Категории

Калабарацыя: канцэпцыі і ўрокі гісторыі

8 минут на чтение

У гады Другой Сусветнай вайны ў сферу супрацоўніцтва з краінамі фашысцкай кааліцыі і перш за ўсё нацысцкай Германіяй былі ўцягнуты кіруючыя колы і ўрады захопленых ёй краін – Нарвегія, Францыя, Бельгія, Галандыя, Данія, Чэхаславакія і г. д., а таксама палітычныя партыі, рухі, гаспадарчыя колы, сродкі інфармацыі, тысячы грамадзян, сярод якіх былі і сусветна вядомыя пісьменнікі, навукоўцы, дзеячы культуры.

Дадзеная з’ява ў 1953 годзе атрымала назву «калабарацыя». Гэтым тэрмінам характарызаваўся рух французаў, якія падчас акупацыі Францыі Германіяй хацелі працаваць над адраджэннем Францыі ў супрацоўніцтве з Германіяй. Галоўны паказчык французскай калабарацыі – яе ідэалагічная еднасць з нацыянал-фашызмам. Калабаранты былі мясцовымі нацыянал-фашыстамі.

У заходняй літаратуры паняцце «калабарацыянізм» адносна тэрыторыі СССР шырока не прымянялася. У савецкай гістарыяграфіі да пачатку 1990-х гадоў яго не было ўвогуле. Асноўная частка заходніх даследчыкаў, разглядаючы ваенныя і палітычныя аспекты супрацоўніцтва насельніцтва СССР з нямецкімі грамадзянскімі і ваеннымі ўладамі, вызначаюць яго не як калабарацыянізм, а рух да «вызвалення».

Гэтак жа ці «барацьбой за нацыянальнае адраджэнне» тлумачаць свае паводзіны падчас вайны ў сваіх успамінах былыя беларускія дзеячы, якія супрацоўнічалі з немцамі.

З пазіцый сённяшняга дня нельга не бачыць, што палітыка і практыка савецкай улады напярэдадні і падчас вайны была адной з голоўных прычын гэтай з’явы.

Па характару дзейнасці можна вызначыць тры асноўныя группы калабарацыі ў Беларусі: палітычную, ваенную, эканамічную.

Палітычная калабарацыя ўключала нацыянальна-радыкальныя сілы, палітычныя партыі і арганізацыі, прыватных асоб, што сталі на шлях палітычнага супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкімі ўладамі з мэтай стварэння з дапамогай Германіі беларускай дзяржаўнасці, якая павінна была быць пад яе пратэктаратам. На правым фланзе гэтых сіл была так званая Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя на чале з Ф. Акінчыцам і У. Казлоўскім, створаная ў пачатку 1930-х гг. у Польшчы. Партыя мела свой друкаваны орган – часопіс «Новы шлях».

Пасля падзелу Германіяй і СССР Польшчы, калі стала відавочнай будучая вайна з СССР, да супрацоўніцтва з немцамі пачалі схіляцца прадстаўнікі іншых партый і арганізацый. Прапановы немцам аб супрацоўніцтве паступілі ад такіх дзеячаў, як І. Ермачэнка, В. Захарка, В. Гадлеўскі і іншых. Гэтую групу можна назваць калабарантамі па прызванню. Яны былі гатовыя да палітычнага, ваеннага, эканамічнага супрацоўніцтва і кіраваліся ўласнымі мэтамі.

Сваё супрацоўніцтва з акупантамі яны тлумачылі неабходнасцю барацьбы з камунізмам, бальшавізмам, актыўным удзелам у адраджэнні Беларусі, стварэнні новай Еўропы пад кіраўніцтвам Вялікай Германіі.

Да палітычнай калабарацыі трэба аднесці асоб, якія працавалі ў створаных акупантамі ці з іх дапамогай мясцовых і адміністрацыйных органах (старастаў, бургамістраў), грамадскіх арганізацыях (Беларуская Народная Самапомач, Беларуская Рада Даверу, Беларуская Цэнтральная Рада, Саюз Беларускай Моладзі і прафсаюзы).

Ваенная калабарацыя – найбольш масавая па колькасці ўдзельнікаў. Сюды адносяцца: а) мясцовы паліцэйскі апарат, мясцовая служба парадку, дапаможныя ахоўныя паліцэйскія фарміраванні, чыгуначныя батальёны, казацкія фарміраванні, агенты абвера, СД, паліцыі, служачыя нямецкіх часцей; б) мясцовая самаахова – Беларуская самаахова (БСА), Беларуская краёвая абарона (БКА), тыя фарміраванні польскай арміі і Арганізацыя Украінскіх Нацыяналістаў і Украінская Паўстаўнцкая Армія, якія супрацоўнічалі з немцамі, абарончыя вёскі.

Эканамічная калабарацыя ўключала кіраўнікоў і служачых гаспадарчых органаў, прадпрыемстваў і арганізацый, якія функцыяніравалі ў гады вайны, непасрэдна ці ўскосна працуючы на акупантаў.

 У калабарацыі ў Беларусі выразна бачны наступныя састаўныя часткі: 1) нацыянальна-свядомыя беларускія сілы, якія адкрыта ці скрыта знаходзіліся ў апазіцыі да бальшавізму; 2) тыя, хто жыў да вайны на тэрыторыі Беларусі і хто паверыў немцам ці іх супольнікам, свядома пайшоўшы да іх на службу; 3) людзі, якія абставінамі ваеннага лёсу, у большасці супраць сваёй волі ці з надзеяй вырвацца з палону, лагераў, турмаў, проста выжыць апынуліся ў звязцы з першай ці другой групамі або на службе ў акупантаў  [1, с. 510 – 511].

Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны 17 ліпеня 1941 года В. Кубэ быў прызначаны генеральным камісарам Беларусі (са штаб-кватэрай у Мінску). Генеральны камісарыят «Беларуценія» быў створаны ў складзе «Рэйхскамісарыята «Остланд», які, у сваю чаргу, уваходзіў у спецыяльна створанае Імперскае міністэрства акупаваных усходніх тэрыторый рэйхсляйтэра Альфрэда Розэнберга.

Напачатку Гітлер хацеў прызначыць В. Кубэ гаўляйтэрам Масквы, але з прычыны няўдач на фронце паставіў яго на чале Генэральнай акругі «Беларусь». Кубэ пачаў рабіць шмат для росту беларускага нацыяналізму як найгалоўнейшай супрацьвагі савецкім уплывам.

Першыя крокі В. Кубэ былі скіраваныя на адраджэнне беларускай культуры. Ён абвяшчаў адбудову ваенных знішчэнняў, вызваленне з-пад бальшавіцкага прыгнёту, надыход дабрабыту і новага жыцця ў межах «новай Эўропы» на чале з ІІІ Рэйхам.

Арганізацыйнай апорай у ажыццяўленні намераў Кубэ павінна была стаць Беларуская Народная Самапомач (БНС). Таму ён дазволіў стварыць у ліпені 1942 г. 12-асабовую Галоўную раду БНС на чале з Ермачэнкам.  Да таго ж у кожнай акрузе былі створаны 10-асабовыя акруговыя рады БНС. Пры Галоўнай радзе быў арганізаваны шэраг ведамасных аддзелаў: палітычны, вайсковы, школьны, культурны, а таксама прапаганды і аховы здароўя. Усе яны мелі адпаведнікі ў акруговых радах. Такім чынам, у Беларусі быў створаны цэлы апарат, які змог бы пераняць з нямецкіх рук кіраўніцтва. А Кубэ рабіў усё новыя і новыя ўступкі. Было арганізавана Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы, жаночая ліга, беларускі судовы апарат. Выдадзены дазвол на ўжыванне нацыянальных сімвалаў – беларускіх штандараў і герба Пагоні. Арганізаваны Цэнтральны кааперацыйны саюз, які падпарадкоўваўся БНС. У верасні выйшла ў свет распараджэнне Кубэ аб змене адміністрацыйнай тэрміналогіі. У адпаведнасці з ім раёны перайменавалі ў паветы, а бургамістры (раённыя, валасныя) атрымалі тытулы начальнікаў паветаў, валасцей, гарадоў, вёсак і г. д. У жніўні Генеральны камісарыят дазволіў адкрыццё гімназій. Вяліся перагаворы наконт адкрыцця ўніверсітэта ў Мінску.

Адначасова, верагодна, без згоды кіраўніцтва Рэйху, з сябраў БНС Кубэ распачаў стварэнне Вольнага корпуса самааховы (БСА), беларускага ўзбройнага фармавання, прызначанага для барацьбы з савецкімі партызанамі. Беларускі бок лічыў гэта першым крокам у стварэнні нацыянальнага войска, але цэнтральныя нямецкія ўлады згадзіліся толькі на дзейнасць корпуса ў якасці паліцэйскіх батальёнаў, кіраўніцтва ў якіх перадавалася немцам.

22 чэрвеня 1943 г., падчас урачыстасці ў Мінскім гарадскім тэатры, Кубэ аб'явіў аб стварэнні СБМ. Яго структура была зробленая на ўзор Гітлерюгенда (НJ) і грунтавалася на прынцыпе фюрэрства. Так, галоўным органам СБМ быў кіраўнічы штаб, яго шэфам прызначаны Міхась Ганько, непасрэдна падначалены Кубэ. Працаю сярод дзяўчат на цэнтральным узроўні кіравала доктар Надзея Абрамава. Кіраўнічаму штабу СБМ падпарадкоўваліся акруговыя кіраўнікі, а ім, у сваю чаргу, – павятовыя, яны кіравалі атрадамі (для хлопцаў) і гурткамі (для дзяўчат) у валасцях, вёсках, школах і г. д. Да СБМ магла належыць беларуская моладзь ад дзесяці да дваццаці гадоў.

Паводле статута СБМ, мэта гэтай арганізацыі – узгадаваць «паслядоўных будаўнікоў Новай Беларусі і падрыхтаваць іх да іхніх будучых заданняў у народзе». Магістральным кірункам у выхаваўчай працы павінна было стаць «вызваленне беларускай моладзі ад варожых і шкодных уплываў, яе маральнае адраджэнне і выхаванне ў духу Новай Беларусі пад правадырствам нацыянал-сацыялістычнай Нямеччыны». Па гэтай прычыне акцэнт пераносіўся на патрыятычнае выхаванне моладзі, на выкараненне гістарычна абумоўленай рабскай псіхалогіі, развіццё пачуцця грамадскага абавязку, адказнасці, працавітасці і да т. п. Такі выхаваўчы кірунак быў разлічаны на тое, каб моладзь «адчула сваю адказнасць за долю і дабрабыт бацькаўшчыны і заўсёды была гатовай працаваць для свайго народа і краю і служыць ім». Статут трымаў на далёкім прыцэле паступовае перавыхаванне ўсяго грамадства ў духу сваіх праграмных ідэй .

У снежні 1943 г., калі быў ужо вызвалены Гомель, у Мінску раптам было аб’яўлена аб стварэнні дапаможнага дарадчага органа – цэнтральнай установы беларускай адміністрацыі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі – Беларускай Цэнтральнай рады (БЦР). Ствараючы гэту бачнасць беларускага нацыянальнага ўрада, захопнікі мелі карыслівыя мэты. Перш за ўсё яны бачылі ў ім сродак мабілізацыі сіл беларускага народа для барацьбы супраць бальшавізму, больш поўнага выкарыстання эканомікі Беларусі ў сваіх інтарэсах. Беларускія калабаранты, са свайго боку, разлічвалі выкарыстаць магчымасць для ажыццяўлення сваёй даўняй мары – стварэння беларускай дзяржаўнасці пад нямецкім пратэктаратам [2, с. 516 – 517].

Беларуская краёвая абарона (БКА) стваралася на акупаванай тэрыторыі па загаду і пад кантролем генеральнага камісара Курта фон Готберга. Актыўнае ўдзельніцтва ў фарміраванні БКА прымалі ўсе спецслужбы Германіі. У неабходных выпадках карысталіся садзеяннем адміністрацыйных улад і створаных гітлераўцамі грамадскіх суполак.

Мабілізацыя БКА праводзілася пад выглядам фарміравання нацыянальных узброеных батальёнаў для барацьбы з партызанскім рухам.

Па задуме акупантаў галоўнае прызначэнне БКА сводзіла да іх выкарыстання супраць партызан, а затым супраць Чырвонай Арміі на германа-савецкім фронце.

Загад, падпісаны генеральным камісарам Готбергам 23 лютага 1944 г., які датычыўся  фарміравання БКА, раскрываў характар і мэты БКА. У загадзе значылася, што «па прапанове прэзідэнта БЦР ад 18 лютага 1944 г. нагадваю стварыць Беларускую Краёвую Абарону для барацьбы супраць бальшавізму…»

Мабілізацыя ў БКА, згодна з загадам прэзідэнта БЦР ад 12 красавіка 1944 г. № 3, была завершана 15 красавіка 1944 г. У загадзе адлюстроўвалася, што ўсіх, хто не з’явіўся на зборныя пункты, варта разглядваць «як ворагаў Айчыны і дэзертыраў, імі павінны займацца ваенна-палявыя суды» [3, с. 31 – 35].

У канцы чэрвеня 1944 г. бальшавiцкая армiя прарвала нямецкi фронт на Беларусi i хутка пачала займаць Беларусь. Усё сведомае беларускае грамадзянства, як з усходняй часткi краю, так i з заходняй, масава пачало ўцякаць на Захад. Такiм чынам, прыблiзна да паловы лiпеня 1944 г. на тэрыторыi Нямеччыны знайшлося шмат беларускай iнтэлiгенцыi, як сялян, так i работнiкаў. Гэтыя масы беларусаў апынулiся ў вельмi благiх умовах. Нямецкiя вайсковыя ўлады затрымлівалi гэтых уцекачоў ва ўсходняй Прусii, зачынiлi ў iмправiзаваныя лагеры i выкарыстоўвалi як працоўную сiлу пры пабудове вайсковых умацаванняў. Частка ўцекачоў заставалася на працу ў вясковых гаспадарках. Беларусы вайсковыя, як БКА, Самаахова, палiцыя i iншаю сiлаю прыдзялiлiся да брыгады Зiглiнга. Знайшлася на тэрыторыi Нямеччыны i БЦР са сваiм выканаўчым апаратам. Прыблiзна каля паловы лiпеня 1944 г. сябры Рады на чале з Прэзiдэнтам Астроўскiм сабралiся ў Берлiне. Тут Рада была падпарадкаваная Мiнiстэрству ўсходнiх абшараў.

Беларусы, якiя хацелi бiцца з бальшавiкамi, каб вярнуцца на сваю Бацькаўшчыну, гналiся немцамi ў бой з англа-амерыканцамi. Анi да Амэрыкi, анi да Англii беларусы не мелi нiякiх прэтэнзіяў i бiцца з iмi не хацелi.

Члены беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый на канчатковым этапе Вялікай Айчыннай вайны пачалі актыўна выкарыстоўвацца адпаведнымі службамі Германіі і іншых замежных краін для арганізацыі шпіёнска-дыверсіённай барацьбы ў тылу Савецкай Арміі на тэрыторыі рэспублікі. Такім чынам, беларускія нацыяналісты цалкам залежалі ад гітлераўцаў і не сталі самастойнай палітычнай сілай [4, с. 136].

І.А. Гаўрылава

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі   МІЖНАРОДНАЯ НАВУКОВАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ «Беларусь У кАНТЭКСЦЕ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ГІСТОРЫІ: ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВА, АСОБА» (Рэсп...
Традыцыя даследавання гісторыі свайго краю была закладзена ў Гродзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце ў сярэдзіне 1950-х гг. з заснаваннем гістарычнага факультэта. Першым грамадска значным вынікам у гэтым напрамку была выдадзеная ў 1960 г. кніга “Гродно. ...
Абарончыя  ўмацаванні на працягу ўсёй гісторыі мелі  важнае значэнне для функцыянавання грамадства і яго інстытутаў.  У сувязі з гэтым  актуальным  для даследавання гісторыі Беларусі ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай з’яўляецца вывучэнне пр...