Категории

Нацыянальныя і рэлігійныя адносіны на часова акупаванай тэрыторыі Беларусі (1941 – 1944 гг.)

18 минут на чтение

Праблемы нацыянальных і рэлігійных адносін вызначаюцца як найбольш складаныя ў грамадска-палітычным жыцці. Яны накладваюць свой адбітак на лёсы цэлых народаў і дзяржаў, іх эканамічнае, палітычнае, культурнае, сацыяльнае развіццё.

У савецкай і нават постсавецкай гістарыяграфіі сцвярджалася, што ў СССР “сацыялістычнае рашэнне нацыянальнага пытання належала да ліку велічайшых заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі, вышэйшых дасягненняў чалавечай цывілізацыі” [9, с. 131]. Прыкладна тое ж гаварылася і аб вырашэнні рэлігійнага пытання.

            Да вайны савецкая дзяржаўная, грамадска-палітычная і ідэалагічная сістэма стварала такія ўмовы, каб не дапусціць у Беларусі праяўлення нацыяналізму ўвогуле. У свядомасці шырокіх народных мас укараняліся ідэі савецкага патрыятызму, інтэрнацыяналізму, непарушнай дружбы народаў, адданасці сацыялістычным ідэалам, гатоўнасці падтрымліваць, адстойваць, абараняць новы грамадскі лад. На фарміраванне гэтых якасцей аказвалі ўплыў значныя поспехі ў эканамічным, грамадска-палітычным, культурным і сацыяльным развіцці Беларусі [ 5, с. 20 – 23].

         Разам з тым, у прадваенныя гады савецкай уладай быў дапушчаны шэраг грубых палітычных памылак у адносінах як да беларусаў, так і іншых нацыянальнасцей. Палітыка беларусізацыі, якая паспяхова ажыццяўлялася ў 1920-я гады, у 1930-я гады была практычна згорнута. Барацьба супраць беларускага нацыяналізму прыняла пачварны характар. Беларуская інтэлігенцыя амаль агульна аб’яўлялася ўдзельніцай нацыяналістычнай (нацдэмаўскай) контррэвалюцыі. Пачалася паласа абсалютна няправільных адносін да беларускай мовы. З мэтай “рашучага выгнання з беларускага правапісу нацыянал-дэмакратычных уплываў і скажэнняў, аблягчэння народным масам вывучэння беларускай пісьменнасці, поўнага падпарадкавання беларускага правапісу задачам выхавання народных мас…” была праведзена, у адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года, рэформа беларускага правапісу. Катастрафічна змяншалася ўдзельная вага і колькасць беларускіх газет (у 1936 г. – 221, у 1940 – 178). У той жа час колькасць рускамоўных газет павялічылася на 51 назву.

З другой паловы 1930-х – пачатку 1940-х гадоў беларуская мова была паступова выцеснена са справаводства і вуснага звароту ў партыйных, дзяржаўных органах і грамадскіх арганізацыях. Так пачалося ігнараванне беларускай мовы, якое пераўтварылася ў выключна важную нацыянальную праблему, якая заявіла аб сабе ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны [5, с. 102 – 105].

         Негатыўны ўплыў на нацыянальныя і рэлігійныя адносіны аказалі праводзімыя ў СССР і БССР рэпрэсіі ў прадваенны перыяд. Яны закранулі прадстаўнікоў розных сацыяльных слаёў, нацыянальнасцей і веравызнанняў [18, s. 44 – 47]. Рэпрэсіўны характар насіла палітыка савецкай улады ў заходніх абласцях БССР у 1939 – 1941 гадах у адносінах да польскага насельніцтва. У выніку чатырох дэпартацый углыб СССР былі вывезены каля 120 тысяч палякаў [18].

         Але ў той час далёка не ўсе ў СССР і БССР маглі ўявіць маштабы рэпрэсій. Мала хто сумняваўся ў справядлівасці пакарання “ворагаў народа”, “фашысцкіх шпіёнаў”, “агентаў польскай, англійскай, японскай разведак” і г. д. Дарэчы сказаць, некаторыя беларускія гісторыкі нават у 1990-я гады апраўдвалі сталінскую рэпрэсіўную палітыку. Так, А.І. Залескі і П.М. Кобрынец у манаграфіі “О национальных отношениях в Советской Белоруссии” пісалі: “Вострая класавая і палітычная барацьба як унутры краіны, так і з яе знешнімі варожымі сіламі вымушалі савецкую дзяржаву зусім абгрунтавана рэпрэсіраваць шпіёнаў, дыверсантаў, не спыніўшых барацьбу супраць Савецкай улады прадстаўнікоў звергнутых рэвалюцыяй эксплуататарскіх класаў, здраднікаў Радзімы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў пасляваеннага антысавецкага бандытызму, ды яшчэ крымінальных элементаў.

         Без уліку усяго гэтага немагчыма, у прыватнасці, разглядаць і дэпартацыі з заходніх раёнаў Беларусі. Побач са шматлікімі нявіннымі ахвярамі (падкрэслена мною. – Э.Я.) аказаліся дэпартаванымі і тыя, хто здзейсніў злачынствы супраць працоўнага народа, супраць яго лепшых сыноў, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыйным руху, хто стаў весці барацьбу супраць прынятай і адобранай працоўнымі Савецкай улады” [ 5, с. 57].

         Адначасова ў 1930-я гады ва ўсходняй частцы Беларусі была амаль поўнасцю знішчана Царква. Тым самым улада груба парушыла гарантаваную Канстытуцыяй СССР і БССР свабоду сумлення і веравызнання. У заходніх абласцях Беларусі ў 1939 – 1941 гадах новая ўлада па шэрагу прычын не здолела нанесці сакрушальнага ўдару па Царкве і рэлігіі, але значна падарвала яе эканамічную і сацыяльную базу.

         Такім чынам, за вонкавай абалонкай “поўнага і канчатковага” вырашэння нацыянальнага і рэлігійнага пытанняў у савецкай краіне былі схаваны шматлікія праблемы ў гэтай сферы, нярэдка балючыя, якія закраналі пачуцці як цэлых народаў, так і соцен тысяч людзей. Не выпадкова, што падчас вайны яны не толькі выявіліся, але і ў шэрагу выпадкаў прывялі да абвастрэння этнаканфесійных адносін і ўзнікнення канфліктаў на акупіраванай тэрыторыі. Іх не маглі не ўлічваць ні кіраўніцтва КП(б)Б, партызанскіх фарміраванняў і падпольных арганізацый, ні акупацыйныя органы ўлады, ні розныя нацыяналістычныя сілы, якія дзейнічалі ў той час.

         На тэрыторыі акупаванай Беларусі міжнацыянальныя і міжрэлігійныя адносіны мелі свае асаблівасці ў цэнтральнай яе частцы (пераважна Генеральная акруга Беларутэнія), заходняй (Брэстчына, Палессе, якія належалі да рэйхскамісарыяту Украіны), усходняй (зона армейскага тылу).

         Пры ўсёй неадназначнасці нацыянальных і рэлігійных адносін у розных частках акупаванай Беларусі на іх аказвалі ўплыў фактары, якія можна класіфіцыраваць наступным чынам: дэфармацыі ў нацыянальнай і рэлігійнай палітыцы савецкай улады; “усходняя палітыка” немцаў і яе рэалізацыя ў розных рэгіёнах БССР; дзейнасць  палітычных і нацыяналістычных груповак, іх сувязь з акупантамі; партызанскі і падпольны рухі; дзейнасць рэлігійных арганізацый (Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла).

         Напад на СССР не быў, па замыслу Гітлера, проста ваеннай аперацыяй. Ён праследаваў мэты, якія вызначаліся бачаннем фюрэра будучага Германіі: знішчыць бальшавізм і разбурыць савецкую дзяржаву, заваяваць жыццёвую прастору для нямецкіх каланістаў. Гэтыя мэты абумоўліваліся перакананнем Гітлера ў спецыфічнай яўрэйскай прыродзе бальшавізму і яго глыбокай нянавісці да ўсіх славянскіх нацый. Адвечны канфлікт паміж Германіяй і славянскім светам рабіў Расію, лічыў Гітлер, пастаяннай крыніцай пагрозы для немцаў. Нарэшце, яго перакананне ў непаўнацэннасці славянскай расы служыла яшчэ адным аргументам за безумоўнае знішчэнне ў Расіі любых форм палітычнай арганізацыі [4, с. 313].

         Альфрэд Розенберг, тэарэтык “усходняй палітыкі” (з 17 ліпеня 1941 года ўзначаліў Міністэрства па ўсходніх справах, якое кіравала акупіраванымі тэрыторыямі на Усходзе), уносіў пэўныя дапаўненні. Ён знаходзіў глыбокія расавыя і культурныя адрозненні паміж народамі СССР і разлічваў на іх незадавальненне праводзімай бальшавікамі палітыкай інтэграцыі нацый у адзіную ўнітарную дзяржаву. Розенберг прапанаваў ізаляваць рускіх на іх “гістарычнай тэрыторыі” ў межах Масковіі, з дапамогай кардона нярускіх нацый (Украіна, Прыбалтыка, Каўказ). Трэці пункт гледжання на “ўсходнюю палітыку” немцаў прадстаўляў генерал Йодль. На думку яе прыхільнікаў, неабходна было аддзяліць савецкую ўладу ад народа і выкарыстаць палітычнае і сацыяльнае незадавальненне насельніцтва, перш за ўсё сялян. Гэтыя тры падыходы да вырашэння праблем “усходніх тэрыторый” нацысты эксперыментавалі пачаргова і непаслядоўна  [4, с. 313].

         Падзеі на франтах вайны, разгортванне партызанскага і падпольнага руху на занятых тэрыторыях застаўлялі мясцовыя акупацыйныя ўлады ўносіць пэўныя, нярэдка істотныя, карэктывы ў рэалізацыю гэтай палітыкі. Пры гэтым нацыянальны і канфесійны фактары адыгрывалі не апошнюю ролю. Іх улік дазваляў немцам іграць на міжнацыянальных і міжканфесійных супярэчнасцях, маніпуліраваць амбіцыямі нацыяналістычна настроеных груповак і іх лідараў, выстаўляць сябе абаронцамі пакрыўджаных народаў, а ў канчатковым выпадку метадычна і мэтанакіравана рэалізаваць ідэі панавання “арыйскай расы” над астатнімі “недачалавекамі”. Ідэалагічныя метады не выключалі тэрору і гвалту, якія былі неад’емнай рысай нямецкай акупацыйнай палітыкі.

         З першых дзён акупацыі нямецкія спецслужбы дакладна вывучалі становішча на захопленых тэрыторыях, паводзіны розных груп насельніцтва, іх адносіны паміж сабой, а таксама да савецкай і нямецкай уладаў. У нямецкіх дакументах, шмат якіх знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, утрымліваюцца цікавыя назіранні і ацэнкі сітуацыі, якая складвалася ў першыя месяцы вайны. Так, у адным з дакументаў адзначаецца: “У занятых усходніх абласцях Беларусі патрэбна бачыць прынцыповую розніцу паміж былымі польскімі і рускімі абласцямі. На тэрыторыі былых польскіх абласцей савецкі рэжым успрымаецца як чужародны, так што за свае два гады гаспадарання ён не мог карэнным чынам змяніць былы парадак жыцця гэтага насельніцтва. Таму нямецкія войскі сустракаліся польскім насельніцтвам як вызваліцелі і нязначнай меншасцю насельніцтва дружалюбна-нейтральна” [16, с. 68, 69].

         На думку нямецкіх аналітыкаў, становішча ў занятых беларускіх абласцях БССР прадстаўляла сабой іншую карціну. “Нацыянальнай беларускай самасвядомасці ў сувязі з русіфікацыяй і камуністычным уплывам, а ў сельскага насельніцтва ў сувязі з прымусовым перасяленнем у калгасы чужых народу элементаў амаль няма, або ёсць толькі ў слабой форме. Перадумовы для выпрацоўкі такой нацыянальнай самасвядомасці ствараюць запатрабаваныя і для старой рускай часткі беларусы, якія як у Мінску, так і ў іншых гарадах ствараюць магістраты” [16, с. 68, 69].

         Спецслужбы Германіі валодалі грунтоўнай інфармацыяй аб гаспадарчым, эканамічным, культурным, грамадска-палітычным, рэлігійным жыцці, гістарычным прошлым, асаблівасцях менталітэту асноўных нацый, якія пражывалі ў Беларусі, – беларусаў, палякаў, яўрэяў, рускіх і інш.

         Спачатку немцы імкнуліся выкарыстаць пралікі ў нацыянальнай і рэлігійнай палітыцы савецкай улады. Са згоды акупацыйных улад у шэрагу гарадоў – Беластоку, Гродне, Навагрудку, Брэсце – стваралася дапаможная грамадзянская адміністрацыя з ліку палякаў і беларусаў, якая дала згоду супрацоўнічаць з немцамі. Але яе функцыі былі абмежаваныя. У хуткім часе  адміністрацыя была разагнана па прычыне таго, што немцы падазравалі, а ў шэрагу выпадкаў раскрылі сувязь членаў адміністрацыі з польскім рухам супраціўлення. Адначасова ў некаторых заходнебеларускіх гарадах узніклі нацыянальныя камітэты – рускі, беларускі, украінскі, літоўскі – якія ў асноўным займаліся культурна-асветніцкай дзейнасцю пад пільным наглядам акупацыйных улад. Паміж камітэтамі ішла барацьба за ўплыў на насельніцтва, мелі месца даносы адны на другіх, абвінавачванні ў прыхільнасці да камуністаў і яўрэяў [16, с. 70].

         У нямецкай акупацыйнай палітыцы можна вылучыць два ўзаемазвязаныя накірункі: тэрор і прапаганду. Апошняя выкарыстоўвалася для таго, каб зрабіць беларускае насельніцтва памагатым захопнікаў.

         З дапамогай плакатаў, газет, лістовак, фільмаў і радыё рабілася спроба замацаваць нацыянал-сацыялістычнае мысленне ў насельніцтва СССР і тым самым раскалоць яго на розныя групоўкі. Беларусы, як сцвярджала нямецкая прапаганда, ацэньваліся “расава вышэй” “славянскіх недачалавекаў”, рускія былі галоўным ворагам, а яўрэі – носьбіты яўрэйска-бальшавісцкай ідэалогіі –  падлягалі безумоўнаму знішчэнню [8, с. 17]. Гэтыя стэрэатыпы не толькі ўкараняліся ў свядомасць людзей, але і выкарыстоўваліся для таго, каб увагнаць клін у міжнацыянальныя адносіны, распаліць канфлікты на нацыянальнай глебе. З другога боку, старанні нямецкай прапаганды былі накіраваны на тое, каб беларускі народ стаў саюзнікам Нямеччыны ў будаўніцтве “Новай Еўропы” [8, с. 21].

         Цікавая ацэнка становішча ў Беларусі і беларускага народа прагучала ў дакладзе генеральнага камісара Вільгельма Кубэ на нарадзе вышэйшага кіраўніцтва генеральнай акругі Беларутэнія 8 красавіка 1943 года. “Беларускі народ не такі, як аб ім распавядаюць у эмігранцкіх колах у Германіі, – гаварыў В. Кубэ. – Вопыт работы аддзела сельскай гаспадаркі, аддзела лясной гаспадаркі і любога іншага дазваляе гаварыць аб тутэйшых жыхарах як аб надзвычай здаровым, моцным сялянскім народзе са здаровай маральнасцю, схільнасцю да сямейнага жыцця, якую не здолелі знішчыць бальшавікі. І ёсць сэнс прыцягваць гэты народ да актыўнага супрацоўніцтва, вызваляць гэты народ ад путаў бальшавізму … Беларусы былі адзіным народам на ўсходніх тэрыторыях, які не праводзіў палітыку, накіраваную супраць Германіі  … Беларусы не мелі ў мінулым дзяржаўнасці, яны пастаянна знаходзіліся пад прыгнётам іншых народаў” [13, с. 104 – 106].

         Далей В. Кубэ адзначыў, што ён выказаў праз рэйхскамісара “Остланда” рэйхскамісару занятых усходніх абласцей прапанову, якая “з палітычнага пункту гледжання мае рашучае рэвалюцыйнае значэнне”. У чым жа заключаліся “рэвалюцыйныя прапановы” В. Кубэ? Вярнуць Беларускую самапомач да выканання задач, якімі займаецца ў Рэйху Нацыянал-сацыялістычная народная дабрачыннасць; стварыць беларускую раду даверу і зрабіць падставай яе існавання ўменне на практыцы ажыццяўляць адміністрацыйныя паўнамоцтвы ў нямецкіх інтарэсах; распаўсюдзіць уплыў на моладзь; уздзейнічаць на беларусаў як народ і накіроўваць іх у палітычных адносінах; праводзіць разумную сялянскую палітыку; у галіне адукацыі, выхавання і культуры не адставаць ад бальшавікоў і г. д. [13, с. 107 – 112].

         З першага прачытання дакумента ствараецца ўражанне, што В. Кубэ выступаў, як гэта і зараз сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, абаронцам інтарэсаў беларускага народа і дбаў аб яго будучыні. На самай справе карэкціраваць сваю ўсходнюю палітыку немцаў прымушала неспрыяльная для іх сітуацыя як на франтах Вялікай Айчыннай вайны, так і ў Беларусі, дзе набіраў размах партызанскі і падпольны рух, а насельніцтва ўсё больш і больш упэўнівалася ў сапраўдных мэтах германскіх акупантаў. Вядома, што ў акрузе Беларутэнія частка беларускай інтэлігенцыі пры падтрымцы генеральнага камісара Вільгельма фон Кубэ праводзіла актыўную дзейнасць па развіццю і прапагандзе беларускай культуры, мовы, школьніцтва, выданню беларускамоўных газет, часопісаў і г. д.

         Нельга адназначна ацаніць намаганні беларускіх дзеячоў па развіццю беларускай культуры ў акрузе Беларутэнія, якіх у савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі акрэслівалі як “калабарантаў”. Безумоўна, адмоўны адбітак накладвае факт супрацоўніцтва іх з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, пры падтрымцы якіх дзейнічалі беларускія школы, навуковыя, культурна-асветныя таварыствы, выдаваліся кнігі, газеты, часопісы і г. д.

         Відаць, актыўная дзейнасць беларускай інтэлігенцыі па развіццю беларускай культуры прымусіла савецкія органы ўлады выправіць некаторыя раней дапушчаныя памылкі.

         У час Вялікай Айчыннай вайны ўзнікла разуменне таго, што ў друкаваных выданнях і па радыё больш лагічна звяртацца да беларускага народа на беларускай мове. Па-беларуску сталі друкавацца тэксты вялікай колькасці лістовак, для засылкі ў тыл ворага друкаваліся на беларускай мове газеты і часопісы. Гэта было разлічана на ўздым нацыянальнай патрыятычнай самасвядомасці беларускага народа. Але, з другога боку, не заўсёды ўлічваўся шматнацыянальны склад партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць такі факт. У 1942 годзе быў падрыхтаваны і разасланы ва ўсе партызанскія фарміраванні тэкст “Прысягі беларускага партызана”, які пачынаўся словамі: “Я, гражданин Союза Советских Социалистических Республик, верный сын героического белорусского народа, присягаю…” Гэты тэкст можна было перакладаць і зачытваць на любой мове. Але ва ўсіх выпадках “сынамі беларускага народа” вымушаны былі называць сябе прыкладна 120 тысяч партызан іншых нацыянальнасцей, сярод якіх было амаль 20 працэнтаў рускіх, каля 4 працэнтаў украінцаў, а ўсяго ў партызанскім руху ў Беларусі ўдзельнічалі прадстаўнікі больш чым 70 нацыянальнасцяў [5, с. 105].

         У сілу таго, што Беларусь займала важнае становішча для тыла ўсяго Усходняга фронту, барацьбе з антынямецкім супраціўленнем тут надавалася першараднае значэнне. Але ўласна нямецкіх сіл для гэтага не было. Таму да аховы камунікацый і тэрыторыі нямецкае ваеннае камандаванне і паліцэйскае кіраўніцтва пачалі прыцягваць дабраахвотныя фарміраванні з ліку  прадстаўнікоў розных народаў СССР, якія сталі стварацца імі са жніўня 1941 года. За весь перыяд вайны на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся дзясяткі розных нацыяналістычных фарміраванняў, у іх ліку: рускія (Руская нацыянальная народная армія (РННА), 1-я Руская нацыянальная брыгада СС (“Дружына”) і Руская вызваленчая народная армія (РОНА, або “Брыгада Камінскага”), а таксама ўкраінскія, літоўскія, латышскія, эстонскія фарміраванні, часці і падраздзяленні так называемых усходніх легіёнаў (усходне-мусульманскі полк СС, туркменскі, азербайджанскі, волжска-татарскі пяхотныя батальёны) [11, с. 49, 50].

         Факт накіравання нацыяналістычных фарміраванняў з розных рэгіёнаў СССР для барацьбы з партызанамі Беларусі выкарыстоўваўся немцамі для дыскрэдытацыі аднаго з важнейшых пастулатаў савецкай прапаганды аб непарушнай дружбе народаў СССР. Варта адзначыць, што пад уплывам работы, якую праводзілі сярод нацыяналістычных фарміраванняў мясцовыя партызаны і падпольшчыкі, нямалая частка іх удзельнікаў пераходзіла на бок народных мсціўцаў [5, с. 131 – 134].

         Партыйныя і савецкія органы не маглі ў той жа час ігнараваць нацыянальныя і рэлігійныя адносіны, якія складваліся міма іх волі. Яны добра ўсведамлялі, што нельга дапусціць расколу грамадства па нацыянальнаму і рэлігійнаму прынцыпам, таму ў сваёй дзейнасці выкрывалі і негатыўна ставіліся да палітыкі нямецкіх акупантаў і іх памагатых – беларускіх нацыяналістаў.

         Адназначна можна сцвярджаць, што лінія савецкіх і партыйных органаў – ад цэнтральных да нізавых – гаркамаў, райкамаў, міжрайкамаў партыі, кіраўніцтва партызанскім рухам – была накіравана на тое, каб не толькі вызваліць акупіраваную тэрыторыю ад ворага, але і захаваць яе цэласнасць і непадзельнасць. Гэта датычыла і заходніх абласцей Беларусі, за якія ішла барацьба паміж Польшчай і СССР, польскімі (акаўскімі) і савецкімі партызанскімі фарміраваннямі. Асабліва востры характар яна набыла пасля разрыву 25 красавіка 1943 года дыпламатычных адносін паміж СССР і польскім эміграцыйным урадам у Лондане ў сувязі з “катынскай справай”.

         Кіраўніцтва СССР узяло курс на радыкальнае ўзмацненне савецкага партызанскага руху на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі. На V Пленуме ЦК КП(б)Б, які адбыўся 26 – 28 лютага 1943 годе ў Маскве, разглядалася пытанне “Аб становішчы і задачах работы партыйных органаў і партыйных арганізацый  у акупіраваных раёнах Беларусі”. Услед за гэтым 22 чэрвеня 1943 года ЦК КП(б)Б прыняў пастанову “Аб мерапрыемствах па дальнейшаму разгортванню партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі” і сакрэтнае пісьмо “Аб ваенна-палітычнай рабоце ў заходніх абласцях БССР”. У гэтых дакументах вызначаліся арганізацыйныя задачы, накіраваныя на пераўтварэнне партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі ва ўсенародны рух. Тут жа сцвярджалася, што ў процілегласць савецкаму партызанскаму руху палякі на гэтых тэрыторыях выконваюць шкодную ролю. Яны занялі варожую ў адносінах да СССР пазіцыю і хочуць адабраць беларускія землі. Толькі для гэтага яны арганізоўваюць партызанскія атрады, сканцэнтроўваюць на тэрыторыях рэзервныя сілы і групы самаабароны, адцягваюць насельніцтва ад барацьбы з немцамі. Сакрэтнае пісьмо ўтрымлівала дэтальную інструкцыю, што прадпрымаць у адносінах да польскіх  фарміраванняў – ад прапагандысцкіх мер да раззбраення і знішчэння.

         У выніку ў заходніх абласцях БССР да зімы 1943 – 1944 гадоў прыбыло 16 буйных партызанскіх фарміраванняў. Іх агульная лічба склала 36 852 чалавекі [10, с. 251 – 253].

         На пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б першы сакратар ЦК, начальнік ЦШПР П.К. Панамарэнка адзначыў: “З пункту гледжання барацьбы, якая прадстаіць з польскімі нацыяналістычнымі арганізацыямі, а яна будзе – пры ўступленні на тэрыторыю Заходняй Беларусі, прычым тут маецца на ўвазе вельмі шырокая барацьба, не выключана магчымасць, а трэба прадбачыць, што польскія падпольныя баявыя арганізацыі для таго каб аслабіць уплыў партызанскіх атрадаў і нашых падпольных камуністычных арганізацый на масы, абавязкова будуць ставіць пад удар нямецкіх акупантаў нашы партызанскія атрады і партыйныя фарміраванні … нам трэба арыентаваць нашы партызанскія атрады і партыйныя арганізацыі на тое, каб усе гэтыя падпольныя арганізацыі, польскія злучэнні, якія ствараюцца, выяўляць і ўсяляк ставіць пад удар нямецкіх акупантаў. Відавочна, прыдзецца паставіць пытанне аб раззбраенні польскіх нацыяналістычных патрыётаў, аб выкрыцці іх як агентаў Сікорскага і здраднікаў польскага народа” [ 8, л. 46, 47].

         Адначасова савецкае кіраўніцтва ўзмацняла арганізацыю барацьбы супраць АК. У студзені 1944 года намеснік наркама НКДБ СССР Б. Кабулаў накіраваў наркамам дзяржбяспекі УССР, БССР і Літоўскай ССР дырэктывы, якія датычылі ліквідацыі польскага падполля. Усе яны ставілі мэтай раскрыццё і арышт удзельнікаў падполля, рашучае падаўленне іх любых спроб узброеных выступленняў [10, с. 253, 254].

         Шматлікія факты сведчаць аб тым, як у выніку “вялікай палітыкі”, якую праводзілі савецкае кіраўніцтва, з аднаго боку, і польскі лонданскі ўрад, з другога, на працягу кароткага тэрміну (вясна – лета 1943 года) адбыўся рэзкі паварот ва ўзаемаадносінах польскіх і савецкіх партызан – ад антыфашысцкай барацьбы да канфрантацыі, якая прывяла да вялікіх чалавечых ахвяр. Так, толькі па Навагрудскай акрузе АК з мая 1943 па ліпень 1944 года адбылося 224 баёў і сутычак паміж польскімі і савецкімі партызанамі. У выніку савецкія партызаны страцілі каля 400 забітых і больш за 120 параненых, а фарміраванні АК – каля 300 забітых і 230 параненых. За супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі акаўцы расстралялі прыкладна 200 – 250 чалавек. У Вілейскай вобласці, згодна з савецкімі дадзенымі, у 1943 годзе акаўцамі было забіта і паранена да 150 савецкіх партызан і каля 100 чалавек прапалі без вестак [10, с. 265,266].

         Характэрнай асаблівасцю акупацыйнага перыяду з’явілася цеснае перапляценне нацыянальных і рэлігійных праблем, у шэрагу выпадкаў іх узаемасувязь і ўзаемаабумоўленасць. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква апынуліся ў гушчы падзей, а іх дзейнасць станавілася фактарам, які аказваў моцны ўплыў не толькі на вернікаў, але і на палітычную сітуацыю. Пры гэтым трэба зазначыць, што пазіцыя каталіцызму была больш моцнай у заходніх абласцях, дзе большасць духавенства была цесна звязана з польскім рухам супраціўлення, затым (з лютага 1942 г.) – з Арміяй Краёвай. У цэнтральнай частцы Беларусі, пераважна ў акрузе Беларутэнія, актыўную дзейнасць разгарнула Праваслаўная Царква.

         Першапачаткова палітыку акупацыйных улад у рэлігійным пытанні можна акрэсліць як лаяльную. Дазвалялася вернікам адчыняць раней закрытыя савецкай уладай касцёлы, цэрквы, праводзіць набажэнствы. Насельніцтву не чынілася перашкод у выкананні рэлігійных абрадаў і практык. Забаранялася атэістычная прапаганда.

         Дакументы сведчаць аб тым, што Царква ў жыцці насельніцтва стала набываць усё большае значэнне. Рэлігія, вера для многіх станавілася амаль адзіным фактарам, які дапамагаў людзям знайсці суцяшэнне і надзеі на выратаванне. Іншы раз насельніцтва ўспрымала абыякава, хто праводзіў багаслужэнне: праваслаўныя, католікі або лютаране. Важным быў факт іх правядзення [16, с. 88, 89].

         Ажыўленне рэлігійнага жыцця ў гэты перыяд даследчыкі акрэсліваюць як “рэлігійнае адраджэнне”. Слушнасць такой ацэнкі пацвярджаецца адкрыццём храмаў, навучаннем дзяцей і падлеткаў рэлігіі, місіянерскай дзейнасцю Праваслаўнай і Каталіцкай Царквы, выданнем рэлігійнай літаратуры, дазволам на продаж культавых прадметаў і г. д. Але, трэба зазначыць, у хуткім часе акупацыйныя органы ўлады паставілі рэлігійнае жыццё пад кантроль. Так, свяшчэннаслужыцелі ўсіх канфесій маглі атрымаць дазвол на правядзенне багаслужэння толькі пры ўмове лаяльных адносін да новай улады. Забаранялася духавенству займацца дабрачыннай дзейнасцю і  ў казаннях закранаць палітычныя праблемы.

         Тым не менш, і Праваслаўная Царква, і Каталіцкі Касцёл не стаялі ў баку ад палітычнага жыцця. У акрузе Беларутэнія група праваслаўнага духавенства і беларускай інтэлігенцыі пры падтрымцы Вільгельма Кубэ праводзіла палітыку расколу Праваслаўнай Царквы – аддзялення яе ад Маскоўскай Патрыярхіі. Такая пазіцыя адпавядала інтарэсам акупацыйных улад па прычыне таго, што Руская Праваслаўная Царква з першых дзён вайны асудзіла фашысцкую агрэсію на СССР і заклікала вернікаў стаць на абарону Айчыны. Скліканы раскольнікамі Усебеларускі царкоўны сабор у Мінску (30 жніўня – 1 верасня 1942 года) не быў падтрыманы большасцю праваслаўных вернікаў. Аўтакефалія Праваслаўнай Царквы ў Беларусі не была абвешчана [12, с. 49, 50].

         Гэты факт атрымаў даволі шырокі рэзананс – як у перыяд вайны, так і пасля яе. Раскольнікі былі перададзены анафеме Маскоўскай Патрыярхіяй. Гэтая падзея сведчыць аб тым, што Праваслаўная Царква з’яўлялася той сілай, якая, нават будучы адкінутай савецкай уладай на ўзбочыну грамадска-палітычнага жыцця, не страціла свайго ўплыву ў грамадстве.

         У больш складанай сітуацыі знаходзіўся Каталіцкі Касцёл. У першую чаргу гэта вызначалася палітыкай як германскага Рэйха ў цэлым, так і мясцовых акупацыйных уладаў у Беларусі. Гітлераўцы лічылі Ватыкан сваім ворагам № 4, таму не жадалі адраджэння каталіцызму на землях, занятых германскімі войскамі. Па-другое, немцы ўгледзелі цесную сувязь Каталіцкага Касцёла і “польскіх паўстанцаў, якія цесна супрацоўнічаюць з каталіцкім Касцёлам”, і адносілі іх, “разам з яўрэямі і партызанамі”, да найбольш “варожых сіл Германіі”. Немцы лічылі, што “польская (рыма-каталіцкая) Царква глядзіць на Беларусь як на каланіяльную тэрыторыю і разгортвае тут сумесна з польскім паўстанцкім рухам палітычную дзейнасць, якая ўсімі сродкамі павінна быць спынена”.

         Нямецкія спецслужбы лічылі, што польскае каталіцкае духавенства з’яўляецца ідэйным натхняльнікам польскага руху супраціўлення. Па гэтай прычыне яны разглядалі дзейнасць Касцёла як палітычную, якая супярэчыць планам германскага Рэйха на Усходзе. Таму не выпадкова, што дзейнасць Касцёла была абмежавана ў большай ступені акупантамі, чым Праваслаўнай Царквы.

         У акрузе Беларутэнія Касцёл выкарыстоўваўся беларускімі дзеячамі дзеля адраджэння беларускай нацыянальнай ідэі, мовы, культуры. Даволі актыўна ішла беларусізацыя Касцёла. Яе найтхняльнікамі былі ксяндзы беларускага паходжання. Сярод іх вылучалася асоба ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Тут праследавалася мэта ізаляваць Касцёл ад польскага ўплыву, гэтак жа як Праваслаўную Царкву – ад маскоўскага. Але гэтым планам не суджана было збыцца. Набліжалася поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

         З аналізу нацыянальных і рэлігійных адносін на акупаванай тэрыторыі савецкі ўрад зрабіў высновы, якія затым сталі састаўной часткай яго ўнутранай палітыкі. Увесь пасляваенны перыяд актыўна прапагандавалася  ідэя аб непарушнай дружбе народаў, інтэрнацыяналізм, савецкі патрыятызм. Асуджалася калабарацыя. У сферы дзяржаўна-рэлігійных адносін праводзілася, з аднаго боку, дыферэнцыраваная палітыка ў дачыненні да Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла. Але гэта не перашкаджала той жа ўладзе рэпрэсіраваць праваслаўнае і каталіцкае духавенства, закрываць цэрквы, касцёлы, абмяжоўваць дзейнасць рэлігійных арганізацый.

Э.С. Ярмусік

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны сталі гісторыяй, але трывала застаюцца ў полі зроку сучасных даследчыкаў. Чым далей адсоўваюцца ад нас падзеі тых гадоў, тым шырэй раскрываюцца іх таямніцы і тым больш аб’ектыўна і ўсебакова павіненправодзіцца іх аналіз. За сем па...
Перыяд Вялікай Айчыннай вайны –  асобы перыяд у гісторыі Беларусі. З 22 чэрвеня 1941 г.  па 28 ліпеня 1944 г.  яе тэрыторыя з’яўлялася зонай германскай акупацыі,  якая мела для рэспублікі катастрафічныя наступствы. Беларускі народ унёс значны ўклад у агульную ...
Інфармацыйны ліст Нацыянальная акадэмія навук Беларусі Інстытут гісторыі НАН Беларусі Запрашаем прыняць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гістарычныя лёсы беларускай савецкай дзяржаўнасці (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Бе...