Эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі пачалася амаль адразу пасля яе ўключэння ў склад Польскай дзяржавы паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. Заходнебеларускія землі, якія з’яўляліся аграрным прыдаткам, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы, вызначаліся слабым узроўнем урбанізацыі, аграрнай перанаселенасцю і беспрацоўем. У адносінах да беларусаў і іншых нацыянальных супольнасцей (акрамя палякаў) праводзілася прыгнятальная нацыянальная і канфесіянальная палітыка. У такіх складаных умовах жыццядзейнасці частка насельніцтва вымушана была выязджаць за мяжу. Польскія ўлады былі зацікаўлены ў эміграцыі як сродку аслаблення напружанасці ў сацыяльна-эканамічным жыцці, грамадска-палітычнай сферы, для вырашэння яўрэйскага пытання. Са свайго боку ў цэлым шэрагу краін Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі ствараліся спрыяльныя ўмовы для прытоку рабочай сілы з тэрыторыі Польскай дзяржавы. Менавіта ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі за кошт перасяленцаў з заходнебеларускіх зямель сфарміраваліся новыя цэнтры беларускай дыяспары ў свеце ці ўмацаваны новымі плынямі ўжо існуючыя. Аднак аналіз беларускай і замежнай (асабліва польскай) гістарыяграфіі паказаў, што эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. не была прадметам асобнага навуковага даследавання. Пры вывучэнні гэтай тэмы патрабуецца ўвядзенне ў навуковы абарот значных масіваў крыніц, асабліва з фондаў айчынных і замежных архіваў, пры выкарыстанні цэлага комплексу спецыяльных гістарычных, сацыялагічных і іншых навуковых метадаў.
У выкананай дысертацыйнай працы эміграцыя разглядалася як вымушанае або добраахвотнае перасяленне грамадзян са сваёй Бацькаўшчыны ў іншую краіну на пастаяннае або доўгатэрміновае пражыванне па палітычных, рэлігійных, эканамічных, этнічных ці іншых прычынах, а таксама ў выпадку сацыяльных (войны, рэвалюцыі) або прыродных катаклізмаў.
Храналагічныя межы дысертацыі ахопліваюць перыяд ад заключэння Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. да ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР восенню 1939 г. Тэрытарыяльныя межы ўключаюць у сябе заходнебеларускія землі, якія ўваходзілі ў вызначаны храналагічны перыяд у склад Віленскага, Навагрудскага, Палескага і Беластоцкага ваяводстваў Польскай дзяржавы.
Актуальнасць вывучэння праблематыкі эміграцыі насельніцтва з Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. тлумачыцца запатрабаванасцю яе вынікаў для далейшай навуковай распрацоўкі гісторыі беларускай дыяспары на кантынентальным, рэгіянальным узроўнях і ў асобных краінах свету.
Мярчук Вольга Мікалаеўна