Категории

Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай

14 минут на чтение

Гiсторыя зблiжэння Вялікага княства Літоўскага з Польскім каралеўствам бярэ свой пачатак з Крэўскай уніі 1385 г., калi дзве дзяржавы ўпершыню аб'ядналiся на аснове дынастычна-персанальнай унii пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палiтыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне унiй (у 1401, 1413, 1446, 1501 гг.) сведчыць, па-першае, аб іх нетрываласці, па-другое, аб наяўнасці ў жыццi абедзвюх дзяржаў такiх фактараў, якiя падштурхоўвалi iх да зблiжэння.

1 ліпеня 1569 года на сойме ў Любліне была заключана ўнія, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае аб'ядналася з Каронай Польскай у адну дзяржаву. Больш двухсот гадоў нашы продкі жылі ў складзе гэтага шматэтнічнага аб'яднання. 1569 год стаў адной з самых значных дат у гісторыі Беларусі. Навукоўцы звычайна адлічваюць ад яго новы этап у гістарычных лёсах беларускага, украінскага і літоўскага народаў. Унія паміж суседнімі краінамі аказала значны ўплыў на стан спраў ва ўсёй Еўропе. На мапе з'явілася новая дзяржава - Рэч Паспалітая, адна з самых вялікіх і магутных.

З канца XV ст. ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў 1492 – 1494, 1500 – 1503, 1507 – 1508, 1512 – 1522, 1534 – 1537 гг. ВКЛ страціла частку сваіх тэрыторый. 8 верасня 1514 г. каля Оршы войскі ВКЛ на чале гетмана К. Астрожскага ўшчэнт разбілі большыя па колькасці войскі Маскоўскай дзяржавы, але поўнасцю скарыстаць вынікі перамогі вялікі князь не здолеў. У 1558 – 1583 гг. адбылася яшчэ больш маштабная Лівонская вайна. У 1558 г. войскі цара Івана IV Грознага рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства былі вымушаны звярнуцца за дапамогай да ВКЛ і прызнаць сваё падданства. У адказ у 1563 г. Іван IV захапіў Полацк. Войска ВКЛ, большая частка якога змагалася ў Лівоніі, апынулася ў цяжкім становішчы. Польшча не спяшалася з дапамогай, намагаючыся поўнай інкарпарацыі ВКЛ.

Ужо ў 1562 – 1563 гг. шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся за свае правы і высоўвалі праекты, непрымальныя для польскага боку. Тым не менш, 10 студзеня 1569 г. у Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ ў лютым пакінула Люблін. Кароль быў вымушаны асобнымі актамі далучыць да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.

Гэта вайна, як адзначалі пазней польскія палітыкі, прыгнала ВКЛ да ўніі з Каронай, зрабіла беларуска-літоўскую шляхту больш падатлівай у пытанні аб новым дзяржаўным саюзе.

Адна з важных прычын паўстання ўніі 1569 года - супярэчнасці ў пануючым саслоўі ВКЛ: паміж магнатэрыяй (багатай шляхтай) і шляхтай сярэдняй ды дробнай. Элітарнае магнацтва мела амаль неабмежаваную ўладу і адціскала шляхту на другі план. У Кароне на той час шляхта ўжо мела "залатыя вольнасці", доступ да ўлады, рашуча ўплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку ўрада. Літоўская, беларуская і ўкраінская шляхта жадалі зраўняцца з ёй у правах і прывілеях, атрымаць верх над магнатэрыяй, заняць вядучую ролю ў сваёй дзяржаве. Дасягненне гэтых мэтаў яна звязвала з заключэннем уніі з Каронай. Супрацьстаянне магнацтва і шляхты ў 60-я гады стала адкрытым. Удзельнікі сойму, што адбыўся пад Віцебскам у 1562 годзе, звярнуліся да Вялікага князя і караля Польскага Жыгімонта ІІ з прашэннем "учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіралі, мелі агульную абарону, супольна саймікавалі і права аднолькавае ўжывалі". Каб неяк кансалідаваць грамадства, збіць прапольскія настроі шляхты, урад ВКЛ пайшоў на значную мадэрнізацыю ўнутранай палітыкі. Пастановай 1563 года былі ўраўнены ў правах праваслаўная і каталіцкая шляхты. Паводле судовай рэформы 1564 г. уводзіліся мясцовыя суды, у якіх галоўную ролю адыгрывала шляхта. Гэтыя захады магчыма мелі б поспех, калі б не драматычнае знешнепалітычнае становішча краіны, моц якой была паслаблена вайной.

Польшча сама дамагалася ўніі з княствам, у якой ёй бачыўся багаты тэрытарыяльны прыдатак. Ідэі паглынання княства атрымалі распаўсюджанне сярод пэўных колаў польскай шляхты напярэдадні заключэння дамовы. Далучэнне новых зямель прываблівала магчымасцю атрымання новых багаццяў, пасад, узнагарод. Перадлюблінскі час вызначаецца разгулам шавіністычных настрояў у Польшчы, узмоцненай каталіцкай прапагандай на заходніх землях Беларусі і Украіны, прыгранічнымі непаразуменнямі .

Польскім каралем і Вялікім князем літоўскім у гэты трывожны час быў Жыгімонт ІІ Аўгуст. Ён не меў патомства і не мог ужо на яго спадзявацца. На ім магла перарвацца дынастыя Ягелонаў, якая злучала сабой гэтыя дзве дзяржавы. Польскія палітыкі баяліся, што пасля яго смерці княства абярэ для сябе асобнага гаспадара. Трэба было своечасова зрабіць больш адпаведную часу сувязь паміж дзяржавамі. Жыгімонт згадзіўся з гэтым і пачаліся перамовы аб новым саюзе.

Урад ВКЛ і кіруючыя колы Кароны прапаноўвалі розныя умовы злучэння дзяржаў. Літоўска-беларускія феадалы хацелі абмежавацца ваенна-палітычным саюзам, які б захаваў незалежнасць і самастойнасць княства. Прадстаўнікі Польшчы стаялі за першынство іх краіны і скасаванне незалежнасці княства.

На працягу 1564-1568 г.г. справа ўніі абмяркоўвалася на чатырох соймах. Кожны бок цвёрда стаяў на сваім. Для канчатковага вырашэння пытання быў назначаны з'езд у Любліне на 23 снежня 1568 года. Паслы ВКЛ, сярод якіх было шмат магнатаў - праціўнікаў уніі, адчуваючы, што абставіны складваюцца не на іх карысць, збіраліся памалу, нехаця, іншыя і зусім не прыехалі, жадаючы ўхіліцца ад удзелу ў ракавой справе. 10 студзеня 1569 г., праз два тыдні пасля прызначанага тэрміну, сойм быў адкрыты. На яго прыбылі Жыгімонт ІІ і каля 160 паслоў і сенатараў Кароны і ВКЛ, якія на працягу шасці драматычных месяцаў абмяркоўвалі самую важную дзяржаўную справу.

Бурныя дэбаты працягваліся ўжо каля двух месяцаў. Найбольш актыўна супрацьдзейнічалі падпісанню ўніі дэлегаты княства - канцлер і Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл, падканцлер Астафій Валовіч, жамойцкі стараста Ян Хадкевіч. Калі яны бачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння ўніі на непрымальных для сваёй дзяржавы ўмовах, то ў знак пратэсту ў ноч на 1 сакавіка пакінулі Люблін, жадаючы сарваць перамовы. Перад ад'ездам яны падалі каралю свае ўмовы уніі.

Аднак ад'езд дэлегатаў княства аказаўся іх палітычнай памылкай. Гэта выклікала моцнае абурэнне польскага боку. Паслы працягнулі абмеркаванне справы і склалі пункты інкарпарацыі княства. Пры падтрымцы польскіх паслоў Жыгімонт ІІ, скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча краіны, фактычна здзейсніў акт дзяржаўнай здрады - незаконна, насуперак сваім абяцанням і прысягам аб захаванні цэласнасці тэрыторыі ВКЛ, 5 сакавіка ён выдаў універсал аб далучэнні да Польшчы Падляшша з гарадамі Беласток, Бельск, Драгічын на Бузе, Мельнік. Такімі ж незаконнымі актамі, без згоды сойма, былі адарваны ад княства і далучаны да Польшчы Валынь (25 мая), Падолле (1 чэрвеня), Кіеўшчына (5 чэрвеня).

Пад пагрозай страты пасад і прывілеяў, канфіскацыі маёмасці ўкраінскіх паслоў прымусілі пагадзіцца на анэксію іх радзімы і прысягнуць на вернасць польскаму каралю. ВКЛ панесла цяжкія тэрытарыяльныя страты. Гэта быў моцны ўдар па магутнасці дзяржавы, якая і без таго была падарвана стратай часткі беларускіх зямель у Лівонскай вайне. Ісці на ваенны канфлікт з Польшчай у тых умовах яна не магла.

Супрацьпраўныя акты Жыгімонта, разбурэнне адзінага фронта барацьбы за незалежнасць княства з-за пазіцыі ўкраінскіх паслоў зламала супраціўленне беларуска-літоўскіх магнатаў. У чэрвені на пагрозлівы выклік ад караля паслы вярнуліся ў Люблін, дзе пратэставалі супраць далучэння спрадвечных зямель княства да Польшчы, патрабавалі адмяніць указы 5 сакавіка - 5 чэрвеня, прапаноўвалі адкласці абмеркаванне справы да наступнага сойму. Невядомы аўтар "Дзённіка Люблінскага сойму" апавядае, што 28 чэрвеня Хадкевіч, Радзівіл і іншыя беларуска-літоўскія паслы з плачам кінуліся на калені перад Жыгімонтам, просячы яго не губіць княства і не аддаваць яго ў "лясную няволю", а "давесці да канца справу так, каб яна не цягнула за сабой заняволення і ганьбы нам і нашым нашчадкам". Але кароль загадаў ім без лішніх размоў і прамоў прыняць унію. Зразумеўшы безысходнасць становішча, яны пайшлі на згоду.

1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт уніі. Сутнасць заключанага саюза была, ці дакладней, павінна была быць у тым, што "каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае ўяўляюць сабой ужо адно нераздзельнае і недзялімае целае, а таксама не асобную, але агульную рэспубліку, якая злучылася і злілася ў адзін народ з дзвух дзяржаў і народаў".

Новаўтвораная дзяржава атрымала назву Рэч Паспалітая.

 

Паводле дамовы 1569 г. стваралася федэратыўная дзяржава "абодвух народаў" – Рэч Паспалітая. На чале яе стаяў кароль (ён жа вялікі князь). Кароль выбіраўся пажыццёва шляхтай. Ён мог быць толькі католікам. Ствараўся агульны вальны сойм, які складаўся з сената (туды ўваходзілі буйныя магнаты, каталіцкія іерархі і прадстаўнікі караля) і дзвюх пасольскіх ізб, куды павятовыя соймікі накіроўвалі па 2 сваіх прадстаўніка. Мяшчане, сяляне, праваслаўныя і пратэстанцкія святары прадстаўніцтва ў сойме не мелі. У астатнім абедзве дзяржавы захоўвалі суверэнітэт: асобныя ўрады, войскі, мытні, скарбы, манетныя сістэмы, дзяржаўныя мовы і г. д.

Карыстаючыся сваім прывілеяваным становішчам, у другой палове XVI– XVIIІ стст. шляхта здолела значна пашырыць свае правы. Так званыя кардынальныя правы шляхты ўключалі ў сябе асабістую недатыкальнасць, неабмежаваную вотчынную ўладу, магчымасць удзелу ў выбранні караля (элекцыі) і працы сойму, вызвалялі ад большасці падаткаў. Гарантам "залатых вольнасцей" лічыўся сам кароль. Калі ён не выконваў сваіх абавязкаў, шляхта мела права ствараць ваенна-палітычныя саюзы – канфедэрацыі і абвяшчаць каралю вайну – рокаш. Асабліва неспрыяльным для дзяржаўнай сістэмы было права “liberum veto”, паводле якога ўсе рашэнні сойма павінны былі прымацца адзінагалосна. У выніку многія соймы проста зрываліся.

Адным з галоўных вынікаў эканамічных, палітычных і рэлігійных пераўтварэнняў было фарміраванне саслоўнага грамадства. Саслоўямі называюць буйныя групы насельніцтва, якія ў сілу законаў або традыцый маюць пэўныя прывілегіі і абавязкі. Як і ў краінах Заходняй Еўропы, на беларускіх землях існаваў падзел грамадства на саслоўі.

Як ужо казалася вышэй, шляхта лічылася пануючым саслоўем, якое валодала найбольш значнымі правамі. Нават самы бедны шляхціч па свайму статусу быў вышэйшым за багатага мешчаніна і, тым больш, селяніна. Саслоўі мяшчан і сялян лічыліся падданымі, аднак менавіта іх прадстаўнікі складалі абсалютна большую частку насельніцтва дзяржавы. Святарскае саслоўе не атрымала юрыдычнага афармлення, чаму ў немалой ступені садзейнічала наяўнасць некалькіх канфесій. Прадстаўнікі рымска-каталіцкай царквы, як шляхта, так і святары, мелі ў Рэчы Паспалітай больш прывілегій, чым астатнія. Тым не менш, і каталіцкая, і праваслаўная цэркві былі буйнымі феадаламі. Стан святарскага саслоўя фактычна набліжаўся да стану шляхетскага саслоўя. Усе прывілегіяваныя саслоўі (у тым ліку мяшчане) мелі карпарацыйны характар. Прыналежнасць да іх рэгламентавалася шматлікімі нормамі і звычайна перадавалася па спадчыне ад бацькі да сына. З цягам часу кожнае саслоўе набывала асабістыя сацыяльныя і культурныя традыцыі. Пераход з аднаго саслоўе ў іншае быў магчымым, хаця на заканадаўчым узроўне ўселяк абмяжоўваўся.

Амаль адразу пасля свайго нараджэння новая дзяржава перажыла некалькі крызісаў улады. У 1573 г. пасля смерці Жыгімонта Аўгуста каралём быў выбраны французскі прынц Генрых Валуа. Аднак у 1574 г. ён збёг у Францыю. Выбары новага караля адбываліся ў атмасферы супрацьстаяння паміж магнацкімі групоўкамі і дробнай шляхтай. Толькі ў 1576 г. каралём быў выбраны трансільванскі князь Стэфан Баторы. У 1583 г. ён скончыў Лівонскую вайну перамогай. Спроба наступнага караля Жыгімонта (са шведскай дынастыі Вазаў) абмежаваць правы шляхты і зрабіць манархію спадчыннай скончыліся рокашам 1604г.

Страта значных тэрыторый, памяншэнне правоў некаталіцкага насельніцтва, умяшальніцтва польскага боку ў справы ВКЛ выклікалі незадаволенасць сярод шырокіх колаў Вялікага княства. Барацьбу супраць уніі ўзначаліў канцлер Леў Сапега (1557 – 1633) Дзякуючы яго намаганням, у 1582 г. быў створаны Трыбунал ВКЛ, які абмежаваў судовую ўладу караля. Насуперак рашэнням Люблінскай уніі ў ВКЛ працягвалі збірацца асобныя з’езды мясцовай шляхты. У 1588 г. пачаў дзейнічаць новы Статут, дзе унія з Польшчай нават не ўзгадвалася. Польскай шляхце забаранялася набываць маёнткі і пасады ў ВКЛ. Разам з тым Статут 1588 г. скончыў кадыфікацыю законаў Вялікага княства.

Такім чынам, неабходна подкрэсліць, што заключэнне Люблінскай уніі дазволіла ВКЛ атрымаць перамогу ў Лівонскай вайне. Рэч Паспалітая была больш моцным утварэннем, і суседнім дзяржавам прыходзілася з ёй лічыцца.

Гістарычнае значэнне ўзнікнення Рэчы Паспалітай, Люблінскай уніі для беларускага народа патрабуе яшчэ далейшага навуковага асэнсавання з яго нацыянальных пазіцый. Расійская, а ўслед за ёй савецкая гістарычная навука, трактавалі гэтыя падзеі выключна як польскую экспансію, падпарадкаванне Беларусі Польшчы. З другога боку, і польская гістарыяграфія таксама пераацэньвала значэнне польскага фактару ў грамадскім развіцці Беларусі таго часу.

У многіх публікацыях Рэч Паспалітая нярэдка называецца Польшчай, ігнаруецца аўтаномія княства, што з'яўляецца грубым скажэннем гісторыі.

Наконт дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай нават у польскай гістарыяграфіі існуе вялікі спектр думак: ад сцвярджэння аб яе ўнітарным характары да прызнання федэратыўнага прынцыпу яе пабудовы. Буйны спецыяліст па перыяду феадалізму Ю.Бардах, напрыклад, лічыць Люблінскую унію кампрамісам дзвух дзяржаў і вынікам іх двухсотгадовага сумеснага развіцця. Вядомыя польскія даследчыкі Х.Лаўмяньскі і Е.Ахмяньскі не бачаць у гэтым саюзе раўнапраўя бакоў. Сучасная беларуская гістарыяграфія схіляецца да вываду, што нельга трактаваць Люблінскую ўнію, пры ўсёй несправядлівасці яе ўмоў, як паглынанне Польшчай Вялікага княства Літоўскага. Рэч Паспалітая была добраахвотным аб'яднаннем, федэрацыяй дзвух дзяржаў. Іншая справа, што Польшча на той час была ў больш выгодным палітычным і эканамічным становішчы і таму валодала ўнутрапалітычнай ініцыятывай у Рэчы Паспалітай. Яна магла ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў дачыненні да ўсходнеславянскага насельніцтва Вялікага княства.

Першае ўражанне ў ВКЛ ад уніі было шокавым, прычым, як для магнацтва, так і для шляхты, якая ў свой час дамагалася злучэння з Польшчай. Вышэйшая ўплывовая знаць аказалася перад пагрозай поўнай згубы былога палітычнага вяршынства. Дазвол польскай шляхце атрымліваць зямельныя ўладанні ў межах княства стварыў небяспечнага канкурэнта для мясцовай шляхты. Таму большая частка пануючага класа ВКЛ у апошняй трэці ХVІ ст. праяўляла незалежніцкія, антыпольскія настроі. А вялікакняскія палітыкі імкнуліся вывесці сваю краіну з таго становішча, у якім яна апынулася ў выніку Люблінскай уніі. Насуперак акту ўніі ў княстве рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. У 1581 г. тут быў створаны асобны вышэйшы суд - Галоўны трыбунал. А прыняты ў 1588 г. Статут (звод законаў) па сутнасці, скасаваў многія палажэнні Люблінскай уніі, гарантаваўшы эканамічную, палітычную і культурную незалежнасць дзяржавы: польскай шляхце забаранялася набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады ў княстве, не прызнаваліся яго тэрытарыяльныя страты, заканадаўча замацоўвалася дзяржаўнасць беларускай мовы.

Перыяд 1569-1795 гг., калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, быў вельмі змястоўным і складаным у нашай гісторыі: паланізацыя шляхецтва, запрыгоньванне сялянства, рэлігійныя канфлікты, шматлікія войны, эканамічная нестабільнасць, народныя рухі, вострая ідэйная барацьба, заняпад беларускай культуры і дзяржаўнасці. Польскі культурны ўплыў і пранікненне каталіцызму прывялі да таго, што сацыяльна-класавы падзел беларускага грамадства дапоўніўся размежаваннем па нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце. Паланізацыйныя працэсы, што ўзмацніліся з утварэннем Рэчы Паспалітай, прывялі да адрыву ад беларускай народнасці яе вышэйшых слаёў, ускладнілі працэс яе фарміравання і развіцця. Многія даследчыкі лічаць, што ўсе беды нашай нацыянальнай культуры пачынаюццца з 1569 г.

Люблінская ўнія на два стагоддзі прадвырашыла далейшы лёс беларускага і іншых народаў, якія насялялі Рэч Паспалітую. Гэта дзяржава спыніла сваё існаванне ў 1795 г., будучы падзеленай больш моцнымі суседзямі.

 

Люблінская унія як акт федэрацыйнага аб'яднання дзвюх дзяржаваў Польшчы і Вялікага княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую абодвух народаў была зацверджана на Люблінскім сойме 1 ліпеня 1569 г.

Унія была абумоўлена папярэдняй гісторыяй дзяржаўных зносінаў Польшчы і ВКЛ, і прыспешаная цяжкім становішчам ВКЛ у Лівонскай вайне.

З канца XV ст. ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў 1492 – 1494, 1500 – 1503, 1507 – 1508, 1512 – 1522, 1534 – 1537 гг. ВКЛ страціла частку сваіх тэрыторый. У 1558 – 1583 гг. адбылася яшчэ больш маштабная Лівонская вайна. У 1558 г. войскі цара Івана IV Грознага рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства былі вымушаны звярнуцца за дапамогай да ВКЛ і прызнаць сваё падданства. У адказ у 1563 г. Іван IV захапіў Полацк. Войска ВКЛ, большая частка якога змагалася ў Лівоніі, апынулася ў цяжкім становішчы. Польшча не спяшалася з дапамогай, намагаючыся поўнай інкарпарацыі ВКЛ. Ужо ў 1562 – 1563 гг. шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся за свае правы і высоўвалі праекты, непрымальныя для польскага боку.

10 студзеня 1569 г. у Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ ў лютым пакінула Люблін. Кароль асобнымі актамі далучыў да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.

Акт Люблінскай уніі быў аформлены ў выглядзе прывілею-дагавора, зацверджанага пастановай Люблінскага сойма 1 ліпеня 1569 г. Тэкст акта быў падрыхтаваны ў двух экземплярах – адзін замацаваны пячаткамі польскіх феадалаў, другі – пячаткамі феадалаў княства, пасля чаго абодва бакі памяняліся актамі. Гэткі парадак іх абмену, на думку яго арганізатараў, павінен быў прыхаваць гвалтоўны, агрэсіўны і нераўнапраўны характар уніі, надаць ёй бачнасць добраахвотнай згоды бакоў.

Напрыканцы неабходна падкрэсліць, што унія, якую ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі нярэдка кваліфікуюць як сродак каталізацыі і паланізацыі беларусаў, адыграла ў цэлым станоўчую ролю ў лёсе нашай дзяржавы. Ва ўмовах паланізацыі грамадства менавіта яна сталася тым апірышчам беларускасці, якому ў вялікай ступені мы абавязаныя захаваннем беларускай тоеснасці. У канцы XVI — пачатку XVIІ стагоддзяў беларуская мова панавала ўва ўсіх сферах дзейнасці уніяцкай царквы, апроч літургічнай. Нават у другой палове XVIІ і на працягу XVIІІ стагоддзя, калі паланізацыя Вялікага Княства Літоўскага ішла паскоранымі тэмпамі, уніяцкая царква не толькі не ператварылася ў сродак масавай паланізацыі, а, наадварот, стала моцным фактарам захавання нацыянальнай адметнасці.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Абарончыя  ўмацаванні на працягу ўсёй гісторыі мелі  важнае значэнне для функцыянавання грамадства і яго інстытутаў.  У сувязі з гэтым  актуальным  для даследавання гісторыі Беларусі ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай з’яўляецца вывучэнне пр...