Категории

Гарадскі пасёлак Любча: гісторыя і сучаснасць

10 минут на чтение

Любча – гарадскі пасёлак у Наваградскім раёне, на левым беразе Нёмана, за 26 кіламетраў на паўночны ўсход ад Наваградка. Вядома з сярэдзіны ХІІІ ст., калі была аддадзена князем Міндоўгам кіеўскаму баярыну Кіяну, які хаваўся ў Наваградку ад татарскага нашэсця. Пры князі Гедыміне адносілася да вялікакняжацкіх уладанняў. У 1428 г. князь Вітаўт перадаў Любчу сваёй жонцы Ульяне. З 1465 г. – уласнасць віленскага ваяводы Кежгайлы. У 1499 г. князь Аляксандр падараваў “двор Любчу” свайму пісару Федзьку Рыгоравічу. У 1517 – 1528 гг. уладальнікамі Любчы былі феадалы Ельмановіч і Меляшковіч. Апошні заснаваў у Любчы мястэчка. З 1528 г. з’яўлялася ўласнасцю віленскага ваяводы А.Гаштольда, з 1574 – старасты Жмудскага Я.Кішкі, які заснаваў у Любчы школу і арыянскі храм, ператвораны ў XVII ст. ў кальвінскі збор. У 1590 г. Жыгімонт ІІІ даў Любчы Магдэбургскае права і герб (у блакітным полі сярэбраная падкова з трыма залатымі крыжамі і дзвюма сярэбранымі рыбамі-ласосямі). У канцы XVI – пачатку XVIII ст. пабудаваны Любчанскі замак. З 1606 г. Любча належала князям Радзівілам. У 1644 г. атрымала новы герб (у блакітным полі брама з дзвюма вежамі; наверсе брамы, паміж вежамі, збройны рыцар, які трымае меч і шчыт). У гэты перыяд у Любчы налічвалася 144 двары, існавалі рынак і чатыры вуліцы. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг. мястэчка было моцна разбурана. З 1795 г. – у Расійскай імперыі. У ХІХ – пачатку ХХ ст. мястэчка – цэнтр воласці Наваградскага павета Гродзенскай, а з 1843 г. Мінскай губерні. З 1832 г. Любча належала Вітгенштейнам, у канцы ХІХ ст.  Гагенлоэ. Паводле перапісу 1897 г. у Любчы – 3239 жыхароў, 444 двары, вучылішча, школа, аптэка, царква, сінагога, 70 крам, праводзіўся кірмаш. У 1921 – 1939 гг. – мястэчка ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Наваградскага павета і ваяводства. З 1939 г. – у БССР, а з 15 студзеня 1940 г. – цэнтр Любчанскага раёна Баранавіцкай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 г. – гарадскі пасёлак. З 1954 г. Любча – у Гродзенскай вобласці, а з 1956 г. – у Наваградскім раёне [1].

У ХІ – ХІІІ  стст. тэрыторыя верхняга Панямоння развіваецца ва ўмовах існавання Наваградскага княства, якое паступова пачынае адыгрываць вядучую ролю сярод іншых зямель Беларусі. Археолаг Гурэвіч, якая амаль 30 гадоў вяла тут раскопкі, прыйшла да вываду, што Наваградак у гэты час быў багатым горадам з высокай матэрыяльнай культурай і шырокімі сувязямі з рознымі краінамі. У наваколлі існавала высокаразвітае зямляробства. Таму невыпадкова, што ў пяці кіламетрах ад Любчы быў заснаваны каля 1260 г. князем Войшалкам Лаўрышаўскі манастыр, стаўшы цэнтрам кніжнай культуры. Тут меўся свой скрыпторый і значны збор рукапісаў. Тут было напісана на пергаменце ў першай палове XIV ст. Лаўрышаўскае Евангелле, якое зберагаецца цяпер у Кракаве [2].

У перыяд позняга феадалізму эканамічныя фактары развіцця гаспадаркі складваліся ў цэлым спрыяльна. Працягвалася паглыбленне грамадскага падзелу працы і развіццё на гэтай падставе таварна-грашовых адносін паміж горадам і вёскай праз унутраны рынак. Наваградак ператварыўся ў адзін з найбуйнейшых цэнтраў рамяства і гандлю, палітычнай, адміністрацыйнай, ваеннай, грамадскай і рэлігійнай дзейнасці, а шэраг іншых паселішчаў Наваградчыны – у мястэчкі – аграрна–рамесна–гандлёвыя цэнтры (Любча, Дзяляцічы, Нягневічы, Уселюб, Валеўка, Ятра). Адным з важных спрыяльных фактараў развіцця быў суднаходны Нёман. Па ім сплаўлялася значная частка прадукцыі гэтага рэгіёну ў адзін з асноўных партоў Балтыйскага мора Кёнігзберг, а таксама дастаўляліся розныя імпартныя тавары, якія цікавілі перш за ўсё феадалаў. Эканамічныя поспехі дасягаліся за кошт узмацнення эксплуатацыі сялян.

На сродкі ад прыгонніцтва будаваліся маёнткі, палацы, замкі. Любчанскі замак – адзін з апошніх помнікаў традыцыйнага замкавага дойлідства. Будаўніцтва замка пачалося ў 1581 г. у час набегаў крымскіх татар, а закончана ў пачатку XVII ст., калі ён перайшоў у валоданне Радзівілаў. Масіўныя трох’ярусныя вежы падобныя да вежаў Мірскага замка і апошніх вежаў Наваградскага. На замчышчы знаходзіліся драўляны палац і гаспадарчыя пабудовы. У 1864-1870 гг. на месцы старога палаца быў узведзены новы мураваны палац у стылі несапраўднай готыкі, які быў значна разбураны ў Першую сусветную вайну. З рэштак палаца на яго месцы была пабудавана сярэдняя школа [3]. Сёння робяцца спробы рэстаўрацыі Любчанскага замка.

Паступова Любча станавілася адной з галоўных рэзідэнцый Радзівілаў. Перыяд росквіту мястэчка прыпадае на панаванне Крыштафа ІІ Радзівіла (1585 – 1640), сына Крыштафа, званага Перуном. Ён вучыўся ў Лейпцыгу і Гейдэльбергу, наведаў Базель, Францыю, Англію, Нідэрланды, займаўся палітычнай і ваеннай дзейнасцю, быў польным і вялікім гетманам ВКЛ. У 1606 г. Крыштаф Радзівіл ажаніўся з Ганнай з Кішкаў, якая прынесла яму ў пасаг Любчу. Праводзіў вельмі актыўную гаспадарчую дзейнасць. Быў самаадданым апекуном евангелістаў у ВКЛ, фундаваў стыпендыі студэнтам на вучобу ў пратэстанцкіх навучальных установах за мяжой. Утрымліваў пратэстанцкія гімназіі ў Кейданах і Слуцку. Таксама быў мецэнатам шматлікіх асветнікаў, пісьменнікаў.

Асобнай галіной культурнай дзейнасці Радзівілаў было калекцыяніраванне. У інвентарах карцін фігуруюць імёны Кранаха, Дзюрэра, Кало, Веранезэ. У Любчы Крыштафам ІІ быў створаны хатні музей, дзе побач з карцінамі, кнігамі знаходзілася ўсё, што было звязана са старажытнасцю, экзатычнымі краінамі, таямнічае само па сабе. Ахвярадаўцамі значнай часткі карцін і каштоўнасцяў радзівілаўскага музея ў Любчы былі і каралі Рэчы Паспалітай. Так, Уладыслаў IV падарыў скульптуру “Адам і Ева” з дрэва “вытанчана зробленую, дзе ўсе члены рухаюцца”, а таксама карціну “Дзіяна з паненкамі”. Кароль Ян Казімір перадаў Радзівілам карціну “Голая дама з сатырам”. Таксама Крыштаф ІІ быў адным з першых нумізматаў у Рэчы Паспалітай, валодаў цудоўнай калекцыяй старажытных манет. Яшчэ адна з багатых калекцый Радзівілаў у Любчы – картаграфічны збор, аснову якога складалі карты розных краін, гарадоў, уласных уладанняў. Дзейнасці выдатнага мецэната Крыштафа ІІ Радзівіла была абавязана сваім росквітам друкарня ў Любчы. У 1612 – 1613 гг. з Вільні ў Любчу перанёс свой друкарскі варштат Пётр Кміта, вучань і зяць славутага віленскага друкара Яна Карцана. У Любчы Кміта абслугоўваў патрэбы кальвіністаў, выдаваў творы літаратараў. Яго дзейнасць працягвалася больш за 30 гадоў. Потым яго замяніў сын Ян Кміта. А ў 1646 г. з’яўляецца новы друкар, які дзейнічаў тут да 1655 – 1656 гадоў. У любчанскай друкарні было выдадзена больш за 100 назваў твораў пераважна свецкага зместу [4].

Асабліва плённа супрацоўнічаў з друкарняй беларускі паэт-лацініст, філосаф і фалькларыст, ураджэнец Полаччыны Саламон Рысінскі, які з гонарам называў сябе “леўкарусусам”, г.зн. беларусам. Вучыўся у Альтдорфскім універсітэце ў Германіі, дзе апублікаваў свае творы. Служыў пры двары Радзівілаў і прысвяціў ім цыкл панегірычных вершаў, якія былі выдадзены ў 1614 г. у Любчы. Але найбольш выдатнай працай Рысінскага з’яўляецца зборнік народных прыказак і прымавак, якія ён запісаў на Беларусі, у тым ліку і на Любчаншчыне, на працягу 30-ці гадоў і апублікаваў у 1618 г. Прытым каля 300 прыказак і прымавак супадаюць з аналагічнымі ў зборы Федароўскага, які запісваў іх у тым жа рэгіёне, толькі тры стагоддзі з паловай пазней. Зборнік карыстаўся вялікай папулярнасцю і перавыдаваўся яшчэ 7 разоў і заслужана прынёс яго аўтару славу заснавальніка фалькларыстыкі на Беларусі. Рысінскі меў таксама ўнікальную бібліятэку (больш тысячы кніг), змест і характар якой сведчаць аб энцыклапедычным кругаглядзе гаспадара. Памёр вучоны ў 1625 г., па розных звестках, у Любчы або ў Дяляцічах (у 5-ці кіламетрах ад Любчы) [5].

Далучэнне Беларусі да Расіі шмат у чым прадвызначыла лёс нашага народа ў наступныя стагоддзі. Любчаншчына таго часу была рэгіёнам сельскагаспадарчым. Земляробства вялося “парадкам, у даўніну заведзеным”, і трымалася працай прыгоннага сялянства. Маёнтак Любча ў першай палове ХІХ ст. належаў князю Дамініку Радзівілу, а потым князю Вітгенштэйну. Сяляне да 1861 г. выконвалі паншчыну, а таксама іншыя шматлікія павіннасці [6]. Нягледзячы на тое, што сацыяльныя канфлікты пастаянна сатрасалі беларускае грамадства, жыццё працягвалася. А ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. дынаміка яго з развіццём капіталістычных адносін рэзка ўзмацнілася.

Становішча насельніцтва краю ў Заходняй Беларусі было крызісным і тупіковым. Польскую палітыку адносна беларусаў можна ахарактарызаваць двума словамі: дэнацыяналізацыя і паланізацыя. Прэм’ер Скульскі ў Сейме заявіў, што праз 50 год ніякіх беларусаў у Польшчы не будзе, што ўсіх іх можна будзе пасадзіць на адной канапцы [7].

З прыходам Савецкай улады становішча насельніцтва Любчаншчыны стала неадназначным. З аднаго боку, новая ўлада правяла ў Любчанскім рэгіёне справядлівыя прагрэсіўныя мерапрыемствы, надзяліла найбяднейшыя сялянскія гаспадаркі зямлёй, беднякам было раздадзена 300 галоў кароў, 170 коней, 300 свіней, 50 авец.

Калі да 1939 г. існавалі толькі пачатковыя школы з польскай мовай навучання, то пры новай уладзе было створана значна больш школ, у тым ліку 16 няпоўных сярэдніх з выкладаннем на беларускай мове з амаль поўным ахопам дзяцей. Калі пры Польшчы ў раёне не было ніводнай установы аховы здароўя, то зараз была адкрыта раённая бальніца на 22 ложкі, амбулаторыя, два зубаўрачэбныя кабінеты і іншае. Значная ўвага пачала надавацца развіццю мясцовай прамысловасці, арганізацыі гандлю [8]. З другога боку, у радыкальных сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях новае кіраўніцтва зыходзіла толькі з эфемернай лініі правячай партыі на пабудову камунізму і на падаўленне глыбінных інтарэсаў працоўных, парушэнне адпавядаючых часу вытворчых адносін. Паступова стала праводзіцца даволі жорсткая падатковая палітыка і курс на стварэнне калгасаў пры адсутнасці дастатковых для гэтага ўмоў. Ужо ў сакавіку 1940 г. у раёне было створана 10 калгасаў, і дакументы фіксіруюць цяжкае іх гаспадарчае становішча: адсутнасць інвентара, кармоў, дапамогі ад арганізатараў. А грамадска-палітычная абстаноўка падаецца ў чорна-белым вызначэнні як складаная, пры наяўнасці рэшткаў варожых класаў і іх агентуры, беларускіх буржуазных нацыяналістаў, духавенства [9]. Тым не менш новы парадак умацоўваў свае пазіцыі.

З прыходам Вялікай Перамогі ў Любчанскім краі аднаўляецца жыццё. Партыйна-савецкі актыў правёў ужо ў першыя месяцы пасля вызвалення значную палітыка-адміністрацыйную работу: былі праведзены агітацыйныя і прапагандысцкія мерапрыемствы, 26 жніўня 1944 г. прайшла раённая настаўніцкая канферэнцыя, адбылася мабілізацыя ў Чырвоную Армію, здавальняюча прайшла закупка хлеба і іншых прадуктаў у насельніцтва. Таксама паспяхова была праведзена ўборка ўраджаю 1944 г., дзяржаве было здадзена 896 тон хлеба звыш плана, у фонд Чырвонай Арміі здадзена 65 тон зерня і 397 тон бульбы. На пабудову танкавай калоны сабрана 468000 рублёў. Дарэчы, нават у канцы 40-х гг. у раёне не існавала ніводнага калгаса, а ўклад сялян у эканоміку дзяржавы быў значны [10].

Але ўжо ў 1950 г. амаль усе сялянскія гаспадаркі былі абагулены ў калгасы, а ўраджайнасць збожжавых склала 19,6 цэнтнера з гектара. У цэлым сялянства прыняло Савецкую ўладу і калгасы. У сакавіку 1951 г. 112 чалавек з мясцовага насельніцтва ўступілі ў партыю і 1787 чалавек у камсамол [11]. З кожным годам справы ў калгасным жыцці паступова наладжваліся і паляпшаліся. На працягу ўсяго перыяду Савецкай улады працоўныя Любчанскага раёна, моладзь праяўлялі станоўчы грамадска-маральны настрой, добрасумленна працавалі, імкнуліся да ведаў і адукацыі, заўсёды мелі ў запасе надзею на лепшае.

Новы перыяд у нацыянальна-эканамічным развіцці Любчанскага рэгіёну наступіў у апошнія гады. У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай развіцця вёскі ў Любчы ў 2005 г. пабудаваны аграгарадок, першы ў Наваградскім раёне. Усяго на абуладкаванне аграгарадка інвесціравана каля 2-х мільярдаў рублёў дзяржаўных сродкаў. Тут пабудавана сетка дарог, сюды прыйшоў прыродны газ, “разбеглася” водаправодная сетка, праведзены капітальны рамонт шпіталя, школы, магазінаў, устаноў культуры і быту. Надзея ўскладаецца на эфектыўнасць працы двух комплексаў па ўтрыманні і даенні кароў, свінагадоўчы комплекс, якія забяспечаны камп’ютэрным абсталяваннем германскай вытворчасці. Адначасова прапрацоўваюцца пытанні ў галіне раслінаводства. Галоўнай ставіцца задача аблегчыць працу людзей на вёсцы, даць ім добры заробак і наблізіць умовы жыцця да гарадскіх [12].

Як сведчыць гісторыя, у Любчы і ваколіцах заўсёды сяліліся працавітыя і ахвярныя, прыгожыя і рамантычныя людзі, у душах і сэрцах якіх ніколі не згасаў агеньчык любові да роднай зямлі. Чалавечы патэнцыял любчанцаў часта заяўляў аб сабе ў яркіх працоўных дасягненнях, здзяйсненнях у сферы адукацыі, навукі, культуры. Аб гэтым, напрыклад, часткова гаворыць факт, што Любчанскую сярэднюю школу ў пасляваенны час закончылі амаль 4 тысячы чалавек. Больш 500 з іх прысвяцілі жыццё настаўніцкай рабоце. А 73 быўшыя яе вучні атрымалі вучоныя ступені [13]. Сёння Любчаншчына здзяйсняе свой паварот да новага, цывілізаванага жыцця.

 Б.М. Іванчук

Крыніцы і літаратура

 

    Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Т. 4. – С. 72.
    Памяць. Навагрудскі раён. – Мн., 1996. – С. 72.
    Тамсама. – С. 157-158.
    Семянчук, А. Мястэчка Любча як асяродак культуры ў XVI – XVII ст. / А.Семянчук // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. – С. 44-52.
    Памяць. Навагрудскі раён. – Мн., 1996. – С. 76, 77.
    Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. – Ф.1. – Воп. 11. – Спр. 866. – Л. 105-108.
    Рагуля, В. Успаміны. / В.Рагуля. – Мн., 1993. – С. 27.
    Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці. – Ф. 2195. – Воп. 15. – Спр. 1. – Л. 30-32.
    Тамсама. – Л. 4,6.
    Тамсама. – Спр. 3. – Л. 7,20; Спр. 42. – Л. 14.
    Тамсама. – Воп. 1. – Спр. 7. – Л. 60, 84, 87.
    Новае жыццё. – 2005. – 22 кастр.
    Новае жыццё. – 2005. – 8 кастр.

 
    

 
Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

На думку вялікага эканаміста і палітолага Ё.Шумпетэра, за ўсе самыя значныя дасягненні сучаснай цывілізацыі чалавецтва павінна выказаць падзяку менавіта прадпрымальнікам як асобай катэгорыі людзей, выканаўцаў прадпрымальніцкай функцыі ў грамадстве [6]. Аб неаб...
Праблемнае поле канферэнцыі: – Ян Баршчэўскі, асоба, творчасць, жыццёвы шлях – Творчасць Яна Баршчэўскага ў кантэксце развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХІХ ст. – Славутыя асобы Расонскага краю. – Гісторыя і культура Расонскага краю. – Археалагічныя ...
Кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы запрашае прыняць удзел айчынных і замежных даследчыкаў у выданні навуковага зборніка “Гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі” Выданне збор...