Категории

Купалле

минута на чтение

Купалле   (Купала)  – самае значнае летняе свята народнага календара. Было прымеркавана да летняга сонцастаяння. Святкуецца каталікамі ў ноч на 24 чэрвеня, праваслаўнымі – на 7 ліпеня. Напярэдадні збіралі травы, частку якіх назаўтра асвячалі, частку выкарыстоўвалі для варажбы, а частку – ў якасці апатрапеяў, так як К. ноч лічылася часам выйсця нячыстай сілы.  Галоўным абрадавым дзеяннем на К. з’яўляецца распальванне рытуальнага агню моладдзю. Для гэтага ўдзень хлопцы збіралі па вёсцы старыя рэчы. Вогнішча раскладвалі на ўзвышшы, каля ракі, на скрыжаваннях дарог (часта сустрэўшыся з моладдзю другой вёскі). Каля вогнішча гулялі цэлую ноч, спявалі, карагоды ладзілі, скакалі праз агонь (парамі скакалі: калі рукі не разыйдуцца, то хлопец з дзеўкаю хутка пажэняцца, калі разыйдуцца, то не будуць разам).  У в. Куклічы Свіслацкага р-на зафіксаваны звычай ваджэння “куста” на К. (дзяўчаты рабілі з ядлоўцу, упрыгожвалі стужкамі, паперай каляровай, потым са спецыяльнай песняй неслі праз вёску і спальвалі за вёскай. Падчас нясення “куста” хлопцы дзяўчат вадою аблівалі. Згодна павер’ям, на К. расцвітае папараць-кветка – апоўначы, на адно імгненне. Хто яе знойдзе, таму адкрыюцца небывалыя веды. Кветку шукалі, галоўным чынам, хлопцы, але і дзяўчаты, якая смялейшая, таксама часам шукалі. Пасля К. прынята сустакаць усход сонца (на К. “сонца грае”). Раніцай пасля К. у вёсках Свіслацкага, Зэльвенскага, Шчучынскага, Мастоўскага раёнаў мыліся вадою, што стаяла на падворку на К., качаліся па расе (каб цела чыстае было), хлопцы дзяўчат аблівалі ля калодзежа (каб засухі не было). Сустракаюцца звесткі, што раней у некаторых лакальных традыцыях К. не адзначалі. Цяпер К. адно з самых папулярных свят, якое арганізоўваецца ў тым ліку і культработнікамі (на падставе як распрацаваных агульных сцэнараў, так і  ўспамінаў мясцовых старажылаў, што надае такім святкаванням лакальны каларыт).

І.С. Чарнякевіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp