Категории

"Мы прышлі на Зямлю, каб любіць": штрыхі мастацкага почырку Генадзя Пашкова

17 минут на чтение

I што б ні рабіў я,

                              ды зноў

у сэрцы пульсуе адзінае:

аснова

             усіх асноў –

Жанчына,

                 Зямля,

                           Радзіма.

Пакаленне «сямідзесятнікаў» часам беспадстаўна папракаюць за нязначнасць мастацкіх адкрыццяў, за сузіральна-краявідную апісальнасць, нават недарэчы выкрасанае трапяткое слоўца. У пэўнай ступені неабмінутай выглядае і асоба Генадзя Пашкова. А між тым паэзія-берагіня адорвала яго цудатворным уменнем слухаць зямлю, з глыбінных нетраў якой нашэптвалася невытлумачальная ўлюбёнасць да гаючай празрыстай кроплі кляновіка, да гравюр дарог, да медунічных вятроў, да журавінавага вострава, да светлай журбы радзімай зямелькі.

Зямное прыцяжэнне — бадай, адна з вызначальных катэгорый паэтавага мыслення, паэтавай споведзі. Бывае, і сёння яму прымроіцца той сіні палон пад жаўруковым званочкам, калі, шукаючы бацьку на сенажаці, згубіў сцежку і заблытаўся ў сінім разліве заквітнелага лёну. Ды знайшлі пяцігадовага хлапчука толькі адвячоркам — зусім знямоглага і асіплага, па руках і нагах перавітага гнуткімі сцяблінамі гэтага сіняга вочка. Мо быў у льняной сіняй кветцы-зорцы зямны, нейкі культавы, магнетызм? Бо ж лён ды кужаль — існасць душы-апраткі беларуса-гаспадара, беларуса-вандроўніка. І ці не адтуль, з першага падарожжа — з калыхання блакітнага мора льняных кветак — і пачалося для паэта звабнае спасціжэнне зямнога паўшэпта, які чуецца яму ля Чашнікаў, дзе нарадзіўся, чуецца ля Смаргоні, дзе вырас, чуецца і на Палессі, дзе не адну сотню кіламетраў прайшоў на вёслах па Гарыні і Прыпяці.

І сапраўды, молада-акрылена Г.Пашкоў заявіў пра сябе ўжо першай паэтычнай кнігай з мілагучнай, салодкай назвай «Кляновік»(1975)*. Маладога аўтара ўжо тады захапляла непаўторная прыгажосць роднай прыроды, пэўная ўсхваляванасць за цішыню, якая дрыжыць павуцінкай, здзіўленне ад васілька, які «над галавой бязвоблачным гайдаўся небам» і «мільярдам сонечных расінак сінее ў жыце». Рамантычна-ўзнёслы лірычны герой прагнуў спазнаць неспазнанае, і прага гэтая была найперш першародна-ачышчальная:

І мне здавалася, што зноў

я пачынаю жыць спачатку,

зрываць з усіх першаасноў

іх таямнічную пячатку. [2, с. 13]

«Кляновік» акрэсліў вызначальны вобраз паэтавага мыслення — вобраз зямлі. Паэт пачынаў з традыцыйнай манеры пісьма, са знаёмага з дзяцінства багатага рэчыўнага свету («Задумліва прыціхлі хаты, // трымаючы слупы дамоў», «пявун крылом дрымоту сіпла выцяў»), з пачуццёва-асабістага пра парэпінкі на матчыным твары ды запамінальны пах бацькавай салдацкай гімнасцёркі, з дасціпна-назіральнага, «дзе ручаінка // на глыбокім донцы // хавае кветкі сонечны спакой». Але ўсё ж невытлумачальнае зямное прыцяжэнне акрыляла яго думку, умацоўвала пачуццё вернасці і адказнасці. І як трэба было па-сапраўднаму адчуваць жывое-роднае, каб так упэўнена, нават напорыста, праграмна сцвердзіць сваю жыццёвую заручонасць з «зямлёй маёй, зялёнаю расінкай», ды яшчэ — «маёй», у якой чуецца глыбокая адказнасць за роднасць і жыццё. Беражліва збіраючы шматфарбныя колеры і шматгалосыя гукі, паэт, акрылены вясной, чуе — «пчалой гудзе // Світальная галінка // і пахне // праталінай лясной». Бо ў ёй — зямлі — існае і крэўнае, плоцевае і ўзвышанае, трывушчае і спадчыннае. Бо не забыць, што «бацька // з прагай зямною // хацеў перад боем жыць» (в. «Пачатак»). Таму Г.Пашкоў напаўшэпт спавядальна, урачыста-свята прызнаецца ва ўлюбёнасці, у непарушнай знітаванасці з зямлёй-маці:

Зямля мая

зялёная расінка,

і чую я,

акрылены вясной, -

пчалой гудзе

світальная галінка

і пахне дзень

праталінай вясной. [2. с. 9]

Схільнасць да лірычна-маляўнічага жывыпісу, ахутаная асаблівай сыноўняй, грамадзянска-гаспадарскай заклапочанасцю за лёс зямлі — «зялёнай расінкі»«апазнавальны знак» мастацкага почырку Генадзя Пашкова. Ён «спрабуе слова і на «смак» гучання, і на яго зрокавы эфект» [1, с. 7], — пісаў К.Камейша.

Відаць, невыпадкова адна з кніг Г.Пашкова «Дыстанцыя небяспекі» з неардынарнай і досыць характарыстычнай назвай гучна заявіла пра згубнае скарачэнне дыстанцыі ад прадчування паэтам небяспекі, што пагражае зямлі. Зямлі, якую так чуйна выслухоўваў паэт яшчэ ў 70-ыя гады. Неспакой за кожную травіну і за жаўрукову песню, за азёрную, мурожную цішыню і за гучны самотны рык сахатага ў дрымотным пушчанскім свеце прапускаецца праз «маладое жаўруковае» сэрца і набліжаецца да максімы паэта: «Змаганне за само жыццё за ўсё лічу канкрэтней».

Усепаглынальная любоў да ўсяго жывога, да спадчыны, што дасталася ад дзядоў і бацькоў, элегія жураўлінай пары і страчанай ракі перарастаюць у Г.Пашкова ў тэму радзімы з яе «шчасцем світальных дарог». Таму і сам свет маляўнічай прыроды ачышчае пагляд творцы, які з празрыстай яснасцю прыкмячае, як «каласуе, шуміць у жылах яравога жыцця калоссе», як «бурштынным інеем ігліцы // сцяжыну бор зацерушыў». Нездарма, відаць, паэт ашчадна сабраў пад вокладкай кнігі «Гравюры дарог» шырокую геаграфію вандровак па нашай краіне і па свеце — сапраўды своеасаблівыя гравюры дарог: «Між звільгатнелых зор, // між коласу жытнога, // на туманах азёр — // маёй любві дарога... (в. «Гравюры дарог»). Роднае Палессе, Сібір, рэспублікі Сярэдняй Азіі, старажытная зямля Італіі, далёкі Афрыканскі кантынент — каардынаты далёка не ўсіх паэтычных дарог Г.Пашкова. Не пакідаюць абыякавым чытача апісанні маляўнічых краявідаў прадмесця Рыма і Неапаля без сонца, каракумскага канала і туніскага пляжа; звабліваюць вясёлка над ракою По і звонкагалосы хор афрыканскіх пеўняў.

І ўсё ж вялікая варажба словам напаўняецца шчырасцю і адкрытасцю душэўнага выяўлення, калі паэт вяртаецца да пачатку пачаткаў: да палескага гаркавага багуновага дурману, да салаўінай вёскі Войстам – адкуль паціху пазычае зёлкавыя словы. Вандроўная душа лірычнага героя, небам плыве ці шашою, ашчадна захоўвае свае карані на бацькоўскай зямлі, у спёчна-малінавым куце, багатым на найлепшыя казкі і песні. Тут ён гатовы ўкленчыць «за той агеньчык ад бярэмца дроў, // за агурок храбусткі з агарода, за спеўных песень ціхую журбу» (в. «Хата»), пакланіцца нізка хлебадару і салаўю. Нейкая плоцева-крэўная знітаванасць з вясковым светам («ды толькі у тканках маіх // тваёй плоці часцінка. // Там цепліцца сіла святая» (в. «Зямля бацькоў») становіцца ягоным жыццёвым вопытам, той эстэтычнай аздобай, якая ўзважана асэнсоўвае пракаветную жытнёва-непадкупную хатнюю аснову («Калі ёсць сцяжыначка да раю — // гэта тая, што вядзе дамоў» (в. «Дарога дадому»)). Аўтарскае светаразуменне жывіцца з прачула ўсвядомленага хатняга магнетызму, з апантанай улюбёнасці ў гэтую паўнакроўную святасць:

Пявун абудзіць сон мой звонку,

праб’ецца промень угары.

І чуеш пенны звон даёнкі

і голас сцішаны ў двары,

дзе мяўкат лашчыцца каціны

І напаўняе грудзі зноў

салодкай горыччу радзімы

дым закурэлых каміноў

                . . .

І ясна мне:

                     у гэтым свеце

не паміраюць карані.

Яны,

нябачныя, —

у глебе,

у чуйным сполаху зарніц,

у песні матчынай,

у хлебе,

у звонкім холадзе

крыніц.   [2, с. 224]

Паэтава апантанасць вясковай стыхіяй раствараецца ў ягонай арганічнай прылучанасці да прыроднага: «І прастора зямная мая, // што ў крыштальную сінь // закавана, // да лісціначкі пахне // уся // баразной, // і слязой, // і туманам». Таму пачуццё невымернай глыбіні жыццядайна-зямнога нясе «сяло — бярвяная дзяржава» [2. с. 226].

Бацькаўшчына і зямля — святое, радаводнае. Паэт вуснамі свайго лірычнага героя выказвае плоцевую заручанасць з зямлёй, бярэ яе боль, прагне перамагчы гравітацыю зялёнай Зямлі:

І з гэтай зямлёю

                                 навекі заручаны я

сцяблінамі жытнімі,

найтрывалейшымі нервамі [2, с. 184]

Прага зямных першавытокаў, — не аўтарская дэкарацыя, а перш за ўсё ягонае жыццёвае крэда. Менавіта ў зямной знітаванасці адвечнае прыцягненне і вяртанне да існага, прадонна неабдымнага. Зямля — пракаветны адухоўлены знак, знак радаводнай памяці ў паэтавым мысленні. Вобраз Зямлі, трапяткі ў сваёй першароднасці, адметны неардынарным адчуваннем светласці жыцця, напоўнены свяшчэннай жыццядайнасцю. Гэты вобраз увасабляе спадчынна-духоўны храм, у якім вястуе невынішчальны таямніча-плоцевы дух: «Ёсць боль Зямлі. І полымя яго // пячэ мяне краплінаю асцёвай» або «толькі б вечна карэннямі чуць, // як світаннем зямля ажывае». Зямное сягае ў нябеснае, лучыцца з ім надзіва гарманічнай паяднанасцю. «Зямля і неба... // Красамоўней // няма маўчання... » (в. «Снег юнацтва»), — прачула скажа аўтар у кнізе «Зямлю слухаю». Па-сапраўднаму пранікнёна ўслухоўваючыся ў подых Зямлі-карміцелькі, паэт чуе кожным нервам галасы мінулага і адвечнага. Гэта тыя галасы, якія чуйная душа памнажае на боль і смутак за «радзімай зямлі перасолены войнамі лёс», за «горкі // твой боль у сэрцы // скрозь слязу», дзе зашыфравана няўмольная памяць продкаў. Генадзь Пашкоў эмацыянальна глыбока і шматгранна ўвасобіў у паэтычным каларыце Зямлі і матчыну далонь, і зялёную расінку, і сіняе святло васілька, і лісцвяныя завеі, і подых ветру, і золата зыркіх прысад, і сябе — як атожылка. У пэўным сэнсе вобраз Зямлі знаходзіць індывідуальна-аўтарскае вырашэнне, нясе ў сабе вялікі сэнс абагульнення, бо, на думку творцы, «кветкі на Зямлі // і ёсць // параненыя душы // чалавечыя». Неспазнавальная найвялікшая тайна Зямлі, боль за кожную яе тканку — лейтматыў усіх паэтычных кніг Г.Пашкова. Данінай сыноўняй удзячнасці першародна-зямным спадчынным вытокам служаць выбаленыя хвалюючыя радкі з верша «Гудзевічы: май, туман ад бэзу»:

На зямлі радзімай дым салодкі,

і туман шчаслівы ў галаве

                     ...                

Тут да продкаў блізкія дарогі,

тут пралёг у будучыню шлях.

                      ...      

Ад любві не раздзімай пажару,

а схілі ціхмяна галаву,

пакланіся ў пояс хлебадару,

пакланіся нізка салаўю.  [2. с. 102]

Згаданы аднайменны верш — своеасаблівы зачын да шырокай гаворкі пра дзень учарашні і заўтрашні, пра пэўнае ўзнясенне чалавека над паўсядзённасцю. Ведучы маналог пра вечнасць Зямлі, Генадзь Пашкоў спасцігае сваю радаслоўную: свой род, народ, ганарыцца якімі мае годнае права. «Мой род — народ вялікі», — гучна і нават урачыста скажа паэт.

Спагадна і ўтульна адчувае ён сябе ў кожным, куточку радзімай Беларусі. Тое ж Палессе палюбіў па-свойму, неяк вельмі ўжо асабіста. Гэты чароўны мацярык, як яго называе паэт, запаланіў душу непаўторнай прыгажосцю і той багатай і асабліва дарагой для беларускай нацыі гісторыяй, якая і сёння быццам шуміць у вершалінах магутных асілкаў-дубоў на берагах Прыпяці. Ну і, канечне, — хвалюючы незвычайны лёс людзей, якія жывуць і жылі тут спрадвеку. «Мая любоў // і лёс мой // Прыпяць, // калыска песень і дуброў» (в «Прыпяць»).

Радзіма для паэта — гэта і вечна юная Прыпяць, якая коціць салаўіную песню і чысты блакіт, і рэчка Княгінька ля Заслаўя, якая ўся ў каменьчыках пырскае зорнай вадой, апавядаючы з-пад сівых туманоў думу вешчых курганоў, і густая мова беларусаў, багатая на дабрыню, і, урэшце, боязнь «старцам стаць душою». Як сказаў адзін наш цудоўны паэт, без чалавечнасці няма і вечнасці. Згодна уласных эстэтычных сімпатый, творца асэнсоўвае, «адкуль жа драпежнасць // духоўная ў нас?!». Паэт імкнецца дайсці да пэўных высноў аналітычным шляхам. Ягоная муза жывіцца ў бальшыні сваёй з прывязанасці да існага зямнога цяпла, да гаючага загадкавага краю, да жывога-роднаснага, да заўтрашняга дня… Яшчэ на самым пачатку творчага шляху паэт падкрэсліваў сваю знітаванасць з вечным, не баючыся стацца ні старамодным («Мой век! // Мяне не перайнач. // Я — родзіч // аржанога хлеба» (в. «Бацькаўшчына»)), ні архісучасным — пазней («не знікні, // свет мой навакольны. // Не пагубі маю душу…» (в. «Не пагубі маю душу…»)). Бо ў паэзіі Генадзь Пашкоў хутчэй лірык, чым прамоўца.

Сапраўды, проста сузіральнае замілаванне ўсім, што ёсць на зямлі, не ўласціва мысленню лірычнага героя паэта. Гэта замілаванне, памножанае на адкрытую несупакоенасць. «Пародненасць лірычных герояў А.Міцкевіча, У.Някляева, Г.Пашкова паўстае ў нейкім шчымлівым, амаль паскалеўскім бачанні свету, якое стала для еўрапейскай культуры сімвалам спрадвечнай і інтэлектуальнай несупакоенасці, няўрымслівасці, сумленнасці і душэўнай чысціні… Паэты як бы выкрываюць сваіх герояў з мэтай большага разуменння і анталагічнага апраўдання ў складаных жыццёвых варунках… Глыбіннае аўтарскае, нібы паскалеўскае, пранікненне А.Міцкевіча, Г.Пашкова, У.Някляева ў свет лірычных герояў узнікае не з паўсядзённай пошасці ці свецкай цікаўнасці, але са шчырага спачування, якое ад таго яшчэ больш праніклівае, чым нават погляд самага спакушанага мараліста. Відаць, таму мы без абурэння пазнаём сябе ў люстэрку, якое яны нам працягваюць — бы сродак міласэрнага лекавання душы, сапраўднай адкрытасці да болю бліжняга, яны падзяляюць трагічны лёс усяго чалавецтва, схіляючыся над яго ранамі, пры гэтым яны не саромеюцца адкрываць і свае шрамы (падкрэслена намі. — А.С.), перш чым гаварыць пра заганы іншых, яны імкнуцца выправіць свае» [5, с. 264], — слушна даводзіць літаратуразнаўца Алена Яскевіч.

Духоўная адказнасць за згубленае і набытае, запаветная адданасць жыццю, людзям, трывога згубіць аднойчы «жывую повязь сэрца і часоў» выкрасае выбаленыя радкі:

Мой лёс — мой чарнавік,

дзе ўсё відно,

дзе ўсё баліць,

шчыміць

                і дакарае… [2, с. 115]

Колькі б ні адпушчана было пражыць паэту, кожны не стамляецца слухаць і любіць сваю Жанчыну. З нейкай унутранай, прыхаванай трывогай і разам  з тым непадробным лірызмам напісаны радкі, дзе паэтава душа далікатна датыкаецца да сакральна прыгожага пачуця. Даверліва выдыхнутыя словы «Юная… Юная! // Ветрам спавітая. // Смага тужлівай спакусы балесная» ўскалыхваюць сярод віру жыцця, дзе так шмат сцюдзёнасці і хараства, наіўна-мройлівай асалоды і трызнення. Ягоны духоўны свет тчэцца то з апаленых, трапяткіх у палоне вуснаў, то з вясновага палу вачэй, то са слядоў каханай, якія шукае між сплыўшых гадоў:

як зорная далеч, -

                               неразгаданая;

што жытняе поле, -

                                    адвечна цярплівая;

нібыта заранка на світанку, -

                                                   цнатлівая;

як слёзка з бялюткай бяросты, -

                                                        п’янкая;

бы возера ў хвалях ракотных, -

                                                      бяздонная.

Уся са святла,

                         з таямніцы

                                             і песні,

Жанчына, для Вечнасці будзь

                                                 бласлаўлёная...  [4 ,с. 7]

Прыгожа-ўзнёсла, панавіта лунаюць багавейная лагода і юначая сарамяжлівасць у гэтых самых страшных і самых салодкіх пакутах. І толькі таямнічы даверлівы шэпт перадае ўсю непасрэднасць неўтаймаванага пачуцця, калі паэт называе сваю адзіную-галубую салодка-дзіўнай згубаю (в. «Назвала халодным і ціхім»),

чарацінкай тонкаю,

ветравой сасонкаю,

крамяной журавінкаю,

праменнаю расінкаю,

русяваю Купалінкай,

пралескай на праталінках,

белаю лябёдкаю,

малінаю салодкаю,

самотнаю вярбінкаю,

жытнёвай васілінкаю,

асцінай каласовай,

дачкою верасовай,

мёдагалосай пчолкай,

квяцінай ружы колкай,

мяцеліцай юрліваю,

журавіцай журліваю,

калінай на марозе,

ручайкай у дарозе,

на цэлы свет

адзіную,

як шчасце гэта,

дзіўную… [ 2, с. 100]

Прызнанні шчырай, адкрытай душы выпраменьваюцца праз прызму адчайных і балючых, шчырых і даверлівых зрухаў. Ва ўсёабдымным сваім пачуцці, з налётам таямнічасці і загадкавасці паэт стварыў вобраз Яе, поўны мройнай п’янай асалоды незабыўнага, поўны жаданай прагнай споведзі.

Генадзь Пашкоў — аўтар паэм «Трывога», «На ласіных картах», «Дзяўчынка з блакітным мячыкам», паляўнічага апавядання (паводле вызначэння жанру аўтарам) «Легенда Прыпяці», адметных знітаванасцю грамадзянскай заклапочанасці і лёгкай журбінкі перад бацькоўскай зямлёй. Трывожна, шчымліва-млосна вяртае паэт свайго чытача да парогу роднага дому, да вясковага свету як святыні, дзе «з кожным разам меней каміноў», дзе «вокны цеплынёй нябёсаў // ружавеюць пад напевам вос, // быццам перакрэсленыя лёсы, // дошкамі забітыя наўскос» (в. «Дарога дадому»).

Паэтычную прастору твораў Г.Пашкова досыць густа працінаюць трапныя выразы, метафары. У адной са сваіх ранніх кніг ён прызнаваўся : «Я чую пругкасць самых родных слоў, // расістых слоў, зялёных, быццам лісце». І пачынаў творца са светлых, наўздзіў простых і ясных радкоў: калядуюць завеі, бінтуе раны завіруха, ружавеюць марозна снягі, кашляе дзедам старым на пагорку млын, пратупаў дождж на тонкіх ножках і г.д. Сама нерушавая прырода як адухоўленая псіхалагічная з’ява стала крыніцай жывапіснай метафорыкі паэтавага мыслення: «Вясна ў бярэзніку цадзіла // у вёдры // месячны блакіт» (в. «Снег юнацтва»).

Паэту даспадобы нястомны пошук моўных скарбаў і ў «барадулінскай» маляўнічасці і гарэзлівасці і, канешне ж, у вялюгінскай непасрэднасці, пластычнасці. У свой час сябры-калегі называлі маладога Пашкова «рубаістам» за найбольш удалыя вершы-карацелькі, якія чамусьці ў пазнейшай творчасці не знайшлі апраўданага выяўлення. Ягонае нязмушанае абыходжанне са словам часам зводзіцца да відавочнай самамэты, асабліва калі паэт няшчадна эксплуатуе т.зв. «росныя» словы: зямля зараселая і сукеначка зараселая; песні расяныя, і спеў расяны, і запавет расяны; слова зрасее і цішыня зарасее і г.д. Або дужа вабным для аўтара выглядае канструяване слоў і выразаў тыпу «Вятрыста зялёнаю веяй»: «вятрыста зялёнаю веяй // калышацца жыта ў міжбор’і», «ветравейнаю парой // нам бы тут яшчэ ўтрымацца», «цепліць маленькі агонь // у залюцелую вею». Відавочна, залішняя мудрагелістасць не вызначаецца яснасцю паэтычнага малюнка — ствараецца адчуванне рознамалёвачнасці; верш губляе ідэйна-зместавую стройнасць, набывае апісальнасць. Радуюць такія паэтавы наватворы, як ліставея, завірушна, зелянцовы хмель, а таксама ўласна аўтарскія афарыстычныя «ёсць шчасце світальных дарог», «чырвоны жаваранак маладой трывогі», «не перапішаш лёс на чыставік», «не дай мне, Божа, старцам стаць душою» і іншыя.

Любоў да роднай зямлі, жаданне глыбей спазнаць свой край, яе таемную прыроду — першааснова для Генадзя Пашкова. З прызнанняў самога ж паэта, ён, як Антэй, датыкаючыся да зямлі, набывае моц, дабрыню і чысціню.. Лірычна-дакументальны дзённік «Палескія вандроўнікі” – гэта своеасаблівы аповед пра непаўторную маляўнічую палескую прыроду, пра людзей багатага лёсу, адкуль чэрпае паэт сілу і веру. Веру ў тое, што для іх — хлебадараў — будуць блаславёнымі тыя чатыры стыхіі, якія нараджаюць хлеб — сонца, вада, зямля і агонь. У «Палескіх вандроўніках» «галоўнае дзіва» — гэта людзі, або, як скажа сам паэт, «Тут сам народ // легенды варты, — // як несмяротны корань наш!» [3, с.103]. Гэта найперш звычайныя вяскоўцы-сяляне, рыбакі, паромшчыкі, якія апавядалі пра гісторыю, паходжанне назваў тамтэйшых мясцін, а таксама пра сябе, свае нягоды і не такое ўжо і зайздроснае, адваяванае пад сонцам месца працаўніка. То людзі-дыяменты палескай зямлі, па якой так несправядліва прайшлася гісторыя. Перад чытачом вымалёўваецца абагулены вобраз беларускай жанчыны-маці, самай паказальнай граматай якой служаць яе спрацаваныя рукі, напрацаваныя палачкі на сцяне і захаваная чыстая цнатлівая душа. Як пачуваюцца гэтыя малапрыкметныя ў жыцці людзі праз віхуру імклівых гадоў, пасля беспакаранага разрабавання, сярод бязладнага сённяшняга дня — набалелы роздум Пашкова-дакументаліста.

Жыццёвая філасофія палешукоў, «двухжыльных», як іх называе аўтар, раскашуе і ў галубіцкіх дыванах, і ў Столінскім старадаўнім парку (які заклала ў 1855 годзе Марыя Радзівіл), і ў маляўнічых абдымках палескай прыроды. Дарагая для беларускай нацыі гісторыя, рамантычная паэтызацыя паляшуцкага жыцця, ягоная праўдзівая легендарнасць, таямніча-дзівосная загадкавасць, наўмыснае прызямленне героя і адначасовае ягонае ўзвышэнне («хто працай зухаваты», «хто кемны галавой», «ах, людзі вы палескія // з хітрынкай у душы», «сябе самога цвелячы, // не дасць падняць на смех» [2, с. 32-33]) гучаць у вершах «Аснежыцы», «Кедры над Прыпяццю» і інш. Сам жа Г.Пашкоў як аўтар, дасведчаны пра Беларускае і Літоўскае Палессе з самабытнай «Жывапіснай Расіі», уражаны адчутай спеўнай калыскай прыпяцкіх дуброў і крутым норавам, неўтаймоўнай плынню Гарыні, спавядальна шчыруе: «Вольна ісці лугавою дарогай насустрач цёпламу ветру. Нібы на крылах ляціш, услед за бусламі. Так і хочацца заспяваць на ўсё горла, як спяваюць лугавыя насельнікі, кожны сваім голасам — адзін свішча, другі крумкае, трэці клякоча. І ўсё гэта плыве з азярыны, з чароту, з крушынавага куста, з высокай буслянкі, зліваецца ў адну дзіўную мелодыю. Ці ж не сімфонія жыцця?  І так было тут адвеку і, хочацца спадзявацца, будзе заўсёды, пакуль свеціць над галавой высокае свяціла. Пакуль з глыбокіх зямных крыніц нясуць жывільныя воды рэкі» [3, с.132]. I далей: «Дзякуй табе, Палессе, за ўсё, што паказала і што падказала. Дзякуй за Прыпяцкія плёсы, за спеўную калыску водарнага Прыгарыння. Дзякуй за людзей, з якімі звяла і пазнаёміла.... Пульсуйце ж, жыватворныя крыніцы, цячыце, злівайцеся вірамі плыткія палескія рэкі. Каб вечнай была беларуская зямля, каб любоў да яе напаўняла сэрцы... Адчуй зямлю гэту кожнай тканкай, спасцігні хараство і шчадротнасць яе, зліся з песнямі яе, з яе непаўторнай прыродай, каб жыць суладна, дыхаць адным дыханнем» [3, с.177]. Вялікі сэнс і вялікую загадку нясе хараство палескай адысеі. Душа лірычнага героя акрыляецца не ад экзатычнай маляўнічасці, а менавіта ад нерушавасці пабачаных краявідаў:

Што анёлава калыска,

Дзе аглух

                      савіны крык,

У дубах павіснуў

                         нізка

Срэбрачысты маладзік. [3, с. 128]

Сапраўды, вабная дарожная дзея — то жыццё ў іншым вымярэнні. У «Палескіх вандроўніках» аўтар адначасова і лірык, і дакументаліст, чым і абумоўлены жанр твора. Неспатольная прага вандровак вярэдзіць душу Г.Пашкова і разам з тым цепліць надзею прайсці найперш па рацэ маленства (з-пад Нарачы), бо гэтай зямлі-карміцельцы ён шмат чым абавязаны. Бо, кажучы словамі паэта,

Што мне сытае шчасце?!

Ёсць шчасце світальных дарог. [2, с. 24]

Такі ён, Генадзь Пашкоў, на творчым рахунку якога звыш дзесяці зборнікаў вершаў, публіцыстыкі і кніг для дзяцей. Відаць, нездарма ў паэтычным мысленні Г.Пашкова, бы роднасна-знітаваныя, вельмі тонка, гожа пераплецены слоўцы журавінавы і жураўліны. Ды і сам «Журавінавы востраў» (1998) — адна з апошніх кніг паэта — «То – дарунак ад Зямлі і Неба, // То — бальзам для цела і душы» [2, с. 160]. Гэта якраз тое, што гаючым бальзамам кладзецца на душу кожнага, хто даражыць Бацькаўшчынай і для каго няма на свеце і быць не можа лепшай зямлі.

 

Я пажыў даволі ў гэтым свеце.

І яшчэ,

             дасць Божа,

                                   пажыву.

Адпускаю птушкаю на вецер

з ціхім смуткам светлую душу.

 

Не шукайце вольнага на волі.

Вы мяне не знойдзеце нідзе.

Туманом сыду ў наваколле.

Не пакіну следу на вадзе.

 

У сутонні, водарам налітым,

прыпыню, здарожаны, хаду.

І да траваў хмельна-варажбітных

У шчаслівай стоме прыпаду... [4, с. 100]

Элегічна-спавядальным падаецца роздум паэта над асабістым восеньскім трызненнем, жыццёвым тлумам — над тым, што перажывае сёння сам паэт і яго пакаленне.

Аліна Сабуць


* Усе  пададзеныя ніжэй цытаты з паэтычных твораў узяты з апошніх дзвюх кніг паэзіі Г.Пашкова, дзе сабраны вершы і ранейшых гадоў.

 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў абапіраецца на фальклорныя традыцыі, на фальклорныя спосабы і сродкі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якія адпавядаюць народнаму светабачанню. Але мастацкае асэнсаванне фальклорных вобразаў, матываў, паэтычных срод...
Галоўнай  тэмай снежаньскага семінара «Белавежы» 1977 года  было абмеркаванне падрыхтоўкі да  святкавання 20-годдзя Беларускага літаратурна-мастацкага  аб'яднання ў Польшчы. Міхась Шаховіч у карэспандэнцыі  “Літаратурны семінар” інфармаваў на  першай Літар...
Імя Максіма Багдановіча ўваходзіць у нашу свядомасць з дзяцінства і застаецца ў ёй сімвалам гарачай любові да роднага краю і веры ў творчыя сілы беларускага народа. Літаратурная спадчына М. Багдановіча з’яўляецца унікальнай з’явай у гісторыі беларускага мастац...