Категории

История развития уголовного права Белорусской ССР

6 минут на чтение

1. Гістарычна-прававая мадэль утварэння і трансфармацыі крымінальнага права БССР з'яўлялася пэўным элементам дзяржаўнай сістэмы кіравання савецкага перыяду і ў сваім развіцці дыялектычна залежала ад працэсу паэтапнага развіцця Савецкай дзяржавы, яе ідэалогіі і навукі. Крымінальнае заканадаўства, акрамя сваіх традыцыйных функцый, было арыентавана на сацыяльную перабудову на шляху пабудовы сацыялізму і камунізму. Уласнай крымінальна-прававой палітыкі ў Беларусі адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўвогуле не было, а потым з утварэннем БССР - амаль не было, бо асноўныя палажэнні крымінальнага заканадаўства спачатку ўваходзілі ў кампетэнцыю РСФСР, потым СССР. Толькі з утварэннем БДУ пачала зараджацца айчынная крымінальна-прававая навука, якая ў пэўнай ступені стала ўплываць на заканадаўства.

2. Пасля ўсталявання савецкай улады на тэрыторыі Беларусі спачатку дзейнічала заканадаўства РСФСР. Утварэнне БССР і ўвядзенне ў дзеянне на яе тэрыторыі з 1 ліпеня 1922 г. КК РСФСР 1922 г. прывяло да з’яўлення ўласнага крымінальнага заканадаўства і навукі, а таксама да адкрыцця навуковых і навучальных устаноў, якія займаліся вывучэннем права. Нягледзячы на тое, што беларуская савецкая навука крымінальнага права ад пачатку яе ўзнікнення развівалася ў рэчышчы найперш расійскіх, а з 1922 г. – агульнасаюзных навуковых тэндэнцый, яна мела некаторыя адрозненні ад апошніх, што было абумоўлена пэўнымі гістарычнымі асаблівасцямі. Для перыяду 1920-1940 гг. спачатку характэрнымі былі рэвалюцыйныя змены ў навуцы, потым парушэнне свабоды навуковай крытыкі, прынцыпаў пераемнасці навуковых ведаў і адноснай незалежнасці і самастойнасці навукі.

3. Першы Крымінальны кодэкс 1922 г., які адразу ж пачаў дзейнічаць на тэрыторыі БССР, не змяшчаў прынцыпова новых прававых канцэпцый, на чым настойвалі тагачасныя савецкія навукоўцы, ён грунтаваўся ў пэўнай меры на дарэвалюцыйных, у тым ліку і замежных крымінальна-прававых напрацоўках, у той жа час той сінтэз, які атрымаўся ад спалучэння ў законе ўжо існаваўшых канцэпцый, з’явіўся сапраўды ўнікальным у міравой практыцы, што рабіла Кодэкс непадобным да іншых тагачасных крымінальных законаў. Частковае адмаўленне бальшавікамі станоўчага папярэдняга вопыту і заканадаўчай тэхнікі значна збядніла савецкую прававую навуку і заканадаўства, прывяло да сур’ёзных памылак, як канцэптуальных, так і тэхнічных. Так, у Кодэксе былі штучна сумешчаны дзве супрацьлеглыя канцэпцыі: па-першае, сацыялагічная – аб «небяспечным стане асобы» і «мерах сацыяльнай аховы», прымяняемых да асобы без наяўнасці віны, па-другое, класічная – аб прызначэнні «пакарання» за віноўныя дзеянні, у выніку чаго дубліраваліся санкцыі і ўзмацнялася адказнасць. Яго негатыўнымі рысамі і палажэннямі з’явіліся ўвядзенне інстытута аналогіі закона, інстытута высылкі (арт. 49), зваротнай сілы закона, які ўсталёўваў або ўзмацняў крымінальную адказнасць, класавы характар Кодэкса, выкарыстанне тэорыі аб «небяспечным стане асобы». Усё гэта, у тым ліку сумяшчэнне прававых і неправавых (пазасудовых) сродкаў барацьбы з непажаданымі «грамадскімі элементамі» дазваляла савецкай уладзе «эфектыўна» весці барацьбу супраць класавых ворагаў пры захаванні выгляду дзяржавы, заснаванай на праве.

Адначасова станоўчай рысай першага савецкага КК стала тое, што пры прызначэнні пакаранняў было амаль поўнасцю адменена кіраванне «рэвалюцыйнай правасвядомасцю» і створаны законныя межы для прымянення крымінальных санкцый. У якасці станоўчых дасягненняў КК можна таксама назваць: фармулёўку паняцця віны ў выглядзе намеру і неасцярожнасці, уключэнне ў яго нормаў аб саўдзельніцтве, крайняй неабходнасці, як абставіне, выключаючай каральнасць дзеяння, а таксама пэўны гуманізм Кодэкса і інш.

4. Распрацоўкай і прыняццем КК БССР 1928 г., які прымаўся ўжо самастойна заканадаўчымі органамі БССР, завяршыўся этап станаўлення беларускага савецкага крымінальнага права, які характарызаваўся дыялектычнай залежнасцю ад тагачасных гістарычных умоў. Адным з найважнейшых станоўчых момантаў Кодэкса было выпраўленне канцэптуальнай супярэчнасці КК 1922 г. адносна падстаў крымінальнай адказнасці (галоўнае значэнне пры прызначэнні пакарання было нададзена сацыялагічнай канцэпцыі), а таксама тэхніка-юрыдычных памылак КК РСФСР 1926 г., падставай чаго стала значнае развіццё крымінальна-прававой навукі.

Аднак, у цэлым будова Кодэкса на падставе замежнай сацыялагічнай школы права адбылася з ідэалагічных прычын. Быў праігнараваны ўласны прававы вопыт і судовая практыка, бо прымяненне згаданай прававой школы ў СССР не было абумоўлена аб’ектыўнымі патрабаваннямі навукі і практыкі. Менавіта таму адбылося скажэнне сутнасці сацыялагічнай тэорыі, што стала адной з падстаў масавага парушэння законнасці ў 1930-я гг., пэўнай дэградацыі крымінальнага права і навукі, што адпаведна выклікала значнае падзенне аўтарытэту закона ў грамадстве. Як і КК 1922 г., КК 1928 г. былі ўласцівыя такія негатыўныя рысы, як наяўнасць аналогіі закона, зваротнай сілы закона, інстытута высылкі, класавасці, выкарыстанне тэорыі аб «небяспечным стане асобы». Распрацаваны на падставе Асноўных пачаткаў 1924 г. і іншых агульнасаюзных законаў, КК БССР 1928 г. меў адрозненні ад  КК РСФСР    1926 г. па структуры Агульных палажэнняў і пераліку злачынстваў.

У 1930-1940-я гг. у крымінальнае заканадаўства былі ўнесены значныя дапаўненні, якія мелі ў асноўным рэпрэсіўную накіраванасць. Асабліва гэта датычыла агульнасаюзных законаў, роля якіх пашыралася, і ўносіла яшчэ больш негатыўныя рысы ў айчыннае заканадаўства. Аб гэтым сведчаць Закон ад 7 жніўня 1932 г. «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацый і ўмацаванні грамадскай сацыялістычнай уласнасці», Закон ад      22 жніўня 1932 г. «Аб барацьбе са спекуляцыяй», Закон ад 7 красавіка 1935 г. «Аб мерах барацьбы са злачыннасцю непаўналетніх» і інш. Такая тэндэнцыя працягвалася і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, што было абумоўлена неабходнасцю абароны Савецкай дзяржавы ад фашысцкіх захопнікаў.

5. У пасляваенны перыяд паступова праявілася тэндэнцыя адмены жорсткіх нормаў, уведзеных ў перадваенны і ваенны перыяды. Кадыфікацыя ж крымінальнага заканадаўства БССР у 1960-х гг. з’яўлялася заканамернай, бо яна была аб'ектыўна абумоўлена новымі сацыяльна-эканамічнымі і палітыка-ідэалагічнымі ўмовамі развіцця СССР пасля ХХ з’езда КПСС і, адпаведна, канцэптуальнай трансфармацыяй навукі. У 1957 г. быў  узноўлены шэраг правоў саюзных рэспублік, у тым ліку права на самастойную распрацоўку ўласных КК, перадачай ім істотных праватворчых функцый.

Прыняцце Асноў крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік 1958 г. і КК БССР 1960 г. прывяло да істотнай трансфармацыі крымінальна-прававой палітыкі і заканадаўства, аднаўлення і пашырэння дзеяння асноўных заканамернасцей развіцця права, што выявілася ў:

а) вяртанні савецкага крымінальнага права да класічных крымінальна-прававых канонаў;

б) змякчэнні крымінальнага заканадаўства і ўзмацненні тэндэнцый гуманізму, дэмакратызму, дэпеналізацыі і дэкрыміналізацыі;

в) шырокім уключэнні ў крымінальнае заканадаўства мераў грамадскага ўздзеяння як альтэрнатывы крымінальнай адказнасці, а таксама і побач з пакараннямі ў санкцыях Асаблівай часткі КК;

г) палярызацыі каральнай сілы пакаранняў са стратай пакаранняў сярэдняй ступені, асабліва ў пачатковы перыяд ужывання КК;

д) утылітарным выкарыстанні крымінальнага заканадаўства, што прыводзіла да перыядычных крымінальна-палітычных кампаній па барацьбе са злачыннасцю, для якіх былі характэрныя хвалепадобныя тэндэнцыі адноснай мяккасці і рэпрэсіўнасці крымінальнай адказнасці.

Увогуле ж айчыннае крымінальнае заканадаўства займала важнае месца ў прававой сістэме СССР і некаторыя яго нормы служылі прыкладам для шэрагу саюзных рэспублік пры распрацоўцы імі ўласных крымінальных законаў.

6. Станоўчыя палажэнні і тэндэнцыі Крымінальных кодэксаў 1922, 1928,   1960 гг. былі пераемна ўспрыняты і істотна развіты ў крымінальным заканадаўстве і судовай практыцы Рэспублікі Беларусь. Аднак, нягледзячы на тое, што тэкст дзеючага КК, у параўнанні з папярэднім, стаў больш прафесійным, ён адначасова стаў і менш зразумелым звычайнаму грамадзяніну. Удалыя і шырока вядомыя з часоў БССР тэрміны і фармулёўкі ўскладняюцца і замяняюцца (напрыклад, простыя для ўспрымання і даўно існуючыя тэрміны, такія як «хворы», «псіхічна хворы», «гаўптвахта», «забруджванне паветра» былі замененыя ў дзеючым КК на «хворая асоба», «асоба, якая пакутуе ад псіхічнага расстройства (хваробы)», «гаўптвахта ваеннай камендатуры», «забруджванне атмасфернага паветра» адпаведна, і інш.), што зніжае інфармацыйную і выхаваўчую функцыі КК, ліквідуе пераемнасць у праве. На наш погляд, у некаторых артыкулах дзеючага КК мэтазгодна вяртанне да раней выпрацаванай тэрміналогіі і спрашчэнне заканадаўчых фармулёвак, што будзе спрыяць павышэнню інфармаванасці насельніцтва па пытаннях крымінальнага заканадаўства і ўмацаванню аўтарытэту крымінальнага права ў грамадстве.

Неабходна таксама на падставе гістарычнай пераемнасці далейшае развіццё сістэмы мер пакаранняў і ўдасканаленне іншых мер крымінальнай адказнасці акрамя пакаранняў, у тым ліку пашырэнне выкарыстання інстытута прабацыі, які недастаткова выкарыстоўваецца ў дадзены момант у параўнанні з БССР. Таксама мэтазгодна з улікам гістарычнага вопыту нацыянальнага заканадаўства стварэнне ў складзе існуючых крымінальна-выканаўчых інспекцый асобнай службы прабацыі, што дазволіць знізіць колькасць асоб, якія асуджаюцца да пазбаўлення волі, паменшыць рэцыдыў злачынстваў, палепшыць працу крымінальна-выканаўчых інспекцый і інш.

Гур'еў Сяргей Аляксандравіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Война и временная оккупация территории Белорусской ССР нанесли колоссальный ущерб хозяйству потребительской кооперации, который составил 807 млн. руб. (цены указаны в масштабе до реформы 1961 г.). Построенная до войны сеть специализированных магазинов, районны...
Республика Беларусь исторически является государством полиэтничным    и многоконфессиональным с глубокими религиозными традициями. Характерной чертой последних десятилетий стала трансформация конфессионального  пространства   Беларуси,   связанная   с   количе...
Актуальность исследования определяется тем, что транспорт  –  это одна из важнейших отраслей народного хозяйства, которая формирует инфраструктуру экономики и обеспечивает взаимосвязь таких еѐ элементов как промышленность, сельское хозяйство, строительство и т...