Категории

Гарады і мяшчане ў пасольскай дакументацыі шляхты ВКЛ у 1632-1648 гг.

8 минут на чтение

Станавая дзяржава, якой з'яўлялася Рэч Паспалітая і яе неад'емная частка – Вялікае княства Літоўскае, мела дакладную дыферэнцыяцыю функцый і правоў асобных сацыяльных груп. Вядучая роля ў такім грамадстве была адведзена шляхце – прывілеяванаму стану, уласніку асноўных сродкаў вытворчасці і манапольнаму карыстальніку з палітычных правоў і абавязкаў. Рэч Паспалітая невыпадкова называецца шляхецкай рэспублікай. Толькі шляхце належалі грамадзянскія правы, толькі яна ажыццяўляла іх і была здольная самастойна вырашаць свой лёс і лёс іншых станаў: сялянства і мяшчанаў.

У прапанаваным матэрыяле прааналізаваныя пасольскія інструкцыі розных паветаў ВКЛ за час праўлення Уладзіслава Вазы. На жаль, увесь комплекс пасольскай дакументацыі не захаваўся, таму ў вялікай ступені можна казаць пра фрагментарнасць вылучанай інфармацыі: напрыклад, захаваліся толькі інструкцыі з трох паветаў ВКЛ, складзеныя напярэдадні каранацыйнага сойма 1633 г. [10, s. 9]. Большасць інструкцый за час праўлення Уладзіслава Вазы адносіцца да 40-х гадоў XVII ст.

Шляхта ВКЛ не была і не магла быць абыякавай у адносінах да мяшчанства, якое знаходзілася на другой пасля яе ступені ў сацыяльнай іерархіі. Гэта непасрэдна знайшло адлюстраванне ў прыняцці соймавых пастановаў. Законатворчая дзейнасць шляхты Рэчы Паспалітай у адносінах гарадоў і мяшчанаў не займала цэнтральнага месца ў 1632 – 1648 гг. Увогуле, прынятыя і апублікаваныя ў "Валюміне легум" канстытуцыі вельмі абмежавана закранаюць жыццядзейнасць гарадоў і мяшчанаў. Прынятыя канстытуцыі ў сваёй большасці датычацца збора сродкаў і арганізацыі абароны ўскраінных замкаў, увядзення падаткаў і пабудовы ў гарадах розных памяшканняў для абслугоўвання дзейнасці шляхецкіх судовых устаноў.

Найбольшая колькасць выпадкаў згадвання шляхтай гарадоў была спавадавана неабходнасцю арганізацыі абароны ўсходніх межаў княства. Пра падтрымку ўмацаванняў павятовых і ваяводскіх гарадоў цэнтральнай і заходняй Беларусі гаворкі ўвогуле не вялося. Відаць, абывацелі ВКЛ былі на гэтулькі ўпэўненыя ў сваіх сілах, што клапаціліся выключна пра ўмацаванне абароназдольнасці Смаленска, Полацка і Дынабурга. Гэта былі ключавыя гарады, а іх замкавыя ўмацаванні складалі першы абарончы пас ВКЛ. Пра абарону Смаленска нагадвала віленская, упіцкая і браслаўская шляхта ў 1640 г., віленская і ашмянская – у 1641 г., вількамірская – у 1643 г., менская, жамойцкая, браслаўская і слонімская шляхта – у 1646 г. Неабходнасць падтрымання ўмацаванняў Дынабурга ў належным стане хвалявала браслаўскіх абывацеляў у 1640 г., віленскіх і ашмянскіх – у 1641 г., вількамірскую шляхту – у 1643 г., жамойцкую, слонімскую і браслаўскую шляхту – у 1646 г. Лёс Полацкага замка непакоіў полацкую шляхту ў 1640 г., віленскіх і ашмянскіх абывацеляў – у 1641 г., гродзенскіх – у 1646 г. Вынікам настойлівых патрабаванняў шляхты сталі соймавыя канстытуцыі 1643 г. [12, s. 36-37], 1646 г. [12, s. 47], 1647 г. [12, s. 53-54, 66-67]

Без усялякага сумнення трэба казаць, што інструкцыі адлюстроўвалі менавіта станавыя інтарэсы шляхты і, зразумела, павінны былі служыць умацаванню пазіцыяў паноў-абывацеляў у гарадах. Менавіта дзеля гэтага полацкія шляхціцы ў 1640 г. прасілі, каб раздача пляцаў у полацкім замку для іх была гарантавана канстытуцыяй, а Ніжні замак забяспечваўся за кошт полацкіх мяшчан [7, s. 8].

Аналіз павятовых інструкцый дазваляе сцвярджаць наступнае: адносіны з мяшчанамі найчасцей цікавілі шляхту тых ваяводстваў і паветаў, дзе адміністрацыйнымі цэнтрамі з'яўляліся сапраўды буйныя гарады – Вільня, Полацак, Віцебск. Увогуле не сустракаюцца згадкі пра адзін з галоўных эканамічных цэнтраў на тагачаснай Беларусі – Магілёў, магчыма, таму, што не захавалася ніводнай аршанскай інструкцыі за 30 – 40 гады XVII cт.

Стаўлянне шляхты да мяшчан мела ў нечым характар суперніцтва. Шляхта пільна сачыла за выпадкамі перавышэння мяшчанамі іх правоў і акцэнтавала ўвагу грамадства на такіх выпадках. Напрыклад, Віленская інструкцыя 1641 г. утрымлівае наступны пасаж: "Магістрат места Віленскага ганарыцца шматлікімі прэрагатывамі і прывілеямі, якія не толькі супярэчаць айчыннаму праву і наступаюць на вольнасці, але ўжо і вяршэнству Яго Каралеўскай Міласці падлягаць не жадаюць" [3, s. 2]. Як відаць, абмежаваць паўзучую мяшчанскую сваволю шляхціцы спрабавалі з дапамогай манаршага аўтарытэту. Пазней, у 1643 г., прывілегіі віленскага магістрату вількамірская шляхта прапаноўвала ў якасці прадмета абмеркавання на сойме. Як сведчаць наяўныя канстытуцыі, патрабаванні гэтыя не былі асуджаныя на замацаванне ў канчатковых пастановах соймаў.

Дарэчы, у 1641 г. віленскімі абывацелямі нагадана было яшчэ адно вельмі актуальнае патрабаванне: каб вайтоўства кароль раздаваў толькі прадстаўнікам шляхецкага стану. Той жа пастулат быў канкрэтней сфармуляваны ў 1643 г. жмудскай шляхтай "Вялікі ўціск адтуль стану шляхецкаму дзеецца, калі ў местах і мястэчках вайтоўства пребеям раздаюцца" [4, s. 2]. У інструкцыі на сойм 1640  г. упіцкая шляхта матывавала неабходнасць надання віленскага вайтоўства шляхціцу тым, што і ў Кароне, і ў ВКЛ такі звычай захоўваўся, і тым болей ён быў неабходны для сталіцы, дзе шляхта часта судзілася з мяшчанамі [8, s. 5]. Праўда, прынятую ў 1647 г. канстытуцыю "Пра вайтоўствы" нельга лічыць рэакцыяй на патрабаванні надаваць ўрады толькі шляхце [12, s. 55].

Ува ўяўленнях шляхты мяшчане, асабліва віленскія, выглядалі сапраўднымі прайдзісветамі. Яны аказваюцца здольнымі пазбегнуць судовага пакарання, не паддаючыся суду па справе сутычак з яўрэямі, яны ж не па закону, а прыватна атрымліваюць правы на гандаль і мытныя зборы і збіраюць новапрыдуманыя падаткі "з абцяжараннем людзей" [2, s. 3]. Полацкая інструкцыя 1638 г. удакладняла, што віленскія мяшчане ўвялі новыя зборы менавіта ў адносінах падданых шляхты і ўвогуле дазвалялі гандляваць толькі тым, каго прызначала ратуша.

Права абкладання падаткамі "данатывай" месцічаў, безумоўна, належала да прэрагатываў шляхецкага стану, а свае правы шляхціцы ведалі добра, як і надзейныя механізмы кантроля за ажыццяўленнем гэтых праў. У лідскай інструкцыі 1640 г. паслам даручалася "сур'ёзна спытаць" пана падскарбія ВКЛ, чаму ён наважыўся без дазволу збіраць данатыву "з местаў Рэчы Паспалітай" [5, s. 2].

Часам гучалі патрабаванні ўвядзення адзіных мераў вагі ў дзяржаўных і прыватных мястэчках, аб чым прасіла лідская шляхта ў 1640 г. [5, s. 2].

Шляхта хаця і з'яўлялася палітычна дамінуючым станам грамадства, тым не менш знаходзілася ў дастаткова канкурэнтным асяроддзі, дзе асабістая ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць часам важылі больш, чым паходжанне і фармальныя правы. Відаць, абсалютна не выпадкова з боку шляхты ВКЛ гучалі патрабаванні не дапускаць мяшчанаў да збора падаткаў, а таксама "заставы" каралеўскіх і шляхецкіх добраў. На гэтым, напрыклад, настойвалі ашмянскія шляхціцы ў 1641 г. [2, s. 3].

Нарэшце, цалкам зразумела, што не маглі абыйсці сваёй увагай шляхціцы і праблему вяртання збеглых падданых з гарадоў, пра што сведчыць тая ж ашмянская інструкцыя 1641 г. У сваю чаргу полацкая шляхта ў 1638 г. скардзілася: "Падданыя шляхецкага народа – вотчыцы, ад паноў сваіх з сваёй маёмасцю ўцякаць і падпарадкоўвацца гарадам звыкліся, якіх пад прэтэкстам Магдэбургскага права ахоўваючы не выдаюць, у чым народ шляхецкі мае вялікую шкоду". Адметна, што патрабавалася, каб менавіта каралеўская канцылярыя не выдавала "глейтаў" на ахову такіх збеглых падданых [14, с. 167 адв.-168]. Патрабаванні гэтыя былі рэалізаваныя ў 1641 г.: шляхта атрымала права судзіцца за вяртанне збеглых на аснове Статута ВКЛ, а не Магдэбургскага права [12, s. 14].

Ашмянскія шляхціцы ў 1641 г. пастулявалі неабходнасць падсуднасці перад Трыбунальскім судом мяшчанаў, асабліва з тых гарадоў, дзе было Магдэбургскае права [2, s. 3].

Не былі абыякавыя шляхціцы і да гаспадарчага стану гарадоў. Так, менскія абывацелі ў 1641(?) г. патрабавалі, каб ужо ўведзеныя канстытуцыяй у Менску кірмашы нарэшце пачалі функцыянаваць – "do effectu aby przysc mogli" [1, s. 6]. На тым жа настойвалі брэсцкія абывацелі ў 1646 г., толькі ў адносінах Брэста [9, s. 130]. Такім чынам, атрымліваецца, што соймавая пастанова 1633 г. на кірмаш у Брэсце не дзейнічала ажно 13 гадоў пасля яе прыняцця [11, s. 394].

Сярод гарадоў, якія не знаходзіліся на тэрыторыі ВКЛ, найбольш часта ў інструкцыях згадваецца Гданьск, часам – Каралявец. Такіх накірункаў, як Масква, увогуле не існавала. Калі першы горад фігуруе пераважна ў кантэксце так званай "сігіляцыі", ці працэдуры мытнага афармлення тавараў, якая была адрэгулявана канстытуцыямі 1638 г., 1641 г., 1647 г. [11, s. 445; 12, s. 10, 53], то звестак пра сталіцу Прусаў – меней, хаця для заходнебеларускага рэгіёну Каралявец адыгрываў немалую ролю. Ашмянская шляхта ў сваёй інструкцыі ў 1641 г. адзначала: "Таксама немалыя шкоды Княству Літоўскаму ад места Каралявецкага робяцца, якое прыватным чынам атрымала прывілей ад Яго Каралеўскай Міласці на пэўныя падаткі ад тавараў". Такія зборы і прывілей належала скасаваць. Да гэтага дадавалася яшчэ інфармацыя, што "тыя ж караляўчане забараняюць праходзіць да Гданьска". Зразумела, патрабаванні шляхты датычыліся магчымасці свабоднага перамяшчэння "s kim chcąc targowac y dokąd chcąc przeprowadzac" [2, s. 8].

Нельга, аднак, казаць пра стаўлянне шляхты да мяшчан толькі ў радыкальна адмоўных колерах. Шляхта часам выступала ў ролі прадстаўніка інтарэсаў мяшчанаў, выконваючы, такім чынам, функцыю сацыяльнага патранажу. Напрыклад, напярэдадні элекцыйнага сойма віцебская шляхта склала наступную петыцыю: "Віцебскія мяшчане, не ўсе вінаватыя ў ва ўчынку, дзеля каторага страцілі свае правы і вольнасці (тут маецца на ўвазе пазбаўленне Магдэбургскага права Віцебска пасля забойства І. Кунцэвіча), паколькі такія (вінаватыя) панеслі пакаранне. Але яны як перад гэтым, так і зараз былі і мусяць быць патрэбныя", а адсюль рабілася выснова "прыхіляючы рэшту тых віцебскіх мяшчанаў, каб даўнія правы, якія яны ўжывалі перад наданнем права Цэсарскага, зараз былі вернуты з канцылярыі Яго Каралеўскай Мосці" [13, с. 3]. Гродзенская шляхта ў 1646 г. звярталася з патрабаваннем пусціць па будаўнічыя матэрыялы гродзенскіх мяшчан, пацярпелях ад пажару [9, s. 152].

Аналіз канстытуцыяў Рэчы Паспалітаў за час праўлення Уладзіслава Вазы сведчыць, што менавіта ў гэты час было зацверджана шмат пастановаў пра пабудову разнастайных будынкаў для павятовых судоў [11, s. 393, 422, 456, 457; 12; s. 15, 18 ]. Адпаведныя просьбы павінны былі ўключацца ў пасольскія наказы, пра што сведчыць згадка ў інструкцыі з ашмянскага сойміка на сойм 1640 г. [6, s. 2-3].

Падсумоўваючы, адзначым, што дзейнасць паслоў ад ВКЛ у 1632 – 1648 гг. па рэалізацыі палажэнняў соймікавых інструкцый, якія датычыліся мяшчанаў, была адносна эфектыўнай і непасрэдна знаходзіла адлюстраванне ў прынятых канстытуцыях. Іншая справа, што на практыцы большасць соймавых пастановаў, магчыма, за выключэннем падаткавых, ажыццяўлялася павольна ці ўвогуле не выконвалася.

В.У. Галубовіч

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

История отношений Москвы с ВКЛ, а потом с Речью Посполитой рассматривалась Н.М. Карамзиным как первостепенная, наряду с отношениями с Ордой, а затем с ее наследниками и Турцией. Одной из фундаментальных позиций исторической концепции Н.М. Карамзина было положе...
Вялікае княства Літоўскае у  XIV- сярэдзіне XVI стст. з’яўлялася феадальнай манархіяй. Сістэма кіравання ВКЛ была пабудавана па прынцыпу васалітэту. На чале княства стаяў вялікі князь літоўскі( першым тытул насіў Міндоўг (1253г)). Вялікі князь літоўскі каманда...
ИНСТИТУТ ИСТОРИИ НАЦИОНАЛЬНОЙ АКАДЕМИИ НАУК БЕЛАРУСИ проводит Международную научную конференцию «ВЕЛИКОЕ КНЯЖЕСТВО ЛИТОВСКОЕ: ПОЛИТИКА, ЭКОНОМИКА, КУЛЬТУРА» Планируемое поле конференции: • источники изучения истории ВКЛ; • ВКЛ по материалам археологических исс...