Категории

Фальклорныя традыцыі ў прозе Вячаслава Адамчыка

7 минут на чтение

Творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў абапіраецца на фальклорныя традыцыі, на фальклорныя спосабы і сродкі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якія адпавядаюць народнаму светабачанню. Але мастацкае асэнсаванне фальклорных вобразаў, матываў, паэтычных сродкаў у кожнага пісьменніка сваё, адметнае. Таму праз адметнасць асваення фальклорнага матэрыялу ў творчасці пісьменніка можна гаварыць пра самабытнасць яго творчай асобы.

«Каб я быў мастаком і меў шчыра-балючы талент Ван Гога, я нашу вёску, зямлю і людзей намаляваў бы не ў сіні, а ў шэра-жоўты колер – колер прывялага лета, спелага жыта і нашае нішчымнае пясчанае зямлі» – так апісвае В.Адамчык у «Крэсках з аўтабіяграфіі» родны край. Вобраз жыта, які неаднаразова сустракаецца ў творах гэтага пісьменніка, сваімі вытокамі звязаны з фальклорнымі традыцыямі. Жыта, як «найважнейшая збожжавая культура беларусаў, значна міфалагізаваная ў народнай свядомасці» [3, с.175], у фальклорных творах выступае сімвалам жыцця, дабрабыту, дастатку, шчасця, багацця. Вобраз жыта і звязаныя з ім вобразы зерня, коласа, снапа, хлеба, каравая, кашы праходзяць праз многія паэтычныя творы каляндарнай і сямейнай абраднасці, ствараючы тым самым сваеасаблівую нацыянальную карціну народнага быцця.

У беларускай літаратуры гэтыя вобразы больш распаўсюджаны ў паэзіі (Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, П.Панчанка, А.Куляшоў, А.Пысін і інш.), якой уласціва мастацкае асэнсаванне рэчаіснасці праз унутраны свет чалавека, праз яго эмоцыі і пачуцці. Жыта, як сімвал народнага жыцця, з’яўляецца вобразам паэтычным.

Выкарыстанне вобразаў коласа і жыта ў творах В.Адамчыка ў многім абумоўлена моцным лірычным пачаткам і тонкім псіхалагізмам яго прозы, у якой духоўнае жыццё героя набывае паэтычную форму. У апавяданні «Аржаны колас» вобраз жыта дапамагае ўзнавіць тыя эпізоды, падзеі з жыцця героя, якія адпавядаюць паэтычнаму стану яго душы і вызываюць напружаную канцэнтрацыю думак і пачуццяў, вяртаючы яго ў далёкае дзяцінства. «Ён ішоў дарогаю, і яму пачало думацца пра жыта з гэтым яшчэ пуставатым коласам з малаком у зярнятах. Ён думаў, як добра, што ёсць гэтае жыта, яго шырокі шум на адзіноце, чорствая пасля дажджу зямля пад нагамі і нізкая валошка ў жыце і бярозка, што сляпцом лезе ў каляіны. І вот добра ісці і думаць, а вецер шуміць жытам, халодзіць плечы і сушыць зямлю» [1, с.228].

 Паэтычныя вобразы ў апавяданні падпарадкоўваюцца асноўнай мастацкай задачы – служаць самараскрыццю асобы лірычнага героя. Жыта, сцвярджаючы сваю жыццёвую моц, вяртае героя да першавытокаў: «Жыта не бачыў даўно. Усё думаў там: памру і жыта не ўбачу» [1, с.227]. Праз матыў вандравання раскрываецца асоба героя. «Сярод герояў гэтага часу вылучаецца разнавіднасць блуднага сына, які, спяшаючыся жыць, пакінуў родную хату, але хутка адчуў сябе «жабраком ля чужога парога». З пачуццём віны перад маці, перад бацькаўшчынай за растрачаную марна сілу ён вяртаецца да духоўных скарбаў свайго народа» [4, с.171].

У народнай свядомасці вобразы зерня, жыта выступаюць як сімвалы чалавечай долі, якая непарыўна звязана са сваёй сям’ёй, родам. Жыватворная сіла зерня ў яго мностве, у сувязі мінулага і будучыні. У апавяданні «Аржаны колас» вобраз жыта выступае як сімвал роднай зямлі і трывалай жыццёвай асновы. Зерне, якое выпадкова пасеялася на дарозе, у адзіноце вырасце марным коласам. «Ён пайшоў, а за ім яшчэ доўга калыхаўся пуставаты аржаны колас» [1, с.230].

У апавяданні «Там на хутары» вобраз жыта дапамагае асэнсаваць ідэю смерці-нараджэння. Зерне павінна памерці, каб узысці новым коласам, а затым аб’яднацца ў адно цэлае ў хлебе. Так і чалавек, які хоча жыць ў згодзе са сваім сумленнем, павінен, думаючы пра будучыню, памерці для бруднага жыцця, прынесці духоўны плод і аб’яднацца з іншымі людзьмі ў адно цэлае.

Жанчына забівае свайго мужа, бацьку свайго дзіцяці. Якое можа быць гэтаму апраўданне? Гэта не патлумачыш проста абставінамі вайны. Яна забівае не ворага, а блізкага чалавека. Абставіны вайны тут не знешнія, а ўнутраныя, яны знаходзяцца ўнутры гэтай жанчыны. Ворагам на вайне можа быць зло не толькі ў вобліку фашысцкага салдата, але і ў вобліку свайго чалавека, страціўшага чалавечае аблічча: «Убачыла яго застылы твар, яго кламутныя, налітыя крывёю вочы, і ёй зрабілася брыдка, што яна любіла яго, сніла і ўсё чакала дадому» [1, с.34]. Яна не пераступіла праз чалавечую годнасць, не змагла накіраваць учынкі на знішчэнне свайго сумлення і не забыла пра адказнасць перад сваімі дзецьмі. Яна змагалася з ворагам, імя якому – зло. Толькі перамога над злом у сваёй душы дае чалавеку магчымасць справядліва прымяняць сілу.

Жанчына нясе адказнасць за будучыню праз сваіх дзяцей. Жыццёвыя шляхі дзвюх жанчын перакрыжаваліся. Яны сустрэліся на хутары. Аднолькава ў іх лёс увайшла вайна. «На мяне паслаў бог кару», – гаворыць старая кабета, сын якой стаў паліцыянтам. Гэтая жанчына таксама вядзе барацьбу, змагаецца са злом малітвай.

Старая моліцца перад абразом – святым вобразам вечнасці, які знаходзіцца па-за часам. Чалавек перад абразом становіцца больш відушчым і катэгорыямі вечнасці вымярае сваё жыццё. З вечнасцю сумяшчальны толькі святасць і чысціня жыцця, сімвалам чаго ў апавяданні з’яўляецца жыта, жменя якога стаіць перад абразом. А жыта ў тым месцы, дзе маладая жанчына забіла свайго мужа, было «збэрсаным». Не можа быць такім жа збэрсаным жыццё яе дзяцей. Людзі на вайне духоўна і маральна абнаўляліся праз беды і ахвярныя ўчынкі.

Сумяшчаючы ў апавяданні «Там на хутары» два ў чымсьці падобныя лёсы жанчын, мастацкаму асэнсаванню якіх дапамагаюць жыццясцвярджальныя вобразы-сімвалы жыта і абраза, В.Адамчык звяртаецца да цэнтральнай тэмы ўсёй сваёй творчасці – тэмы чалавека, сэнс жыцця якога вымярае філасофскай катэгорыяй вечнасці. «Дзеці беглі следам, бэрсаліся ў жыце, разводзячы яго рукамі – ім у твар секлі зярняты, што пырскалі з усіх каласоў. Яны так і не бачылі, хто ляжаў на сцежцы» [1, с.36].

Дзякуючы вобразу жыта мастацкую завершанасць набывае характар галоўнага героя ў апавяданні «Кароль Нябожа». В.Адамчык праз героя гэтага апавядання раскрывае асаблівасці нацыянальнай ментальнасці, якія знаходзяць увасабленне ў адзінстве чалавека з прыродай, у адданасці людзям і адказнасці за ўчынкі перад самім сабой, у самабытнасці пачуццяў і непаўторнасці чалавечых адчуванняў.

На першым плане ў апавяданні стаіць унутранае жыццё Караля Нябожы, якое значна багацейшае за яго знешнія праяўленні. Выкарыстоўваюцца апісанні пачуццяў і перажыванняў, герой многа думае, аналізуе жыццё; у выніку яго ўспамінаў, якія будуюцца на асацыятыўных сувязях, храналагічна-паслядоўная плынь часу падаецца адразу ў некалькіх пластах. Сярод сродкаў псіхалагічнай матываванасці вобраза Караля Нябожы асаблівае месца займае ўнутраная мова персанажа.

Аналізуючы жыццё і даючы ацэнку паводзінам і ўчынкам людзей, Кароль Нябожа выказвае тыя ісціны, на якіх спрадвеку трымалася жыццё. Ёсць адзіная праўда, якая заўсёды рассудзіць і з цягам часу ўсё паставіць на свае месцы. Чалавек заўсёды павінен заставацца чалавекам, а ўсё благое і злое, створанае людзьмі, абавязкова вертаецца да іх саміх. Ніколі не жыў у міры і згодзе з людзьмі колішні брыгадзір Восіп. «Б’юць? А табе і не вадзіць. Думаў – век будзеш цараваць? Прыйшло і на цябе» [1, с.137], – думае Кароль пра Восіпа, якога пабіў швагер.

Чуць шум жыта і варушэнне каласоў, а значыць разумець жыццё і адчуваць людзей, можа толькі духоўна багатая, маральна чыстая і сумленная асоба. «Жыта было, як вада ў рэчцы: не слухаеш – не чуваць» [1, с.147].

Падобна да таго, як у беларускім фальклоры вобразы зерня, жыта, хлеба з’яўляюцца спадарожнікамі чалавека на працягу ўсяго жыцця, раскрываючы яго нацыянальную самабытасць, у апавяданні В.Адамчыка асноўныя моманты жыцця Караля Нябожы атаясамліваюцца з жытам. Гэта і тое «жыта, сваё жыта, што некалі сеяў на жончыным пасажным гектары пры лесе» [1, с.149], і тое жыта, з якім звязаны ўспаміны маладосці «…спамянулася ўсё брыдкае і маладое. І той надвячорак, і мяжа з цвёрдым быльнікам, і шэпт жыта, і змораная здаровая яснасць, бытта абнавіўся свет пасля гэтага» [1, с.148], і жыта, сярод якога ён сустрэў сваю смерць.

Сцэна смерці Караля Нябожы ў апавяданні з’яўляецца сімвалічнай, праз яе відаць гістарычная абумоўленасць лёсу героя. Лёс героя звязаны і пераплецены з лёсам народа і краіны. Праз вобраз Караля, тыповага беларуса, можна ўбачыць несупадзенне магчымасцей чалавека з яго духоўнымі памкненнямі. Зерне дабра, упаўшы ў неспрыяльную глебу, не заўсёды можа прарасці коласам. А калі і прарасце, то не заўсёды можа даць насенне. Звярнуўшыся да вобраза жыта як сімвала жыцця, каля якога «рабілася свежа на душы, як каля вады» [1, с.149], пісьменнік паказаў яго яшчэ недаспелым. У гэтае недаспелае жыта «жахнула, упілася» каса, як і ў сэрца Караля.

Такім чынам, для творчасці В. Адамчыка фальклорныя традыцыі з’яўляюцца ідэйна-значнымі, зварот да іх «выкліканы эстэтычнай неабходнасцю мастацкага сінтэзу, філасофскай патрэбай падвядзення духоўна-маральных вынікаў цэлага стагоддзя» [2, с.663]. Зрабіўшы аб’ектам вывучэння ў сваёй творчасці чалавека, пісьменнік праз вобразы зерня, коласа, жыта выказвае жыццесцвярджальную ідэю вечнага аднаўлення чалавечага быцця, выяўляе праз гэтыя вобразы рысы нацыянальнага характару беларуса, выказвае філасафскія думкі пра вечнасць.

Т.Л. Харытонава

Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навук. прац  / рэдкал.:  Р 96           У.І.Каяла (адк. рэд.) [і інш.]. — Гродна : ГрДУ, 2008.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Міра Лукша – прадстаўнік маладзейшага пакалення пісьменнікаў “Белавежы”, якая  “ў сваёй прозе плённа і паслядоўна працягвае традыцыі беларускай, тыпова вясковай, сялянскай літаратуры” [7, с. 181]. Адметнасць творчай манеры Міры Лукшы пазначана ў загалоўку яе к...
“Адэльчанка”– традыцыйнае «польскае» гучанне ва многіх раёнах Гродзенскай вобласці захоўвае свае карані, развіваецца ў натуральным нацыянальным каларыце. Гродзенскі раён, з-за блізкасці з мяжой, увабраў у сябе традыцыі беларускай і польскай культуры, таму нека...
Ад традыцыі да сучаснасці. Кавальства з’яўляецца адным с самых старажытных рамёстваў. Чалавецтва доўгі час шукала яму замену, і, з’даецца, з гэтага нешта атрымалася ў XX cт., але неўміручая душа мастацтва дазволіла кавалям-рамеснікам пераадолець час. Сучаснае ...