Категории

Краязнаўчыя даследаванні Віцебска дзяржаўнымі ўстановамі ў 1960 – 1991 гг.

8 минут на чтение

Шэрагам айчынных і замежных навукоўцаў вылучаюць тры накірункі гістарычнага краязнаўства: дзяржаўны, грамадскі, школьны. Кіруючая роля ў краязнаўстве БССР на працягу практычна ўсяго ХХ ст. належыць дзяржаве. Краязнаўчымі даследаваннямі займаюцца рэгіянальныя архівы, бібліятэкі, вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзяржаўныя органы (аддзелы культуры, спорту і турызму, цэнтры рамёстваў), дзяржаўныя і ведамасныя музеі. Краязнаўчы кампанент прысутнічае ў дзейнасці спецыялізаваных навуковых устаноў, якія маюць на мэце вывучэнне краіны ў цэлым (Інстытут гісторыі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН). Важная роля ў асветніцкай складальнай краязнаўства належыць сродкам масавай інфармацыі.

Цікава прааналізаваць краязнаўчы кампанент дзейнасці дзяржаўных устаноў, як вызначальных у развіцці гістарычнага краязнаўства ў цэлым.

Краязнаўчая дзейнасць архіва

               На працягу 1960 – 1980-х гг., асноўнай формай краязнаўчай навуковай дзейнасці Дзяржархіву Віцебскай вобласці была публікацыя артыкулаў па гісторыі краю, падрыхтоўка перадач для сродкаў масавай інфармацыі. Напісанне артыкулаў для мясцовага друку ўваходзіла ў службовыя абавязкі пасады навуковага супрацоўніка. Так, напрыклад, супрацоўнік партархіва Віцебскай вобласці Т.Н.Касцянюк на працягу 1970 – 1990 гг. надрукавала больш за 60 артыкулаў у рэспубліканскім і мясцовым друку (у асноўным у газетах “Знамя юности”, “Віцебскі рабочы”) [1].

Іншыя работнікі архіва звычайна рыхтавалі артыкулы ці ў выпадку надыходу юбілею важных падзей у гісторыі краіны ці партыі, ці ў выпадку выяўлення асабліва цікавых дакументаў, звязаных з гісторыяй краю, ці па асабістым жаданні, з прычыны займання актыўнай грамадскай пазіцыі і праявы грамадскай актыўнасці. Да ліку апошніх, напрыклад, можна аднесці К.М.Коласава, дырэктара ДАВВ з 1958 па 1977 гг. Ён з’яўляўся аўтарам больш за 75 артыкулаў у мясцовым перыядычным друку, членам прэзідыума Віцебскага абласнога савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК). Узначальваў гісторыка-археалагічную секцыю гэтай арганізацыі. З’яўляўся ганаровым членам БДТАПГіК (1988), быў членам саветаў абласнога краязнаўчага музея, народнага музея У.I.Леніна [2].

Значная ўвага ў дзейнасці партархіва надавалася перадачам на радыё, тэлебачанні, лекцыям перад партактывам. З удзелам супрацоўнікаў ДАВВ на працягу 1960 – сярэдзіны 1970-х гг. падрыхтаваны і праведзены 20 радыё- і 30 тэлеперадач, у якіх асвятляліся розныя аспекты гісторыі Віцебшчыны.

Асветніцкая, публікатарская дзейнасць архіва насіла “хваляпадобны” характар і ў асноўным прымяркоўвалася да святкавання юбілеяў. Асноўныя тэмы: гісторыя камуністычнай партыі, ЛКСМБ, гісторыя прадпрыемстваў, гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, развіццё народнай гаспадаркі.

Пэўныя змены назіраюцца з сярэдзіны 1980-х гг. З актывізацыяй грамадскага жыцця ў краіне, зняццем пэўных ідэалагічных абмежаванняў, пашырэннем тэматыцы даследаванняў актуальнасць набыла правядзенне канферэнцый, прысвечаных розным тэмам жыцця краіны.

У 1987 г. была праведзена навукова-практычная канферэнцыя “Некоторые вопросы истории Витебской областной партийной организации” [3]. Да яе правядзення былі падрыхтаваны выстава, перадачы на радыё і тэлебачанні. Супрацоўніцамі партархіву Т.Н.Касцянюк і Віцебскага абласнога краязнаўчага музею В.І.Акуневіч быў падрыхтаваны і выдадзены накладам ў 500 экземпляраў камплект плакатаў “Призванные Октябрем” [4].

На канферэнцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі партархіву, выкладчыкі гісторыі мясцовых ВНУ. Па матэрыялах выступленняў былі выдадзены тэзісы выступленняў [5].

Супрацоўнікамі партархіву рыхтаваліся цікавае выданне краязнаўчай накіраванасці “Героі Савецкага Саюза ураджэнцы Віцебшчыны” [6]. Яго падрыхтоўкай актыўна займаліся Г.М.Акенц’еў і В.Г.Глушко. Аднак кніга не выйшла па аб’ектыўных прычынах: распад СССР, пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і інш. Не пабачыла свет і кніга нарысаў па гісторыі Віцебскай абласной камсамольскай арганізацыі “Заветам Ленина верны (Страницы истории комсомола Витебщины)” аб’ёмам 6 аўтарскіх старонак [7]. Кніга была падрыхтавана ў двух варыянтах: адзін з навукова-даведачным апаратам,  другі, спасылак не ўтрымліваў і меў больш папулярна-публіцыстычны характар. Другі варыянт матэрыялаў быў памножаны на рататары і выдадзены ў форме брашур для камсамольскага актыву вобласці і лектарскіх груп.

Музеі

Галоўным напрамкам дзейнасці Віцебскага абласнога краязнаўчага музея з’яўлялася правядзенне даследаванняў у горадзе, праца па збіранню рэчавых і пісьмовых крыніц, распрацоўка экспазіцый, якія адлюстроўвалі жыццё рэгіёна, навукова-асветніцкая дзейнасць па гісторыі савецкага грамадства.

Аднак трэба канстатаваць, што пачаўшаяся ў 1976 г. рэстаўрацыя Віцебскай ратушы (будынак, у якім змяшчаўся музей), якая працягвалася 18 гадоў, спыніла доступ наведвальнікаў да стацыянарнай экспазіцыі, што негатыўна адбілася на стане гістарычных даследаванняў. Няўдачай скончылася спроба стварэння ў Віцебску адпаведна пастанове Савета Міністраў ад 11 сакавіка 1980 г. археалагічнага музея, кшталту “Старажытнае Берасце” ў Брэсце. Экспазіцыя “Віцебск ХIV стагоддзя” з паказам гарадской забудовы гэтага перыяду так і не пабачыла свет з аб’ектыўных і суб’ектыў прычын [8].

Бібліятэкі

Значная праца па вывучэнні рэгіёна ажыццяўлялася абласной, гарадскімі бібліятэкамі краіны. У 1967 г. у Віцебскай абласной бібліятэцы быў створаны аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры. У яго абавязкі, акрамя іншага, уваходзіла складанне рэкамендацыйных спісаў па гісторыі рэгіёна, пра розныя бакі жыцця краю. Пазней гэты аддзел быў рэарганізаваны ў аддзел краязнаўства і бібліяграфіі. На працягу 1960 – 1980-х гг. супрацоўнікамі аддзела Віцебскай абласной бібліятэкі была праведзена значная праца па складанні бібліяграфіі Віцебшчыны. За гэты перыяду была надрукавана 22 выдання: бібліяграфічных паказальнікаў, рэкамендацыйных спісаў літаратуры, лекцый, метадычных парад у дапамогу чытачам і бібліятэкам [9].

ВНУ

ВНУ рэспублікі праводзілася значная праца па вывучэнні гісторыі і культуры роднага краю. Галоўную ролю тут адыгрывалі гістарычныя факультэты. Наяўнасць гістарычнага факультэта  азначала, што меўся выкладчыцкі склад, студэнты, навуковыя кадры, якія мусілі займацца гістарычнымі даследаваннямі і ў першую чаргу працаваць на мясцовым (г.з. краязнаўчым) матэрыяле. Аднак з той прычыны, што ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С.М.Кірава не было гістарычнага факультэту, краязнаўчымі даследаваннямі займаліся толькі асобныя выкладчыкі, напрыклад М.С.Рыўкін [10], Н.І.Дарафеенка [11]. У большай меры выкладчыкі вызначаліся ўдзелам у канферэнцыях, з дакладамі на рэгіянальную тэматыку, асабліва з другой паловы 1980-х гг. Аднак, трэба адзначыць, што адсутнасць гістарычнага факультэту ў ВДПІ імя С.М.Кірава негатыўна адбівалася на стане краязнаўчых даследаванняў у рэгіёне.

Інстытуты АН

Важная праца, якая мела краязнаўчую накіраванасць, праводзілася ў Віцебске і Віцебскай вобласці структурнымі падраздзяленнямі АН БССР: Інстытутам гісторыі, Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Спецыялістамі інстытута гісторыі праводзіліся археалагічныя раскопкі, якія самі па сабе з’яўляліся краязнаўчымі даследаваннямі. Даследаваннямі Віцебскай вобласці займаліся Т.С.Бубенька, Л.Калядзінскі, В.М.Ляўко, М.Ткачоў, Г.В.Штыхаў і інш.

Спецыялісты Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН БССР разам з мясцовымі аддзяленнямі праводзілі працу па стварэнні тома, прысвечанага Віцебскай вобласці, Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. У структуры інстытута быў створаны сектар “Збора помнікаў гісторыі і культуры”. У 1971 г. супрацоўнікі сектара праводзілі экспедыцыю ў Віцебскую вобласць [12].

Прэса

Вынікі краязнаўчых даследаванняў як навуковага, так і грамадскага і школьнага накірункаў знаходзілі адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі. Артыкулы ў рэспубліканскім і мясцовым друку, перадачы на радыё і тэлебачанні, якія рыхтаваліся музейнымі, архіўнымі супрацоўнікамі, у асноўным прымяркоўваліся да значных юбілеяў партыі, вайны, працоўных перамог у сацыялістычным будаўніцтве. Штатныя супрацоўнікі газет, радыё і тэлебачання таксама займаліся распрацоўкай краязнаўчай тэматыцы. Напрыклад, журналіст, у той жа час і краязнаўца-аматар А.М.Падліпскі, які працаваў у віцебскіх выданнях “Строитель”, “Народнае слова”, стаў аўтарам больш за 800 артыкулаў на мясцовую тэматыку, у якіх знайшла асвятленне гісторыя і  культура краю [13]. Аднак СМІ хутчэй з’яўляліся “трыбунай” для асвятлення краязнаўчай інфармацыі для удзельнікаў усіх накірункаў гістарычнага краязнаўства: дзяржаўнага, грамадскага і школьнага.

Заключэнне

На працягу 1960 – 80-х гадоў дзяржаўнымі ўстановамі была праведзена значная праца па вывучэнні Віцебска. Існавала цесная сувязь грамадскага і дзяржаўнага накірункаў краязнаўства. Дзякуючы ўдзелу навуковых кадраў у працы шэрагу грамадскіх краязнаўчых арганізацый, значна палепшылася якасць іх дзейнасці. У другой палове 1980-х гг., ва ўмовах палітыкі “перабудовы”, пэўная колькасць ініцыятыў прафесійных даследчыкаў была праведзена ў жыццё праз працу грамадскіх таварыстваў і арганізацый.

 

Крыніцы і літаратура

 

    Інтэрвью Т.Н. Касцянюк (15.07. 2006) // зберагаецца ў асабістым архіве Півавара М.В.
    ДАВВ. – Ф. 289. – Воп. 1-к. – Спр. 90 (Асабовая справа К. М. Коласава)
    ДАВВ. – Ф. 520. – Воп. 1. – Спр. 304-307-п.
    Костенюк, Т.Н.Призванные Октябрем / Тн.Костенюк, О.И.Акуневич. – Витебск: типография им. Коминтерна, 1987. – 28 л.
    Тезисы докладов научно-теоретической конференции на тему: «История Витебской областной партийной организации: традиции и преемственность». г. Витебск, 16 октября 1987 г. – Витебск: Типография им. Коминтерна, 1987. – 65 с.
    ДАВВ. – Ф. 520. – Воп. 1. – Спр. 285-298.
    ДАВВ. – Ф. 520. – Воп. 1. – Спр. 356.
    Постановление Совета Министров БССР № 111 от 11 марта 1980 г. “О создании в г. Витебске археологического музея – филиала Витебского областного краеведческого музея” // [Электронны рэсурс]. – Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна., 2004. – Рэжым доступу: Электронная база дадзеных “Эталон”.
    Гісторыя фабрык і заводаў Віцебскай вобласці / Кітовіч Н.С. – Віцебск: ВАБ, 1962. – 6 с.; Змагары за ўладу Саветаў на Віцебшчыне: бібліяграфічны паказальнік / Ганчарова Т.В. – Віцебск: ВАБ, 1967. – 11 с.; Витебску – 1000: Рекомендательные материалы в помощь библиотекам области. / Китович Н.С. – Витебск: ВОБ, 1973. – 19 с.; Героі Савецкага Саюза – Віцябчанкі. / Ганчарова Т.В. – Віцебск: ВАБ, 1975. – 12 с.; Партызанскі рух і падполле Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-945 гг.): Бібліяграфічны паказальнік. / Бяззубік Л.Т., Кітовіч Н.С. – Віцебск: ВАБ, 1975. – 67 с.; Вялікі Кастрычнік на Віцебшчыне: Бібліяграфічны паказальнік. / Бяззубік Л.Т., Кітовіч Н.С. – Віцебск: ВАБ, 1977. – 40 с. і інш.
    Из опыта внеклассной краеведческой работы по истории. – М.  1961; Эстэтычнае выхаванне вучняў у краязнаўчай рабоце па гісторыі. – Мн., 1963; Скарыстанне краязнаўчага матэрыялу на ўроках гісторыі. – Мн., 1965; Выказванні У.І. Леніна аб Віцебшчыне // ВР. – 1970. – 27 студзеня. – С. 2–3.
    Юные герои Витебщины / Дорофеенко [и др.]. – Мн.: Народная асвета, 1980. – 127 с.; Витебское подполье / Пахомов Н.И. [и др.]. – 2 изд. – Мн, 1974.
    ДАВВ. – Ф. 487. – Воп. 1. – Спр. 40. – Арк. 44.
    Аркадий Михайлович Подлипский. Библиография основных публикаций 1968-2005 гг. – Витебск: ГУ «Витебская обласная библиотека им. В.И. Ленина», 2006. – 78 с.

      М.В. Півавар

 
Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

У артыкуле абагульняецца вопыт археалагічных даследаванняў беларускіх гарадоў ХІХ –  ХХ стст. Паказваецца, што найбольш інтэнсіўныя даследаванні прыпадаюць на 70 – 80-я гады ХХ ст., у выніку якіх распрацаваная археалагічная дэфініцыя гораду (адрозненне яго ад ...
Традыцыі харчавання з’яўляюцца важнай часткай культуры этнасу. Яны найбольш трывала захоўваюць этнічную спецыфіку і ў меншай ступені падвергнуты зменам, таму выступаюць як важная крыніца пры даследаванні пытанняў гісторыі матэрыяльнай культуры і многіх праблем...
Традыцыйная абраднасць беларусаў Гродзеншчыны – складаная і шматгранная з’ява, што развівалася на працягу многіх стагоддзяў. Даследаванні традыцыйнай абраднасці рэгіёна распачынаюцца з пачаткам этналагічнага вывучэння краю, цікавасць да якога абуджаецца разам ...