Категории

Гліняная цацка

2 минуты на чтение

ЦАЦКА ГЛІНЯНАЯ, старажытны від традыцыйнага народнага мастацтва (промысла), які спадарожнічаў ганчарству ў ганчарных асяродках і якім пераважна займаліся жонкі ганчароў або іх дзеці, не пераросшы на Беларусі ў самастойнае рамяство. Ц.Г. характэрны выразнасць формаў, пластычнасць, лаканізм, кампактнасць, ярка выяўленыя нацыянальныя і рэгіянальныя асаблівасці. На Беларусі Ц.Г., як правіла, не распісвалася ў розныя колеры, а глазуравалася, як і посуд аднатоннай палівай – зялёнай, карычневай, жоўтай. У Поразаўскім ганчарным асяродку выраблялася чорналашчоная кераміка і цацкі мелі таксама чорны колер, бо апальваліся разам з посудам. На тэрыторыі Беларусі Ц.Г. з’явілася ў эпоху неаліту, у час пашырэння ў першабытных людзей керамікі (гл. Нёманская культура). У Гродне, на Замкавай гары, знойдзены жоўтая з карычневымі плямамі паліўная гліняная фігурка каня (верагодна ХІІ ст.) і дзіцячая бразготка. Стылістыка, характар і дыяпазон сюжэтаў Ц.Г. амаль без змен дайшлі да нашых дзён.  Традыцыйнымі ў творчасці майстроў беларускай Ц.Г. былі выявы лялек, пеўнікаў, качак, конікаў, баранчыкаў і іншых жывёл. Ляпіліся таксама фігуркі людзей, складаліся гумарыстычныя і сатырычныя жанравыя кампазіцыі, у якіх адлюстроўваліся розныя бакі народнага жыцця. На кожным рынку ў выходныя дні ў час традыцыйных кірмашоў і базараў побач з гаршкамі, збанамі, глякамі і іншымі ганчарнымі вырабамі можна было бачыць  цэлыя россыпы яркіх рознакаляровых Ц.Г. Яны выкарыстоўваліся як дзіцячыя цацкі, як абярэгі ад “нячыстай сілы”, як твор дробнай пластыкі для ўпрыгожвання (дэкарацыі) жылля.

Па сваёй стылістыцы  і характары народную Ц.Г. можна падзяліць на 2 групы. Першая, найбольш старажытная, традыцыйная і распаўсюджаная, выяўляе архаічны напрамак у творчасці майстроў-цацачнікаў. Цацкі гэтага напрамку пазбаўлены розных другарадных падрабязнасцей і індывідуальных адрозненняў, яны перадаюць толькі самыя галоўныя характэрныя для пэўнай групы персанажаў рысы: крутая шыя з грывай – у каня, загнутыя рогі – у барана, плоская дзюба – у качкі, а ляльку ляпілі ў выглядзе конуса-спадніцы, якая пераходзіла ў грудзі, рукі, галаву. Такая цацка – не партрэт персанажа, а нібы толькі яго своеасаблівы  сімвал, што дае ўладальніку прастор для фантазіі і ўласнага адвольнага “прачытання”. Ц.Г. гэтай групы прадстаўляюць творы сучасных майстроў. Другую групу Ц.Г. прадстаўляюць творы наіўна-рэалістычнага напрамку, які набывае пашырэнне ў пачатку ХХ ст. Майстры, падлажваючыся пад густы некаторых пакупнікоў і заказчыкаў, імкнуцца да рэалістычнага адлюстравання сваіх персанажаў. Цацкі набываюць дэталёвую распрацоўку, павялічваюцца ў памерах і нярэдка ператвараюцца ў дэкаратыўную скульптуру. Ц.Г. гэтай групы прадстаўляюць творы сучасных майстроў.

Ц.Г. можна знайсці і купіць турыстам на фестывалі нацыянальных культур, свяце “Казюкі”, фестывалі нацыянальных культур трох народаў на Аўгустоўскім канале, у краме “У майстра”. Ц.Г. прадстаўлена ў экспазіцыях раённых музеяў і ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp