Категории

Грамадскія дабрачынныя арганізацыі ў Гродна ў 1991 - 2001 гг.

7 минут на чтение

Сучасныя прававыя дзяржавы на ўсіх этапах свайго развіцця імкнуцца максімальна выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія маюць, каб палегчыць жыццё малазабяспечаным людзям. У гэтай сферы у Рэспубліцы Беларусь распрацавана і дзейнічае дзяржаўная палітыка, якая ахоплівае шырокі спектр праблем. Канкрэтныя меры па матэрыяльнай падтрымцы датычаць у першую чаргу інвалідаў, хворых, адзінокіх. Аднак дзяржава не можа ўзяць на сабе клопаты аб усіх групах насельніцтва, якім неабходна падтрымка. Шматлікія грамадскія арганізацыі імкнуцца раздзяліць гэтыя клопаты з дзяржавай.

Грамадскія арганізацыі ахопліваюць значную частку насельніцтва краіны, аб’яднаную агульнымі інтарэсамі. Сваімі дзеянннямі яны могуць аказваць пэўны ўплыў на грамадска-палітычнае жыццё дзяржавы. Права на аб’яднанне ў асацыяцыі, абвешчанае Агульнай дэкларацыяй правоў чалавека, з’яўляецца неад’ёмным правам чалавека і грамадзяніна. Под грамадскай арганізацыяй разумеюць дабраахвотнае аб’яднанне грамадзян, што садзейнічае задавальненню і абароне іх шматлікіх інтарэсаў і патрэб, развіццю палітычнай, сацыяльнай і працоўнай актыўнасці і самастойнасці.

Дабрачынныя грамадскія аб’яднанні прызваны аказваць падтрымку і дапамогу ўсім, каму яна неабходна. Аб’яднанні, як правіла, ствараюцца на сродкі прыватных асоб ці прадстаўнікамі кампаній з мэтай фінансавання тых абласцей чалавечай дзейнасці, што вызначаны статутам дадзенай арганізацыі.

Беларусь атрымала незалежнасць раптоўна. У краіне ніколі не было развітой інфраструктуры, сістэмы служб, юрыдычнай і эканамічнай сістэмы, неабходных для стварэння дэмакратычнага грамадства са стабільнай рыначнай эканомікай. Перамены ў краіне адбываліся хаатычна. Для дзейнасці грамадскіх арганізацый пасля 1991 г. неабходна было ўдасканаліць заканадаўчую базу, што рабілася на працягу 1991 – 2001 гг. і працягваецца далей.

Існуе шэраг асноўных нарматыўных актаў (да дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў маюць адносіны больш за 130), што рэгулююць стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.

Мясцовыя грамадскія аб’яднанні рэгістраваліся ўпраўленнем юстыцыі выканаўчых камітэтаў абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў па месцу знаходжання кіруючага органа аб’яднання.

У адпаведнасці з артыкулам 6 Закона РБ “Аб грамадскіх аб’яднаннях” мясцовым лічыцца грамадскае аб’яднанне, дзейнасць якога распаўсюджваецца на тэрыторыі некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Гэта можа быць раённае, міжраённае, гарадское і інш. аб’яднанне [1, с. 20].

У Гродне размяшчаліся цэнтры, аддзяленні грамадскіх аб’яднанняў, якія мелі статус мясцовых, у лік іх уваходзілі абласныя, гарадскія аб’яднанні. У 1991 – 2001 гг. у Гродне дзейнічалі наступныя гарадскія дабрачынныя грамадскія аб’яднанні:  Гродзенскае грамадскае аб’яднанне шматдзетных бацькоў і сірот (створана ў 2001 г.), Гродзенскае грамадскае аб’яднанне шматдзетных бацькоў “Сем Я” (2001 г.) [2, с. 58, 60], Гродзенская асацыяцыя маці дзяцей-інвалідаў “Вера” (1996) [3, с. 25], Гродзенская гарадская арганізацыя Грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” (2002) [2, с. 48], “Карытас” Гродзенска дыяцэзу (1994) [3, с. 48] і іншыя.

Усе гэтыя аб’яднанні імкнуліся дапамагчы тым, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гродзенская асацыяцыя маці дзяцей-інвалідаў “Вера” з’яўлялася не столькі грамадскім дабрачынным аб’яднаннем, колькі асацыяцыяй самадапамогі, суполкай маці дзяцей-інвалідаў, якія імкнуліся дапамагаць адна адной лекамі, адзеннем, дзіцячым харчаваннем і проста маральнай падтрымкай. У канцы 90-х гг. гэтае аб’яднанне перастала існаваць, але яго справу працягвала новая арганізацыя, якая ў Гродне з’явілася ў 2002 г. – Гродзенская гарадская арганізацыя Грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Грамадскае аб’яднанне  БелАДДІіМІ дзейнічала ў рэспубліцы з канца 80-х гг., аднак у той час не мела сэнсу рэгістрацыя гарадскіх аддзяленняў з прычыны нешматлікасці членаў і неразвітасці структурнай арганізацыі [4, с. 29]. Паступова БелАДДІіМІ аб’яднала шматлікія, але маленькія асацыяцыі, арганізацыі, аб’яднанні бацькоў, якія мелі дзяцей-інвалідаў, у выніку чаго ўзнікла і гродзенская арганізацыя БелАДДІіМІ.

“Карытас” Гродзенскага дыяцэзу – дабрачынная каталіцкая арганізацыя, якая аказвае дапамогу самым розным слаям насельніцтва, дапамагае не толькі матэрыяльна, але займаецца духоўным і маральным выхаваннем дзяцей, моладзі, людзей сярэдняга ўзросту.  Адрасатамі дапамогі, якую аказвае “Карытас”, з’яўляюцца ўсе асобы незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання [5, с. 6-7]. Сярод гэтых асоб бамжы, мігранты, вязні, інваліды, пажылыя адзінокія людзі, хворыя, члены шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці-сіроты. Аб’яднанне з’яўляецца арганізатарам адпачынку дзяцей за мяжой і ў рэспубліцы [6, с. 16]. “Карытас” не толькі распаўсюджвае гуманітарную дапамогу з-за мяжы, але і арганізоўвае працу па збору рэчаў з жыхароў Гродна.

Невялікая колькасць існуючых у 1991 – 2001 гг. у Гродне гарадскіх грамадскіх аб’яднанняў тлумачыцца даволі значнай колькасцю абласных аб’яднанняў [7, с. 4]  [8, с. 7] [9, с. 4]. Аднак па колькасці грамадскіх арганізацый Гродзенская вобласць знаходзілася на адным з апошніх месцаў. Так на пачатак 1997 г. вобласць знаходзілася на 6 месцы (з 6 абласцей) [3, с. 10], на пачатак 1998 г. – на 4 месцы (разам з Брэсцкай вобласцю) [10, с. 15], у сярэдзіне 2000 г. – на 6 месцы з сямі (6 абласцей і г.Мінск) [11, с. 12)], у другой палове 2002 г. – на 4 месцы з сямі [2, с. 23].

Неабходна адзначыць, што ў пачатку 90-х гг. сваю дзейнасць у сферы дабрачыннасці працягвалі толькі самыя “моцныя” арганізацыі, такія, як Таварыства Чырвонага Крыжу, Фонд Міру, Дзіцячы фонд. Аднак і яны ў Гродне дзейнічалі толькі як абласныя аддзяленні. Некаторыя арганізацыі ў гэты перыяд толькі пачалі сваю дзейнасць – Гродзенскі абласны фонд вязняў нямецкіх лагераў, абласное прадстаўніцтва таварыства “Дзеці ў бядзе” і інш. У сярэдзіне 90-х гг. назіраецца рост колькасці грамадскіх арганізацый, у канцы 90-х гг. – спад. Гэты працэс можна растлумачыць некалькімі прычынамі. З сярэдзіне 90-х гг. з пераходам да рыначных адносін колькасць ахвяраванняў рэзка скарацілася, дабрачынныя арганізацыі пачалі самі зарабляць  грошы. Змяненне заканадаўства, узмацненне кантролю за дзейнасцю арганізацый, адсутнасць замежнага і іншых форм фінансавання адмоўна адбіліся на рабоце аб’яднанняў.  Зменшылася дзяржаўнае фінансаванне праектаў трэцяга сектару, ускладнілася працэдура атрымання матэрыяльнай падтрымкі з бюджэту і ад замежных спонсараў, што часткова аказала ўплыў на скарачэнне колькасці грамадскіх арганізацый. Некаторыя аб’яднанні не змаглі прыстасавацца да новых умоў існавання і былі вымушаны самаліквідавацца.

Праблема арганізацыі ўзаемадзеяння паміж суб’ектамі грамадства, і ў першую чаргу паміж грамадствам і дзяржаўнымі арганізацыямі, з’яўлялася адной з самых актуальных у Беларусі ў 1991 – 2001 гг.

Гісторыя ўзнікнення дабрачынных арганізацый налічвае больш дзесяці стагоддзяў, і сёння дзесяткі тысяч такіх арганізацый з’яўляюцца неад’емнай часткай сучаснага дэмакратычнага грамадства. Для многіх людзей, што звярнуліся ў фонды, стала рэальнай магчымасць атрымаць усебаковую і разнастайную дапамогу. Дабрачынныя арганізацыі аказвалі дапамогу самым розным групам насельніцтва сярод якіх самыя малазабяспечаныя і безабаронныя. Аказанне медыцынскай дапамогі, нагляд за хворымі і самотнымі, арганізацыя бясплатнага гарачага харчавання, збор і размеркаванне гуманітарнай дапамогі, аказанне грашовай дапамогі, арганізацыя адпачынку дзяцей у рэспубліцы і за яе межамі, аказанне юрыдычнай і псіхалагічнай дапамогі – невялікі пералік накірункаў дзейнасці гродзенскіх гарадскіх грамадскіх дабрачынных арганізацый у 1991 – 2001 гг.

Такім чынам, як было адзначана на адным з міжнародных семінараў, у Беларусі складваецца "трэцяя ўлада" – грамадская. Адной з рашаючых умоў яе замацавання з'яўляецца цеснае ўзаемадзеянне дзяржаўнага і грамадскага сектару.

Крыніцы і літаратура

1.             Эффективное развитие общественных организаций / С. Зинкевич [і др.]; под общ. ред. Е.Липской. – Минск: БРОО «Объединённый путь», 1998. – 89 с.

2.             Даведнік беларускіх грамадскіх аб’яднанняў / Беларуская рэспубліканская грамадская арганізацыя “Аб’яднаны шлях”; склад. І.М.Чырко [і інш]; – 4-е выд., перап. – Мазыр: ТАА ВД “Белы Вецер”, 2002. – 500 с.

3.             Справочник белорусских общественных объединений / Белорусская республиканская общественная организация «Объединённый путь»; сост. А.Р.Шибицкая. –  Минск: Агентство САДИ, 1997. – 157 с.

4.             Мы учимся жить с нашими детьми, жить с радостью: Общественное объединение «Белорусская ассоциация помощи детям-инвалидам и молодым инвалидам»; сост. М. Куновская. – Минск: ОО «БелАПДИиМИ», 2003. – 32 с.

5.             Міхайлік, А. Галоўныя накірункі дзейнасці “Карытас” / А. Міхайлік // Misericordia. – 2003. – №1. – С. 6–7.

6.             Сямашка, С. Дзіцячы адпачынак 2000 у дыяцэзіях / С. Сямашка, // Misericordia. – 2000. – №3-4. – С. 16.

7.             Список местных общественных объединений, зарегистрированных (перерегистрированных) управлением юстиции Гродненского облисполкома по состоянию на 1.06.2000 г. // Гродзенская праўда. –  2000. – 27 ліпеня. – С. 4.

8.             Список местных общественных объединений, зарегистрированных (перерегистрированных) управлением юстиции Гродненского облисполкома по состоянию на 1.06.2000 г. // Гродзенская праўда. –  2000. – 27 ліпеня. – С. 7.

9.             Список местных общественных объединений, зарегистрированных (перерегистрированных) управлением юстиции Гродненского облисполкома по состоянию на 1.06.2000 г. // Гродзенская праўда. – 2000. – 1 жніўня. – С. 4.

10.          Справочник белорусских общественных объединений / Белорусская республиканская общественная организация «Объединённый путь»; сост. А.Р.Шибицкая. – Минск: Агентство САДИ, 1998. – 358 с.

11.          Даведнік беларускіх грамадскіх аб’яднанняў / Беларуская рэспубліканская грамадская арганізацыя “Аб’яднаны шлях”; склад. Г.У.Глебка [і інш]; – 3-е выд., перац. – Мінск: УП “Новік”, 2000. – 339 с.

     Н.М. Мінаева

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Пачатак вайны для 85-й стралковай дывізіі, як і для іншых часцей 3-й Арміі Заходняга фронту, быў катастрафічным. Гэтыя злучэнні пацярпелі паразу ўжо ў першы тыдзень нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Пад Гродна адбываліся жорсткія баі з вялікімі страта...
Самастойная работа – гэта спецыфічны педагагічны сродак арганізацыі і кіравання самастойнай дзейнасцю вучняў. З аднаго боку – гэта навучальныя заданні, г.зн. тое, што павінен выканаць вучань, гэта аб'ект яго дзейнасці. Заданне прапануецца настаўнікам або р...
М.В.Жарскі быў адным з выбітнейшых экспертаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі і гісторыі Гродзенскай абласной партыйнай арганізацыі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што яму ў 1986 годзе без абароны доктарскай дысертацыі было прысвоена вучонае зван...