Категории

«Новая зямля» і матыў беларускага шляху

15 минут на чтение

Першыя пакаленні чытачоў і навукоўцаў сабралі з «Новай зямлі» шчодры «ўраджай» самых непасрэдных уражанняў, уражанняў пазнавальных, і цераз гэтую пазнавальнасць надта блізкіх. Паверхня твора акаймавалася ўстойлівай і ганаровай характарыстыкай, калі і сама ацэнка, выкрышталізаваная літаратуразнаўчым досведам, стала неўзабаве найбольш распаўсюджанай цытатай – перафразам «Новай зямлі» як «энцыклапедыі жыцця беларускага сялянства». Ледзь не паўстагоддзя таму, калі яшчэ надта ўстойліва трымаўся стэрэатып уяўленняў пра паэму як «эпас рэвалюцыі» (Ю. Пшыркоў), Алег Лойка, заглянуўшы пад вокладку «энцыклапедыі», здолеў разгледзець там і яшчэ нешта – «вытокі», «веліч», «хараство» беларускага мастацкага слова. Аднак, можа быць, адным з самых якасных вопытаў элітнага прачытання твора, найбольш адэкватных магчымасцям сучаснай эстэтычнай рэцэпцыі універсаліяў вобразнай памяці, стаўся артыкул А. Адамовіча «Паэтычнае вярхоўе беларускай прозы», дзе даследчык  актуалізаваў адну з самых глыбінных каштоўнасцяў твора: у «Новай зямлі» ён убачыў раўнапраўную функцыянальную замену казкавага эпасу як шматслойнага сведчання пра этнас. Поруч і нароўні з сусветнавядомымі «Шахнамэ», «Калевалай», «Манасам», «Алпамысам», «Віцязем у тыгравай шкуры» і да т. п. Як да вялікаснага эстэтычнага феномену – нацыянальнага эпасу ў вершаванай форме – і трэба адносіцца да «Новай зямлі». Усеабдымная народная спадчыннасць, закадаваная мастацкім словам Я. Коласа, паступова і неўпрыкмет раскрывае схаваныя прароцтвы і тайнапіс нацыянальна-духоўнага стану – праз прачытанне універсалій вобразнай памяці няўхільна адбываецца пакарэнне літаратурай эмпірычнага часу. Пракрэсліла ж рука паэта загадку-метафару, якую, па ўсім відаць, варта разглядаць як шыфравальны ключ да глыбінных падтэкстаў паэмы: «і на нявідныя скрыжалі / Трох неажыццеўленых слоў / Пісалі надпісы вякоў...»

Пісалі вякі – гэта праўда. І выпісалі яны дзеі ярка фактурных мастацкіх характараў. Але вось што гэта за «тры словы», на скрыжалях якіх распісваліся вякі? І чаму яны – «неажыццеўленыя»? Што было для Я. Коласа «неажыццеўленым» падчас завяршэння паэмы? Якое Слова не прамовілася яшчэ тады і які шлях мог бачыцца да яго агучвання-ажыццяўлення? Было гэта трыадзінае слова Вялікай французскай рэвалюцыі (братэрства, роўнасць і свабода) ці – у яго кантэксце – пастаўленае пытанне пра волю зямелькі сярод Сусвету, на якой жыве не раскіданая пакуль што гісторыяй леснікова сям’я? Так узнікла задума прыгледзецца хоць у першым набліжэнні да тэмы беларускага шляху ў гэтай, здавалася б, такой простай і разам з тым загадкавай бессмяротнай паэме.

Найменей дзве прычыны з’яўляюцца вытокавымі для такой пастаноўкі пытання.

Першая – драматызм «гістарычнага перавалу», на якім апынулася Беларусь падчас напісання твора. Атмасфера, у якой стваралася «Новая зямля», была надта спецыфічнай і надта унікальнай. Ва ўсёй гісторыі сусветнай літаратуры, напэўна, цяжка знайсці нешта прыблізна падобнае, каб аблічча твора фармавалі прынамсі ажно тры ўласнабіяграфічныя часавыя цэнтры, роўнавялікія цэлым тром жыццёвым эпохам, прычым рознаскіраваным у сваёй гуманістычнай каштоўнасці. А менавіта: турма як сімвал здзеку і паняволенага жыцця; час Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, што ператварыў беларускі народ у распыленую па свеце і раствораную ў ім супольнасць, якая і супольнасцю сябе не пачувае; першыя гады савецкай улады, якая абяцала шмат, але гэтым абяцанням, трэба думаць, Я. Колас не надта верыў (чым жа іншым, як не гэтым, можна патлумачыць радкі з «Сымона-музыкі»: «Каб у віры той ашукі / Зніклі нашы ўсе сляды...»).

Гэткая асабістая перажытасць драматычнасці рэальнага гістарычнага часу не адгукнуцца ў схронах паэтычнай структуры «Новай зямлі» не магла. Наогул жа, і творчая гісторыя, і той вялікі прамежак часу, які выдаткаваў Я.Колас на напісанне паэмы, і глыбіннейшыя роздумы над лёсам роднае зямлі, якую ён марыў бачыць абноўленай, а то і новай зусім (невыпадкова ў тэксце шматкроць падкрэсліваецца, што цяперашні мілы і родны паэтаваму сэрцу край – гэта «край адвечнай мукі»), красамоўна ілюструюць, што захопленае мілаванне Наднямоннем і паэтызацыя побыту сялянства, якая супрацьстаяла б шматактыўнаму тэзісу пра славуты «ідыятызм вясковага жыцця», неўпрыкмет, але няўхільна раствараецца ў больш моцным і значным матыве: у гэтым раз’ятраным часе распылення Беларусі на кавалачкі, на пылінкі чалавечых лёсаў – убачыць мару-ілюзію новага этнічнага ўладкавання. Бо так дзіўна скроены паэмны мастацкі час, што цяперашнасць героямі не пражываецца. Яна для іх прапускаецца і застаецца ў паэме толькі алегарычнымі разважаннямі аўтара. Пражываецца ўчора як нястомнае чаканне заўтрашняга дня – будучыні. Зямлю купяць – заўтра, зажывуць – заўтра, наладзяць гаспадарку – заўтра, а сёння толькі «пярэбары» і «пажары», сёння толькі «жывуць, цярпліва долю смычуць / І крыж нясуць мужычы ціха, / Дабра не бачачы з-за ліха». На сённяшняе і нават на прывіднае заўтра «нема кніга часу»: яна ні на што не спяшаецца даць адказ. Значыць, аўтарскае перакананне ў тым, што нельга

Назад ход часаў павярнуць

І дзіркі палкамі заткнуць

І перарваць жывыя звенні,

Якіх вякі не перарвалі

У гістарычным перавале [103].

 

грунтуецца на нейкім больш фундаментальным панятку, чым жыццё лесніковай пасады. Хаця і на ім таксама, як на першасным вобразна-матыўным пасыле.

Вось тут мы сутыкаемся з другой пасылкай, якая вымушае шукаць увасобленую ў «Новай зямлі» мастацкую ідэю беларускага шляху. Яна вынікае з чыста літаратурных назіранняў над творчасцю Я. Коласа.

Яшчэ ў 1917 годзе «Вольная Беларусь» змясціла Коласаў драматычны абразок «На дарозе жыцця». З розных прычын гэты невялікі па аб’ёме твор аказваўся абыдзеным належнай увагай даследчыкаў10. А між тым алегорыя, закладзеная ў першыя ж радкі аўтарскіх уводных рэмарак, прымушае бачыць ці не своеасаблівы – рэмаркавы – канспект паэтычнага рашэння заключных акордаў «Новай зямлі». Парадаксальна гэта, калі зачын аднаго твора знайшоў сваё іншабыццё ў фінале другога. Супаставім:

«На дарозе жыцця»: «Шырокі шлях. Дарогі і сцежкі распаўзаюцца ва ўсе бакі. Пасярод дарогі стаіць стары сагнуты крыж (...)»11.

«Новая зямля»:        А ў полі, полі

Пры дарожцы

Пахіліўся крыж

Над магілаю.

Беглі сцежачкі

У свет шырокенькі... [280]

Як бачым, у параўнанні з драматычным абразком у паэме змянілася не многае. На шляху, абраным Міхалам, Колас таксама ставіць крыж стылізацыяй пад народную песню. Толькі ў адным выпадку крыж (у абразку) – «сагнуты», у другім (у паэме) – «пахіліўся». У паэтычным творы такая «праўка», вядома ж, і ў стылістычным, і ў семантычным плане мае больш змястоўную адпаведнасць і выразнасць. А сам шлях з «шырокага» замяніўся на «прасторны», што таксама знамянуе відавочны зрух мастацка-вобразнай семантыкі гісторыка-сацыяльнага развіцця Беларусі ў бок семантыкі нацыянальнага самаазначэння.

Парадаксальнасць супастаўлення падштурхоўвае да высновы аб тым, што тэма шляху была ў пэўнай ступені анталагічнай для Я. Коласа. Вякова-анталагічная памяць вяла паэта і да хаціны Міхала і Антося. На яе, на вякова-анталагічную ўласцівасць памяці, не раз укажа аўтар: «Таемны вы, зямлі скрыжалі», «Цямны вам лёсы чалавечы».

Гісторыя не як канкрэтна-сацыяльны момант, а як эстэтычны аб’ект, гэта значыць такі аб’ект, які «разліты» па ўсім тэксце і праступае не толькі праз канкрэтыку дэталізуючага слоя, а прасвечваецца скрозь усю вобразную тканку – такая гісторыя выступае суаўтарам асноўных канцэптуальных рашэнняў. Калі ў наступным лірычным адступленні:

Эй, божы люд! Якая сіла

Цябе віхурамі круціла?

Куды ты йдзеш, чаго шукаеш?

Які ты ў сэрцы смутак маеш?

Куды вядзе твая дарога? [249]

                                 

праз прамы аўтарскі зварот да «божага люду» праступае сацыяльнасць, ставячы свае рытарычныя пытанні надзённасці, то ў Антосевым летуценні пра яшчэ не выкупленую зямлю сацыяльнасць афарбоўваецца мрояй будучыні:

Эх, брат Міхась, была б то ўласнасць –

Зямля ўся гэта, сенажаці!..

Чаго б жадаць тут болей, браце?

І лес, і пашня, неба яснасць,

І чысты дух, і рэчка Нёман,

Куток павабны тут захован [107].

Сапраўды, калі б гаворка вялася толькі пра сваю ўласнасць, то чаго б яшчэ жадаць душы селяніна. Але, аказваецца, ёсць яшчэ нешта большае, Коласам прамоўленае з хітрынкай непрамога метанімічнага казання. Пра «неба яснасць», «чысты дух» і вабнасць цэлага краю, сімвалам якога з’яўляецца «рэчка Нёман», мысліць відавочна не адзін літаратурны герой. У яго лексіконе гэта было б занадта «чужым словам». Мысліць тут яшчэ адзін не названы персанаж – летуцее гісторыя як неперсаніфікаваная ні ў кім непасрэдна, але праз усё праступальная і ўсім падсветленая свядомасць народа з вялікай дзяржаўнай памяццю: калісьці «яснасць», «чысты дух», «цэлы край» былі атрыбутамі не адчужанай беларускай дзяржавы.

Лічым гэты момант – момант ва ўсім растворанай і ўсім эстэтызаванай гісторыі – падкрэсліць неабходным асабліва з тае прычыны, што і сама тэма шляху ў «Новай зямлі» была не проста тэмай сялянскага шляху – яна замыслялася, гістарызавалася і эстэтызавалася як тэма шляху беларускага чалавека наогул. І не таму толькі, што Міхала цяжка назваць проста селянінам (у сялянстве, як і ў Мікалаеўшчыне, яму «цесна», «тлумна»), але яшчэ і таму, што Якуб Колас сам пастаянна карэктуе сацыяльныя парыванні герояў гісторыка-нацыянальнымі абставінамі іх дзеяў. Лінейны аспект сацыяльнай гісторыі ў творы і вертыкальны – эстэтызаванай – складаюць той жа самы, вышэйакрэслены жэст крыжа, на які і ўзнесены беларускі край як «край пакуты» і як «край адвечнай мукі». Праз дыялог аўтара і гісторыі адбываецца значнае пашырэнне семантыкі кола Міхалавых шуканняў не толькі ў прасторы, але і ў часе. Так, матыў падарожны як светлазарны матыў «вольных дарог» агучаны ўпершыню якраз у самым што ні на ёсць «матэрыяльным», «гаспадарскім» раздзеле паэмы «Падгляд пчол»:

Чаго ж у жыцці не хапае?

Дзе гэта сіла, дзе моц тая,

Што перашкод сабе не мае

І ставіць зразу ўсіх на ногі,

Вядзе на вольныя дарогі

І свет прасторны адчыняе [108].

Так – шырока і аб’ёмна – мысляць два чалавекі, сямейнікі: Міхал і Антось. І не надта ўжо сляпое гэта мысленне. Здаецца, мы неправамерна звужаем магчымы маштаб паэмнага ўдумвання ў рэчаіснасць, даводзячы, што Міхалава прага «прыдбаць свой кут» была народжана жаданнем «з панскіх выпутацца пут». Якуб Колас выдатна адчуваў відавочную часавую здоўжанасць і невырашальнасць асноўнага пытання, якім так пякельна пакутуе герой. Як і тое, што так сфармуляванага пытання  замала для эпічнага размаху яго паэмы. Асноўнае пытанне гучыць у вуснах Коласа некалькі іначай, не так, як у звыкла зацытаваным двухрадкоўі. Давайце ж прыслухаемся да яго ва ўсім поўнагалоссі аўтарскага сэнсу і інтанацыі:

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца  пут,

І там зажыць сабе нанова:

Свая зямля – вось што аснова [64].

Нават з сінтаксічнай будовы сказа вынікае, што радок «каб з панскіх выпутацца  пут», на які звыкла ўскладваецца семантычны цяжар Міхалавай думкі, знаходзіцца ў рэдукаванай, паясняльнай (даданы акалічнасці) пазіцыі ў адносінах да таго, што думаў і над чым летуцеў паэт. Асноўны семантычны шкілет сказа  – у прыведзенай цытаце вылучаны тлустым курсівам – іншы. Інтанацыйна сказ ажно спружыніць яраснай зразумеласцю выказвання. Пераклічка паэтычных галасоў (тое, што ў сучасным літаратуразнаўстве мы называем паэтычнай рэмінісцэнцыяй) двух шэдэўраў, разведзеных у часе, Я. Коласа і А. Міцкевіча, зарэтушоўвае сацыяльны кліч вызвалення ад панскіх пут, ажыўляючы універсаліяй вобразнай памяці інакшае значэнне «кута», абессмярочанае ў «Пане Тадэвушы»: Айчызна мая – «вось што аснова». І гэтая глыбінная матывацыя паэтычнай страсці, яркі, а па сутнасці галоўны лейтматыў твора праб’ецца напаверхню прамым тэкстам («Зямля – аснова ўсёй Айчыне») нашмат пазней, пад самае завяршэнне паэмы, калі ўжо ўвесь назапашаны яе матэрыял і змест не ў сілах стрымліваць на сабе груз і цяжар матываў паверхнева-абводных.

У Коласа так скрозь – як у паэме, так і ва ўсёй творчасці – далікатна-інтэлектуальнае адцемліванне нацыянальнай ідэі. У адных выпадках прамое ўказанне, што няўхільны рух праз гісторыю зарос «не чаратом, не лебядою / А беларускаю бядою». У другіх – як нечаканая тэкстуальная падказка:

Ты, круг жыцця, і ўнутры скован

 І толькі шкода: абмяжован

Врожым поясам спавіты,

Сатканы злыднямі ў тры ніты,

З прыбітай цёмнаю пячаццю,

Як падзалежнае закляцце [237].

Іншым разам – гэта анаграмная алюзія-намёк:

Я знаю: скончыцца дарога,

Бо ноч нябыту, ноч-аблога

Сачыць наш час ад дня раджэння

Сляпымі зрэнкамі зацьмення… [237]                               

дзе на падказку працуе не толькі займеннік «наш», але і гукавое прачытанне «ад дня раджэння» як «адраджэнне», якое сваёй магутнай хваляй зніме з «ночы нябыту» «дух закляцця, дух праклёну».

І нават ёсць момант алюзіі на этнічна-колеравую палітру твора. З усяго мнагацвецця жыцця Колас палічыў магчымым вылучыць па-мастацку толькі дзве колеравыя дамінанты – чырвоны і белы. Вунь колькі такога вылучэння этнічна-гістарычных колераў у адным толькі раздзеле «Летнім часам»: «Ідуць грабцы, жанкі, дзяўчата, / Убраны хораша, бы ў свята: / Чырвоны колер, белы – усякі, / Бы ў агародзе тыя макі...» [212]; бела-ружовыя «шаты хмар» [213]; дождж «павіс абрусам густа-белым» [213]; «чырвань-ззянне» дзянніцы і выспеленае «жытцо», якое «падходзіць, пабялела» [215]; жнейкаў «кофты белы» [216]; «І толькі сонцаў круг чырвоны» [220]. Мноствам адценняў насычаны сялянскі будзень – «празрысты», «праменна-светлы», «свяжуткі», «чысценькі», «залаты», – але ўласна «колеравыя» эпітэты прысутнічаюць пераважна два: чырвоны і белы. Ды яшчэ колер «багры».

Зразумела, аднак, што ўсе гэтыя нюансы і адценні даступныя зроку толькі аўтара. Героі іх заўважаць здольныя не заўсёды, а нават часцей за ўсё і не заўважаюць. Іх вялікая гістарычная бяда, на думку Я. Коласа, у тым і палягае, што стэрэаскапічнасці бачання вызвольных шляхоў немагчыма аддаць аніводнаму герою. Ім гэта яшчэ не пад сілу. «На наш погляд, – слушна заўважае В. Жураўлёў, – ружовая мара Міхала аб набыцці зямлі неяк нечакана аддаляецца ад яго (вылучана мной. – І.Ж.) і становіцца марай-ілюзіяй, апрача ўсяго і таму, што свой вялікі практычны і зямны інтарэс ён яшчэ не звязвае і ў дастаткова паглыбленай сувязі не можа, унутрана не падрыхтаваны суаднесці з агульнанароднымі інтарэсамі, якія закранаюць карэнныя інтарэсы гістарычнага і нацыянальнага лёсу Бацькаўшчыны. А гэты надзвычай важны момант мы часта выпускаем з поля зроку»12.

Вялікая і незгасальная праўда «Новай зямлі» на тым і трымаецца: праўда шляху героя і праўда шляху Коласа-мысляра існуюць як у паралельных светах. Яны не перакрыжоўваюцца, яны нават у дні сённяшнім не маюць надзейных падстаў, каб дастаткова знайсці пунктаў узаемнага перакрыжавання. Герою няма ўваходу ў свет Коласа-мысляра, Колас жа якраз наадварот такім ўваходам-выхадам валодае. Яго веданне звышдастатковае, але недаступнае для героя. А гэта толькі і павінна азначаць найпершым чынам, што ў «Новай зямлі» дамінуе не толькі сацыяльная ідэя. У паралельным ёй, Коласавым свеце, касмічна пульсуе і думка нацыянальнага быцця Беларусі, якая вельмі актыўна перажываецца ў творы, але перажываннем сваім звернута не ва ўнутр, да наяўнага паэмнага героя, а ў экстрэмальную прастору будучыні – да, мабыць, не-сучаснага Коласу чытача. І тым самым зазнае вечнае асучасніванне. Паэма створана так, што круг жыцця Міхала завяршаўся, а гэты вялікасны эпічны герой ні з чым анталагічна-быційным так і не зблізіўся настолькі, каб яны займелі магчымасць адно ў адно ўзірацца. Менавіта над такой слепатой, над такой непраходнай мяжою і ля такой «дарожанькі»  Я. Колас ставіць сімвала-паэтычны «крыж». І менавіта  на гэтым моманце зараджаецца і ўзвышаецца вялікая і незгасальная думка-ідэя: не можа быць сацыяльнага вызвалення без вольнасці нацыянальнай! Сацыяльнае і нацыянальнае – «адной скрыпкі дзве струны», як скажа Ганне Сымон-музыка, – змыкаюцца. Але змыкаюцца толькі ў фінале. І толькі ў свядомасці аўтара – ужо не як ідэя, а як ідэал «прасторнага шляху». Ідэал практычна недасяжны ў астранамічным часавым вымярэнні нават зрокаваму ўяўленню Коласа.

Тут мы нечакана сутыкаемся з пэўнай парадаксальнасцю фінальнай мастацкай сітуацыі, створанай у паэме. З аднаго боку, архетыпнае ўяўленне пра семантыку шляху, закладзенае вопытам сусветнай мастацкай думкі, найчасцей звязваецца з матывам праяснення, азарэння, здагадкі. Шлях сваёй матыўнай дамінантай мае ідэю размыкання тупіковай сітуацыі, паколькі гэта – распрамленне прасторы, выпрабаванне характараў, імавернасць сустрэч, несканчонасць, усё, што вядзе да прасвятлення. Дынамічнага руху ў «Новай зямлі» вельмі многа, больш, чым гэта можа падацца першым дакрананнем: пярэбары на новую гаспадарку, сялянскія турботы, бясконцыя кругі службовых вандровак Міхала, частыя выхады за межы лесніковай пасады, «сесіі», агляд зямлі, нарэшце, сакраментальнае: «куды ні трапяць беларусы». Ды й наогул «Новая зямля» пачыналася па творчай задуме з таго, «як дзядзька Антось ездзіў у Вільню і што ён там бачыў». Аўтахтонны, каляндарна-цыклічны часавы матыў наскрозь «абпадзеяны» пошукамі выйсця з нерухомай і застыглай адвечнасці прымітыўнага існавання, што робіць паэмную прастору сэнсава вельмі актыўнай. У гэтым плане нават назва твора ўтрымлівае энергетычны імпульс – вектар-указанне шляху на пошук зямлі «новай». Але з другога боку, уся гэтая актыўнасць знікае, раствараецца, «як парахно». Жаданага азарэння не адбываецца. «Новая» зямля не знойдзена, яна не пабудавана, яна, як няўлоўная fata morgana, растварылася ў смузе няспраўджаных спадзяванняў13. Перадсмяротнае трызненне галоўнага героя («зямля... зямля... / Туды, туды, брат...») вельмі нечаканым чынам адсылае да ідэі, заключанай у ініцыятыўным загалоўкавым вектары-ўказанні: туды – гэта куды? За ўсім раптоўна паўстае не набытая, а страчаная зямля, якая канцэптуальна ўспрымаецца метанімічным абазначэннем Айчыны. Гістарычнае «туды» Міхала не ёсць гістарычнай прышласцю, будучыняй і яго, і сям’і, і яго краю. Яно роўнавялікае гістарычнаму «адтуль» – адкуль ён прыйшоў і куды сваёй смерцю мусіць вярнуцца. Гістарычна недарэчнай нескранутасцю з мінулага ўражвае асноўны сінтэтычны вывад паэмы.

А што ж у мастацкім тут? Самы час зноў варта вярнуцца да драматычнага абразка «На дарозе жыцця». Старая жанчына, якая ў мастацка-вобразнай сістэме Якуба Коласа ў гэтым творы ўвасабляе «доўгае-доўгае блуканне» Беларусі па гістарычных дарогах, кажа: «Сказаў мне бог святы, што тады толькі скончыцца мая дарога пакуты, толькі тады я выйду на прасторную пуціну і пазнаю радасць доўгачаканага спачынку, калі пазбіраю сваіх дзетак» [10, 597]. І гэта таксама парадаксальна: вершаваны раман у форме сямейнай хронікі ў метафізіцы субстанцыянальнай ідэі беларускага шляху, поруч з ідэяй дзяржаўна абноўленай зямлі, станавіў сабой і важнае ўдакладненне: зямля па-сапраўднаму будзе новай у тым разе, калі на ёй запануе і «новая сям’я», вольная – і тым шчаслівая. Падарожны, які сустрэўся на шляху старой жанчыны, расказвае прыпавесць-алегорыю: «І часта, кабетка, мне гэты вольны свет здаваўся астрогам з моцна і шчыльна запёртымі варотамі. Як нявольнікі ў астрозе, гуляючы па двары, падыходзяць да варот, тоўстых, жалезных варот, і чакаюць адтуль звестак з волі і смутнай надзеі, што можа быць будзе такое дзіва, што гэтыя вароты адамкнуць і скажуць ім, нявольнікам: «Вы – вольныя, ідзіце!» – так і людзі на волі стаяць перад пытаннямі жыцця і чакаюць, што іх паклічуць і скажуць: «Вот новы свет вам, новае жыццё – ідзіце, жывіце, пануйце». І дадасць неўзабаве: «У цябе, кабетка, вялікая мэта, дзеля каторай варта жыць» [10, 602].

І гэта ёсць Коласава ўява рэальнасці, Коласава «тут», якая прасвятляе паэтычна сфармуляваную ідэю ў «Новай зямлі»:

Прасторны шлях, калі ж, калі

Ты закрасуеш на зямлі

І злучыш нашы ўсе дарогі? [280]

А пакуль што наўсцяж – сцежачкі, «цёмныя», «вузкія», «крывыя», «астрог» са злавеснымі засовамі «тоўстых, жалезных варот». І  перманентная неабходнасць будавання свайго «роднага кута», які застаецца краем «адвечнай мукі». Міхалаў запавет («...ты адбудуй... ты дай ёй выгляд…») доўжыцца як бы па-надчасавым, Коласам сфармаваным вялікім пытаннем: ці дасць зерне, кінутае не «ў свае ролі», перспектыўны ўзыход, ці стане паміранне Міхала штуршком да новага і якаснага нараджэння ўсіх?

«Новая зямля» – метафара назвы: каб «зямля» стала «новай», абноўленай, штосьці ў «старой» у імя абнаўлення павінна было адысці, памерці. Героі павінны былі, як у казкавым эпасе, прайсці праз своеасаблівую «ініцыяцыю», і смерць Міхала – таксама метафара, цалкам вытрыманая ў рэчышчы матыву шляху, колазвароту быцця як ўмовы нацыянальнага перанараджэння.

І.В. Жук, Д.М. Лебядзевіч, А.М. Петрушкевіч, А.М. Пяткевіч

Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: манагр. /  І.В. Жук [і інш.].; пад рэд. І.В. Жука — Гродна : ГрДУ, 2009.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

У творчасці Янкі Купалы вершаў, якія  толькі ў загалоўку ўтрымліваюць канцэпт шляху ці дарогі, назбіраецца на добрую паэтычную кнігу. Зрэшты, і кніга з назвай матыву таксама ёсць: «Шляхам жыцця». Выбіраючы загалоўкавую фармулёўку для аднаго з лепшых паэтычных ...
Матыў балю, бяседы, ігрышча ў творчасці Алаізы Пашкевіч   З матывам балю, бяседы, ігрышча непасрэдна звязаны арфічныя матывы, якія ў беларускай паэзіі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. прагучалі надзвычай выразна, яскрава. Утварыўся праўдзівы аркестр, што мэтай сва...
Гарадскія паселішчы Беларускага Панямоння ўзніклі і развіваліся ў складаных тапаграфічных умовах. Даследчыкі адзначаюць тэндэнцыю да размяшчэння іх на рачных тэрасах, паміж сухімі і вільготнымі ўчасткамі. Акрамя таго, гарады і мястэчкі знаходзяцца на краях рач...