Категории

Масленіца

минута на чтение

Масленіца – старажытнае перадвеснавое свята, прымеркаванае хрысціянскай традыцыяй да пачатку Вялікага посту. Адзначаецца ў апошні тыдзень перад Вялікім постам. У праваслаўнай традыцыі – гэта Сырны тыдзень, які заканчваецца загавінамі на Вялікі пост (асабліва святкуецца чацвер – “Валоссе” і нядзеля – “Запусты”). Католікі адзначаюць “Валоссе”  (чацвер апошняга тыдня перад Вялікім постам) і “Запусты” (аўторак перад Папяльцовай серадой). Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў дахрысціянскія часы М. святкавалася амаль месяц і была прымеркавана да веснавога раўнадзенства. Іншыя прытрымліваюцца думкі, што М. – адгалоскі свята ў гонар Велеса (Воласа). У 17-18 стст. Запусты з іх карнавальнымі элементамі маглі мець шырокае распаўсюджанне ў беларускіх гарадах. У 19-пач. 20 стст. Масленіца была пашырана сярод вясковага праваслаўнага насельніцтва (у больш разгорнутым выглядзе ва усходняй і цэнтральнай Беларусі). У  70-80-я гады 20 ст. традыцыйныя элементы М. атрымалі шырокае распаўсюджанне ў святочных гуляннях “Провадаў зімы” (па-большасці ў гарадах). Пачынаючы з 90-х гг 20 ст. у рэканструкцыях масленічнай абраднасці ўлічваецца мясцовая традыцыя, святкаванні пашыраюцца і на вёсцы.

Напярэдадні М. паміналі памерлых. Вечары на Масленічным тыдні лічыліся святымі, вольнымі ад усялякай працы, традыцыйна ладзіліся танцы. Найболей разгорнутыя святкаванні масленічнага тыдня у рэгіёне адбываліся на “Валоссе”. Часам старажылы адзначаюць, што ў іх ваколіцы святкавалі толькі “Валоссе”. У некаторых вёсках Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Свіслацкага раёнаў “Валоссе” лічылася жаночым святам  (збіраліся ў хатах асобныя жаночыя і дзявочыя гурты). Хлопцы, каб прыйсці хату, дзе збіраліся дзяўчаты, мусілі атрымаць запрашэнне. У гэты дзень пачыналіся таксама катанні на конях, гушканні на арэлях, якія цягнуліся да Загавін.  Лічылася, што гэтыя дзеянні спрыяюць росту ільна. Моладзь каталася асобна ад сталых людзей. У вазкі, засцеленыя дыванамі, запрагалі лепшых коней, вешалі шархуны. Каталася моладзь з музыкай. Часткай масленічных гулянняў было таксама катанне з горак, “круцёлка” (своеасаблівая карусель).

І.С. Чарнякевіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp