Категории

Герой і рэчаіснасць у апавяданнях Б.Сачанкі 60-х гг. ХХ ст.

10 минут на чтение

Б.І. Сачанка – значная асоба ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У творчай спадчыне пісьменніка прадстаўлены багатыя ў ідэйна-філасофскім і маральна-эстэтычным планах творы аб’ёмам ад паўстаронкі друкаванага тэксту, да цэлай трылогіі; ад мініяцюр і абразкоў да раманаў і аповесцяў.

Даследаваннем творчасці празаіка, і ў прыватнасці апавяданняў, займаліся даследчыкі В. Локун (“Да новых вышынь” [1]), Л. Савік (“Пад мірным небам Бацькаўшчыны” [2]), У. Юрэвіч (“Рамкі жанру і маштабнасць” [3]) і інш. За выключэннем Л. Савік, у многіх з іх жанр апавядання разглядаецца даволі сцісла, адзначаюцца агульныя адметнасці творчага почырку Б. Сачанкі, многія аспекты мастацкай тканіны твораў не кранаюцца зусім, большая ўвага аддаецца аналізу жанра аповесці, рамана. Безумоўна, ў адной дадзенай рабоце немагчыма поўнасцю ахапіць і прааналізаваць увесь аб’ём малой празаічнай спадчыны пісьменніка. Таму ў нашым артыкуле разглядаюцца найбольш цікавыя і яркія ў эстэтычным плане апавяданні кніг прозы “Барвы ранняй восені” [4] (1962), “Пакуль не развіднела” [5, с. 138-150] (1966) на прадмет іх жанрава-стылёвых асаблівасцяў і адметнасці ідэйна-філасофскага зместу.

Паказ рэчаіснасці, а разам з ёю і героя дзеяння апавяданняў кнігі “Барвы ранняй восені” [4], напісанай у 1962 годзе, звязаны з гістарычным становішчам краіны пасляваеннага часу. У грамадскім жыцці працэс урбанізацыі толькі пачынае развівацца, вёска “залечвае раны”, нанесеныя вайной, яе наступствамі. Разам з тым, у паўсядзённым жыцці чалавека працягваюць узнікаць і вырашацца розныя сацыяльна-значныя праблемы. Спроба асэнсаваць іх, адшукаць шляхі вырашэння, перапрацаваць рэальныя падзеі ў мастацкія сюжэты, падаць у выглядзе своеасаблівай філасофіі зроблена Б. Сачанкам у дадзенай кнізе.

Героі зборніка “Барвы ранняй восені” займаюць розны сацыяльны статус: студэнт (“Праз гады”, “Крокі”), сяляне (“Чужое шчасце”, “Яблыкі”), калгаснікі (“Ноч на балоце”, “У непагадзь”), настаўнік (“Бездараж”). Ёсць таксама апавяданні, у якіх сацыяльнае становішча персанажа не бярэцца пад увагу (“Начная размова”, “Недавер”). Зыходзячы з гэтага, і асяроддзе, у якім адбываюцца падзеі кнігі, добра знаёмае аўтару і чытачу, што з’яўляецца адной з рыс літаратурнага напрамку, больш за іншыя характэрнага творчасці Б. Сачанкі – рэалізму. Пісьменнік малюе карціну сваіх твораў, рэдка нешта выдумляючы, мастацкі вымысел займае нязначнае месца, героі трымаюць актыўную пазіцыю ў дачыненні да рэчаіснасці, успрымаюць час як тое, што адбываецца менавіта цяпер, хоць і ў сувязі з мінулым і будучым.

Сюжэт апавядання “Адзін дзень” [4, с. 80-85] (1960) разгортваецца дынамічна: з першага ж сказа аўтар уводзіць чытача ў канву сюжэтнага дзеяння: “Захар Пятровіч, старшыня калгаса “Світанне”, вылез з машыны і плюнуў: трэба ж, каб выдаўся такі дзень!” [4, с. 80]. Тлумачэнне ў такой ступені эстэтычна незвычайна пададзенаму пачатку даецца далей, у разгортванні сюжэту. Падзеі твора развіваюцца досыць аб’ектыўна, чаму спрыяе перадача дзеяння ад трэцяй асобы. Галоўны герой – Захар Пятровіч, - даволі аптымістычны чалавек, які не баіцца цяжкасцей – ён прыехаў “падымаць гэты самы адсталы ў раёне калгас” [4, с. 81]. Важным штрыхом у паказе характару дадзенага персанажа з’яўляецца рыса, уласцівая і самому Б. Сачанку: “А паспрабуй справіцца з чым, калі ў людзей няма самага неабходнага – веры, што справы і ў іх калгасе палепшаюць, што хоць раз атрымае кожны за сваю працу нейкую плату…” [4, с. 81].

Разуменню ўнутранага стану Захара Пятровіча спрыяе, з аднаго боку, сам тэмп апавядання, яго хуткасць, нейкая адмоўная энергетыка падзей (непрыемная размова з сакратаром райкома, знікненне за адну ноч адразу двух кароў, паломка машыны і інш.), а з другога – роля пейзажаў у творы (пераходу з зімы на вясну). Апавядальная канва падаецца ў цэлым паводле афарбоўкі мастацкай тропікі ў сярэднім эстэтычным узроўні, г. зн. твор напісаны нарматыўнай, паўсядзённай лексікай, без ўзвышанага пафасу ці нейкіх эмацыйна сцішаных інтанацый. Пры адлюстраванні ж светаўспрымання галоўнага героя выкарыстоўваюцца словы зніжанай эмацыянальнай афарбоўкі: вылез з машыны і плюнуў; глядзеў, як корпаецца ў маторы шафёр; хацелася вылаяць брыгадзіра. Важную псіхалагічную ролю ў фарміраванні персанажа адыгрываюць успаміны аб мінулым, паказ думак героя.

Уведзеная аўтарам філасафема імгненнасці чалавечага жыцця перарывае гэты шэраг будзёных няўдач героя – на ягоным шляху ўзнікае цвінтар як сімвалічны вобраз, адбываецца зварот увагі персанажа, а за ім і чытача, на “сівы камень” на магіле. “На ім нешта выдзеўбана долатам, але запылілася, зарасло мохам, і цяпер нічога ўжо нельга прачытаць” [4, с. 82].

Даследчыкі П. Навуменка і Л. Савік у сваіх працах звяртаюць увагу на зварот Б. Сачанкі як аднаго з першых да тэмы адарванасці чалавека ад роднай зямлі. У невялікім па аб’ёме апавяданні дваццацічатырохгадовы празаік з глыбокім разуменнем малюе душэўны стан пяцідзесяцігадовага героя, які адчувае пустэчу ў душы з-за адарванасці ад роднай сям’і, братоў. Нават з гэтага адзінага разумення цалкам іншага ўзросту чалавека, можна сцвярджаць аб таленце Б. Сачанкі ў разуменні сучаснага яму жыцця і людзей, якія жывуць побач з ім.

Фінал апавядання адкрыты. Не пачуўшы голас шафёра аб адрамантаванай машыне (як і самой машыны), Захар Пятровіч “гэтак жа паволі ішоў па сцяжыне, забыўшыся надзець на галаву шапку…” [4, с. 85]. Ён думаў аб тых, хто памёр маладзейшым за яго і тых, каму яшчэ патрэбна дапамога. Чытачу хочацца верыць, што зразумеўшы мімалётнасць чалавечага жыцця, галоўны герой застанецца шчырым змагаром у сваёй справе.

Тэма вайны, бацькоў і дзяцей падымаецца ў апавяданні “Слова пра маці” [4, с. 167] (1960). Твор, які складаецца з двух частак, пабудаваны на прыёме супрацьпастаўлення. У першай паказваюцца пошукі матуляй свайго сына, удзельніка абарончых баёў Брэсцкай крэпасці. Так, ён загінуў, але матчына сэрца ніяк не можа прымірыцца з гэтым, таму яна і прыехала сюды, “у незнаёмы і далёкі горад, аж за трыста кіламетраў, з самай глушэчы – Палесся” [4, с. 167]. Адлюстраванне разбітай пасля вайны крэпасці падкрэслівае гераізм і мужнасць яе абаронцаў, у ліку якіх быў і сын галоўнай гераіні.

У другой жа частцы малюецца цалкам супрацьлеглая карціна. Вельмі чула перадаюцца пакуты маці, якой выпаў лёс гадаваць сыноў, якія пазней стануць здраднікамі. Вобраз старэйшага, Мікалая, падаецца праз паказ ягоных дзеянняў, аб якіх распавядае сусед Арыны Ян, які з’яўляецца расказчыкам у дадзеным творы. Дзеянняў паліцая. Паралельна з гэтым апісваюцца пакуты маці, яе ўнутраны стан. “Людзі пракліналі яго, пракліналі заадно і маці, якая дала такому вылюдку жыццё. І без таго старая і нядошлая, кабета яшчэ болей пастарэла, яшчэ болей сагнулася” [4, с. 171]. Той самы лёс напаткаў і малодшага сына, Жоржа. Страціўшы апошнюю надзею на тое, што “добрае імя маці не будзе зняслаўлена” [4, с. 172], гераіня заканчвае жыццё самагубствам. Матуліна сэрца не магло вытрымаць таго зла, якое неслі навакольным яе дзеці. Пісьменнік, як правіла, не малюе перад чытачом сцэны апошніх хвілін жыцця персанажаў. Аб гэтым успамінаееца толькі праз невялікі прамежак часу. Яшчэ адна асаблівасць, характэрная для некаторых твораў Б. Сачанкі заключаецца ў тым, што апавяданні пісьменніка заканчваюцца словамі накшталт “Ніхто гэтага не ведаў. Ведаў толькі я” (“Памяць”, “Слова пра маці”).

Супрацьпастаўленне сюжэтных ліній двух частак апавядання паказвае таксама праблему маральнага выбару. Аўтар не паглыбляецца да аналізу прычын, якія прывялі да здрадніцтва Мікалая і Жоржа, ці прычын выбару стаяць да канца сына галоўнай гераіні першай часткі твора. Асноўны сэнсавы акцэнт тут на персанажы маці. Б. Сачанка прымушае чытача задумацца аб адказнасці дзяцей не толькі аб сабе, сваіх учынках, але і аб тых, нашчадкамі каго яны з’яўляюцца.

Падабенства да апавядання А. Пашкевіч (Цёткі) “Міхаська” [6] (1914) назіраеца ў апавяданні Б. Сачанкі “Мама!” [4, с. 119] (1960). Дасягаецца гэта перш за ўсё лёсам галоўнага героя, сіраты. У апавяданні А. Пашкевіч Міхаська ўвасабляе сабой вобраз беларуса, які на пачатку стагоддзя жыў “у запечку”, не меў такой неабходнай дабрыні да сябе. Трагізм твора ўзвялічваўся тым, што напрыканцы апавядання хлопчык памірае: “…калісьці жыў Міхась у запечку нашых хат — беларус малы, брат” [6, с. 90].

Не лягчэйшы лёс у дзіцяці сярэдзіны стагоддзя, Міцькі. Праз адлюстраванне жыцця хлопчыка аўтар паказвае жыццё многіх дзяцей, якія перажылі вайну і засталіся без самых родных людзей – мамы або таты. У Цёткі Міхаська – круглы сірата. У Б. Сачанкі ж Міцька мае бацьку і мачыху. Магчыма гэтым і дасягаецца большы драматызм апавядання – хлопчык, які павінен быць шчаслівым з-за таго, што мае сям’ю, жыве гэтак жа (ці нават яшчэ больш) самотна, чым Міхаська ў А. Пашкевіч (мачысе ўдалося пераканаць бацьку, што яго сын нічога не варты, пасля чаго на дзіця проста ніхто не звяртаў увагі).

Кульмінацыя апавядання заключаецца ў апошнім сказе: “І толькі іншы раз, калі хто вельмі крыўдзіў яго ці біў, ён плакаў, а з грудзей само вырывалася адно слова: “Мама!..” [4, с. 121].

У апавяданні “Балота” кнігі “Пакуль не развіднела” ([5, с. 138] 1964) за пераадоленнем персанажам дрыгвы чытаецца ўласцівасць чалавечай натуры – ні пры якіх абставінах не здавацца. У самым першым сказе герой гаворыць: “Не, няма ў нашым краі бадай што нічога страшнейшага за балота” [5, с. 138]. Успрыманню з адмоўнага боку геаграфічнага аб’екта спрыяюць апісанні ландшафту, надвор’я, бясконцасць блукання па балоце, зварот да супрацьлеглага хрысціянскім вобразам, вобраза чорта, побач з якім ужываецца народная назва самага небяспечнага месца дрыгвы – “чортавага вока”. Спрыяюць гэтаму таксама прыём адухаўлення (багна ўсмоктвае, дождж шапаціць, трава палегла), удалае выкарыстане эпітэтаў (вялізнае, гіблае і мёртвае балота).

Рэчаіснасць выступае ў дадзеным творы сілай, якая хоча знішчыць галоўнага героя. Нягледзячы на няўдачы і расчараванні, ён працягвае барацьбу за жыццё: “Далей я плыву, а дзе нельга плыць – паўзу… Трачу ўсякае адчуванне часу і месца і ўсё роўна паўзу…” [5, с. 141]. Толькі таму, што чалавек не здаецца, ён застаецца жыць. І як дадатковая ўзнагарода, пасля абуджэння першым, што бачыць герой твора, з’яўляецца звычайная праява жыцця – побач з дарослай дзікай рыжай казой, якая шчыпле траву, упёршыся лобікам у камель, дужаецца з маладой бярозкай, відаць нядаўна народжанае, казляня.

Праблеме бацькоў і дзяцей прысвечана апавяданне “Крык” [5, с. 141] (1962). У дадзеным творы аўтар малюе не такую ўжо і рэдкую з’яву ў выхаваўчай справе, а менавіта празмерную клапатлівасць бацькоў аб сваіх дзецях. У дваццацітрохгадовай Іры за плячыма музычная, сярэдняя школы, універсітэт. Уласна кажучы, дзяўчына заканчвала іх без асаблівай ахвоты: “Ат, трэба мець вышэйшую асвету, дыплом, вось яна і вучыцца” [5, с. 142]. Наперадзе ж яе чакае жаданая настаўніцкая праца ў вёсцы “з крыху дзіўнаватай назвай – Дурыкі” [5, с. 141]. Дзяўчыне надакучыў горад, яна хоча змяніць абстаноўку.

Першапачатковы бадзёры настрой твора змяняецца пасля падыходу дачкі да бацькі, які толькі што развітаўся са сваім знаёмым, уплывовым чалавекам, які можа ўладкаваць дзяўчыну на вучобу ў аспірантуру. У далейшым развіцці апавядання ў вобразе галоўнай гераіні мы бачым перад сабой асобу, якая жадае быць незалежнай, якая не хоча займаць чужое месца.

Дадзенае апавяданне некалькі саступае па мастацкіх вартасцях папярэдне разгледжаным. Нягледзячы на майстэрства пісьменніка ў маляванні прыроды, нешматслоўнасці пры пабудове кампазіцыі апавядання, усё ж застаецца не ў поўнай ступені раскрытай асоба бацькі, не даецца тлумачэнне яго ўчынкаў. Складваецца ўражанне, што аўтару не хапіла сілы развіць псіхалогію дзеяння другаснага персанажа, ён абмяжоўваецца простым фіксаваннем рэчаіснасці. Невядома, як выйдуць героі з дадзенай сітуацыі: пайдуць на кампраміс ці застануцца пры сваіх пунктах гледжання.

Такім чынам, падводзячы вынікі, можна адзначыць, што на пачатковым этапе творчасці Б. Сачанкі дамінуючае месца займае тэмы вайны. Таксама закранаюцца творцам тэмы вёскі і горада, гістарычнай самасвядомасці, жыцця падлеткаў, людзей маладога веку ў кантэксце гістарычных падзей. Зварот пісьменніка да жанру апавядання адбыўся ў той час, калі ён меў ужо пэўны вопыт журналісцкай працы, калі былі зроблены першыя ўласныя спробы пяра. Не ўсе з іх былі ўдалымі, часам празаік быў няздольны ўзняцца над простым фіксаваннем жыццёвых фактаў. Разам з тым, разглядаючы лепшыя прыклады з творчай спадчыны пісьменніка (у ліку якіх і разгледжаныя вышэй), неабходна адзначыць такія станоўчыя рысы пісьма празаіка, як: нешматслоўнасць пры апісанні дзеяння ці героя, здольнасць праз лёс асобнага чалавека ўбачыць лёс многіх іншых людзей, правесці сувязь паміж паказам навакольнага свету, прыроды і душы чалавека. Героі зборнікаў 60-х гг. Б. Сачанкі – разнастайныя асобы, якія асэнсоўваюць час і сябе ў гэтым часе (“Адзін дзень”), па меры сваіх сіл змагаюцца за справядлівасць (“Куды цягне гуляць”), пакутуюць ад свайго нешчаслівага лёсу (“Мама!”, “Слова пра маці”).

Да разгледжанага жанру пісьменнік будзе звяртацца на працягу ўсёй сваёй творчасці, пашыраючы кола праблем твораў і ўдасканальваючы мастацкія асаблівасці пісьма ў цэлым.

К.У.Бялятка

Наука-2015 : сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. 1 / ГрГУ им. Я. Купалы ; редкол.: Г. М. Третьяков (гл. ред.)  [и др.]. – Гродно : ГрГУ, 2015. – 291 с.

The article deals with the issues related to the artistic features of Boris Sachenko’s stories written in 1960s. Sachenko's literary achievement lies in his manner of writing, in specific means of expression, ideological and philosophical content of his writings. The analysis of the most aesthetically striking works of this Belarusian writer help to outline a typology of the characters of his stories, to determine the philosophical components of hero’s fate, its dependence on the surrounding reality and trends of social development.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Главный герой романа - обитатель дома престарелых который в молодости был надзирателем в тюрьме в блоке для заключённых, ожидающих казни на электрическом стуле. Сюжет завязан на появлении в блоке очередного преступника, осуждённого за зверское изнасиловали и у...
Это смесь детектива, фантастики, среди которых проскальзывает философия автора , неординарный взгляд на вещи и совершенно иной мир.          Главный  герой— Сэр Макс (да вроде как тот самый, который написал книгу) на протяжении нескольких лет видит необычайно ...
Написанная в 1925 году. Главный герой повести – профессор Преображенский. Профессор Преображенский - врач , хирург и специалист по омоложению. Проживающий в непомерно большой квартире в семь комнат, из-за чего происходит конфликт с председателем дома , который...