Категории

"Наша Ніва"пра польскую культуру (1908 — 1911 гг.)

11 минут на чтение

Значэнне «Нашай Нівы» ў гісторыі, культуры, літаратуры Беларусі надзвычайнае. Праіснаваўшы ўсяго дзевяць гадоў на пачатку ХХ стагоддзя, гэты перыёдык стаў тым рухавіком, што спрычыніўся літаральна да ўсіх сфераў культурнага жыцця Краю праз усё ўжо прамінулае стагоддзе.

«Гэта газета – адсюль у беларускай гісторыі ўсталявалася назва «нашаніўская пара» – адыграла важнейшую ролю ў руху беларускага адраджэння і спрыяла стварэнню новай беларускай літаратуры» [16, с. 139], – з усяго сказанага пра»Нашу Ніву» многімі знакамітымі дзеячамі гісторыі і культуры нагадваем менавіта словы Аляксандры Бергман – ураджэнкі нашай Гародні, дзяячкі нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, польскага гісторыка, публіцысткі, сыходзячы не толькі ад заяўленай тэмы, але і таму, што польская даследчыца адна з першых падкрэсліла сутнасць «Нашай Нівы» не проста як газеты, перыядычнага выдання, а як цэлай, надзвычай важнай эпохі ў літаратурным, культурным развіцці Краю.

Для беларускага люду гэта газета была сапраўдным акном у свет, але самым галоўным вектарам, як нам падаецца, з’яўляўся той, што быў скіраваны непасрэдна на гэты Край, у гэты час, да гэтага люду, каб адрадзіць яго веру ў сябе, выхаваць пачуццё гонару, каб расказаць, якіх слынных сыноў узгадавала тутэйшая зямля, а яны ў сваю чаргу ўзбагацілі сусветную культуру.

Таму невыпадкова на старонках «Нашай Нівы» для многіх беларусаў адбылося знаёмства з дзеячамі польскай культуры. Пры гэтым зразумела: асаблівая ўвага надавалася тым асобам, чый лёс і творчасць былі непасрэдна звязаны з беларускім Краем.

Знакавым сёння бачыцца і той факт, што першым творам польскай літаратуры, змешчаным на старонках «Нашай Нівы», стала апавяданне Элізы Ажэшкі «Гэдалі» (Наша вялікая зямлячка мела ў сэрцы сваім глыбокую прыхільнасць да беларускага люду, шчырую спагаду да яго няшчасцяў і захапленне працавітасцю, духоўным багаццем. Вартай шанавання была і вялікая любоў пісьменніцы да роднай зямлі, якой яна засталася вернай да апошняга дня.

Апавяданне друкавалася з працягам аж у шасці нумарох (11 – 16). Можна толькі ўявіць, як наш вясковы люд, не надта распешчаны вялікім выбарам культурнай інфармацыі з нецярплівасцю чакаў працягу гэтага, сённяшняй мовай кажучы, цікавага серыялу пра жыццё ў нашым Краі, дзе пазнавальнымі былі тагачасныя тыпы руплівага гаспадара-працаўніка, маладых людзей, чые настроі былі скіраваны да ідэяў дабра, справядлівасці.

У цэнтры твора – вобраз маленькага чалавека, прыніжанага і абражанага, кінутага злым лёсам на дно галечы, у абдымкі хваробаў і няшчасцяў. Ён уражвае не столькі вынослівасцю да бясконцых пакутаў, колькі глыбокай мудрасцю, здольнасцю з падзякай да Творцы прымаць і гэткі свой лёс. Эліза Ажэшка была сапраўднай гуманісткай, што ўмела спагадаць усім людзям, незалежна ад іх нацыянальнасці. Напэўна, і ў душах чытачоў пакуты героя выклікалі пачуццё дабрыні і спагады.

Ізноў жа зразумела, што «Наша Ніва» адгукнулася на трагічную вестку з Гародні ў травені 1910 года. Ужо ў № 20 ад 13 травеня быў апублікаваны прачулы артыкул Вацлава Ластоўскага пра сыход вялікай польскай пісьменніцы. Аўтар адзначае: «Яе смерць – гэта страта ня толькі Польшчы, ня толькі польскага народу, для каторага яна працавала, але і ўсяго культурнага свету: Эліза Ожэшка ў мнагалетняй сваёй працы старалася перш за ўсё шырыць у сваім грамадзянстве ідэалы і думкі агульналюдскія, старалася будзіць міласьць да нешчаслівых і пакрыўджаных жыцьцём, міласць да чалавека» [17, с. 30].

Вацлаў Ластоўскі падкрэслівае еднасць пясняркі з беларускім краем, беларускім людам: «Большая часьць твораў Элізы Ожэшковай, як і сама душа пісьменьніцы, неразрыўна зьвязана з беларускай глебай; у повесьцях Ожэшковай бачым у пекных малюнках абразы нашай старонкі…» [17, с. 308].

Не без болю і наракання  зважае аўтар на тую акалічнасць, што многія ўзгадаваныя гэтай зямлёй творцы аддавалі свой талент іншым народам, культурам. Адвечная несправядлівасць – траціць сваё, лепшае з-за забароненай мовы і страчанай дзяржаўнасці – для Беларусі сталася ўжо наканаваннем: «Праўдзівай бацькаўшчынай Ожэшковай была Беларуская зямля, каторая яе ўзгадавала; з Польшчай – апрача мовы і гістарычных перажыткаў – вялікая пісьменьніца мела мала супольнага. І ўсё-ж такі беларуская фантазія, беларуская казка, што рожавай дымкай апавіла яе дзіцячыя думкі, ускалыхала вялікага духа пакойнай на славу чужым. Такая ўжо,  відаць, доля нашага краю…» [17, с. 308].

Хтосьці з рэдакцыі прысутнічаў на пахаванні Элізы Ажэшкі, бо артыкул заканчваецца згадкай: на магілу пісьменніцы «Наша Ніва» ўзлажыла вянок. Хто менавіта прыязджаў у Гародню, каб пакланіцца слыннай пяснярцы, невядома. Цалкам мажліва, што гэта быў сам Вацлаў Ластоўскі. І тады, пэўна, гэта было першае наведванне знаным беларускім дзеячам нашага горада.

Найвялікшае імя польскай паэзіі – Адам Міцкевіч – не магло быць абыйдзеным «Нашай Нівай», бо ўсё ягонае жыццё было звязана з беларускім Краем. Жывучы ў чужыне, думкамі ляцеў да мілае Літвы, «называючы гэтак увесь наш край Беларуска-Літоўскі, каторы калісь станавіў незалежнае Вялікае Княжэства Літоўскае» [18, № 23]. Партрэт паэта, невялікі артыкул пра яго, знакаміты ўступ да паэмы «Пан Тадэвуш» у перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча змешчаны ў № 23 за 1907 г. Паведамляецца тут жа, што з друку хутка выйдуць дзве першыя часткі паэмы па-беларуску. Дарэчы, «Наша Ніва» падае месца нараджэння – Наваградак.

А № 21 за гэты ж год знаёміць чытачоў з яркай постаццю «першага ў нас ваякі за зямлю і волю народную» Сымона Канарскага, чыя змагарная дзейнасць была непасрэдна звязана з беларускай зямлёй. Удзельнік паўстання 1831 г., ён не змог спакойна жыць за мяжой, таемна вярнуўся і праз два гады вёў змаганне за вольнасць Краю. Прайшоў праз катаванні, прыняў смерць у Вільні як дзяржаўны злачынца. Папярэднік Кастуся Каліноўскага.

Апавяданне Стэфана Жэромскага «Пасля Сэдану» (№ 8 за 1908 г.) успрымаецца не толькі як цікавы твор мастацкай літаратуры, героі якога кінутыя ў самае пекла вайны, але і як пазнавальны матэрыял пра малавядомую на Беларусі старонку еўрапейскай гісторыі. «Наша Ніва» годна выконвала ролю асветніцы, пашырала кругагляд сваіх чытачоў.

Як вядома, Янкам Купалам нямала было зроблена дзеля папулярнасці на Беларусі польскай паэзіі. Ды і пачынаў свой шлях у літаратуру наш вялікі пясняр з польскамоўных вершаў. Менавіта ў ягоным перакладзе ў «Нашай Ніве» быў надрукаваны верш Марыі Канапніцкай «Тры дарогі» (№ 11 за 1908 г.). Вытрыманы ў традыцыях песняў-плачаў пра няшчаснае жыццё мужыка, твор гэты добра ўпісваўся ў агульны настрой нашаніўскай паэзіі, дзе нараканні на горкую долю-нядолю і імкненне знайсці шлях да шчасця былі вызначальнымі матывамі. Асабліва ў першыя гады, пакуль у рэдакцыі не з’явіліся Вацлаў Ластоўскі і Сяргей Палуян.

«Тры дарогі» – гэта асноўныя накірункі жыццёвага шляху мужыка: да працы, да карчмы, да магілы. Беспрасвецце і безнадзейнасць, запусценне і гібенне пануюць на гэтым шляху. Асабліва змрочнай выглядае трэцяя сцежка:

Палын расце на трэцяй,

І наспы вышай, ніжай,

І плача там бярозка,

І крыж стаіць на крыжы [18, № 11].

У апошніх радках верша мара пра чацвёрты шлях – да шчасця. Невядомы, нявызначаны. Немажлівасць вырвацца ад наканаванага спрадвеку кола абумоўлена ўжо ў лічбе-знаку – тры. Замкнутае ў сваёй самадастатковасці, непахіснасці часава-прасторавае вымярэнне не дае мажлівасці разарваць тугое кола. Чакаецца дапамога знешняй магутнай сілы, што прадкажа выйсце: «Гэй! Хто ім сьцежку ўскажа, // Што весьці к шчасцью будзе?…»

На смерць пясняркі народнай нядолі Марыі Канапніцкай «Наша Ніва» адгукнулася развітальным артыкулам, у якім з скрухай гаворыцца пра вестку з Львова. Падкрэсліваецца еднасць паэткі з людствам працы: «Канапніцкая чутка прыслухоўвалася да ўсяго, што гаварыла ёй душа польскага народа, – апявала долю і нядолю мужыка-хлебароба» [17, с. 612]. А верш паэткі «Пара» ў перакладзе Янкі Купалы, змешчаны тут жа [№ 40 за 1910 г.] ёсць добрым доказам яе веры ў духоўныя сілы абяздоленых: «Цьвёрда верыла Канапніцкая ў пабеду праўды і справядлівасці, жывым словам песьні будзіла людзей ад сьпячкі, выказвала сілу народа, каторая павінна ў канцы канцоў здабыць лепшую долю за ўсіх пакрыўджаных жыцьцём» [17, с. 612].

Верш напоўнены празрыстай сімволікай: сонца – сімвал святла, дабра, справядлівасці, цемра – зла і нядолі. Гэтыя вобразы перамяжоўваюцца з нацыянальна-адраджэнскімі матывамі, характэрнымі нашаніўскім творам, дзе вобразы сяўбы, загону, нівы ўспрымаюцца як сімвалы адраджэнскай працы на роднай зямлі:

Сонца ўсходзіць к нам паволі;

Ўжо – за ценяў – блескаў болей…

Гэй, сяўцы, гарачы час!

Зямля-маці жджэ на вас [17, с. 613].

З артыкула даведваемся пра ліставанне Марыі Канапніцкай з рэдакцыяй «Нашай Нівы». Паэтка імкнулася больш ведаць пра жыццё беларусаў, прасіла дасылаць ёй матэрыялы пра наш Край.

Ужо ў наступным нумары – верш Янкі Купалы «Памяці Мар’і Канапніцкай». Паэт называе яе пясняркай народаў, заступніцай усіх нешчаслівых, вялікай Пясняркай-Княгіняй. Яркая рамантычная вобразнасць, узнёслае гучанне паэтычнага радка характэрны гэтаму вершу:

Дух твой з сьветласьцяй неба зыльецца

І з праменьнямі сонца сьвятога.

Сьлёзы-росы высушваць будзе

І паказываць к праўдзе дарогу [17, с. 629].

«Наша Ніва» пазнаёміла сваіх чытачоў і з гэткай знанай асобай, як Уладыслаў Сыракомля. А нагода да гэтага – адкрыццё ў Вільні ў касцёле святога Яна памятнай шыльды «вясковаму лірніку».  Падзея адбылася 23 верасня, а ўжо 9 кастрычніка газета змясціла матэрыял і партрэт паэта. Аўтар артыкула падкрэсліваў еднасць Уладыслава Сыракомлі з беларускай зямлёй, ягоную павагу да беларускага люду, нашай мовы, культуры: «Хоць пісаў Сыракомля па-польску, але належаў ён да тых нямногіх людзей, каторыя, лічачы сябе за грамадзян нашага краю, шануюць народ тутэйшы, яго правы, мову» [18, № 21 за 1908].

Як вядома, у спадчыне Уладыслава Сыракомлі ёсць беларускія творы. «Наша Ніва» згадвае верш «Добрыя весці» пра змаганне за вольнасць працоўнага люду ў Заходняй Еўропе. Гэта і сапраўды была добрая вестка для нашага люду, прыклад, як здабыць сабе долю і свабоду. А прынесены весці на крыллях вольнага ветру, што не ведае межаў і перашкодаў:

Заходзіць сонца пагодняга лета,

І вее вецер з заходніх нябёс.

Здароў будзь, вецер! З далёкага сьвету

Добрыя весьці да нас ты прынёс [18, № 21 за 1908 г.].

1909 год быў адметным на юбілеі дзеячоў польскай культуры: 100-годдзе з дня нараджэння Юлія Славацкага і Фрыдэрыка Шапэна. Нашаніўскі артыкул «Тры гадавіны» змяшчае аповед пра іх поруч са згадкай пра стагоддзе знакамітага англійскага вучонага Чарльза Дарвіна.

Юлій Славацкі – аўтар хвалюючых лірычных твораў. Апрацаваўшы народныя паданні, раскрыў «абраз душы польскага народа», хараство ягонай натуры. У артыкуле сцвярджаецца: «Вялікая заслуга Славацкага, што ён польскаму народу давёў хараство яго мовы» [19, с. 193].

Ставячы поруч творчасць Юлія Славацкага і Фрыдэрыка Шапэна, нашаніўца адзначае еднасць гэтых творцаў з светам прыроды, уменне праз слова і  гучанне перадаць найтанчэйшыя зрухі чалавечай душы: «Як  Славацкі ў песню пераліваў тое, што чуў, так Шапэн у музыку. У яго фартэпьян плакаў, жыў, гаварыў. Ён у музыку пераліў шум вады, шчабятанне птушак, гоман лесу, увесь характар польскага народа» [19, с. 194].

Прыадкрыта завеса над той жыццёвай драмай вялікага кампазітара, што спрыяла яго заўчаснаму сыходу.

У заключэнне аўтар, аддаючы належнае гэтым знакамітым асобам, з павагай усклікае: «Такіх сыноў, як Дарвін, Славацкі, Шапэн і ім падобных, хоча мець кожны народ, бо гэта народная слава!» [19, с. 194].

Менавіта ў нашаніўскі перыяд у беларускай літаратуры узнікаюць абразкі, вершы ў прозе, імпрэсіі. Поруч з паэтычнымі мініяцюрамі беларускіх аўтараў змяшчаюцца і творы прадстаўнікоў польскай літаратуры. Так, у № 50 за 1909 г. – абразок К. Тэтмаера «Суд». Лірычны, усхваляваны настрой характэрны гэтаму твору, у якім душы дадзена мажлівасць самаасуджэння, самаспавядання, самаачышчэння. Найвялікшая віна, прызнаная душой, — гэта віна перад маці, чые чыстыя «як крышталь», слёзы выліты найболей з-за горача любімых дзяцей.

У перакладзе Власта змешчаны абразок К. Тэтмаера «Спаміны» (№ 35 за 1910 г.). Пэўна, тое сталася выпадковым, але і гэтая мініяцюра пераносіць чытача да памежнага (між жыццём і смерцю) стану чалавечай душы, калі ў часе апошняга развітання з зямным перад згаслым зрокам з’яўляюцца сустрэтыя ў жыцці вочы – люстэркі душы, напоўненыя жалем, болем або ўцехай. Але самае значнае, што дадзена было здзейсніць чалавеку, – гэта высокі акт гуманізму, міласэрнасці, дапамогі бліжняму, што апынуўся на дне жыцця.

«Наша Ніва» давала рэцэнзіі на ўсе значныя культурныя імпрэзы, што ладзіліся на Беларусі, заўсёды апавядала сваім чытачам пра тэатральныя навіны. Так, 21 лістапада 1911 г. у Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком быў пастаўлены спектакль паводле аповесці Элізы Ажэшкі «Хам». З гэтай нагоды ў № 47 – 48 з’явіўся грунтоўны артыкул «Беларускае ігрышча 21 лістапада ў Вільні», у якім не толькі прааналізаваны сам спектакль, але і падададзены кароткі змест твора, таму што большасць чытачоў, асабліва з сялянскага асяроддзя, не мелі багата магчымасцяў, каб трапіць на такія імпрэзы, ды і прачытаць аповесць. Адзначана майстэрства актораў, асабліва выканаўцаў галоўных роляў. Даволі крытычна паставіўся рэцэнзент да працы сцэнарыста, указаў на відавочныя хібы. Гэтак і са сцэны, і са старонак газеты даносілася да тутэйшага люду гуманнае, спагаднае стаўленне да высакароднага, прыгожага чалавека – беларускага селяніна, якога так несправядліва, пагардліва абазвалі хамам, абразіўшы, прынізіўшы ягоную чалавечую годнасць.

Біябібліяграфічны нарыс пра Адама Кіркора (№ 49 за 1911 г.) быў падрыхтаваны з нагоды 25-годдзя з дня смерці вядомага археолага, гісторыка і журналіста. Тут жа змешчаны два фотаздымкі Адама Кіркора. Аўтар нарысу Рамуальд Зямкевіч падкрэслівае: «Пісьменнік гэты, хаця і не пісаў па-беларуску, але як беларус з роду і шчыры працаўнік для роднага краю, мае і будзе мець вялікае значэнне ў гісторыі беларускага нацыянальнага разьвіцця» [20, с. 628]. Падрабязна прасочана дзейнасць Адама Кіркора, што была надзвычай шматбаковай, плённай: кіраўнік літаратурнага гуртка ў Вільні, супрацоўнік археалагічнай камісіі, аўтар беларуска-расейскага слоўніка, многіх гісторыка-культурных, этнаграфічных, літаратуразнаўчых нарысаў. Сярод іншых – кніга «O literature pobratymczych narodów slowianskich» (1874 г., Кракаў), пра які Рамуальд Зямкевіч зазначае: «Кніжка гэта мае для нас вялікае значэньне: у ёй шмат ёсьць цікавых рэчаў аб беларускай літаратуры і з яе даведаліся мы аб усіх творах Арцёма Вярыгі-Дарэўскага» [20, с. 632]. Асабліва многа зрабіў пісьменнік, працуючы рэдактарам газеты «Kurjer Wilenski».

Адам Кіркор глыбока перажываў з-за становішча,  у якое трапіла беларуская літаратура пасля забароны друкаванага слова. Страціўшы ўсялякую надзею, ён са скрухай пісаў: «Беларус не пабачыць больш працы сваёй у друку. Голасу роднай мовы не пачуе ён ў касьцёле. Беларусь памерці павінна» [20, с. 633].

«Наша Ніва» і тыя шматлікія перыёдыкі, што зарадзіліся пасля адмены ганебнай забароны засведчылі: Беларусь жыве.

Закрануты  «Нашай Нівай» і праблемы асветы ў Польшчы, дзейнасць таварыства «Polska Macierz Szkolna», якая спрычынілася да адкрыцця 141 школы, 317 прытулкаў для дзяцей, 505 бібліятэкаў. У школах навучалася 63 тысячы дзяцей. Але, газета з сумам паведамляла пра тое, гэтае таварыства было зліквідавана.

Як бачна, «Наша Ніва» нямала зрабіла для папулярызацыі ведаў пра знакамітых дзеячаў польскай культуры, асаблівую ж увагу ўдзяляла тым, хто меў непасрэднае дачыненне да Беларусі, з павагай і спагадай ставіўся да беларускага люду. 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Культура – это одна из самых важных составляющих частей любой страны. Культура – это искусство, музыка, литература, театр. Каждая страна имеет свою собственную, уникальную культуру. Не исключение и Беларусь. Мы имеем очень богатую культуру – она самобытна, в н...
С началом ХХ века население города Белостока пережило ряд потрясений: немецкую оккупацию в годы Первой мировой войны; Советско-польскую войну 1919-1920 гг., по итогам которой в 1921г. город вошел в со- став Польского государства; трагические годы Второй мирово...
Сучасная славістыка (славяназнаўства) аб’ядноўвае цэлы комплекс гуманітарных навук, якія вывучаюць мовы, матэрыяльную i духоўную культуру, паходжанне (генезіс), гісторыю, фальклор i літаратуру старажытных i сучасных славян. Як самастойны навуковы напрамак слав...