Категории

Формирование и развитие астрономических знаний в Великом Княжестве Литовском в XIV–XVII вв.

5 минут на чтение

Вывучаючы любы гістарычны перыяд, важна ведаць, як яго прадстаўнікі ўспрымалі Сусвет, якое месца адводзілі сабе ў ім. Касмалагічныя ўяўленні з’яўляюцца аднымі з самых старажытных у структуры светаўспрымання чалавека. Касмалогія непасрэдна звязана як з рэлігіяй, так і з навукай, якія прадстаўлялі розныя падыходы да праблемы пазнання навакольнага свету. Астранамічныя веды з’яўляюцца ці не самымі старажытнымі сярод іншых. Патрэба чалавека зразумець Сусвет, растлумачыць нябесныя з’явы выклікала бесперапыннае развіццё астраноміі, якое не спынілася і зараз. Змены ў светаўспрыманні ўплывалі на развіццё грамадства, што таксама робіць неабходным даследаванне гісторыі прыродазнаўчых ведаў. Таму ў дадзеным даследаванні асноўная ўвага надаецца ўзаемасувязі развіцця астранамічных ведаў з культурнымі, рэлігійнымі і ідэйнымі працэсамі, якія адбываліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў вывучаемы перыяд.

Перыяд XIV–XVII стст. з’яўляецца адметным для развіцця культуры і навукі ў ВКЛ. Склалася ўнікальная ў межах Еўропы сітуацыя, калі працэс станаўлення навуковай астраноміі разгортваўся ва ўмовах існавання, ўзаемадзеяння і канфрантацыі розных палітычных, рэлігійных і сацыякультурных накірункаў. У XIV ст. ў паўночна-заходніх рэгіёнах Княства яшчэ працягвала існаваць язычніцтва, якое ў канцы стагоддзя было выціснута каталіцкім хростам. З тых часоў каталіцтва пачало распаўсюджвацца далей, і ўзнікла супрацьстаянне з праваслаўем. У межы перыяду ўваходзяць працэсы Рэфармацыі і Контррэфармацыі, зараджэнне і распаўсюджванне ўніяцтва, якое ўвайшло ў супрацьстаянне з праваслаўем. Культура, навука і адукацыя з’яўляліся важнымі сродкамі ў гэтай міжканфесійнай барацьбе. У гэты ж перыяд распаўсюджвалася культура і ідэалогія Адраджэння і Барока, павялічылася інтэнсіфікацыя міжнародных кантактаў, у тым ліку культурных.

Варта адзначыць, што кожны з адзначаных рэлігійных і культурных накірункаў меў уласны светапогляд і канцэпцыю светабудовы, сваё стаўленне да астраноміі. Перыяд XIV–XVII стст. – гэта час, калі розныя астранамічныя накірункі існавалі паралельна, мелі фактычна роўнае значэнне і распаўсюджванне ў краіне, уплывалі адзін на аднаго, змагаліся паміж сабой. Не было зразумела, які накірунак стане вядучым, як і ў якой форме будзе развівацца астраномія. У выніку навуковая астраномія, якая адпавядала заходнееўрапейскай традыцыі, замацавалася і перамагла ў ВКЛ.

У наступны гістарычны перыяд падобная сітуацыя шматвектарнасці і варыятыўнасці знікае. Навуковая астраномія стала адзіным накірункам у краіне, які атрымаў далейшае развіццё. Астатнія накірункі і формы існавання астранамічных    ведаў    атрымалі    маргінальны    статус,    закансерваваліся   і

 

захаваліся  ў   традыцыйным  сялянскім   асяроддзі,  страцілі  свой  ўплыў  на развіццё грамадства і паступова знікалі.

У дысертацыйным даследаванні ўжываюцца паняцці “астранамічныя веды”, “астранамічныя ўяўленні” і “касмалагічныя ўяўленні”. Нягледзячы на блізкасць адзначаных тэрмінаў, яны маюць пэўныя адрозненні. Пад касмалагічнымі ўяўленнямі разумеюцца ўяўленні і погляды людзей на светабудову (як бачылі Сусвет). Астранамічныя веды – веды пра рэальныя аб’екты і з’явы зорнага неба (пра якія аб’екты і з’явы ведалі). Пад астранамічнымі ўяўленнямі аўтар разумее побытавыя веды, легенды, паданні, забабоны і г.д., якія склаліся вакол нябесных цел і астранамічных з’яў (як успрымалі вядомыя з’явы і аб’екты).

Актуальнасць тэмы дысертацыі абумоўлена тым, што на сённяшні момант вывучэнне гісторыі прыродазнаўчых ведаў і гісторыі навукі ў Вялікім Княстве Літоўскім з’яўляецца важнай маладаследаванай тэмай. Дагэтуль не было створана агульнай карціны развіцця астранамічнай думкі ў ВКЛ (і Беларусі, у прыватнасці). Акрамя таго, сярэднявечныя ўяўленні працягваюць існаваць у наш час. Астралагічныя прагнозы ў календарах і сродках масавай інфармацыі дагэтуль з’яўляюцца важнай часткай штодзённасці сучаснага грамадства. Сярэднявечныя забабоны пра астранамічныя з’явы і сёння характэрныя для свядомасці чалавека, што асабліва яскрава праяўляецца ў час назірання за сонечнымі зацьменнямі і каметамі. Падобная з’ява таксама патрабуе свайго асэнсавання і пошукаў гістарычных вытокаў. Аўтар не  падзяляе веру ў астралогію і выступае за навуковы падыход да вывучэння астранамічных з’яў.

Тэма даследавання выглядае актуальнай і ў сувязі з падзеямі сучаснасці.  У 2012 г. Рэспубліка Беларусь увайшла ў лік касмічных дзяржаў, развівае як уласныя касмічныя праграмы (першая нацыянальная касмічная праграма 2009 – 2012 гг., другая нацыянальная касмічная праграма 2014–2017 гг., дзяржаўная комплексная мэтавая навукова-тэхнічная праграма “Інфармацыйныя і касмічныя тэхналогіі” 2011–2015 гг.), так і ўдзельнічае ў касмічных праграмах у межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (“Космос–БР” 1999–2003 гг., “Космос–СГ” 2004–2007 гг., “Космос–НТ” 2008–2011 гг., “Нанотехнология– СГ” 2009–2012 гг., “Стандартизация–СГ” 2011–2014 гг., “Мониторинг–СГ” 2013–2017 гг.). У 2009 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце створаны  Цэнтр аэракасмічнай адукацыі, вядуцца распрацоўкі ўласнага спадарожніка. Дадзеныя абставіны робяць неабходнымі даследаванне і асэнсаванне гісторыі развіцця астранамічнай навукі ў Беларусі, што стварае тэарэтычны падмурак абгрунтавання беларускага засваення космасу.

Работа ахоплівае храналагічны перыяд з XІV па XVІІ стст. Розныя астранамічныя і касмалагічныя ідэі ў гэты час існавалі адначасова і адчувалі

 

ўзаемны ўплыў. Храналагічныя межы культурных працэсаў, часам, даволі складана вызначыць канкрэтнымі датамі. Выбар перыяду абумоўлены тым, што ў гэты час адбываўся пераход ад традыцыйных (паганскіх) астранамічных уяўленняў да навуковых. XIV ст. – гэта час, калі паганства дасягнула вяршынь свайго развіцця ў ВКЛ; у тым ліку канчаткова склаўся комплекс дахрысціянскіх астранамічных ведаў і ўяўленняў. У 1387 г. адбываецца каталіцкі хрост у ВКЛ, які канчаткова выціснуў паганства на культурную перыферыю, што ў выніку азначала змены ў светапоглядзе насельніцтва. XVІІ ст. з’яўляецца часам, калі ў ВКЛ сфармавалася навуковая астраномія. У 1630-40-я гады вывучэнне і выкладанне астраноміі ў ВКЛ набывае сістэматычны характар, ствараюцца ўласныя навуковыя астранамічныя творы, пашыраецца знаёмства з заходнееўрапейскай навуковай літаратурай, праводзяцца тэлескапічныя назіранні. Развіццё навуковай астраноміі было падарвана захопам Вільні расійскімі войскамі 8 жніўня 1655 г. Ваенныя дзеянні спынілі працу галоўнага навуковага і адукацыйнага цэнтра краіны – Віленскай езуіцкай акадэміі (перад гэтым яна дасягнула свайго росквіту), якая адрадзiлася толькi пасля 1674 г. У 1675 г. аднавілася выкладанне матэматычных прадметаў, аднак узровень навуковай дзейнасці і выкладання паступова зніжаўся. Наступны этап развіцця  і росквіту астранамічный навукі ў ВКЛ пачаўся з заснавання ў 1753 г. астранамічнай абсерваторыі пры Віленскай езуіцкай акадэміі.

Даследаванне закранае тэрытарыяльныя межы сучасных Рэспублікі Беларусь і Літвы. У якасці дадатковай і параўнальнай інфармацыі выкарыстоўваецца матэрыял з тэрыторыі Расіі (Смаленшчына) і Украіны (Валынь, Кіеўшчына), якія ў разглядаемы перыяд знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

У працы разглядаюцца астранамічныя веды і ўяўленні (асабліва дахрысціянскія) як славян, так і балтаў. Гэта абумоўлена тым, што народы, якія разам жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім, маюць падобныя міфалагічныя ўяўленні, вытокі якіх знаходзяцца ў часах індаеўрапейскай супольнасці. Землі Беларусі з’яўляюцца балта-славянскай кантактнай зонай. Балцкае насельніцтва ў вывучаемы перыяд пражывала ў паўночна-заходніх рэгіёнах сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Скворчевский Дмитрий Вячеславович

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

В XIV – XV вв. объектом географического исследования становится Африка. Именно в данный период по ряду причин взор западноевропейцев, а в большей степени португальцев, активно привлекает к себе этот, ещё неизвестный, континент.   В данную эпоху Африку представ...
Вялікае княства Літоўскае у  XIV- сярэдзіне XVI стст. з’яўлялася феадальнай манархіяй. Сістэма кіравання ВКЛ была пабудавана па прынцыпу васалітэту. На чале княства стаяў вялікі князь літоўскі( першым тытул насіў Міндоўг (1253г)). Вялікі князь літоўскі каманда...
Византийское культурное наследие чрезвычайно обширно и многообразно. Достаточно сказать, что его в мировой исторической науке и культурологии изучает специальная научная дисциплина – византиноведение. Особых успехов добилось советское (российское) и немецкое в...