Категории

Гарбарства і дэкаратыўнае афармленне скуры: традыцыі

8 минут на чтение

На тэр.  Гродзеншчыны рамяство па вырабу скур і яе мастацкай апрацоўкі – занятак традыцыйны і старажытны. Сярод шматлікіх артэфактаў, знойдзеных пад час археалагічных раскопкаў у Гродна, нямала рэчаў зробленых са скуры і датаваных прыкладна 11-ым ст. Сярод скураных знаходак часцей сустракаюцца фрагменты абутку – «поршні», чаравічкі», якія амаль не мелі аздаблення. Пераважаюць футаралы ад ножыкаў-амулетаў, паясы, сумачкі або кашалькі, рукавіцы. У археалагічных знаходках сустракаюцца апрацаваныя рэшткі скуры з малочных цялят, маладняку, буйнай рагатай жывёлы. Усё гэта сведчыць аб існаванні і развіцці на землях Панёмання гарбарства, рымарства, кушнерства. У дафеадальны час рамёствы актыўна развіваліся ў гарадах і найчасцей былі хатнім заняткам. У ХУШ ст. сярод іншых гарадоў Беларусі, менавіта гарады Панямоння - Гродна, Мір, Ліда  сталі найбуйнейшымі цэнтрамі гэтых рамёстваў, дзякуючы   эканамічным рэформам гродзенскіага старасты А. Тызенгаўза. Ужо ў 1777 г. у Гродна існавала каралеўская гарбарная мануфактура, якая знаходзілася на тэрыторыі прадмесця Гарадніца. На працягу некалькіх стагодзяў апрацаваная скура выкарыстоўвалася найчасцей для ўтылітарных патрэбаў жыхароў. Але ўжо у ХУ1-ХУШ ст. апрацаваную скуру сталі шырока ўжываць для вырабу кніжных пералётаў, аздабляючы іх цісненем, накладнымі металічнымі дэталямі. Скураная вокладка мела кампазіцыйныя прынцыпы пабудовы  малюнка, арнамент уключаў моцна стылізаваны раслінны матыў. Скураныя мастацкія вырабы былі распаўсюджаны і ў народным побыце. Напрыклад, неад'емнай прыналежнасцю мужчынскага касцюма быў скураны рамень і амаль абавязковай была скураная сумачка («шабета»), якую насілі на поясе, або праз плячо.  Жаночае адзенне таксама не абходзілася без скуранога аздаблення, шырока выкарыстоўваліся скураныя ўпрыгожванні – бранзалеты, галаўныя ўборы. Да нашага часу ў многіх месцах Гродзеншчыны захаваліся святочныя чырвона-карычневыя аўчынныя кажушкі, аздобленыя аплікацыяй ці вышыўкай каляровымі ніткамі, якія яшчэ зусім нядаўна шыліся ў м. Васілішкі  Шчучынскага р-на. У гэтым жа раёне яшчэ можна сустрэць жанчын, якія носяць вельмі арыгінальныя боцікі, названыя ў народзе «румынкі». Пару год таму традыцыя пашыву такога абутка знікла разам з «адыходам» майстра. Добра захаваны экзэмпляр «румынак» знаходзіцца ў Шчучынскім раённым цэнтры рамёстваў. Апрацаваную скуру выкарыстоўвалі  пры вырабу іншых рэчаў. Асобныя дэталі скураной конскай вупражы, напрыклад, фігурна выразаліся, дэкарыраваліся металлам. Цісненем, металічнымі накладкамі, роспісам, аздабляліся розныя скураныя футляры, завесы і г.д. Чаму скура стала адным з традыцыйных заняткаў нашых продкаў? Па-паршае, дыктавалася гэта характарам хатняй гаспадаркі, дзе акрамя земляробчай працы, сяляне  актыўна займаліся жывёлагадоўляй. Па-другое, хуткае развіццё гарадоў, а іх ужо ў ХІІ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі было больш 30-ці, а ў ХVІ ст. каля 500-т,  спрыяла раннему і актыўнаму развіццю рамесніцтва. Па-трэцяе – скура вельмі багаты матэрыял. Яна добра захоўвае цяпло, не прапускае ваду, моцная і даўгавечная, а таксама лёгка паддаецца апрацоўцы: яе можна рэзаць, кроіць, перагібаць, надаваць ёй любую форму. Рамеснікі мастацкай апрацоўкі скуры звярнулі ўвагу на багацце дэкаратыўных уласцівасцяў скуры. Ад належнай апрацоўкі яна можа змяніць свой выгляд – быць цвёрдай ці мяккай, гладкай як люстэрка ці ўтвараць прыгожыя складкі, мець паверхню шурпатую ці бліскучую да глянцу. Скура лёгка фарбуецца, добра спалучаецца з іншымі матэрыяламі, ствараючы эффекты адпаведнасцяў  і кантрастаў. Скура стала прымяняцца як для ўтылітарных мэтаў, штодзённага ўжытку, так і дэкаратыўных, што спрыяла развіццю гарбарнага рамесніцтва. У канцы ХІХ – пач. ХХ ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна – завадская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працавалі гаспадар з 2 – 4 рабочымі або членамі сям’і. Для вясковых майстроў гарбарства – дапаможны занятак. Пашырана было амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У 1920–40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена на тэрыторыі савецкай Беларусі, але паспяхова працягвала развівацца на  Гродзеншчыны. На вялікі жаль, у  пасляваенныя гады гарбарства, як і іншыя віды традыцыйнага рамяства, падверглася татальнаму знішчэнню. Спачатаку невялікія саматужныя гарбарні пераарганізоўвалі ў кааператыўна-прамысловыя арцелі. Але ўжо ў 1950-я г.  апошнія былі рэарганізаваны ў дзяржаўныя прадпрыемствы. Пачыналася актыўнае культываванне фабрычнай прадукцыі і забарона прыватнай  дзейнасці майстэрняў. Майстры і іх вырабы падвяргаюцца публічнаму «астракізму», цынічна крытыкавалася ўсё тое, што было зроблена рукамі, высмейваўся і той, хто карыстаўся традыцыйнымі рэчамі – кажушкамі, ботамі і інш. Такая мэтанакіраваная ідэалогія і прапаганда прывялі да фатальнай сітуацыі: закрываліся невялікія гарбарныя майстэрні, прыстасаванні, станкі, інструменты проста знішчаліся. Паступова адыходзілі ў нябыт майстры, непаспеўшы перадаць вопыт сваім дзецям, якія актыўна з'яжджалі ў горад на вучобу ці на працу. Такім чынам, у 60-70-я гг. ХХ-га ст. гарбарная дзейнасць амаль перапыніла сваё існаванне, адбыўся працэс штучнага перарывання традыцый старажытнага рамяства. Некаторы час толькі адзінкі займаліся пашывам кажушкоў, рамонтам абутку і інш. Але цяпер нават і такой з'явы  няма, ці прадстаўнікі дадзенага рамяства маюць настолькі сталы ўзрост, што гэтым ўжо не займаюцца. Сучасны аналіз развіцця гарбарства і мастацка-дэкаратыўнай апрацоўкі скуры на Гродзеншчыне дае права казаць аб стане захаванасці гэтага традыцыйнага рамяства, а таксама аб сур'ёзных і непазбежных зменах у даследуемым рэчышчы. Гарбарства – як традыцыйнае рамяство апрацоўкі скуры сёння захавалася ў буйных гарадах Панёмання. Былая гарбарная мануфактура часоў Тызенгаўза дала пачатак развіццю такіх галін прамысловасці, як: фабрыкі скураных пальчатак “Акцэнт”, абутковай “Нёман” і «Гродзенскаму скураному вытворчаму аб'яднанню», апошняемае дастакова сталы ўзрост  - амаль 235 гадоў. Сёння “Гродзенскае гарбарнае вытворчае аб'яднанне” займаецца першаснай апрацоўкай скуры, яе дубляваннем. Прадпрыемства працуе на сучасным абсталяванні, але з выкарыстаннем у вытворчасці рацыянальных элементаў народнага вопыту. Тэхналагічны працэс апрацоўкі скуры гродзенскага завода захоўвае ўсе асноўныя традыцыйныя аперацыі; аперацыі залення вапнай, дублення дрэвавай карой і некаторыя іншыя працэсы амаль не змяніліся. Апрацаваная скура выкарыстоўваецца іншымі беларусскімі і замежнымі прадпрыемствамі. З яе шыюць мужчынскія і жаночыя рамні, сумкі і інш. рэчы. У Гродна адрадзілася традыцыя індывідуальнага пашыву абутку на заказ: танцавальных чаравічкаў, старажытных «поршняў» ці «пасталаў». «Поршні» ад сучаснага абутку адрозніваюцца адсутнасцю цвердых дэталяў (падэшвы, задніка, абцаса),  патрабавалі ручной работы, спецыяльных інструментаў, шавецкія калодкі не выкарыстоўваліся. Рабілі ў тэхніцы «вываратка» - з 4-х вугольнага кавалка скуры сшываўся верх абутку і выварочваўся наадварот. Па баках праразалі дзіркі, у якія працягвалі скураны раменчык і замацоўвалі на назе. Вядомыя з дагістарычных часоў і выкарыстоўваліся ў вясковага насельніцтва да пачатку ХХ ст. пад назвамі «пасталы», «хадакі». «поршні». На Гродзеншчыне «поршні» былі вельмі простымі, без дэкаратыўнага аздаблення, у адрозненні ад іншых рэгіёнаў Беларусі. Карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва, таму да сённяшняга часу захаваўся нават  зварот  адзін да аднаго «Шавялі паршнёй», што значыць ідзі хутчэй. Справа адраджэння такога абутку была інспірыравана па прычыне таго, што народныя танцавальныя гурты сутыкнуліся з праблемай адсутнасці патрэбнага прафесійнага ці аўтэнтычна-старажытнага абутку. Майстар Кімкетаў Рамзан, будучы сам прафесійным танцорам гурта «Белыя Росы» і добра разумеючы праблему сваіх былых калегаў «рэаніміраваў» дадзенае рамяство і на сёняшні дзень мае сваю прыватную майстэрню па пашыву індывідуальнага абутку, паспяхова працуе ў дадзеным накірунку, захоўваючы тэхналогію пашыву абутку «вывартка». Рымарства - была адноўлена на Гродзеншчыны ў 90-х г. ХХ ст. Скураныя мужчынскія сумачкі, аксессуары рыцарскага касцюма ХІV –ХV ст.ст – асноўныя накірункі дзейнасці майстра і аднаго з удзельнікаў клуба рэканструкцыі рыцарскага касцюма ў г. Лідзе Сяргея Пыпеця. Па існуючых рэканструкцыях і апісаннях майстар з жорсткай скуры шые старажытныя сумачкі ХVІІІ - 1-й пал. ХХст. Падобныя  рэчы на тэрыторыі Беларусі вядомыя пад назвамі «шабета», «каліта», «кайсцерка» - тыповая дэталь касцюму мужчын сярэдняга і пажылога ўзросту  Яе насілі з правага боку, мацавалі да пояса або рамня, перакінуўшы праз плячо. Такая сумачка мела ўтылітарны характар: у ёй насілі махорку, крэсіва, кісет з табаком і іншую драбязу. Прымяняліся яны і для нашэння грошаў, аб чым сведчаць не толькі гістарычныя дадзеныя але і  фальклор:  «У каго ў каліце, той і з панам на куце».  Адраджэнне айчынай гісторыі і рыцарскай культуры старажытнай Беларусі у 90-х г. ХХ ст. інспіравала ўзнікненнем шматлікіх рыцарскіх клубаў: «Паўночны Вепр», «Святога Юрыя» у г. Гродна, «Хротгард» у г. Ліда. Сяргей Пыпець стаў займацца рэканструкцыяй касцюмаў сярэднявяковага рыцара з ужываннем скураных аксэсуараў. Для сваіх калегаў шые традыцыйныя аксессуары рыцарскага касцюма па старажытнай тэхналогіі: пальчаткі, абутак і інш. У Гродна, а таксама раённых гарадах вобласці, існуюць цэнтры народнай творчасці, якія вырашаюць адну з важнейшых задачаў – адраджэнне  традыцыйных рамёстваў. Таму другім сур'ёзным напрамкам работы са скурай на землях Панёмання стала яе дэкаратыўная апрацоўка, якая ўяўляе сабой ўжо самастойную вобласць дзейнасці мастакоў розных пакаленняў, розных творчых манераў. Ствараюцца не толькі традыцыйныя творы – кніжныя пераплёты, скарбонкі, футляры сумкі, жаночыя аксесуаары, але майстры працуюць над станкавымі і інтэр'ернымі творамі. Сёння можна казаць аб існаванні ў Гродна высокапрафесійнай школы дэкаратыўнай апрацоўкі скуры. Яе прадстаўнікі – гэта людзі з вышэйшай адукацыяй,  найчасцей з'яўляюцца прафесійнымі мастакамі, маюць сярэдні ўзрост і самі паходзяць з гарадоў, што сведчыць аб самастойным, набытым у выніку розных абставін захапленні працай са скурай, а не натуральнай перадачай навыкаў ад бацькоў. Сеня госці горада, экскурсанты і турысты могуць пазнаёміцца з творчасцю і творамі майстроў Гродзеншчыны – Таццянай і Ігарам Пярвухінымі, якія адзіныя на тэрыторыі Панёмання знайшлі і засвоілі арыгінальную тэхніку гарачага ціснення. Іх работы добра вядомыя  ў Расіі, Польшчы, Літве. Дзякуючы дзейнасці Анатоля Зельберга ў 90-я г. 20 ст. у г.Гродна была створана дзіцячая студыя вырабаў са скуры. Прафесійны мастак,  выдатны майстар дэкаратыўна-мастацкай апрацоўкі скуры, здолеў перадаць сваім вучням не толькі навыкі, але і сапраўднае захапленне дадзеным рамяством, якое ператварылася ў сталы і прафесійных занятак цэлай плеяды сёння вядомых майстроў з Гродзеншчыны - Анастасіі Гук, Ларысы і Міхала Макеяў і інш. На вялікі жаль, шматлікія цэнтры народных рамёстваў вобласці найчасцей прадстаўляюць саломапляценне, вышыванне, ткацтва, а праца са скурай – дастаткова рэдкасная з'ява. Тым не менш, у г.Рось і Гродна дзейнічаюць гурткі, дзе настаўнікі-майстры перадаюць сваім маленькім вучням асноўныя навыкі і тэхналогіі дэкаратыўнайц апрацоўкі скуры. У турыстычна-экскурсійным патэнцыяле дзейнасць сучасных майстроў мае шырокія магчымасці – усе яны маюць свае майстэрні, дзе могуць праводзіць майстар-класы, свае сайты з выкладкай сваёй прадукцыі і магчымасцю інтэрнэт-заказа. Купіць творы мастакоў можна ў галерэях, выставачных залах Гродна, а таксама на пляцоўцы Старога замку, дзе найбольш актыўна праводзяць свой час турысты.  На вялікі жаль, раённыя цэнтры Панёмання не могуць пахваліцца развіццём ні гарбарства, ні дэкаратыўнай апрацоўкай скуры. З добрым развіццём саломапляценнем, вышыўкай і ткацтвам назіраецца абсалютны заняпад працы са скурай рэгіёнаў Гродзеншчыны. Даследаванні паказваюць, што там, дзе найбольш развітая прамысловасць, а гэта самыя буйныя гарады Гродзенскай вобласці – Ваўкавыск і Ліда, там яшчэ засталіся адзінкі майстроў, якія працягваюць традыцыі скураапрацоўкі.З актыўным развіццём дэкаратыўна-мастацкай апрацоўкі скуры і яе шырокім распаўсюджваннем як асноўнага занятку, даследчыкі і майстры сутыкнуліся з праблемай, як быць з сучаснымі майстрамі, творчасць якіх нібыта не зусім адпавядае патрабаванням таго, што класічна завецца «традыцыйнымі рамёствамі». Думаецца, будзе правільным рашэне, што хоць гарадскія рамёствы развіваюцца пад моцным уплывам сучаснага дэкаратыўнага мастацтва, але працуюць майстры па старажытных тэхніках мясцовых народных  традыцый, з выкарыстаннем традыцыйнага матэрыялу – скуры -  і таму непазбежна іх занятак можна трактаваць як традыцыйныя рамёствы, а іх прадукцыю – традыцыйнай. 

Святлана Словік

Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы:Гродзеншчыны і Сувальшчына. Энцыкл. давед. ; Рэд. В.Р. Карнялюк, І.І. Трацяк [і інш.] – Гродна: СМЫК, 2014

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў абапіраецца на фальклорныя традыцыі, на фальклорныя спосабы і сродкі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якія адпавядаюць народнаму светабачанню. Але мастацкае асэнсаванне фальклорных вобразаў, матываў, паэтычных срод...
Візуальнае вырашэнне спектакля з’яўляецца неад’емнай часткай тэат­раль­нага мастацтва на працягу ўсяго яго існавання, прычым з часам афармленне сцэнічнай прасторы значна эвалюцыянавала і на сённяшні дзень носіць канцэп­ту­альны характар. Тэатр выступае ў шырок...
Як зазначаюць многія даследчыкі, беларуская літаратура з далёкай старажытнасці развівалася ў кантэксце біблейска-хрысціянскай традыцыі.  Многія з літаратурных жанраў арганічна ўспрынялі яе асноўныя тэндэнцыі. Пры гэтым кожны з літаратурных жанраў выявіў свае с...