Категории

Міхаіл Карыцкі: станаўленне творчай індывідуальнасці

7 минут на чтение

Лацінская мова не была заўсёды мёртвай мовай, як гэта сцвярджаюць некаторыя скептыкі, а лацінская літаратура не была мёртвай літаратурай. На гэтай мове не толькі пісалі, але і гаварылі, што цалкам натуральна, паколькі лаціна ў тагачаснай Еўропе ўважалася за мову навукі і культуры. У эпоху Сярэднявечча і Рэнесансу яна яднала вучоных розных краінаў, з’яўлялася сродкам стварэння адзінай еўрапейскай культуры.

Характэрнай асаблівасцю зараджэння беларускай паэзіі ў пачатку XVI стагоддзя з’яўляецца шырокае бытаванне вершаваных твораў на лацінскай мове. Яны станоўча паўплывалі на развіццё такіх жанраў, як панегірык, паэма, пасланне, элегія і на першапачатковым этапе адыгралі прыкметную ролю ў кансалідацыі літаратурных сіл, у выхаванні чытацкай аўдыторыі. Пачынальнікамі беларускай лацінамоўнай паэзіі былі С. Будны, С. Рысінскі, М. Гусоўскі, Я. Вісліцкі і М. Карыцкі, які годна працягнуў справу сваіх папярэднікаў.

М. Карыцкі «адносіўся да тых, хто, творачы на лацінскай мове, чэрпаючы са скарбніц старажытнарымскай пісьменнасці, адчуваў поўнае задавальненне; ён захапляўся гучнасцю і вобразнасцю латыні, бачыў у ёй непераўзыдзены сродак літаратурнага тварэння» [3, c. 63]. Ён атрымаў выключную адукацыю, працаваў настаўнікам, дырэктарам школы ў многіх гарадах Беларусі, апошняя ягоная пасада – рэктар мінскай ваяводскай школы. Па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які добра ведаў літаратуру, яму была прысуджана прэстыжная ганаровая медаль «Merentibus» (заслужаным). Уся яго біяграфія, запісы экзаменатараў у акадэміях Вільні і Варшавы сведчаць аб тым, што Карыцкі меў незвычайныя здольнасці да навукі, талент прамоўцы і прапаведніка. З 1730 года ён звязвае сваё жыццё з ордэнам езуітаў, а пасля яго распаду перажывае духоўны крызіс. З ордэнам яго ядналі надзеі на лепшае жыццё, на ўстанаўленне справядлівасці і парадку ў дзяржаве, бо паэт бачыў разбэшчанасць двара, засілле немцаў. Выкрываючы зло, ён прадоўжыў традыцыі ананімнай сатырычнай беларускай літаратуры XVII стагоддзя, яе выдатнага помніка як «Прамова Мялешкі”.

У «Элегіі каралеўскаму сакратару Антону Касакоўскаму»Карыцкі з непадробнай горыччу і адчаем смуткуе з прычыны ліквідацыі ордэна:

… Вось скажы мне, Антон, не хавай, прашу, сваіх думак,

Болю прычына майго верная, ці не, была?

Што заставалася мне рабіць, закранутаму гэтай бядою?

Плач – вось адзіная праца, - змоўкнуць і цяжка ўздыхаць [3, c. 59].

Адкуль жа ўзялася гэтая няўпэўненасць? Ордэн езуітаў быў зацверджаны з вялікімі цяжкасцямі папам Паўлам III у 1540 г. і ўяўляў сабою напаўманскую, напаўваенную арганізацыю, якая займалася больш палітыкай, чым рэлігіяй. Лічачы афіцыйным галавою ордэна папу рымскага, якому падпарадкоўваўся генерал, сапраўдны кіраўнік ордэна, статут патрабаваў ад кожнага члена Грамадства Ісуса абяцання паслухмянасці. У статуце, у прыватнасці, гаварылася: «Мы абяцаем заўсёды неадкладна падпарадкавацца ўсяму, што загадаюць нам сённяшні і будучы папы, наколькі гэта паслужыць для блага душ»[1; c. 14-15].  Такім паслухмяным і ўзорным членам Грамадства і стаў Міхал Карыцкі, які бездакорна выконваў усе заданні і ўслаўляў парадкі ордэна ў вершаванай форме. Першым стаў езуітам яго брат Кароль і прывабіў ідэямі брацтва Міхаіла. Езуіты ўздзейнічалі на насельніцтва не толькі пропаведзямі, але і аказаннем медыцынскай дапамогі. Як правіла, каля сваіх калегій яны будавалі  аптэкі і шпіталі, якія абслугоўвалі насельніцтва гарадоў Полацка, Гродна, Слуцка, Пінска, Нясвіжа, Віцебска і іншых [1, c. 31]. Магчыма, добрыя справы езуітаў і прывабілі Карыцкага. Але паступова, з ўзбагачэннем ордэна, устаноўленыя правілы быць беднымі прыйшлі ў заняпад, і езуіты сталі сілай, якая аказвала значны ўплыў на грамадства. Беларуская мова ў езуіцкіх школах была забаронена, пайшло яраснае наступленне на праваслаўную царкву. Такія падзеі выклікалі незадаволенасць асноўнай масы насельніцтва Беларусі. Але паэт не страціў веру ў ідэалогію прыхільнікаў Ісуса – езуітаў. Ён выбірае новую зброю ў барацьбе за праўду – зброю сатыры. Значны ўплыў на ягоную творчасць зрабілі антычныя байкапісцы Эзоп і Федр, а магчыма і французскі байкапісец XVIII ст. Жан Лафантэн. Карыцкі працуе над творамі, якія ў алегарычнай форме рэзка кляймуюць парокі грамадства, яго недасканаласць, і падказваюць іх шляхі пераадолення. Гэта такія творы як «Казка”, «Ападосіс”, «Птушыны сейм”. Паэт праўдзіва і жыццёва апісвае бедствы, што спасцглі Польшчу ў канцы  XVII - пачатку XVIII ст. і працягваюцца цяпер – разлад, міжусобіцы, пераследаванні, самавольства ўлад, - і ўсклаў усе свае спадзяванні на новаабранага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

М. Карыцкі дасканала валодаў і польскай мовай, але лацінская аказалася яму бліжэй: «З 6000 радкоў паэтычнай спадчыны Карыцкага толькі 221 напісаны на польскай мове, у іх ліку 138 прадстаўлены паралельна на лацінскай і польскай мовах. Толькі 87 радкоў не маюць у тэкстах Карыцкага лацінскіх адпаведнасцяў»[3, c. 63].

Прыжыццёва было выдадзена 25 вершаў М. Карыцкага, апублікаваных у зборніках і асобнымі выданнямі. Таму, будучы на пенсіі, ён натхнёна рыхтаваў да друку зборнік сваіх вершаў і незадоўга да смерці пераслаў яго ў Полацкую акадэмію. Там ён быў упарадкаваны і выдадзены пад назваю «Carmina»(Песні) у 1817 годзе і налічваў 155 старонак. Сюды ўвайшлі эпіка-панегірычныя творы, элегіі, оды, эпіграмы, эпітафіі.

Творчая дзейнасць М. Карыцкага пачалася на мяжы дзвюх эпох – Контррэфармацыі і Асветніцтва. Грамадска-палітычныя ідэі гэтых эпох паўплывалі на эстэтычную канцэпцыю пісьменніка. Наглядным прыкладам можа служыць алегарычны верш «Да аднаго паэта”. Мастацтва паэт падае ў вобразе кветкі. Ён лічыць, што прырода і мастацтва (кветка), не сфармаваныя паводле законаў хараства і розуму (аздоба кветкі), былі б мёртвыя, адсюль і выснова: мастак павінен уважліва сузіраць прыроду, браць з яе «будаўнічае рэчыва»для сваіх твораў (у Карыцкага – «сок кветкі”), наследаваць ёй. Ніхто не чакае плёну ад гнілой кветкі [2, c. 313-314]. Карыцкі патрабуе ад іншых паэтаў быць вернымі жыццёвай праўдзе, заклікае іх да карпатлівай работы над вершам. У гэтым плане паэт працягвае традыцыю М. Гусоўскага, выказаную ім у «Песні пра зубра”: «Я прысягаю: заўжды, да апошняга слова пець толькі праўду”. У сувязі з гэтай канцэпцыяй, як адзначаюць многія даследчыкі, у творчасці М. Карыцкага яскрава выявілася непарыўная сувязь са сваёй Радзімай, роднай зямлёю. У ягоных вершах распрацоўваецца пераважна мясцовая беларуская тэматыка: «Пажар у Вішневе”, «Вяртанне князя Радзівіла з-за мяжы ў Нясвіж”, «Феерверк у Шклове з нагоды прыезду Кацярыны II”, «Радасць у Полацку з нагоды прыбыцця Кацярыны II”, «Смутак у Полацку з прычыны  ад’езду Кацярыны II”. Паэт узвялічвае міратворчую палітыку рускай імперыятрыцы, якая патушыла, па яго разуменню, пажар вайны ў Заходняй Еўропе: «Уяўленне паэта малюе цудоўныя перспектывы росквіту навукі, мастацтва і будаўніцтва ў Расіі і Беларусі, абумоўленага мірнай стваральнай працай таленавітага народа», - піша Парэцкі [3, c. 61].

Асобнае месца ў творчасці М. Карыцкага займаюць вершы, прысвечаныя выдатным дзеячам Беларусі Ю. А. Залускаму – стваральніку першай у дзяржаве публічнай бібліятэкі, сатырыку Ігнацію Красіцкаму, каралеўскаму сакратару Антонію Касакоўскаму, падканцлеру ВКЛ Антонію Пшэздзецкаму, прадпрымальнаму дзеячу Беларусі Іахіму Храптовічу, які пабудаваў чыгуналіцейны завод у Вішневе, беларускаму астраному Марціну Пачобут-Адляніцкаму, рэктару Віленскага універсітэта, родам з вёскі Саломенка Гродзенскага павета.

Паэт шчыра захапляецца хараством беларускай прыроды. У ягоных вершах жывуць, як пераканаўча даводзяць многія даследчыкі, элементы сентыменталізму і нават першыя адзнакі прадрамантызму. У адрозненне ад многіх паэтаў-пантэістаў Карыцкі вельмі не любіць зімы. Верш «Праклёны зіме»зводзіцца да высновы, што «настане пасля непагадзі і нягод час, калі чалавек зможа бесклапотна прадаўжаць жыццёвы шлях, радуючыся прыгажосці прыроды» [3, c. 47]. У вершы «Ода госцю Людовіку ў пачатку мая»радасны, прыўзняты вясенні настрой прыходзіць на змену ненавіснай зімовай сцюжы. Прырода Беларусі сваёй захапляючай прыгажосцю гасцінна сустракае іншаземцаў.

Крыніцы творчасці М. Карыцкага мы бачым не толькі ў самой прыродзе рэчаў, але і ў наследаванні ўзорнай на той час антычнай літаратуры, дзе «найбольш увасобіліся універсальныя прынцыпы і законы прыроды. Аднак, трымаючыся канонаў класіцызму, Карыцкі ніколі слепа не пераймаў антычных паэтаў» [4, c. 174]. Ідэі класіцызму несумненна паўплывалі на станаўленне творчай індывідуальнасці паэта. Класіцыстаў, як вядома, хвалявалі карэнныя праблемы сацыяльнага і палітычнага жыцця дзяржавы. Сярод іх – праблема ўлады і крытыка дваранства. Такія ж грамадзянскія матывы мы знаходзім у вершах і паэмах М. Карыцкага, дзе ён адстойвае моцную каралеўскую ўладу, якая спыніць бяздумную антынародную палітыку магнатаў, іх разбэшчанасць і ўсобіцы. Нават асабістыя і інтымна-лірычныя матывы ў духу класіцызму знаходзяцца дзесьці на заднім плане, бо канцэпцыя сентыменталізму паўплывала на яго менш. У творчасці М. Карыцкага адчуваюцца водгукі барочнай паэзіі: чалавек слабы і абмежаваны ў параўнанні з усемагутным Богам і поўнасцю залежыць ад волі вышэйшых сіл (вершы ў абарону ордэна езуітаў, гімны святым, услаўленне рэлігійных святаў).

Несумненна, што на творчасць Карыцкага паўплывалі асветніцкія ідэі ягонага суайчынніка Сімяона Полацкага: абодва ўздымалі прэстыж Расіі і яе манархаў, абодва ўсхвалялі на моцную ўладу, абодва ўслаўлялі навуку і садзейнічалі павышэнню ролі адукацыі і выхавання ў жыцці краіны.

Такім чынам, лацінамоўная паэзія Беларусі фармавалася пад уплывам прагрэсіўных навуковых ідэй таго часу, новых літаратурных форм і напрамкаў. На станаўленне творчасці М. Карыцкага аказалі вялікі ўплыў ідэі Контррэфармацыі і Асветніцтва, ордэна езуітаў, да якога ён належаў, антычнай літаратуры; акрамя гэтага, ён годна працягнуў традыцыі беларускай сатырычнай літаратуры XVII ст. і беларускіх пісьменнікаў-лаціністаў С. Буднага, С. Рысінскага, М. Гусоўскага, Я. Вісліцкага, С. Полацкага.

Ірына Каяла

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Як літаратурны жанр пародыя ўзнікла і атрымала афіцыйнае прызнанне ў Старажытнай Грэцыі ў V  ст. да н.э. Упершыню пародыя як літаратурны тэрмін сустракаецца ў Арыстоцеля. Кантэкст, у якім Арыстоцель ужывае слова “пародыя” у  сваёй “Паэтыцы”, вельмі вузкі, але ...
Б.І. Сачанка – значная асоба ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У творчай спадчыне пісьменніка прадстаўлены багатыя ў ідэйна-філасофскім і маральна-эстэтычным планах творы аб’ёмам ад паўстаронкі друкаванага тэксту, да цэлай трылогіі; ад мініяцюр і ...
Міра Лукша – прадстаўнік маладзейшага пакалення пісьменнікаў “Белавежы”, якая  “ў сваёй прозе плённа і паслядоўна працягвае традыцыі беларускай, тыпова вясковай, сялянскай літаратуры” [7, с. 181]. Адметнасць творчай манеры Міры Лукшы пазначана ў загалоўку яе к...