Категории

Гарады Беларусі і дух прадпрымальніцтва: гісторыя і сучаснасць

6 минут на чтение

На думку вялікага эканаміста і палітолага Ё.Шумпетэра, за ўсе самыя значныя дасягненні сучаснай цывілізацыі чалавецтва павінна выказаць падзяку менавіта прадпрымальнікам як асобай катэгорыі людзей, выканаўцаў прадпрымальніцкай функцыі ў грамадстве [6].

Аб неабходнасці развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі яскрава сведчаць выступленні кіраўніка нашай дзяржавы А.Г.Лукашэнкі, у якіх падкрэсліваецца, што адной з галоўных задач у эканамічнай сферы з’яўляецца фармаванне сярэдняга класу – асноўнага носьбіта палітычнай стабільнасці. Рашэнню гэтай задачы будзе спрыяць стымуляванне малога і сярэдняга прадпрымальніцтва [3, с. 31].

На думку даследчыка Е.М.Бабосава, тыповымі рысамі прадпрымальнікаў з’яўляюцца прадпрымальнасць, ініцыятыўнасць, адказнасць, здольнасць і гатоўнасць да рызыкі, свабода [1, с. 197].

Бабосаў лічыць, што ў сучасны момант для Беларусі на шляху станаўлення прадпрымальніцтва існуюць наступныя галоўныя перашкоды:

1.       70 год “дзяржаўнага сацыялізму” прывялі да татальнай манапалізацыі вытворчасці ў руках дзяржавы, што выключала магчымасць суіснавання і канкурэнцыі гаспадарчых суб’ектаў рознага тыпу;

2.       згодна з гэтым у народзе была вытраўлена псіхалогія прадпрымальніцтва;

3.       ні ў каго ў народзе на момант перамен не было вопыту такой спецыфічнай дзейнасці, як прадпрымальніцтва [1, с. 199].

Калі больш шырока паглядзець на дух прадпрымальніцтва, то нельга не заўважыць, што ён з’яўляецца неад’емнай часткай таго, што можна назваць духам грамадзянскасці, у фармаванні якога еўрапейскія гарады адыгралі рашаючую ролю. Яны былі месцамі, дзе, гаворачы тэрмінамі К.Дойча, адбываліся працэсы асіміляцыі і мабілізацыі, дзе фармаваўся стандарт мовы, рамкі культуры і грамадскіх зносін, дзе ўстанаўліваліся эканамічныя адносіны і ўтвараліся грамадскія аб’яднанні [7, с. 247].

Ці сталі беларускія гарады для Беларусі нечым накшталт еўрапейскіх урбанізаваных цэнтраў і хаця б часткова паўплывалі на развіццё грамадства ў аналагічным накірунку? Пра наступствы савецкага часу для прадпрымальніцтва ўжо было сказана вышэй, а ці былі беларускія гарады ў дасавецкі час тымі інстытутамі сацыялізацыі, якія спрыялі выпрацоўцы прадпрымальніцкай псіхалогіі?

Як сведчыць гісторыя, гарады Беларусі пачалі складвацца як цэнтры рамяства і гандлю ў раннім сярэднявеччы. Яны апынуліся у цяжкім становішчы, калі пачаўся заняпад гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”, што адбылося яшчэ да татара-мангольскага нашэсця.

Але беларускія гарады змаглі знайсці новыя гандлёвыя сувязі і выжыць ва ўмовах неспрыяльнай эканамічнай кан’юнктуры. Жывы арганізм гарадоў працягваў нармальна функцыянаваць, аб чым могуць сведчаць існаваўшыя на той час дэмакратычныя інстытуты. Так, агульнавядомы факт, што у Полацку напярэдадні ўзнікнення Вялікага княства Літоўскага (першая палова XIII стагоддзя) даволі развітым быў інстытут прамой дэмакратыі – “веча”, якое з’яўлялася галоўным органам улады.

Веча ўяўляла сабой агульны сход дарослых мужчын, на якім вырашаліся найбольш важныя палітычныя пытанні:

·         прызначэнне, зняцце з пасады князя;

·         заключэнне мірных дамоў, аб’яўленне вайны;

·         заключэнне гандлёвых дамоў [5, с. 12].

З гэтага відавочна, што ўлада князя была абмежаваная вечам і, фактычна, у мірны час была рыдуцыянаванай да ажыццяўлення фіскальных функцый.

Паступова працэсы феадалізацыі грамадскага жыцця закранулі і гарады. У XIV – XV стагоддзях 40 % гарадоў Беларусі былі прыватнаўласнымі, г. зн. належалі пэўнаму феадалу, а гараджане неслі розныя феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара [6, с. 26]. Але аб развіцці духу грамадзянскасці можа сведчыць той факт, што жыхары гарадоў імкнуліся пазбавіцца гэтага становішча, што вымусіла гаспадароў паступова надаць гарадам Магдэбургскае права. Гэта прывяло да замены шматлікіх павіннасцей адзіным грашовым падаткам. Гараджанам гарантавалася свабода занятку рамяством, гандлем, а таксама дазвалялася выбіраць свой орган самакіравання [4, с. 26].

Аб развіцці беларускіх гарадоў на заходні манер можа сведчыць таксама і распаўсюджанасць цэхавых аб’яднанняў.

З пачатку XVI стагоддзя і да падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь апынулася практычна ў стане перманентнай вайны, што значна запаволіла развіццё гарадоў. Вынікі для гарадоў былі жахлівымі. Напрыклад, толькі за перыяд Паўночная вайны (1700-1721 гады) 18 гарадоў Навагрудскага павету страцілі 40 % свайго насельніцтва [4, с. 42].

У ходзе гэтага канфлікту ўрад Рэчы Паспалітай пазычыў у магнатаў вялізныя сумы грошаў. Не маючы сродкаў для пакрыцця даўгоў, ён раздаваў рэшткі дзяржаўных зямель. У краіне ўтварыліся вялізныя латыфундыі. Як вынік – пачаліся міжусобныя войны, якія ніхто не мог спыніць. Цярпелі ад гэтай барацьбы і гарады. Акрамя таго, у руках магнатаў апынуліся вялізныя крыніцы танных рэсурсаў, якія яны маглі выкарыстоўваць для развіцця прамысловаці. Як пакажа далейшае развіццё падзей, менавіта магнаты, а не гарады, будуць выступаць асноўнымі ініцыятарамі распаўсюджання мануфактур, а пазней  і  індустрыалізацыі [4, с. 50].

Пасля паддзелаў Рэчы Паспалітай гарады Беларусі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Замест адзінага падатку, які выплочваўся згодна з Магдэбургскім правам, гараджане павінны былі плаціць падушны падатак, адбываць шматлікія іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці, а таксама рэкрутчыну. У гэтай сувязі даследчыкамі заўважаецца паўперызацыя значнай часткі гарадскога насельніцтва [2, с. 17, 30].

Даследчык Дж.Хоскінг лічыць, што гарады ў Расійскай імперыі не развіваліся як цэнтры гандлю і рамяства, яны былі “імперскім інстытутам на целе сялянскага грамадства”. Розніца паміж ладам жыцця ў горадзе і ў вёсцы была мінімальная, калі ўвогуле існавала. Ва усялякім разе, вёска і горад выконвалі ў імперыі тыя ж самыя функцыі – яны былі крыніцай падатковых паступленняў, пастаўшчыкамі рэкрутаў ды выканаўцамі розных дзяржаўных павіннасцей. Замежны падарожнік, праязджаючы ў XIX стагоддзі праз тыповы горад у імперыі, мог заўважыць доўгія прыгарады, якія складаліся з драўляных дамоў, і – гарадскіх жыхароў са звычайнай для іх зусім негарадской працай у сваіх агародах ці нават у полі па-за межамі горада. Толькі ў цэнтры можна было ўбачыць звычайныя для заходняга горада малюнкі: брук, цагляныя ды каменныя дамы, якія належалі адміністрацыі ці дваранам [7, с. 246-247].

Хоскінг заўважае, што гараджане павінны былі выконваць розныя абавязкі ў абмен на права гандляваць і займацца рамяством. Такі стан рэчаў вельмі стрымліваў развіццё прадпрымальніцтва і рабіў статус гараджаніна нават ніжэйшым за статус селяніна. Не дзіўна, што ў імперыі ў перыяд з канца XVIII ст. да 1860-х гадоў назіралася зніжэнне прапорцыі гарадскога насельніцтва з 11 %  да 7 %, што супярэчыла агульнаеўрапейскім тэндэнцыям [7, с. 256].

Рэформа 1861 года надала штуршок развіццю прамысловасці на Беларусі. І да рэформы, і пасля яе своеасаблівасцю беларускай сітуацыі было тое, што прамысловасць развівалася на базе апрацоўкі мясцовай сыравіны, у прыватнасці, адбывалася развіццё суконна-ваўнянай і харчовай галін. Як ўжо было сказана раней, асноўнымі ініцыятарамі распаўсюджання прамысловасці былі магнаты, дваране. У 60-я гады XIX ст. ім належала 83 % мануфактур і фабрык [2, с. 119].

Да пачатку ХХ стагоддзя ўдзельная вага дваранства у прамысловасці знізілася, але працэс станаўлення беларускага класа прамысловых прадпрымальнікаў так і не завяршыўся. Акрамя таго, гэтаму перашкаджалі саслоўныя і нацыянальна-рэлігійныя перагародкі [2, с. 120].

Эканамічнае развіццё і працэс тэхнічнай мадэрнізацыі не прывялі да ўзнікнення класа высокакваліфікаваных і высокааплочваемых працоўных, так званага “сярэдняга” класу. Як і раней, у пачатку ХХ ст. прамысловасць была цесна прывязана да сяла. Так, у сельскай мясцовасці знаходзілася 65,7 % фабрычна-завадскіх прадпрыемстваў і 45 % рабочых. Рабочыя з’яўляліся ўладальнікамі невялікіх зямельных надзелаў, якія яны апрацоўвалі. Атрымліваючы з іх некаторыя прадукты харчавання, напрыклад, гародніну, рабочыя маглі дазволіць сабе працаваць нават за невялікі заробак [2, с. 122].

Такім чынам, ў гарадах Беларусі за ўвесь гістарычны перыяд не здолелі ўтварыцца ўмовы, спрыяльныя для развіцця духу прадпрымальніцтва. Як вынік, сучасныя беларусы, большасць з якіх гараджане, сярод сваіх каштоўнасцей адводзяць сціплае месца ініцыятыўнасці і прадпрымальніцтву [8, с. 112], але тэндынцыі, ў цэлым абнадзейваюць. Так, даследчык Е.М.Бабосаў лічыць, што ў апошні час насельніцтва пачынае ўспрымаць прадпрымальніцтва як станоўчую з’яву, напрыклад, гатова мірыцца з маёмаснай няроўнасцю. На думку даследчыка, гэта можа сведчыць аб тым, што самы цяжкі бар’ер на шляху развіцця прадпрымальніцтва – псіхалагічны – нашае грамадства ўсе ж такі пераадольвае [1, с. 206].

І.В. Сідарэйка

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы запрашае прыняць удзел айчынных і замежных даследчыкаў у выданні навуковага зборніка “Гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі” Выданне збор...
Інфармацыйны ліст Нацыянальная акадэмія навук Беларусі Інстытут гісторыі НАН Беларусі Запрашаем прыняць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гістарычныя лёсы беларускай савецкай дзяржаўнасці (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Бе...
Гарады адыгралі надзвычай важную ролю ў эканоміцы Заходняй Беларусі ў акрэслены адрэзак часу, які прыпадае на завяршаючы этап Вялікай Айчыннай вайны і два пасляваенныя дзесяцігоддзі, увабраўшыя ў сябе аднаўленне і далейшае развіццё ўсёй народнай гаспадаркі, вя...