Категории

Нашаніўцы пра Сяргея Палуяна

8 минут на чтение

Вечны юнак Сяргей Палуян быў самай яркай постаццю між нашаніўскіх творцаў, якую падаравала Беларусі Палессе. Узгадоўваўся ён на Піншчыне. Зямля гэтая «сумная, як доля вечна адзінокага чалавека, пустынная і пекная пакрасай бесканечнай маркотнасьці, маркотнасьці за сонцам, сьвятлом і хараством тых мар, што вечна, як дымка туманоў над удоламі гэтай старонкі, снуюцца ў душах тутэйшага народу» [16, c. 274], – гэтак вобразна, паэтычна ахарактарызаваў родную старонку паэта Вацлаў Ластоўскі. То быў першы водгук «Нашай Нівы» на трагічны сыход Сяргея Палуяна, што не мог не выклікаць у душах тых, хто яго ведаў, вялікага, незагойнага болю.

Гэты артыкул-некралог так і называўся – «Памяці Сяргея Палуяна». Вацлаў Ластоўскі, шчыры прыхільнік таленту маладога паэта, быў адзіным з нашаніўцаў, хто прысутнічаў на пахаванні. У Вільні даведаліся пра трагедыю з кароткай тэлеграмы, вырашылі, што паедзе ў Кіеў Вацлаў Ластоўскі.

А мінула ўсяго некалькі месяцаў, як Сяргей Палуян пакінуў Вільню. Як падаецца, нельга катэгарычна сцвярджаць, што «верхнепалатнікі» (аўтары прадмовы да «Лістоў з будучыні» выкарыстоўваюць недарэчную і ў гэтым кантэксце абразлівую назву, кінутую Сяргеем Палуянам, перанесеную ў савецкае літаратуразнаўства з вульгарызатарскімі, ідэалагічнымі мэтамі) «нават іранізавалі з гэтага (нідзе не дзенецца, вернецца!), змясціўшы ў «Паштовай скрынцы» газеты адкрыты адказ на запытанне Цішкі Гартнага: «...Адзін ізноў у Кіеве» [14, с. 17]. Адкуль бачна іронія? Сціслае, канкрэтнае паведамленне. Пры іншым падыходзе можна прачытаць і гэтак: «Нашаніўцы ў скрусе: «Адзін ізноў у Кіеве». Адзінокі, без падтрымкі, як яму там?..»

Артыкул Вацлава Ластоўскага надзвычай прачулы, эмацыянальны. Аўтар не хавае свайго болю. І разам з тым  глыбокі, аналітычны: шукае, даследуе прычыны трагедыі. Найперш яны глыбокія, спадчынныя, бо Сяргей Палуян – нашчадак «слаўных Лесаўшчыкоў – Брагінскіх і Пінскіх казакаў, каторыя ў трудныя моманты шэрай гісторыі нашага краю браліся за аружжа і, пераможаныя сілай, не паддаваліся, але палілі сябе цьвёрдай рукою ў кастрышчах сваіх хат» [16, с. 274]. З іншага боку – смутак і маркотнасць гэтай зямлі, што вялі да меланхоліі лепшых сыноў. Гэтак Вацлаў Ластоўскі вызначае тыя два пачаткі, дзве душы, што змагаліся ў адной асобе, кіпелі і бурлілі, шукалі выйсця, вялі да трагедыі. Крыху пазней Максім Гарэцкі ў сваёй творчасці глыбока даследуе гэтую з’яву – раздваенне душы беларуса. А малады філосаф беларус Ігнат Канчэўскі напіша свой знакаміты трактат «Адвечным шляхам» і гэтак жа трагічна і ў гэткім жа веку, як і Сяргей Палуян, пойдзе з жыцця.

Высокія мары, вялікія высілкі дзеля іх здзяйснення і ніякіх магчымасцяў іх рэалізаваць; шырокая, адкрытая да свету  і людзей душа  і неразуменне, пакінутасць, адзінота. Вось і ўтварылася тое зачараванае кола, з якога выйсце – толькі нябыт.

Вацлаў Ластоўскі змяшчае тут жа ліст Сяргея Палуяна да ягонага сябра-ўкраінца. Апошні, развітальны ліст. Лаканічны, урыўкавы. Але змяшчае ў сабе надзвычай многа: прызнанне ў вялікай любові да жыцця: «Я так люблю жыцьцё, сьветласьць і красу...»; разуменне сваёй асуджанасці, безвыходнасці: «...Ды не на маю долю выпала гэта»; неадпаведнасць ідэальнага і рэальнага: «У марах жыццё – Казка, а спраўдзі – гніцьцё раба і вечная незабяспечанасьць»; бясконцасць адзіноты: «Век сам. Я нікога не меў блізкага»; вельмі сціплая, заніжаная ацэнка зробленага: «Багата я думаў зрабіць, ды не зрабіў нічога»; шкадаванне і наканаванасць: «Шкода паміраць так марна, але трэба».

Ужо ў наступным, дзевятнаццатым, нумары Вацлаў Ластоўскі змяшчае мініяцюру «Мары» з прысвячэннем «Памяці С. Палуяна». Уваскрашае мары адляцеўшага паэта. Супрацьпастаўляе бясконцую вечную прыгажосць паднебных высяў, прастор, вольнасць і тую бяздольнасць і маркотнасць, што снуецца ўнізе: трухлявыя вёскі, «як гнойныя раны гарады – прытулак нядолі, раскошы і нечысьці ўсякай» [16, с. 294]. Але самае страшнае – духоўнае рабства, «рабства ў крыві і касьцях». І чалавек, што народжаны быць вольным, прагне вырвацца, каб не загубіць сваю вольную душу: «Гэй, далей і далей да вышы бязьмернай кіруйся сьцежкай заломнай!» [16, с. 295]. Бы ў антычным міфе пра Праметэя, узнікае вобраз арла – птушкі вольнай, якую герой прагне напаіць сваёй крывёю: «Пій, вольны птаху, кроў з-пад сэрца! Рві вострымі кіпцямі грудзі мае!». Відаць, воблік Сяргея Палуяна не пераставаў трывожыць душу Вацлава Ластоўскага. Таму ў дваццатым нумары пісьменнік змяшчае працяг імпрэсіі «Мары», дзе свядомасць лірычнага героя вядзе праз восеньскае свята вольнага звера – Узвіжанне, у халодную пару, у якой валадарыць ночка з зімой. Дзікі, бязладны рух, напоўнены страхам, ператвараецца ўрэшце ў пустату, холад аж да поўнага самазабыцця, самазнішчэння. А ў нумары дваццаць другім – трэцяя частка імпрэсіі, дзе аўтар разважае пра жыццё і смерць, пра волю спрадвечнага Кону.

Як вядома, менавіта Вацлаву Ластоўскаму належыць прысвячэнне ў найпрыгажэйшай з кнігаў беларускай паэзіі «Вянку» – «Вянок на магілу Сяргея Палуяна», за што Максім Багдановіч быў удзячны свайму рэдактару.

Максім Багдановіч і Сяргей Палуян – адна з цікавых старонак нашаніўскай літаратурнай гісторыі ў асобах. Агульнавядома пра іх узаемную прыязнасць. Гэта былі два вялікія маладыя таленты, паяднаныя адным імкненнем – служыць Адраджэнню свайго Краю, нараджэнню новай беларускай літаратуры, вартай стаць поруч з літаратурамі еўрапейскімі.

Менавіта Сяргей Палуян, з’явіўшыся ў рэдакцыі «Нашай Нівы», «рэабілітаваў» вершы Максіма Багдановіча, вярнуўшы іх з архіву. У спадчыне Максіма Багдановіча тры вершы, прысвечаныя Сяргею Палуяну: трыялет, змешчаны на зваротным баку фотаздымка, «Я, нядужы, бяскрыдлы паэт...», трыялет «С. Палуяну», верш «С.Е. Палуяну». Напісаны ў 1909 годзе, пры жыцці паэта, апошні з пералічаных твораў успрымаецца як прароцтва. Жыццё паэта нагадвае яркі след зоркі, што сваім ззяннем асвятляе начное неба. Гэтак жа яркім ёсць шлях творцы:

Так свабодна, так ярка пражыць –

Лепшай долі няма на зямлі.

Усё кругом на мамэнт асвяціць

І пагаснуць у цёмнай імглі [1, с. 104].

Ці не гэты верш гучаў для Сяргея Палуяна рэквіемам у тыя ягоныя апошнія хвіліны, калі рыхтаваўся да сыходу, калі пісаў развітальны ліст? Бо і ў лісце – жыццё як краса і светласць, і ў вершы – гэтак жа: «Светлы ж след будзе вечна жывым». Мо гэтая вера – светлы след... – дадала яму сілаў сысці.

І ўжо пішучы апошні трыялет «С.Палуяну» М.Багдановіч ізноў уваскрашае багдановічаўскія-палуянаўскія вобразы: «Красу, і светласць, і прастор // шукаў...» Галоўнай прычынай трагедыі Максім Багдановіч лічыў адзіноту, бо добра ведаў, што гэта такое: сам усё жыццё быў адзінокім. Пісаў і пра сябе таксама, і сваю долю прадказаў:

Ты быў, як месяц, адзінокі:

Самотна жыў, самотна ўмёр.

Хоць свет і людны, і шырокі, –

Ты быў, як месяц, адзінокі [1, с. 260].

У знакамітым артыкуле «Глыбы і слаі» таксама згадваецца імя Сяргея Палуяна, тая вялікая драма нашай літаратуры. Максім Багдановіч падкрэслівае нерэалізаванасць таленту творцы: «...Якая любоў да Беларусі таілася ў яго сэрцы, які шырокі, мнагабачны талент загінуў з яго смерцю...» [17, с. 192].

Янка Купала, які ў тым часе жыў у Пецярбургу, напісаў паэму «Курган», у якой узвышае вобраз мастака, чыя творчасць, «песня-дума» падуладны толькі Небу. Прысвячае яе Сяргею Палуяну. На жаль, прысвячэнне не пазначана ні ў падручніках, ні ў выданнях кнігаў народнага паэта. Верш Купалы «Памяці С. Палуяна» гучыць як суровае асуджэнне тых грамадскіх з’яваў: упадку, духоўнай слепаты, паніжэння, цемры, што губяць маладыя сілы. Адметнасць таленту, незвычайнае бачанне жыцця, глыбокае разуменне літаратуры азначае Янка Купала ў асобе творцы:

Так мала жыў, а столькі ўжо рабіў надзей

Сваім паглядам нештодзённым! [18, с. 129]

У імпрэсіі «Раны» Ядвігін Ш. выкарыстаў прыём градацыі. Нагнятанне пачуццяў, болю, які даводзіць да апошняй, крайняй мяжы. Дасканалая трохпункцірная, трохвектарная кампазіцыя, дзе строга сіметрычна размешчаны асобныя радкі, вылучаецца строгасцю, завершанасцю, адшліфаванасцю. Рана ад страты маладога паэта, зразумела, самая вялікая:

Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя — заўсёды крывавяцца. Большыя – залечвае толькі... смерць.

Гэтак на душы [19, с. 33].

Шчырае сяброўства звязвала Сяргея Палуяна з Цішкам Гартным. Відаць, няпростымі былі стасункі між імі, пра што сведчыць «Апошні ліст С. Палуяну», які ўспрымаецца як шчырая споведзь перад сябрам, адначасна і як адказ на той развітальны ліст, бо адрасаваны ж ён быў не проста аднаму сябру-ўкраінцу, а ўсім сябрам. То быў ліст у будучыню. Гэтак успрымаюцца і ўсе ягоныя творы. Асабліва – верш у прозе «Хрыстос уваскрос!», пра які згадвае Цішка Гартны: «Пад вясёлыя радасныя клікі велікоднага звону, пад мяккі і палкі яго напеў я чытаў апошняе прашчальнае слова нам, беларусам, і нашай зямлі – Радзіме Беларусі Сяргея Палуяна. Гарачае сэрца і глыбокая душа маладога шчырага пісьменніка з крыві і болю выкавалі нам сардэчнае павіншаванне, шырокую радасць і глыбокую скаргу» [20, с. 140-141].

Верш Цішкі Гартнага «С. Палуяну» – гэта маналог-развітанне, дзе напоўненыя фальклорнай паэтыкай радкі («Не дала ліхая доля // Штоб хацеў ты мець...») з узнёслымі, рамантычнымі вобразамі: «Ажно скрыдлы тваіх думак // Вецер адсякаў...» [20, с. 140]. Магчыма, не без удзелу Цішкі Гартнага быў напісаны ў «Нашу Ніву» ліст за подпісам «Беларусы з Капыля і Слуцка». Ліст эмацыянальны, паэтычны. Смутная вестка, як сумная хмара, пра смерць Сяргея Палуяна выклікала жаданне яшчэ больш старанна працаваць на той ніве, якую ён засяваў: «Няхай жальба тваёй адзінокай магілы зродзіць у нас гарачае жаданне долі і сьвету, скарэйшага сьвету для нашай роднай маткі Беларусі» [16, с. 333].

З гэтым лістом пераклікаецца развітальны допіс Алеся Гурло, змешчаны ў № 20. Напісаны ў форме звароту да паэта, ліст напоўнены параўнаннямі, метафарамі. Надзвычай вобразны, згадваецца тое ж святло, якога так прагнуў Сяргей Палуян для сябе і свайго Краю: «Ты хацеў адкрыць народу свайму дарогу да сьвету, але не даждаўшыся гэткай залатой пары, зламаўся ты, як кветка ад ветру» [16, с. 317]. Гэтае параўнанне з зламанай кветкай не адзінае ў творах-водгуках. Так, у артыкуле Вацлава Ластоўскага «Памяці Сяргея Палуяна» гэтак апісваецца паэт у дамавіне: «Ляжаў сярод павяўшых кветак, сам як кветка, зламаная ў часе красавання» [16, с. 274]. Максім Багдановіч, які вельмі любіў углядацца ў начное неба, параўнаў Сяргея Палуяна з месяцам і зоркай.

Несправядліва рана абарвалася жыццё гэтага светлана юнака, не зразуметага, не падтрыманага ні роднымі, ні аднадумцамі. Надзелены прыродай шматбаковым талентам, Сяргей Палуян падаваў вялікія надзеі. Пра тое сведчыць напісанае, якое засталося і дайшло да нас. Хоць вельмі многа страцілася, відаць, назаўсёды. 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Сярод шматлікіх лірычных  адступленняў у трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» заўсёды кідалася ў вочы надзвычай кранальнае, як просьба прабачэння ці даравання, якім пачынаецца ХVІІ раздзел апошняй часткі: «Амаль паўвеку прайшло з таго часу, калі мае «валачобнік...
Гарадскія паселішчы на землях усходніх славян з’явіліся ў перыяд развітага сярэднявечча. У беларускай гістарыяграфіі пішацца пра эвалюцыю некаторых вясковых паселішчаў у гарадскія ў перыяд XI – XII ст. Спецыфіка Беларусі, гэтаксама як і іншых краінаў Усходняй ...
Дрэваапрацоўчыя рамёствы – найбольш старажытныя, узніклі на пачатку чалавечай гісторыі разам з вырабам прымітыўных прылад працы. У багатай лесам Беларусі кожную археалагічную эпоху дрэва побач з каменем, косцю, пазней жалезам было найважнейшым матэрыялам для в...