Мікола
Празнувалі Міколу 19 дзекабра. Праводзілася Мікольшчына – свята свечкі. Гаспадар, які меў абраз Міколы, угашчае гасцей і пераносіць потым абраз у другую хату.
Нясуць абраз Міколы, запальваюць свечку і пяюць.
Следуюшчы гаспадар сустракае, забірае абраз і ставіць у сябе на цэлы год, да свята гэтага. Абраз украшаюць рушнікамі, хусткамі, цвятамі, просяць дапамогі, моляцца.
Запісана ў г.п. Камарын Брагінскага р-на
ад Хвост Юліі Міхайлаўны, 1936 г.н.
Зімой гулялі Міколу. Вечарам маладыя збіраліся ў хаце якой-небудзь. Накрывалі стол: дзеўкі ўжэ яду прыносілі, а хлопцы гарэлкі трохі. Сразу білі кашу аб стол, вугал. Кожнаму давалі паспытаць кашы і казалі: “Васілёва каша” ці “Насціна каша”.
За етую кашу трэба было даваць грошы. Канчалі на тым, хто больш дасць грошай.
Усягда наймалі гарманістаў, каб тыя весялілі і ігралі. Грошы ім давалі. Усю ноч гулялі, да ўтра, пелі песні разныя. А старыя на такіх вячорках не збіраліся, а 19 дзекабра хадзілі ў царкву на служэнне.
Запісана ў г.п. Камарын Брагінскага р-на
ад Ласіца Антаніны Антонаўны, 1940 г.н.
У еты празнік хадзілі ў цэркву, маліліся да абеду. Прыходзілі з цэрквы, садзіліся есьці, а тады ўжэ атдыхалі. На Міколу казалі так:
На Міколу сыплюцца мошкі з прыполу,
А на Ушэсце – мяшкоў шэсць.
22 снежня – Мікола. На еты празнік мы заўсёды ездзілі на базар купляць ці прадаваць.
Запісана ў в. Малейкі Брагінскага р-на
ад Краўчанка Ганны Паўлаўны, 1935 г.н.,
студэнткай Максімчык А.
Гэта свята ў вёсцы было. Так як калісь правілі празнікі да ў каго была радня, дык яны ездзілі ўжо туда, прыглашаюць іх. Тады ж гатовіліся і парасяты пекліся, і ого! Па 2 дні нада было гатаваць.
Запісана ў в. Сялец Брагінскага р-на
ад Цярэшчанка Ганны Васільеўны, 1929 г.н.,
студэнткамі Кушняровай К., Тараненка А.
Міхайла
Да етага празніка ў нас усё ўрэмя паслі кароў. А калі снег упадзе, дык і раней пераставалі.
Запісана ў в. Малейкі Брагінскага р-на
ад Краўчанка Ганны Паўлаўны, 1935 г.н.,
студэнткай Максімчык А.
Піліпаўка
Перад Піліпаўкай у нас былі запускі (загавіны). У гэтыя дні ўсё загатаўлялі напярод. Глядзелі каб нічога не было скаромнага. Дажа сковарады вымывалі і ўжарвалі, каб не было жыру. Усю Піліпаўку елі поснае. Вось зараз кажуць, што нельга, а тады варылі боршч з таранкаю ці суп. Увечары палілі печы, потым залу разграбалі, клалі туды бульбу нячышчаную. Потым, калі спячэцца, у карзіну, абтрухвалі і елі з капустай ці з агуркамі з бочкі і пілі кампоты.
Запісана ў г. Гомель
ад Злыдзенка Любові Мікітаўны, 1928 г.н.
(ураджэнка п. Новы Шлях Брагінскага р-на),
студэнткамі Ліпавай К., Савінскай І., Прыходзька К., Чарновай Л.
Народная духоўная культура Брагіншчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Складальнікі: Новак В.С., Коваль У.І.