Сядзіба Станіславова - помнік сядзібна-паркавай архітэктуры другой паловы 18 стагоддзя. Размешчана на паўночна-ўсходняй ускраіне Гродна, у яго былым прыгарадзе - Станіславова (сучасная вуліца Ціміразева). Сфарміравалася ў 1760-1770-я гады па праекце італьянскага архітэктара Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Аўгуста Панятоўскага. Сваю назву атрымала ад імя караля, як і сядзібы Аўгустова і Панямунь. Палац быў прызначаны для кароткачасовага знаходжання караля і называўся паляўнічым.
Ансамбль уключаў сядзібны дом, 2 флігелі, гаспадарчыя пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Агульны выгляд сядзібы вядомы па малюнку Н.Орды другой паловы 19 ст., на падставе якога можна зрабіць выснову, што на працягу 100 гадоў палац захоўваў свой першапачатковы выгляд. На жаль, па малюнку нельга вызначыць матэрыял даху, а ў архіўных і літаратурных крыніцах звестак аб першапачатковым матэрыяле даху ў сядзібе Станіславова не знойдзена. Вядома толькі, што ў сваіх праектах Дж. Сака часта выкарыстоўваў чарапіцу, якую прывозілі з Галандыі. Цэнтральнае месца займаў сядзібны дом, размешчаны на версе спадзістага схілу.
Сіметрычна размешчаныя бакавыя флігелі ўтваралі парадны курданёр, які з боку ўезду быў абнесены невысокай агароджай. Флігелі - аднапавярховыя прамавугольныя ў плане будынка з высокім вальмавым дахам, размешчаны на рэльефе ніжэй за ўзровень палаца, маюць дапаможнае значэнне. Гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся за заходнім флігелем і шматразова перабудоўваліся ў адпаведнасці з гаспадарчымі патрэбамі.
За домам часткова захаваўся парк радыяльна-прамянёвай планіроўкі. Парк плошчай каля 3 га ствараўся ў стылі позняга барока і меў трохпрамянёвае размяшчэнне асноўных алей, якія прасочваюцца часткова за домам былой рэзідэнцыі. З дрэў згадваюцца ліпы, грабы, бэз. Цагляны палац першапачаткова быў аднапавярховым (другі паверх надбудаваны пасля Другой сусветнай вайны), прамавугольным у плане, каменным будынкам з двухпавярховай цэнтральнай часткай, вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным - рызалітам з атыкавым завяршэннем. Да яго прымыкаў глыбокі порцік з аркадамі, якія стваралі крыты заезд. Над порцікам размяшчалася шырокая тэраса з каменнай балюстрадай. У дэкоры палаца выкарыстаны пілястры, раскрэпаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прамавугольныя і арачныя вокны ўпрыгожаны лучковымі і трохвугольнымі франтонамі, гірляндамі, плоскімі ліштвамі.
Планіроўка сядзібы першапачаткова была калідорнай. У цэнтральнай частцы палаца размяшчаліся парадныя памяшканні - бальная зала ў двух узроўнях з прыгожа выкладзеным паркетам, які знішчылі казакі падчас 1 Сусветнай вайны. Да 1939 года захоўваліся таксама сляды ляпніны на столі. Фрагменты насценных роспісаў на міфалагічныя сюжэты доўгі час захоўваліся ў зале, размешчанай непасрэдна над вестыбюлем (магчыма, тэатральным). Падняцца ў залу можна было па лесвіцы, размешчанай з правага боку вестыбюля. У вестыбюлі захаваліся 2 печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванай керамічнай пліткай цёмна-карычневага колеру (канец 19 стагоддзя).
Пасля падзелу Рэчы Паспалітай гэты канфіскаваны расійскім урадам маёнтак перайшоў у прыватную ўласнасць расійскаму генералу Рубану. У 1814 годзе Станіславова купіў князь Ксаверы Францавіч Друцкі-Любецкі, які меў больш буйныя ўладанні ў Шчучыне і Чарлёне, таму ў Станіславова на працяглы час не затрымліваўся. На працягу 150 гадоў у Станіславова пражывалі, у асноўным, адміністратары.
На мяжы 19 і 20 стст. уладальнікам маёнтка быў князь Уладзіслаў Друцкі- Любецкі, а пасля яго смерці ў 1913 г. - яго жонка Мар'я. У 1920-39 гг. маёнтак належаў іх сыну Яну, які пастаянна пражываў у сваім маёнтку пад Варшавай.
У нацыянальным гістарычным архіве РБ у г. Гродна захоўваецца справа аб адкрыцці сола-вэксальнага крэдыту землеўладальніку Друцкаму-Любецкаму Уладзіславу Аляксандравічу пад заклад маёнтка Станіславова за 1910-1913 гг.
У 1913 г. князю Уладзіславу Друцкаму-Любецкаму быў адкрыты крэдыт у памеры 21 тыс. рублёў на куплю ўгнаенняў, павелічэнне працоўнай сілы, паляпшэнне пагалоўя жывёлы, распрацоўку і вываз вапны для ўгнаення палёў.
У сувязі з адкрыццём крэдыту быў складзены акт з апісаннем маёнтка, у якім пазначана, што маёнтак перайшоў да Уладзіслава ў 1896 г. Пабудовы ў маёнтку наступныя:
- Панскі дом, крыты гонтай;
- Два каменныя дамы (адзін крыты чарапіцай, другі – гонтай);
- Каменны хлебны хлеў, жывёльны хлеў, свіран - крыты гонтай;
- Мураваны жылы дом, крыты гонтай;
- Два драўляныя дамы, крытыя гонтай;
- Каменны кафляны завод, крыты бляхай;
- Каменны дом і склад, крытыячарапіцай.
У арэнду здаецца 3 цагляныя заводы і чыншавыя пляцы.
Пабудовы маёнтка застрахаваныя ў Варшаўскім страхавым таварыстве на суму 60 700 рулёў. Магчыма, у архіўных фондах гэтага страхавога таварыства захоўваюцца падрабязныя інвентарныя апісанні і планы маёнтка, якія заўсёды складаліся пры страхаванні нерухомасці.
У нацыянальным гістарычным архіве ў г. Гродна картаграфічнага матэрыялу па маёнтку Станіславова не знойдзена, маюцца толькі чарцяжы прамысловых будынкаў на цагляным заводзе.
На планах г. Гродна маёнтак Станіславова ўпершыню з'яўляецца ў 1807 годзе (паказаны жылыя і гаспадарчыя будынкі). План г. Гродна 1812 з'яўляецца больш падрабязным. На ім зафіксаваны некаторыя іншыя гаспадарчыя пабудовы, якіх няма на плане 1807 года. Нанесеная таксама частка парку за палацам. З Гродна ў маёнтак вяла ліпавая алея. З вядомых нам планаў Станіславова нанесена на план Гродна 1929 года. У гэты час маёнтак ужо ўваходзіў у рысу горада.
Пасля 1939 года тут размясціўся першы ў Гродзенскім раёне саўгас.
У пасляваенны час будынак неаднаразова падвяргаўся рамонтам, у выніку якіх быў часткова згублены або скажоны архітэктурны дэкор фасадаў.
З пачатку 1950-х гг. і да цяперашняга часу ў будынках былой сядзібы размяшчаюцца кафедры і дапаможныя службы аграрнага ўніверсітэта.