Категории

Мастацкая адметнасць мініяцюры ў прозе Янкі Брыля

32 минуты на чтение

Мастацтва ў гісторыі чалавецтва з’явілася шмат тысячагоддзяў таму і было створана найперш з эстэтычнай мэтай — прыносіць асалоду, прымусіць свайго “спажыўца” хвалявацца, перажываць. Вядома: сапраўднае мастацтва трывожыць… Крытэрыяў вызначэння мастацкасці літаратурнага твора нямала, але мабыць галоўным з’яўляецца магчымасць самога пісьменніка ў чытача ці  слухача выклікаць эмоцыі, прымусіць задумацца над з’явамі навакольнага свету, лёсамі людзей і ўласным жыццём. Асоба Янкі Брыля, як беларускага пісьменніка (ураджэнца Гродзеншчыны) і проста чалавека, знакавая тым, што гэта мастак слова, для якога свет напоўнены жывымі гукамі, цікавымі характарамі, незвычайнымі падзеямі, што адлюстраваліся ў ягонай лірычнай прозе. Менавіта ён з’яўляецца прызнаным майстрам мініяцюры ў  беларускай прозе.     

Пісьменнік шырокага творчага дыяпазону, Янка Брыль пісаў аповесці, апавяданні, нарысы, эсэ, былі літаратурная крытыка і раман «Птушкі і гнёзды». Але менавіта мініяцюра стала тым жанрам, які найбольш поўна раскрыў унутраны свет мастака, выявіў грані яго творчай індывідуальнасці. Мініяцюра як разнавіднасць мастацкай  прозы з’яўляецца рухомай формай на стыку літаратурных родаў, а таксама мае стылёвыя асаблівасці, характэрныя ў многім паэзіі. У.Калеснік зазначае, што «адметнасць, непаўторнасць творчай манеры Я.Брыля крытыкі спрабуюць акрэсліць катэгорыямі літаратурных родаў: лірызм — драматызм — эпічнасць — аналітычнасць  або плюсавымі катэгорыямі эстэтыкі: прыгожае, узнёслае, станоўчы гумар і аптымістычны трагізм. ...мініяцюры — жанр пераходны, многія  з іх не лірычныя, а разумовыя» [14, с. 195]. Даследчык зыходзіць з таго пункту гледжання, што Я.Брыля не варта называць «лірыкам у прозе», бо гэта збядняе погляд на яго творчасць, у якой былі  і аповесці, і нарысы, і крытыка і г.д. І менавіта ў сінтэтычнасці сіла яго таленту.  У.Калеснік падкрэслівае: «Мне думаецца, што ні чыстая лірыка, ні чысты драматызм, ні чыстая эпічнасць наогул не даюць іх уладальнікам творчай моцы. У вялікіх мастакоў лірызм, драматызм і эпічны спакой звычайна выступаюць у складаных сувязях. Іх  кампаноўка і мера ў канкрэтным выпадку бываюць абумоўлены талентам, густам, а часта і творчай задумай» [14, с. 196].

Творы малой празаічнай формы (разнастайныя па жанравых асаблівасцях мініяцюры, абразкі, невялікія лірычныя апавяданні) Я.Брыль пісаў на працягу ўсяго перыяду творчай дзейнасці. Нават больш буйныя яго творы, як можна заўважыць, нярэдка складаюцца з кавалачкаў-цаглінак, якія самі па сабе, дзякуючы сваёй самастойнасці і закончанасці, маглі б стаць асобнымі невялікімі мастацкімі творамі. Калі гаварыць пра ідэйна-філасофскую накіраванасць мініяцюр, то нельга не сказаць, што ў многім яе вызначаў час, тыя грамадска-філасофскія павевы, якія адчуваліся ў розныя перыяды савецкай эпохі і постсавецкага часу. Многія свае  думкі, перажыванні пісьменнік здолеў выказаць у больш позніх творах, шчыра гаворачы чытачу аб немагчымасці падзяліцца гэтым раней з прычыны неспрыяльнага грамадска-палітычнага становішча. Адпаведна філасофскай зададзенасці твораў дзейнічаюць і героі, кожны са сваім разуменнем рэчаіснасці, сваёй меркай паводзін уласных і ўчынкаў іншых людзей. Героі не проста знаходзяцца ў  нейкай штучнай пустэчы, яны — у грамадстве, нярэдка вызначаюцца сярод агульнай масы нейкімі незвычайнымі, цікавымі якасцямі характару. І праз асобу, яе светапогляд пісьменнік падае не проста сваё разуменне навакольнага свету, але і перадае асабістае стаўленне да жыцця, сваё бачанне прыгожага і пачварнага, трагічнага і камічнага. І форма мініяцюры тут вельмі адпаведная, бо дазваляе з вуснаў лірычнага героя, які яшчэ і назіральнік, удзельнік падзей, наўпрост перадаць думку, пэўнае меркаванне, своеасаблівым позіркам глянуць і ацаніць нейкую сітуацыю, учынак. Юлія Канэ, разглядаючы творчасць Я.Брыля яшчэ 70-х гадоў, зазначае: «Адчуванне формы не вечнае, рухомае. Тое, што ўчора здавалася бясформеннасцю,  сёння, з прыходам таленавітага мастака, які лепей за іншых адчувае сучасны стан свету і адпаведныя  яму змены ў псіхіцы чалавека, робіцца формай — новай формай, новай эстэтыкай» [15, с. 199]. І філасофскія мініяцюры, і абразкі, і пейзажныя замалёўкі, эмацыянальна афарбаваныя праз успрыманне лірычнага героя, утвараюць брылёўскі мастацкі свет, які і ёсць яго эстэтыка са сваім ідэалам і антыідэалам.

Лірызм твораў Я.Брыля грунтуецца не толькі на моцнай пачуццёвасці лірычнага героя, а хутчэй на  інтэрпрэтацыі з’яў рэчаіснасці, падзей, сцэн з жыцця цераз прапусканне іх праз яго свядомасць, афарбоўваючы гэтую рэчаіснаць эмоцыямі героя, які ў многім тоесны  аўтару. Лірычны герой, ён жа наглядальнік і дзесьці суддзя, — гэта аднагодак пісьменніка, які з вышыні свайго жыццёвага вопыту абмяркоўвае з чытачом  надзённыя праблемы і праблемы планетарнага маштабу, унікае ў  псіхалогію свайго сучасніка. Нездарма адной з якасцяў прозы Я.Брыля даследчыкі называюць аналітызм і глыбокі псіхалагізм, немагчымыя, дарэчы, без пільнай увагі да мастацкай дэталі. Вучыўся пісьменнік сакрэтам творчага майстэрства, як і ён сам сцвярджае гэта неаднаразова ў сваіх  мініяцюрах, у Гогаля, Дастаеўскага, Талстога, Чэхава, Чорнага, вылучаючы ў іх спадчыне тое зерне, якое найбольш падыходзіла выяўленню ўласнага таленту ва ўмовах спачатку заходнебеларускай, а пасля і савецкай рэчаіснаці.

Лірычныя творы ў прозе — гэта творы, на першы погляд, бессюжэтныя. Але калі ўдумацца глыбей, то  бачна, што ў іх ёсць сюжэт развіцця пачуццяў, адчуванняў, выражаных праз пейзажы, уражанні, якія грунтуюцца на ўнутраным канфлікце, пры адсутнасці знешняга дзеяння. Юлія Канэ зазначае, што «бессюжэтнасць беларускага абразка ці імпрэсіі была фактычна дасюжэтнай, бо вынікала з маладосці, мастацкай неразвітасці беларускай прозы першай чвэрці ХХ стагоддзя. Што ж датычыцца  бессюжэтнасці сучаснага апавядання, дык яна постсюжэтная,  бо з цягам часу, з развіццём даследчых магчымасцей прозы  традыцыйны  падзейны сюжэт з неабходнай і вельмі прыдатнай формы арганізацыі жыццёвага матэрыялу паступова ператварыўся ў перашкоду... намаганням перадаць складаны свет жыцця сучаснага чалавека» [15, с. 141]. І далей: «У творчасці Я.Брыля-навеліста гэтыя два этапы развіцця літаратуры... як бы сышліся, сплавіліся разам, вельмі своеасабліва і ўдала» [15, с. 141].  Безумоўна, у такіх творах адзін галоўны герой — аўтар-апавядальнік, і дзесьці далей, у падтэксце,— чытач. Такім чынам, уся сістэма вобразаў у мініяцюрах грунтуецца як бы вакол адной глыбы, якая складаецца з лірычнага героя і чытача, звязаных паміж сабою спавядальна-эмацыянальнай сувяззю.

Ідэйна-філасофскі змест мініяцюр Я.Брыля накіраваны не проста на аналіз рэчаіснасці, а на выяўленне светлых і цёмных бакоў жыцця на падставе ўласнага вопыту, на ўдасканаленне і нават перавыхаванне нашага сучасніка. Гэта можа быць роздум над канкрэтнымі жыццёвымі сітуацыямі, думкі з нагоды прачытанага, успаміны пра сустрэчы з выдатнымі людзьмі, выкрыццё прыхаваных заганных з’яў у літаратуры і грамадстве і інш.

У зборніку «Працяг размовы: Апавяданні, замалёўкі, нарысы» (1962) мініяцюрам адведзены асобны раздзел. Я.Брыль мэтанакіравана прысвячае творы дзіцячаму свету, паказу непасрэднасці, бязгрэшнасці душы маленькага чалавека, які ўсё ўспрымае проста, і заўвагі і меркаванні яго справядлівыя. Менавіта праз яго ўспрыманне пісьменнік прапускае жыццё, сур’ёзныя падзеі, учынкі дарослых. Дзіця разглядае свет сваімі бясхітраснымі вачыма і адначасова дае яму ацэнку, адкрыта паказвае на эстэтычнае і антыэстэтычнае, папраўляе любую дысгармонію. Так, у мініяцюры «Сумная казка» пяцігадовая Аня, пасядзеўшы на сустрэчы малодшых школьнікаў з дзіцячымі пісьменнікамі і «праслухаўшы» вельмі сур’ёзны даклад саліднай чыноўніцы з аблана на пытанне свайго таты (дырэктара гэтай школы), чаму сябе дрэнна паводзіла, адказвае тым жа пытаннем: «А чаму тая цёця чытала такую сумную казку, га?» [11, с. 141]. У адпаведнасці са сваім светаразуменнем у пытанне дзіця ўнесла і сваю ацэнку падзеі. Яму патрэбна была казка, інакш кажучы, нешта цікавае, як і іншым школьнікам малодшых класаў у гэтай  аўдыторыі, а яны атрымалі сур’ёзны, нецікавы, мабыць, і для дарослых, канцылярскай мовай выкладзены даклад, некаторыя ўрыўкі якога ў творы і прыводзіць Я.Брыль. «Салідная, поўная дама — дакладчыца — на нейкі момант спыняецца, каб акуратна прыгубіць вады, і зноў працуе — натхнёна і мужна:

 — Выдатны савецкі педагог і пісьменнік, стваральнік навукова абгрунтаванай методыкі выхаваўчай работы з дзіцячым калектывам, Антон Сямёнавіч Макаранка, маючы на ўвазе...» [11, с. 139-140]. І не дзіўна, што пасля такога маленькая Аня выказалася паводле сваіх дзіцячых рэалій, свайго разумення цікавага, а значыць, прыгожага і гарманічнага, што адпавядае патрэбам дзіцячай аўдыторыі. І лірычны герой на яе баку, што бачна  хаця б  па такіх ацэначных  дэталях (пра чыноўніцу): «працуе  — натхнёна і мужна», — якія не надта нават сумяшчальныя ў эстэтычным кантэксце, адчуваецца іронія.  Малеча ж мае свой густ, лепш бачыць недарэчнасці, нейкае, нават мізэрнае, парушэнне сваёй дзіцячай праўды альбо гармоніі, да чаго многія дарослыя ўжо ўвогуле прызвычаіліся. Так, у мініяцюры «Абразы ці партрэты?» маленькая Волечка, глянуўшы на Маці Боскую з Ісусам на руках, заўважае: «Ах, зануды якія! Самі вунь як разадзетыя, у каронах, а дзіцятка — босае!..» [11, с. 144]  (Падкрэслена мною. — Р.К.). Прыкмечана дэталь, якую дарослыя, паводле дзіцячага светаўспрымання,  недаацэньваюць. Пісьменнік не дарма шчодра ўключае ў зборнік мініяцюры менавіта  пра дзяцей, бо паказ іхняга свету моцна дапамагае вырашыць аўтарскую ідэйна-эстэтычную задачу, якая вобразна фармулюецца аўтарам на  супервокладцы кнігі: «Замалёўкі дзіцячага свету, уключаныя  ў зборнік не без пэўнага  вагання, гэта жменька  тых «пырскаў сонца», якія хочацца і браць сабе, і аддаваць сябрам, як нейкі цудадзейны сродак  няспыннага абнаўлення душы самай высокай  і самай чыстай паэзіяй (Я. Брыль)».

Як бачна, невыпадковай з’яўляецца і назва яшчэ аднаго зборніка «Жменя сонечных промняў» (1965), якою аўтар падкрэсліў ідэйна-філасофскі змест кнігі і сваю творчую задачу: несці эстэтычна высокае, прыгожае, дасканалае людзям, свайму чытачу. Творы ў тым зборніку падзелены на шэсць тэматычных цыклаў, у якіх замест назвы прыводзяцца радкі з саміх тэкстаў. Мініяцюры ўяўляюць сабою лірычныя запісы з нататніка, таму адразу могуць падацца спрошчанымі, а думка раскіданай. Але пры ўважлівым чытанні бачна, што з першага погляду раскіданыя рэалістычныя эпізоды жыцця, разважанні, успаміны счэплены асобаю лірычнага героя ў адзіную сістэму твораў і нярэдка падаюцца не ў літаратурна-выпешчаным апрацаваным выглядзе, а больш натуральна, жывою моваю блізкага суразмоўцы, узбагачанай інтанацыяй суперажывання са сваім героем. Тут можна адшукаць замалёўкі прыроды, разважанні з выпадку, уражанні аб’ёмам на некалькі старонак, хай і малафарматных, а ёсць і невялікія ў 1-2 радкі пачутыя трапныя выказванні. І ўсюды адчуваеца аўтар, яго  прысутнасць, здзеклівы альбо жартаўлівы яго тон, які адпавядае сэнсава-інтанацыйнай напоўненасці мініяцюр, што дазваляе эканоміць слоўны матэрыял і сціскаць аб’ём твораў. Дружба і каханне, духоўныя і маральна-этычныя каштоўнасці асобы, іх праяўленне ў канкрэтнай сітуацыі, праблема бацькоў і дзяцей, іх узаемапаразумення, успаміны мінулай вайны і інш. Пра ўсё ў адной невялікай кнізе. Але нельга не звярнуць увагу на яшчэ адну ўласцівасць малых празаічных твораў Я.Брыля. Як заўважае Міхась Тычына,  «...у «малой» прозе, акрамя  імкнення звужаць поле зроку, адбываецца супрацьлеглае імкненне да абагульнення  і эпізацыі. Большасць тых жа брылёўскіх мініяцюр уяўляюць урыўкі або раздзелы з вялікай кнігі жыцця. Звязаныя паміж сабой не толькі агульнай крыніцай паходжання, але і ў праблемна-сэнсавых адносінах» [16, с. 97-98].  Далей менавіта гэтай  акалічнасцю даследчык тлумачыць тое, што Я.Брыль аб’ядноўвае творы ў цыклы, якія не маюць назвы, як у зборніку «Жменя сонечных промняў», альбо маюць вельмі абагульняючую назву [16, с. 98]. І гэта спецыфічная рыса брылёўскай малой лірычнай прозы.

Праблематыка мініяцюр іншых зборнікаў — «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Трохі пра вечнае» (1978) — у многім  тоесная, усечалавечная, бо героі ў іх кахаюць і ненавідзяць, працуюць і змагаюцца. Але паступова пашыраецца далягляд дзеяння, праходзяць новыя цікавыя лёсы, больш глыбока аўтар даследуе якасці асобы сваіх герояў, прыкмячае сэнсаваёмістыя дэталі. З кожнай кнігай  пісьменніцкі талент сталее, выяўляюцца ўсё новыя магчымасці мастацкага бачання свету. Лірычны герой — гэта вандроўнік, якога можна ўбачыць у розных кутках свету: Волга, Ерэван, Балгарыя, Германія і інш. Але нават праз карціны чужых краін, іх прыгажосць пісьменнік сцвярджае Беларусь. Так, у Ялце ён адшуквае магілу Максіма Багдановіча. У пейзажах чужыны бачыць Радзіму. Я.Брыль у творах не толькі сцвярджае, але і спрачаецца са сваімі ўяўнымі і рэальнымі апанентамі па самых злабадзённых пытаннях. У.Калеснік зазначае: «Сэнсава-ацэначны пачатак Брылёвых мініяцюр глыбокі і багаты, у іх часта ўзаемадзейнічаюць поруч два суджэнні, два розныя погляды: адзін належыць аўтару, інтэлігенту, мастаку, патрыёту і грамадзяніну, другі — апанентам, часам славутасцям, а часцей  стрэчным-папярэчным; адзін — даросламу, другі — дзецям, выразнікам сардэчнай чысціні, шчырасці; ацэнка ахоплівае шырокія абсягі жыцця: ад уласнага Я  да касмічнага бязмежжа» [14, с. 162].

У зборніку «Акраец хлеба: Аповесць, апавяданні, лірычныя запісы» (1977) і апавяданні і лірычныя запісы ідуць адным раздзелам. Цікава тое, што некаторыя апавяданні чымсьці падобныя да невялікай нізкі мініяцюр, хаця вонкава не падзяляюцца на нейкія часткі. З-за адсутнасці скразной сюжэтнай лініі, фрагментарнасці ўрыўкаў, малога аб’ёму (дзве невялікія старонкі) можа ўзнікнуць пэўнае сумненне: ці гэта апавяданне, ці нешта блізкае да мініяцюры. Так, твор «Калыска» складаецца з чатырох умоўных частак, кожная з якіх пачынаецца шматкроп’ем і з чырвонага радка. Гэта чатыры ўрыўкі пра дзяцей. Тры з іх — успаміны пра малечу (ад калыскі), пэўныя выпадкі з жыцця, якія настройваюць чытача на пяшчотны, добры лад. А чацвёрты... пра хлопчыка, які цудам выжыў у час карнай аперацыі фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны: паранены, выпаўз з-пад трупаў. І пісьменнік прыводзіць урывак з пратакола суда над карнікамі праз чатырнаццаць гадоў пасля вайны. Гэта паказанні хлопчыка: «...Падлога ў доме была шчыльная, пафарбаваная, і калі я зайшоў у дом, то на падлозе было столькі крыві, што не было куды ступіць нагою. Забілі чалавек пятнаццаць-дваццаць у гэтым доме. У другі дом я не заходзіў, я толькі праз акно туды паглядзеў. Там, над трупамі на падлозе яшчэ ўсё гайдалася калыска» [2, с. 135]. І Я.Брыль дадае ад сябе наступным тэкстам:

«Я  дадаю:

Калыска не пустая, хоць маўклівая.

І калыхалася — як звон без языка» [2, с. 135].

З дзіцячай калыскі Я.Брыль пачаў свой расповед і калыскаю скончыў, але змяніў светлыя фарбы на хаўтурна-чорныя. Калыска набывае сімвалічнае значэнне, у выніку мантажу кампанентаў кампазіцыйнай будовы перад чытачом узнікаюць два эстэтычныя антыподы: дзеці, як нешта гарманічнае, добрае, і фашызм, як пачварнае. На гэтых эстэтычных супярэчнасцях, несумяшчальнасці паняццяў «дзеці» і «вайна» з яе карнымі аперацыямі трымаецца ідэйна-філасофскі змест гэтага маленькага апавядання. Жанравыя асаблівасці мініяцюры ці маленькага лірычнага апавядання дазваляюць на малым участку тэксту з дапамогаю кампазіцыйнай варыятыўнасці ўзмацняць эстэтычны і эмацыянальны эфект ад пададзенага матэрыялу.

Падобная будова (з некалькіх умоўных частак) і ў маленькага апавядання «Полымя»: урыўкі-карціны пра дзяцей у мірны час і жахі пагібелі ў вайну. Эмацыянальны эфект узмацняецца тым фактам, што бацька сам расказвае пра смерць сваіх непаўналетніх дзяцей. Памяць чалавека аўтарам разглядаецца як частка катэгорыі часу, рэчы спрадвечнай і бясконцай. Паўстае праблема сэнсу жыцця, якое трэба пражыць недарма. Маналогі ўспамінаў герояў у маленькіх лірычных апавяданнях і мініяцюрах маюць не толькі паведамляльную задачу пра нейкі факт, а яшчэ — і гэта галоўнае — эмацыянальна-ацэначную. Так, радкі з твора: «Меншы, дванаццаць гадоў, быў тады з камандзірскім рэменем, — расказвае бацька (Падкрэслена мною. — Р.К.). — І рэмень той не дагарэў. Так і ляжаў... з гэтым сваім гуляннем у руцэ... А ў большага, на два гады старэйшага, у роце было поўна саломы. Душыўся ад агню, ад дыму... Я яе павыцягваў...» [2, с. 127-128].  У героя маленькага апавядання цяпер ужо новая сям’я, заведзеная пасля вайны. Загінуўшыя дзеці былі амаль дарослыя, і шчасце абарвалася, бо цемра фашызму прыйшла на гэтую зямлю, і іх бацька змагаўся з гэтай  навалай у партызанах.  Фактычна перад намі гатовы паўнавартасны твор (хаця гэта толькі невялікі ўрывак, маналог), які не патрабуе нават працягу. Шматкроп’і, якія ўказваюць на моцнае хваляванне героя,  абсечаныя фразы ствараюць атмасферу трагічнасці, немагчымасці  штосьці выправіць, толькі як «павыцягваць» салому... Трэба яшчэ дадаць, што ў брылёўскіх малых празаічных творах пра вайну вобраз беларуса-партызана набывае рысы чагосьці ўзвышанага ў супрацьвагу ўсяму варожаму (пачварнаму, нікчэмнаму).

 Калі гаварыць пра эстэтычную канцэпцыю Я.Брыля, то нельга абысці ў гэтым зборніку абразок «Вячэрні звон», у якім пададзены тыповы малюнак з квартала чырвоных ліхтароў, у дадзеным выпадку ў Гамбургу. Пісьменнік паказвае антыэстэтычную карціну ўзаемадачыненняў двух полаў (мужчынскага і жаночага), якія грунтуюцца на дзікай пажаднасці і продажы цела. І адзін і другі «бакі» паказаны ў амаральных фарбах уседазволенай разбэшчанасці, зацямнення духоўных якасцяў асобы. Так, пра жанчын: «Абыякавасць, стома, як у салдатаў на варце, адсутнасць хоць бы якой сарамлівасці ці какецтва, у некаторых нават прыкметны цынізм» [2, с. 121]. І пра мужчын: «Густа валэндаўся п’яны збой мужчын, чуўся крык, рогат, лаянка»  [2, с. 121]. І на фоне такіх карцін: «Гучыць вячэрні звон. На малітву»  [2, с. 121]. Храм і звон уводзяць лірычнага героя сваёй несумяшчальнай блізкасцю з кварталам чырвоных ліхтароў у глыбокі роздум, сэнсам якога з’яўляецца пошук ісціны ў гэтым гармідары, «жаданне на ўсю глыбіню зразумець, што ж яно ў чалавечым жыцці да чаго...»  [2, с. 121].

Зборнік «Трохі пра вечнае: Артыкулы, лірычныя нататкі, эсэ» выйшаў у 1978 годзе. Сама назва ў многім і вызначае ідэйную накіраванасць твораў: разглядаць спрадвечную праблему сэнсу жыцця. Для Янкі Брыля лірычная проза і ёсць тая форма, у якой ён максімальна выяўляе сябе ў творчасці як асоба і якая з’яўляецца сэнсам яго ўласнага творчага жыцця, тым, што і стане вечным у гісторыі беларускай літаратуры. Пісьменнік абараняе лірыку ў прозе ад беспадстаўнай крытыкі, адстойвае сваё творчае крэда.

«Назойлівы крык: дзе сюжэт?.. няма сюжэта!..

Гэта падобна на тое, каб, гледзячы на прыгожую дзяўчыну, — перш і больш за ўсё думаць пра яе шкілет»  [13, с. 241].

Лірычную прозу Я.Брыль разумее як нешта вельмі блізкае да душы, нешта такое, з чым чалавек зрастаецца сэрцам. А калі гэта ёсць, то галоўнымі якасцямі твораў становіцца шчырасць, праўдзівасць, што і падымае гэтыя творы да эстэтычных вышыняў, мастацкасці.

Зборнік «Сёння і памяць», які выйшаў у 1985 годзе, змяшчае ў сабе мініяцюры, апавяданні, эсэ. Мініяцюры тут ідуць асобнымі цыкламі, хаця ёсць абразкі і апавяданні, якія вельмі блізкія да мініяцюр, знаходзяцца на мяжы жанравых формаў. Цыкл «Свае старонкі» — гэта выпіскі з нататніка з пазначэннем гадоў, абсалютная большасць якіх прысвечана роздуму над уласнай творчасцю, аналізу зробленага, прачытанага, аўтар дзеліцца задуманым. А гэтага, мабыць, і патрабуе «лірычны талент» Янкі Брыля, што і даказваецца ў адной з мініяцюр: «...Андэрсон, перад ім Давыдкаў і Казакоў часта пішуць ад першай асобы. Лірычны талент гэтага патрабуе? І мяне таксама цягне першая асоба...»  [12, с. 302].

Ужо ў тыя гады пісьменнік не пакідае зусім без увагі беларускую нацыянальную праблематыку, хаця пра гэта прама ён будзе гаварыць у пазнейшыя часы, пакуль жа ён выказвае набалелае і, калі так можна сказаць, відавочнае. Так, Я.Брыль перажывае той факт, што многія беларусы, асабліва за межамі Радзімы, не працуюць на развіццё роднай культуры.

«Арменія маленькая, а колькі людзей за межамі так добра працуе на яе славу. І ў гэтым сіла народа.

А беларусы здаўна ішлі з дому толькі ўзбагачаць іншых»  [12, с. 224].

Я.Брыль таксама выказвае ў мініяцюрах зборніка адкрытую павагу да роднай мовы не проста як сродку зносін, але як «крыніцы», «свайго карэння».

У мініяцюрах пісьменнік імкнецца адкрыта паказаць стаўленне да свайго героя, ён адмаўляе, высмейвае пэўныя якасці ў чалавеку, з’явы ў грамадстве. Так, дрэннай студэнтцы ў адной з мініяцюр цыкла «Абы на здароўе» ён дае наступную характарыстыку: «Выпускніца вясковай вячэрняй школы вучыцца на філфаку, — там, куды знатнаму сваяку лягчэй было ўладзіць. Дзеўка бойкая, што ўжо і чарку ведае, і кавалераў»  [12, с. 103]. Жыццё герояў у такіх творах вельмі рэальнае, тут няма выдуманых з галавы фактаў, у чым і каштоўнасць іх, бо гэта мастацтва з рэальнага жыцця.

Сістэма вобразаў мініяцюр Я.Брыля дапамагае выразіць эстэтычную канцэпцыю пісьменніка: дасканалы чалавек у дасканалым грамадстве. Толькі хараства, гармоніі ў жыцці не так ужо і многа, асабліва ў свеце дарослых. Таму невыпадкова ў цэнтр увагі многіх твораў пісьменнік і ставіць дзяцей, бо іх вуснамі гаворыць ісціна. Але вобразы дзяцей Я.Брылём даследуюцца ва ўсёй суровасці свайго рэалізму, калі паказваецца бездапаможнасць іх альбо тое ж неразуменне прыкрытага маскай дабрыні зла. І неразуменне гэтае выходзіць са святасці дзіцячай душы, яе шчырасці. І дарослыя са сваім скептыцызмам, нярэдка ўяўнай правільнасцю, дзесьці нават самаўпэўненасцю адступаюць перад праўдзівымі заўвагамі і крыўдамі малечы. Так, у адной з мініяцюр цыкла «Дзве зары» маці, паставіўшы ў куток дзяўчынку, кажа:

« — Ты дрэнная, і дзеці твае будуць таксама дрэнныя!

 Малая, пачакаўшы:

  — От, мама, я скажу, а ты зноў будзеш на мяне крычаць. А я табе скажу: калі я дрэнная, і мае дзеці будуць дрэнныя, дык і вы з татам, калі былі маленькія, таксама былі дрэнныя і я ў вас дрэнная атрымалася!»  [8, с. 96].

Як бачна, праз дыялогі, маналогі яскрава праяўляецца ўнутраны свет герояў, а разам з тым і пазіцыя аўтара. Дзеці, іх успрыманне, светапогляд ставяцца пісьменнікам на самую высокую прыступку эстэтыкі як асобы гарманічныя і дасканалыя. Нездарма ў Святым Пісанні ёсць сцвярджэнне, што «на дзецях пячатка божая», а значыць, яны могуць быць «мярылам» справядлівасці і чалавечнасці.

Я.Брыль спрабуе ў філасофскіх мініяцюрах вырашыць праблему  першаснасці катэгорыі прыгожага, дакладней, ці з’явілася гэтае паняцце дзякуючы чалавеку, як вынік разумовай дзейнасці па праблеме зрокава прыемнага, ці хараство — гэта нешта  універсальнае, характэрнае прыродзе ўвогуле, само сабой у ёй закладзенае. І ў выніку разважанняў спыняецца на другім, бо прырода не можа быць недасканалай сама па сабе; яна жывая, і прыгожае патрэбна ёй самой. А значыць, прыгажосць кветак, усяго жывога — вартасць настолькі высокаэстэтычная, што існуе незалежна ад чалавека і яго поглядаў; у выніку — яна вышэйшая і за яго самога.

Ідэйна-філасофская  канцэпцыя пісьменніка не можа  існаваць і без свайго разумення асобы чалавека, без свайго ідэалу і антыідэалу, у прыватнасці, у грамадстве. Часта менавіта праз антыідэал творцы ўдаецца найлепш выказаць сваё стаўленне да нейкіх адмоўных з’яў жыцця і сцвердзіць гэтым штосьці эстэтычна вартае, прыгожае. Я.Брыль у мініяцюрах у малым аб’ёме можа дастаткова поўна падаць такі антыідэал. І багаты жыццёвы вопыт падказвае яму шматлікія вобразы рэальных людзей. Так, пра  старшага сяржанта польскага войска: «Чапляўся абы да чаго і лаяўся абы за што, шапялява-бяззубы, як нямоглая баба, з  паўпадалымі шчокамі, не выпускаючы з рота слова «курва»  [5, с. 253]. І яшчэ: «У Гдыні іншы старшы сяржант... лаяўся яшчэ больш і не так аднастастайна.  Найчасцейшымі словамі, апроч той самай  універсальнай  «курвы», былі ў яго «бедуін», «дуяра», «гангрэна», а далей ішла такая вобразнасць, такая высокамастацкая мярзота, што і запісваць нельга, тым больш друкаваць»  [5, с. 253-254].

З канца 80-х гадоў, калі пачалася палітычная адліга ў грамадстве і істотна зменшыўся ціск цэнзуры, з’явілася магчымасць наўпрост выказваць у творах тыя думкі і погляды, якія раней  даводзілася падаваць у выглядзе намёкаў, недагаворак. Хаця ў сваіх мініяцюрах і маленькіх лірычных апавяданнях Я.Брыль застаўся самім сабою, не абыходзячы раней вызначаныя кірункі праблематыкі, але ў яго з’явіўся шэраг новых альбо дзесьці ўжо і знаёмых, «старых» вобразаў, толькі цяпер больш выразна акрэсленых, дэталёва дакладных, з’яўляецца і крытыка адмоўных з’яў — на гэты раз ужо ў сацыялістычным грамадстве, тых з’яў, якія залежаць ад існуючай сістэмы ўлады, афіцыйных традыцый. Так падае ў сваім разуменні з’яву тады моднай шматгеройнасці Я.Брыль:

«Двойчы Герой Сацпрацы, старшыня калгаса, ідучы  кожнай раніцы ў праўленне, прыпадымае капялюш — вітаецца сам з сабой, сваім бронзавым бюстам.

Каб збіць няёмкасць? Ці блазнуючы перад людзьмі?

Няўжо да гэтага можна прывыкнуць?»  [8, с. 141-142].

Але Я.Брыль падаваў не толькі ў іранічна-камічных адценнях адмоўныя з’явы тагачаснай рэчаіснасці. Згадваючы пачварныя рысы таталітарнай сістэмы, аўтар паказвае, што нават вялікія пісьменнікі не маглі працаваць без азірання, без страху быць, мякка кажучы, незразумелымі, а то і рэпрэсаванымі. Напрыклад:

«Калісьці на абмеркаванні творчасці Крапівы яму зрабілі заўвагу, што мала піша.

— А што ты зробіш, калі як толькі сядзеш за стол, дык не вобразы перад вачыма ўстаюць, а Бэнда!..

  Смела? У самым пачатку трыццатых гадоў, калі ўжо бралі...» [8, с. 143].

Пісьменнік больш адкрыта можа гаварыць і пра рэальнае становішча беларускай мовы, культуры ў грамадстве, прыводзіць канкрэтныя факты рэпрэсій сталінскіх часоў, прыніжэння, абыякавасці, якія самі па сабе з’явы антыэстэтычныя, як і героі — удзельнікі гэтых падзей. Гэта бюракраты рознага рангу, якія баяцца за свае цёплыя пасады, нярэдка людзі з «простых», каму цяжка зразумець, што размаўляць на роднай мове на сваёй радзіме — гэта зусім не нацыяналізм ці спроба прынізіць людзей іншых нацыянальнасцей. Кранаецца праблема бяздзеяння ўладаў у гэтым кірунку, іх азіранне на Маскву. Так, пра адну сустрэчу ў ЦК партыі па нацыянальным пытанні: «З аднаго боку наш прэзідыум, з другога — члены бюро і ўрада. Гаварылася многа, адкрыта. Намі, вядома... А ўсё абышлося  касметыкай, абяцаннямі, і яшчэ раз  ясна стала, што пытанне вырашаецца не ў рэспубліцы... Хоць новы сакратар па ідэалогіі, самападкрэслены беларус (Падкрэслена мною — Р.К.) Пілатовіч, які толькі што замяніў вялікага маўчуна Шауру, што за паўтара года не знайшоў часу прыняць наш прэзідыум, каб пагаварыць па тым горкім нацыянальным пытанні, здаўся нам тады на штосьці добрае надзейным»  [10, с. 140-141]. Яшчэ ў зборніку 1988 года «На сцежцы — дзеці: Апавяданні, мініяцюры, эсэ» пісьменнік, гаворачы пра любоў да роднай зямлі, людзей, мовы, зазначаў адкрыта: «І ніякае гэта не «хутаранства», не абмежаванасць, не нацыяналізм, не шкодзіць гэта маёй любові да ўсёй нашай шматнацыянальнай неабсяжнасці, да ўсёй людскай радзімы — Зямлі»  [8, с. 168].

Аўтар відавочна разлічвае на чытача-аднадумцу, стараецца прымусіць яго задумацца над фактам, які, на першы погляд, можа быць паўсядзённым і звыклым. Нярэдка Я.Брыль нават цытуе ўрыўкі з прачытанага (а гэта адна з асаблівасцей яго філасофскіх мініяцюр), даючы гэтаму кароткі каментарый альбо вельмі кароценькую заўвагу, у якой з дапамогаю дэталяў, эмацыянальна-афарбаваных фразаў сказана ўсё. Напрыклад, пра польскага навукоўца:

«А вышэй гэты дамарослы даследчык піша пра нас, што «прымусовая акцыя рускіх захопнікаў ператварыла іх (каталікоў. — Р.К.) у беларусаў праваслаўнага веравызнання. Засталіся ў іх толькі схаваныя ў глыбіні душы ўспаміны і пэўная гордасць, што яны паходзяць з каталікоў...»

Вось яно як!»  [5, с. 258].

Для Янкі Брыля нацыянальнае — гэта частка душы. Без нацыі не можа быць асобы, таму праблемам беларускасці ў розных сферах жыцця пісьменнік надае шмат увагі, а чалавек без пачуцця нацыянальнай годнасці і павагі да іншых нацый аўтарам ставіцца на найніжэйшыя прыступкі эстэтычнай лесвіцы. Акрамя таго, Я.Брыль  адмаўляе махлярства, падман, бо гэта, на яго погляд, не стасуецца з такім паняццем, як звычайнае чалавечае сумленне. Недарма пісьменнік захапляецца звычайным чалавечым шчасцем, якое здаецца будзёным. І нярэдка большасць людзей не задумваецца, што гэта і ёсць тое самае звычайнае чалавечае шчасце. «Праз акно ў ашчаднай касе любуюся, як маладая, мілая з выгляду, даўнавата ўжо знаёмая маладзіца расцвіла цяжарнасцю»  [5, с. 298].

Кажуць, што Янка Брыль — пісьменнік усечалавечны. І гэта праўда, бо дзе б ён ні вандраваў, куды б ні закінуў яго лёс, усюды ён умее зазірнуць у душы людзей, стараецца схапіць жыццё цалкам, ва ўсіх яго складанасцях і супярэчнасцях, умее ўбачыць шмат цікавага, але пры гэтым не забываць сваёй радзімы, роднага кута. Яго нататнік фіксуе не толькі трагічнае, пачварнае, прыгожае, але і камічнае, бо менавіта смех выхоўвае чалавека, а, як вядома, мастацкая літаратура — лепшы лекар душы і выхавальнік. Навукоўцы сцвярджаюць, што ўспрыманне рэчаіснасці ў камічных, трагічных ці нейкіх іншых адценнях абумоўлена нацыянальным успрыманнем і нават гістарычнымі ўмовамі. Але Я.Брыль — пісьменнік не толькі беларускі, а і агульначалавечы, і яго гумар, крытыка, якая у ім закладзена  («смех — эстэтычная форма крытыкі»  [1, с. 97]), зразумелая прадстаўніку любой нацыянальнасці і ўсякага пакалення. У эстэтычнай канцэпцыі мініяцюр пісьменніка катэгорыя камічнага займае пэўнае месца, бо ў залежнасці ад эмацыянальнага адцення аўтарскага смеху служыць адмаўленню альбо сцвярджэнню пэўнай з’явы, вызначэнню эстэтычнага і антыэстэтычнага. Увогуле камічнае — гэта «грамадска адчувальная, грамадска значымая аб’ектыўная супярэчнасць, неадпаведнасць (...формы — зместу, дзеяння — абставінам...), у якой альбо сама гэтая супярэчнасць, альбо адзін з яе бакоў супрацьстаіць высокім эстэтычным ідэалам»  [1, с. 96]. Смех Я.Брыля можа быць лагодным, іранічным, крытычным і нават злосным. Магчыма,  з-за таго, што смех мае розныя эмацыянальна-сэнсавыя адценні, Я.Брыль назваў цыкл мініяцюр у зборніку «Вячэрняе» (1994) «Здаецца, смешнае». Героі тут жартуюць, самі трапляюць у смешнае становішча, але ёсць і смех скрозь слёзы з суровай праўды жыцця:

«Аднапалчанін з Глыбоччыны, начуючы ў мяне, расказвае пра новае жыццё. І так, з такою развагай:

— Ці ты адзін працадзень у гаршчок паложыш, ці пяць, ці дзесяць — навар аднолькавы!..» [5, с. 263].

І іншы смех, добразычлівы, у адрас гераіні, які і падкрэсліваецца эпітэтам «дабрадушная», у такой мініяцюры:

«Дабрадушная маладзіца, з разуменнем да тых, каму піць шкодна:

— Я і сама нездарова. Вып’ю шклянку і тады, можа, з гадзіну цэлую сяджу чыр-во-на-я!..» [5, с. 264].

Аўтар дае такім чынам эстэтычную ацэнку з’явам рэчаіснасці, людзям праз іх учынкі, словы. Моўнай характарыстыцы пісьменнік надае асаблівую ўвагу, па чым і можна вызначыць грамадскі і псіхалагічны тып чалавека. Нярэдка Брыль перадае фразы даслоўна, нават не па-беларуску, што, дарэчы, дапушчальна для запісаў з нататніка, хаця крытыкаваўся з-за лішняга ўжывання ўрыўкаў тэкстаў па-руску. Так, У.Калеснік зазначае: «Неабавязковай здаецца часам прысутнасць фрагментаў рускамоўнага тэксту, лёгкага для перакладу нават падрадковага. Чытаеш і гадаеш, навошта гэтая аўтэнтычнасць, дашукоўваеш у простай інфармацыі нейкай значнасці, неперакладаемасці — дарэмна» [14, с. 199]. Але ў наступным выпадку ўжыванне рускамоўнага тэксту, мабыць, мэтазгодна з прычыны моўнастылёвага эфекту ад выказвання, якім і характарызуюцца асобы герояў мініяцюры:

«У Астрахані малады татарын, гледзячы, як прадаўшчыца важыць яму рыбу:

— Почему даёшь один башка? Я  не хочу один башка!..

А ў Куйбышаве дабрадушная, тоўстая настаўніца, што на канікулах падзарабляе экскурсаводствам:

— ...И здесь вы видите, товарищи, поставлен бюст Владимира Ильича в свободно гуляющей позе» [5, с. 266].

На смешным Я.Брыль затрымлівае ўвагу, засяроджвае чытача на нейкіх дэталях, людзях, прымушае ацаніць пададзеную сітуацыю і адчуць яе камізм. Праз смех адмоўнае, зло, губляе сваю сілу, нейтралізуецца, што дае магчымасць на нейкую знаёмую і не вельмі прыемную сітуацыю паглядзець спакойна, лягчэй успрыняць адмоўныя бакі грамадскага жыцця і асабістыя пралікі і няўдачы. Гэта яшчэ дазваляе чытачу пераасэнсаваць не толькі сваё атачэнне, але і самога сябе. Можна гаварыць і пра прыхаваны дыдактызм твораў, хаця ён можа быць і адкрытым, калі павучанне выказваецца прама альбо ў форме рытарычных пытанняў.

Стылю мініяцюр Янкі Брыля характэрныя частыя эмацыянальна-экспрэсіўныя элементы, у эпітэтах, метафарах адчуваюцца ацэначныя адценні сэнсу, што з’яўляецца адной з важных прыкмет лірычнай прозы. Пісьменнік умее індывідуалізаваць персанажы з дапамогаю пэўных дэталяў у іх мове, што дае незвычайны эфект, калі ў некалькіх радках раскрываецца ўнутраны свет чалавека, яго стаўленне да жыцця і грамадства.

Янка Брыль часта ўспамінае сваё мінулае, сустрэчы, вандроўкі. Такія мініяцюры па сваіх мастацкіх асаблівасцях, форме падачы матэрыялу набліжаюцца да дзённіка, хаця тыя факты, падзеі, якія  бяруцца для такіх твораў, настолькі незвычайныя, з’явы эстэтычныя альбо антыэстэтычныя, што самі па сабе ўжо ўяўляюць мастацтва. Майстэрства пісьменніка заключаецца і ва ўменні рабіць у тэксце эстэтычны мантаж самых звычайных, на першы погляд, з’яў. Так, у мiнiяцюрах аўтар можа падаць два-тры публіцыстычныя па характары паведамленні аб нейкіх падзеях, звязаць іх прысутнасцю лірычнага героя-назіральніка. І ў выніку эстэтычнага мантажу факты паварочваюцца перад чытачом новым незвычайным бокам. Твор набывае цэльнасць. Так, у адной з мініяцюр ідуць словы сведкаў розных падзей: «Падпалкоўнік міліцыі быў балюча ўражаны тым, што застаў на месцы авіякатастрофы. Страшна было глядзець, як палаў самалёт, як дагаралі людзі, аднак яшчэ страшней, здаецца, было тое, як паводзілі сябе некаторыя навакольныя хутаранцы і дачнікі.

«Не магу і дагэтуль зразумець гэтага. Я ўбачыў матак з малымі дзецьмі, на руках або за ручку, як яны аглядалі жахлівыя астанкі, паадрываныя ногі, рукі, безгаловыя тулавы... Усе хадзілі навокал паразрываных целаў з павырыванымі мускуламі, растрыбушанымі жыватамі. Хадзілі, намагаліся перабіраць рэчы ахвяраў, падымалі прадметы, шукалі...»

...Чытаючы гэта, успомніў з дваццацігадовай даўнасці твар, вочы маладога мастака, нарачоная якога ўтапілася незнарок.

«...А яшчэ, што вельмі страшна, Іван Антонавіч, дык гэта сваякі яе. Прыехалі. Далёкія, бо ў яе ні бацькоў, ні братоў і сясцёр. Як яны разрывалі яе пакойчык — каму падушка, каму талерка, каму... Як гэта дзіка і страшна!..» [10, с. 263-264].

Але трэба зазначыць, што не ўсе творы малой празаічнай формы былі ўдалыя. Былі выпадкі, калі асобныя фрагменты не ўяўлялі нешта мастацкае, былі больш будзённыя. І цяжка было вызначыць мастацкія крытэрыі іх спалучальнасці.  Крытычна выказаўся на гэты конт  Уладзімір Калеснік: «Здараецца, і Брылёва мініяцюра мае як бы зашмат слоў, а думка разліваецца ручаямі ці трымціць, пераходзячы ад знешняга да ўнутранага свету, танцуе паміж героямі і аўтарам так, што тэкст робіцца мнагаслоўным, а падтэкст забэрсаным. Струменя свядомасці не атрымліваецца, а зграбная апавядальнасць прападае. Напрыклад, колькі разоў перачытваў я нататку пра Стоўна, Дарвіна і аўтарскае ўспрыманне іх твораў (Брыль Я. На сцежцы — дзеці: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. Мн., 1985. — С.185-186), ды не змог дайсці яснасці ў ацэнках» [14, с. 199]. Гэта з’яўляецца выдаткам прозы з нататніка, якая ў кнігі падаецца часта без зменаў і правак. Калі ў адным выпадку гэта шэдэўр-кадр з жыцця, афарбаваны ў залежнасці ад эстэтычнай напоўненасці нейкім адным колерам мастацкай палітры (прыгожае, трагічнае і г.д.), то ў іншым — гэта чымсьці цікавы для аўтара факт, занатаваны часта хутка, «сходу», з жаданнем пасля дзесьці выкарыстаць, але ён патрабуе ўдасканалення, праўкі. І з-за лішняй шматслоўнасці, недапрацоўкі, недаведзенасці радка асацыятыўны змест губляецца, знікае струмень думкі, вынікам чаго становіцца страта эфекту мастацкага ўздзеяння...

Зборнік «Дзе скарб ваш», у падзагалоўку якога значыцца «лірычная проза», выйшаў у 1997 годзе. Гэтую кнігу хочацца назваць «роздумам сталага чалавека», багаты жыццёвы вопыт якога павінен быць перададзены нашчадкам, пра што сведчыць і сама назва. У жанравых адносінах сюды ўвайшлі маленькія апавяданні, эсэ, мініяцюры, «словы з нагоды». Многія творы малой празаічнай формы ўяўляюць сабою сумяшчэнне абразка жыцця і ўражання ад яго (альбо роздуму над ім), што лёгка тлумачыцца ідэйнай накіраванасцю кнігі: перадаць багаты жыццёвы вопыт наступным пакаленням. Праблематыка твораў закранае падзеі сучаснасці і мінулага, як бы паказваючы, што гісторыя дзесьці паўтараецца, і дай Божа, каб горшае пакідалася ў мінулым. Так, жахі Афганістана і жахі Чачні ў агульнай ідэйна-філасофскай канцэпцыі мініяцюр зборніка спалучаюцца з крывавымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. І гэта прапускаецца праз успрыманне лірычнага героя, які сам быў відавочцам жахаў другой сусветнай. І вось што ён зазначае пра наш час:  «...Расійскія тэленавіны, як заўсёды цяпер і так даўно ўжо, або пачынаюцца з Чачні, або аніяк не могуць без яе. Учора сказалася на экран: «Боже мой, как это скучно!..» І ў гэтым «скучно» і наш сум, і туга, і нуда, і ныццё балючае, сардэчнае, і атупенне, ледзь не быдлячае, на чужы боль, чужое гора, раны, смерць, жахлівыя здзекі з палонных. І канца гэтаму не відно» [6, с. 231]. Шмат сэнсавай нагрузкі ўкладае аўтар і ў наступныя радкі (а гэта цэлая мініяцюра):

«Сын аднаго з нашых пісьменнікаў, былы «афганец», перад тэлевізарам. Там пакалечаныя афганскія дзеці. І хлопец расплакаўся:

— Я  ж быў мінёрам!.. Можа, і гэта мая работа!..» [6, с. 263].

Так перадаецца цэлы комплекс пачуццяў. Выкананне салдацкага абавязку і раскаянне ў тым, што вымушаны быў яго выконваць, не ўяўляючы жахлівых вынікаў для мірных людзей, асабліва дзяцей. Несумяшчальнасць, на першы погляд, супярэчнасць. Нават складана разабрацца ва ўнутраным канфлікце, бо адзін бок яго ў мінулым, другі (запознена спасцігнуты) — у сучасным, супярэчнасць у душы выклікае шкадаванне, можа, нават раскаянне ад безвыходнасці пазбегнуць адмоўных вынікаў, якія ўжо ёсць у рэальнасці: пакалечаныя бязвінныя дзеці.

У дачыненні да агульнай манеры пісьма, яе сэнсавай напоўненасці і дакладнасці трэба зазначыць, што ў эстэтычным плане Я.Брыль у мініяцюрах апраўдвае словы нізкага эстэтычнага ўзроўню для трапнай характарыстыкі з’явы, характару альбо ўчынку чалавека. «Таварыш-Гаўнаварыш. Груба. Але і справядліва, калі пра чалавека пустога, які толькі што жыве, існуе, «варыць»... [6, с. 253]. Што ж Я.Брыль хацеў выказаць гэтым? Рэалізм і трапнасць пабытовай гаворкі са спадзяваннем, што чытач зразумее яго пазіцыю і пагодзіцца з дарэчнасцю ва ўжыванні грубага слова нізкага эстэтычнага ўзроўню ў тэксце? Ці пісьменнік памыліўся ў тым сэнсе, што друкаваць такое ўсё ж такі нельга? Хутчэй першае. Бо ў мініяцюрах апошніх гадоў Я.Брыль пазбягае лішняга згладжвання фразы ў дачыненні да адмоўнага, больш катэгарычны ў меркаваннях, а можа, нават гэтым і рэалістычны: літаратура савецкай эпохі пазбягала грубых слоў, і, напрыклад, дыялогі, маналогі герояў у пэўных выпадках маглі выглядаць залішне прыхарошанымі, прычэсанымі, ад чаго губляліся не толькі знешні эфект, экспрэсіўная афарбоўка выказвання, але і, у пэўным сэнсе, доля рэалістычнасці.

На высокую эстэтычную прыступку Я.Брыль ставіць «любоў» у абсалютным значэнні слова. Так, пра старую жанчыну, якая «ўсё жыццё любіла людзей»: «Перад самым сваім вельмі нялёгкім канцом казала сыну і нявестцы: «Я вас люблю». Тут штосьці ўзварушліва , светла дзіцячае — са старэча развітальным. «Я люблю цябе» — найбольшае, што можна даць, і «я не люблю цябе» — найбольшае пакаранне. Так у малых. Падобна і ў старых, нямогла-бездапаможных на адыходзе, — такое збліжэнне самага істотнага» [6, с. 156-157]. Аўтар збліжае, эстэтычна раўняе сталае, нават старое і дзіцячае, па-святому бязвіннае, жыццёвы вопыт і дзіцячую непасрэднасць. У падтэксце твора можна ўбачыць біблейскую філасофію, якая сцвярджае, што самае галоўнае, абсалютнае ва ўсіх адносінах — гэта Бог, духоўнае. І гаворыцца ў Святым Пісанні, каб шукалі Бога — і будзе вам усё, а, як вядома, «Бог ёсць любоў». Таму гэтае пачуццё тут падаецца ў жыццёва-біблейскім разуменні, толькі жыццёвае  — гэта адкрыты мастацкі змест, а біблейскае — схаваны ў падтэксце ўсечалавечны біблейскі грунт, першааснова.

Янка Брыль і ў новым ХХІ стагоддзі заняў актыўную пісьменніцкую пазіцыю, працягнуў даследаваць свет, вывучаць зменлівае грамадства, дзяліцца з чытачом уражаннямі. І як вынік – новыя кнігі: «З людзьмі і сам-насам: Запісы, мініяцюры, эсэ» (2003) і «Блакітны зніч: Лірычнае» (2004). У перадапошнім зборніку прозы заўважаецца ў параўнанні з іншымі, ранейшымі, што значна больш, чым калі-небудзь, аўтар падкрэслівае словы, фразы, асабліва калі разглядае, аналізуе нейкую моўную з’яву, спрабуе асэнсаваць яе эстэтычны бок. Увогуле стваральнікам мастацка-лінгвістычнай і філалагічнай мініяцюры ў беларускай літаратуры лічыцца прафесар-мовазнаўца Фёдар Янкоўскі, які ў розныя гады сваёй прафесійнай і творчай дзейнасці збіраў народнае слова, занатоўваў маналогі, дыялогі, трапныя выразы, тыя замалёўкі мовы беларусаў, якую называюць аўтэнтычнай, без літаратурнай адшліфаванасці і асаблівай вытанчанасці. Фрагменты жывой беларускай мовы з сэнсавадакладнымі, некалькаванымі словамі падае і Я.Брыль ў сваёй апошняй кнізе. «Успомнілася слова выскрабак і той маленькі боханчык з рэшткі цеста ў дзяжы, гарачы і духмяны падарунак малому ад маці… А выскрабак наш — колобок па-руску, chlebek — па-польску, яшчэ раз колобок, па-ўкраінску…»[7, с.50]. Пісьменнік цытуе этымалагічны слоўнік, аналізуе гаворкі навакольных ад роднай вёсак, штосьці суадносіць з мовамі суседніх народаў. У параўнанні з папярэднім перыядам творчасці ствараецца ўражанне, што пісьменнік менш стаў гаварыць пра смешнае, мала надае ўвагі камічнаму, на свет глядзіць больш па-філасофску сур’ёзна, аналітычна. Проза Я.Брыля канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў — не проста ўспаміны, запісы з нататніка, гэта яшчэ разважанні мэтра літаратуры над самой мастацкай літаратурай, кнігамі, лёсам пісьменнікаў. А.Куляшоў, В.Вітка, А.Жук, В.Сёмуха, Я.Маўр… і многія іншыя. Уражанні ад твораў, успаміны аб сустрэчах, тыя жывыя кадры жыцця, якія ўжо цяпер маюць каштоўнасць пазнання ўнутранага свету людзей, на чыёй творчасці выхоўваецца ўжо каторае пакаленне моладзі. Пра ўсё ў малой лірычнай прозе. 

Жанравы дыяпазон празаічных мініяцюр Я.Брыля дастаткова шырокі: гэта сацыяльна-бытавыя, пейзажныя, грамадзянска-патрыятычныя, псіхалагічныя, гумарыстычна-сатырычныя творы. Некаторыя знаходзяцца на перакрыжаванні жанравых разнавіднасцей, напрыклад, сацыяльна-бытавой мініяцюры і філасофскай, філасофскай і грамадзянска-патрыятычнай і інш. У некаторых з іх нярэдка сумяшчаюцца два і больш фрагменты (сацыяльна-бытавая замалёўка і філасофскае разважанне і інш.), кожны з якіх і надае твору пэўны зместавы кірунак, ставячы яго на мяжу жанравых разнавіднасцей. Сярод філасофскіх мініяцюр вылучаюцца ўласнафіласофскія (разважанні па праблеме), мініяцюры-разважанні з нагоды прачытанага, мініяцюры-разважанні з нагоды выпадку, падзеі і г.д., хаця апошнія могуць набліжацца паводле жанравых асаблівасцей да мяжы сацыяльна-бытавых. Усе яны носяць выразна аналітычны характар. І мініяцюры, і абразкі, і творы на жанравым перакрыжаванні форм Янка Брыль нярэдка называе «лірычнымі запісамі» ці «нататкамі».

Лірычны герой Янкі Брыля  нясе пэўную філасофскую  ідэю, таму раскрыць унутраны свет яго, погляды на рэчаіснасць — гэта галоўная задача, якую ставіць пісьменнік у сваіх мініяцюрах. У лірычнай прозе менавіта на галоўнага героя, вось гэтае мастацкае «я» прыпадае асноўная сэнсавая нагрузка, а з героя, як з нейкага цэнтра, бачыцца ўсё астатняе: дэталі рэчаіснасці, рысы характараў людзей, якія таксама напоўнены пэўным філасофскім зместам. Пісьменнік у адным творы сумяшчае падзеі мінулага і сучаснага, разважаючы аб будучым, супастаўляе іх у часе гістарычным (вайна, сучаснасць...), а таксама біяграфічным (падзеі юнацтва, сталасці...). Шырыня мастацкай прасторы малых празаічных твораў тлумачыцца ўменнем збліжаць падзеі, якія адбываюцца на вялікай адлегласці, у розных кутках Зямлі, злучаючы іх асацыятыўнай сувяззю ўласнага бачання еднасці ўсяго існага ў свеце.

Сваёй творчасцю Я.Брыль зрабіў моцны штуршок у развіцці беларускай празаічнай мініяцюры. Глыбокі аналіз рэчаіснасці, багаты ідэйна-філасофскі план твораў, уменне карыстацца мастацкай дэталлю, гуманістычнасць аўтарскай пазіцыі, аналітызм, сціслаць думкі, назіральнасць, псіхалагізм — гэта тыя мастацкія якасці брылёўскай прозы, якія ставяць яго імя ў шэраг вялікіх майстроў беларускай літаратуры, а таксама Янка Брыль унёс свой адрозны стыль у малыя жанры нацыянальнай прозы.

Руслан Казлоўскі

Рэгіянальныя асаблівасці літаратуры: Пісьменнікі Гродзеншчыны: навуковы зборнік. Выпуск І  /  Пад рэд. У.І.Каяла. — Гродна : ГрДУ, 2009.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Міра Лукша – прадстаўнік маладзейшага пакалення пісьменнікаў “Белавежы”, якая  “ў сваёй прозе плённа і паслядоўна працягвае традыцыі беларускай, тыпова вясковай, сялянскай літаратуры” [7, с. 181]. Адметнасць творчай манеры Міры Лукшы пазначана ў загалоўку яе к...
Спадчына Янкі Купалы заўсёды прыцягвала ўвагу не толькі даследчыкаў вербальнага мастацтва, але і стваральнікаў літаратуры – ягоныя радкі беларускія пісьменнікі бралі і бяруць ў якасці эпіграфаў, яму прысвячаююцца творы, яго постаць рэгулярна ўзнікае ў самых ро...
Да ранніх паэмаў Янкі Купалы традыцыйна адносяць творы рамантычна-баладнага зместу: «Зімою»,  «Нікому», «Калека», «У Піліпаўку», «За што?», якія па часе былі створаныя некалькі раней за драматычныя ці фальклорна-рамантычныя паэмы. У іх, як зазначыў літаратураз...