Категории

Этнаграфічныя экспазіцыі школьных музеяў

5 минут на чтение

Сёняшні этап развіця  беларускага турызму вымагае актыўнага звароту да ўсяго комплексу нацыянальнай культуры, у тым ліку і да яго этнаграфічнай часткі. Арганізацыя турыстычных паслуг у вялікай ступені становіцца  запатрабаванай спажыўцамі, калі гэтыя паслугі дэманструюць аўтэнтычную культуру, ствараючы для турыстаў адчуванне сапраўднай вандроўкі, адкрыцця свету. Беларуская традыцыйная культура толькі пачынае адчуваць на сабе прамацыйнае ўздзеянне з боку спецыялістаў турызма.

Традыцыйна школьныя музеі застаюцца па-за ўвагаю тураператараў (за рэдкім выключэннем, такім як, н-д: Гальшанскі народны музей Э. Корзуна, ці знакаміты, даўно пераросшы формат школьнага – сапраўдны дзяржыўны музей у Гудзевічах). І дарэмна. Бо пры пэўным кантэксце тура, пры адпаведным змесце экскурсіі, роля школьнага музея можа быць немалаю. Такі паварот жыццядзейнасці школьнага музея  вядома будзе патрабаваць большай прафесійнасці ва ўсіх баках яго дзейнасці, але і істотна павялічыць  яго публічную ацэнку: маўляў, экспазіцыя музея не толькі для ўнутранняга карыстання і  і “унутранняй” каштоўнасці, а, наадварот, патрэбна і заўважна ў значна шырэйшым асяроддзі. А значыць  - працягнем ланцужок -  мясцовая гісторыя, культура, дасягнені мясцовых людзей бачацца часткаю больш вялікага памеру падзей і з’яваў. Усведамленне гэтага мае працяглую выхаваўчую карысць. Хочацца спадзявацца, што школьныя музеі выбяруцца з “нары” местачковасці, але зробяць гэта акуратна, удумліва, з мэтаю прадэманстраваць сапраўды якасныя, адметныя, красамоўныя бакі сваіх экспазіцый. 

А прадэманстраваць школьным музеям сапраўда ёсць што. Для немясцовага госця аграсядзібы магчымая вандроўка ў бліжэйшы школьны музей можа стаць сапраўдным адкрыццём краю, у якім ён вырашыў адпачыць. А для кемлівага гаспадара аграсядзібы вакольныя музейчыкі  складуць новы рэсурс для арганізацыі разнастайных экскурсій, паходаў. Для разумнага кіраўніка школы такая перспектыва музея - гэта новыя магчымасці арганізацыі выхаваўчай працы з вучнямі, якія на ўласныя вочы ўпэўняцца, што іх лакальная культура і мінуўшчына запатрабавана, выклікае цікавасць, а значыць мае вартасць.

Раён Гродзеншчыны, які ахоплівае наш даведнік багаты школьнымі скарбніцамі народнай культуры. У кожнага школьнага музея свой стыль, свая адметнасць. Найперш таму, што уселякі такі музей створаны  выключным чалавекам, па-добраму апантаным, па-сапраўднаму глыбока разумеючым свой край, яго людзей, прыроду, традыцыі, захаваныя скрозь стагоддзі. Вакол такога настаўнка – заўжды дзеці. Іх сумесны плён – створаная калекцыя і музейныя экспазіцыі.

Этнаграфічныя калекцыі маюць і раёныя краязнаўчыя музеі. Але, як сведчыць жыццё, якасныя школьныя экспазіцыі не толькі не саступаюць, а нават пераўзыходзяць дзяржаўныя. Таму раючы для наведвання турыстаў  разнастайныя этнаграфічныя экспазіцыі сярод дзяржаўных музеяў варта згадаць экспазіцыі Гудзевічскага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Мастоўскага раёна.  Гэта - найбагацейшая этнаграфічная калекцыя на Гродзеншчыне.

Кажучы пра адметнасці школьных калекцый варта  адзначыць, што  на гродзенскай зямле кожны раён мае свае музейныя цікавосткі, які адлюстроўваюць мясцовыя, рэгіянальныя адметнасці. Музейныя калекцыі складаюцца гадамі, яны ёсць вынікам  руплівай краязнаўчай працы, працяглых пошукаў, ліставання, вывучэння крыніц, знаёмства з вялікім колам мясцовых людзей, вядомых сваімі талентамі.

У кожнага музея свой лёс.  У кожнага раёна свае славутыя “летапісцы” – школьныя краязнаўцы. Комплексны, усахопны змест краязнаўства дазволіў і дазваляе ім ствараць партрэт свайго краю фарбамі самых розных навук. Іх імёны – гонар нашай нацыянальнай культуры: Эдуард Корзун з Гальшанаў, Аляксандр Палубенскі са Свіслачы, Алесь Белакоз са Гудзевіч… Пазнаёміцца з гэтымі асобамі і іх спадчынай – значыць датыкнуцца да  ўсяго комплексу  жыцця іх края, з яго мінуўшчынай, культурай і сучаснасццю.

Правільна арганізаваная экскурсія, паход, вандроўка, разумна складзены тэкст суправаджальнай інфармацыі турыстычнай групы абавязкова павінны ўключаць звесткі пра  гэтых асобаў і іх дзейнасць.  Мы прапануем пэўную класіфікацыю некаторых школьных экспазіцый, звяртаючы ўвагу толькі на адзін бок іх музейнага багацця – этнаграфічны.

Большая частка школьных музеяў змяшчае разнастайныя артыфакты традыцыйнай  культуры. Яны збіраюцца высілкамі настаўнікаў, вучняў, мясцовых жыхароў. Нават калі экспазіцыя даволі стракатая, яе вонкавы змест дапаўняюць апавяданні экскурсаводаў, прыклады мясцовага фальклора, біяграфічныя звесткі пра майстроў, народных выканаўцаў, сабраныя лягенды, паданні, міфы. Варта спецыялістам у турызме даведацца пра самыя розныя бакі дзейнасці музея, магчымыя анімацыйныя праграмы, інтэрактыўныя  дэманстрацыі народных рамёстваў. Пры комплексным выкарыстанні такіх паслуг магчымасці музея будуць значна больш эфектыўнымі для абслугоўвання турыстаў. Такімі “комплекснымі” музеямі з’яўляюцца  Музей “Народная скарбніца”  сярэдняй школы г.п. Адэльска, Балічскі этнаграфічны музей, Бердаўскі народны гісторыка-краязнаўчы музей, Краязнаўчы музей “Вытокі” Мала Бераставіцкай сярэдняадукацыйнай школы, «Сялянская сядзіба канца XIX – пачатку XX стагоддзя» Дзітвянскай сярэдняй школы, Этнаграфічны музей у Забалоцкай СШ, Гісторыка-краязнаўчы музей Квасоўскай сярэдняй школы, Краязнаўчы музей ДУА “Лойкаўская сярэдняя школа”, Навадворскі краязнаўчы музей Свіслачскага раёна, Гісторыка-краязнаўчы музей “Спадчына” Парэчанскай сярэдняй школы, Гісторыка-этнаграфічны музей Пялескай сярэдняй школы, Гісторыка-краязнаўчы музей Першамайскага дзіцячага садка-сярэдняй школы, Гісторыка-краязнаўчы музей Радуньскай гімназіі,

Некаторыя музейныя  экспазіцыі  маюць пэўную выбраную тэматыку. Напрыклад культура працы з лёнам прадстаўлена ў Музеі лёну Грынкоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа.

Гісторыя  народнага ткацтва знайшла адлюстраванне ў  Музеі ручніка ў сярэдняй школе в. Корнадзь.  Народны касцюм прадстаўлены ў  Этнаграфічным музеі Хадзілонскай базавай школы.

Ёсць на Гродзеншчыне некалькі геалагічных музеяў. Гэта найперш музей камянёў у СШ №16 г. Гродна. Мы жа хацелі бы звярнуць увагу на геалагічны музей Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы “Каменны летапіс Зямлі». У ім звернута ўвага на карысныя выкапні нашай мясцовасці і іх месца ў традыцыйнай гаспадарцы беларускага селяніна.

Асобна стаяць два музея, экспанаты якіх апавядаюць пра Я.Ф. Карскага – пачынальніка беларускага мовазнаўства. Гэта  Музей Яўхімія Фёдаравіча Карскага ў гімназіі №1 імя ака дэміка Я.Ф. Карскага г. Гродна, і экспазіцыя  Гісторыка-краязнаўчага музея у в. Луцкаўляны. Дарэчы звесткі пра  тых ці іншых дзеячаў навукі  змяшчае большасць музеяў. 

Для найбольш поўнай дэманстрацыі звестак пра народных майстроў, славутасцяў, лёсам звязаных з краем, дзе ёсць музей, тураператарам неабходна дэталёва азнаёміцца са  зместам музеяў, ацэніць найбольш эфектыўшыя сродкі маркетынгу гэтых музейных паслуг. 

Трэба адзначыць, што прадстаўленыя ў нашым даведніку этнаграфічныя экспазіцыі зусім не абмяжоўваюць ўсё колькасць  музеяў, вартыя ўвагі. Найперш, згаданыя музеі  ахопліваюць толькі дзевяць з дзевятнаццаці раёнаў вобласці – тую тэрыторыю, якая найбліжэй да беларуска-польскага памежжа і мае адмысловы культурна-гістарычны ўплыў.

Да таго ж, немалая колькасць музеяў, што змяшчаюць таксама этнаграфічныя экспанаты, найперш вылучаюцца іншымі сваімі прывабнымі  тэмамі - ваенна-гістарычнай, біяграфічнымі экспазіцыямі славутых землякоў.   калекцыямі флоры і фауны. А этнаграфічны раздзел гэтых музеяў з’яўляецца  добрай перспектывай іх далейшай працы.

Згаданыя прыклады - толькі  чарговы доказ  краязнаўчага багацця  нашых беларускіх школ, таго іх патэнцыялу, які  магчыма выкарыстоўваць, як у адукацыйным працэсе, так і ў справе папулярызацыі  нашай нацыянальнай культуры.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp