с. 77–79; 4, с. 102; 5, с. 69; 8, с. 209; 12, с. 50; 13, с. 86].

Разам з апісаннем правядзення прымусовай эвакуацыі ў гіторыка-дакументальных хроніках згадана геаграфія рассялення беларускіх бежанцаў на тэрыторыі Расіі. Так, жыхары Маларытчыны перабраліся галоўным чынам у Казанскую, Яраслаўскую, Варонежскую, Тамбоўскую і іншыя губерні. Згодна плану эвакуацыі для размяшчэння кобрынскіх устаноў былі вызначаны г. Масальск Калужскай і г. Усмань Тамбоўскай губерняў. У гэтыя ж губерні было рэкамендавана накіроўвацца і астатнім жыхарам горада і павета. З прыкладна 10 тысяч бежанцаў Пружаншчыны асноўная маса апынулася ва Ўфімскай губерні. Прымусовая эвакуацыя не закранала яўрэяў, якія складалі большасць насельніцтва заходнебеларускіх гарадоў, бо існавала мяжа аседласці. Мяшчане-землеўласнікі адпраўляліся ў бежанства ўласным ходам на сваіх конях. Сем'і служылага люду эвакуіраваліся ў таварных вагонах, прыстасаваных для перавозкі людзей. Чыноўнікам, якія эвакуіраваліся, выдаваліся пад'ёмныя – трохмесячныя аклады, а на сям'ю дазвалялася браць не больш за 10 пудоў багажу. Дапамогай бежанцам займалася асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў, створаная пры міністры ўнутраных спраў, але найперш гэта рабілі разнастайныя дабрачынныя арганізацыі[7, с. 77–78; 9, с. 118; 12, с. 50].

У кнігах «Памяць» шэрагу гарадоў і раёнаў згадваецца надзвычай цяжкае становішча насельніцтва Брэстчыны, якое па тых ці іншых прычынах не было эвакуіравана і засталося на акупаванай немцамі тэрыторыі. Так, у Кобрыне ў першыя дні акупацыі пачалася агульная канфіскацыя ў насельніцтва меднага посуду. Акупантамі паўсюдна праводзіліся рэківізіцыя жывёлы, коней, высякаўся лес. Сяляне хавалі жывёлу, калі немцы пачалі яе перапіс. Рыбная лоўля ў многіх месцах была здадзена ў арэнду. Спецыяльныя ваенізаваныя атрады забіралі ў вёсках жывёлу і сельгаспрадукты, прымушалі сялян вылоўліваць у Лукаўскім, Арэхаўскім, Олтушскім азёрах рыбу і ўсё адпраўлялі ў Германію. Насельніцтва абкладвалася вялікай колькасцю штрафаў і падаткаў: асабістым, наёмным, пазямельным, а таксама падаткам на гандль, жывёлу, у тым ліку і на сабак, шэрагам ускосных падаткаў і натуральных плацяжоў. Так, быў уведзены падатак на нерухомасць, якім абкладаліся землеўласнікі і землеўладальнікі, а таксама прамысловы падатак. У кнізе «Памяць» г. Пінска згадана, што людзям забаранялася ездзіць з аднаго населенага пункта ў другі, нават для наведвання царквы ці касцёла былі патрэбны асобныя пропускі. На тэрыторыі цяперашняга Івацэвіцкага раёна немцы бязлітасна вынішчалі лясы і вывозілі драўніну ў Германію. Вельмі пацярпелі векавыя лясы Белавежскай пушчы. Усе пакінутыя бежанцамі маёнткі і асобныя гаспадаркі аб’яўляліся ўласнасцю Германіі. Сялянам строга вызначалася, колькі зямлі можна апрацоўваць, якую жывёлу вырошчваць і ў якой колькасці. Насельніцтва пад наглядам вайскоўцаў і паліцыі павінна было бясплатна выконваць усе работы для патрэб нямецкай арміі, церпячы пры гэтым здзекі, пабоі, сапраўдны тэрор акупацыйных улад. У валасных цэнтрах былі створаны нямецкія камендатуры, а камендант быў паўнапраўным гаспадаром воласці. Ён выдаваў загады на выкананне работ, розныя пастаўкі для патрэб нямецкай арміі, распараджаўся зямлёй, а нярэдка і жыццём сялян. Без дазволу мясцовых улад забараняўся збор ураджаю, лоўля рыбы, высечка лесу. Усе акупаваныя ў 1915 г. землі іменаваліся «нямецкай воласцю» [5, с.69; 7, с.78; 8, с.209; 10, c.167; 12, с.50].

Такім чынам, абагульненне матэрыялаў аб Першай сусветнай вайне, змешчаных у кнігах «Памяць» большасці раёнаў Брэсцкай вобласці, дае магчымасць уявіць памеры той трагедыі, якая напаткала жыхароў Брэстчыны ў 1914–1918гг. Каштоўнасць інфармацыі аб тых падзеях узмацняецца наяўнасцю ў выданнях па гарадах Брэст, Пінск, Баранавічы, Брэсцкім, Кобрынскім, Лунінецкім, Пінскім раёнах дакументальных сведчанняў: загадаў, службовых рапартаў, данясенняў, а таксама асабістай перапіскі і ўспамінаў.

Крыварот А.А

По материалам конференции: «Военно-историческое наследие Первой мировой войны в Республике Беларусь и Российской Федерации: проблемы изучения, сохранения и использования», Гродно, 2014

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Першая сусветная вайна прынесла Беларусі вялікія людскія страты і разбурэнне гаспадаркі. Насельніцтва моцна пакутавала ад шматлікіх рэквізіцый, марадзёрства, прымусовых работ і эвакуацыі, ваенных і дзяржаўных павіннасцей. Беларускія землі больш чым два гады бы...
Вялікая Айчынная вайна савецкага народа 1941 – 1945 гадоў, уключаючы беларускі народ, была вызваленчай барацьбой супраць фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і саўдзельнікаў. Яна складае арганічную і самую гераічную старонку Другой сусветнай вайны, якая пачалася 1...
Дакументы па гісторыі гарадоў Беларуі з’яўляюцца, бадай, адной з самых вывучаных і ўведзеных у навуковае абарачэнне частак кніг Метрыкі ВКЛ увогуле і кніг запісаў за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы ў прыватнасці. Аднак, не гледзячы на наяўныя спробы выкар...