Категории

Дрэваапрацоўчыя рамёствы

5 минут на чтение

Дрэваапрацоўчыя рамёствы – найбольш старажытныя, узніклі на пачатку чалавечай гісторыі разам з вырабам прымітыўных прылад працы. У багатай лесам Беларусі кожную археалагічную эпоху дрэва побач з каменем, косцю, пазней жалезам было найважнейшым матэрыялам для вырабу прадметаў хатняга ўжытку, зброі, разнастайных прылад, мэблі, транспартных сродкаў. Мэтанакіраваная дрэваапрацоўка (выдзёўбванне, тачэнне, свідраванне, выпальванне, пляценне, адсяканне, расколванне, заточка) вядома з часоў палеаліту. Са з’яўленнем жалезных прылад істотна ўдасканальвалася тэхналогія дрэваапрацоўкі.  Пад час археалагічных раскопак на дзядзінцу Гродна знойдзена шмат драўляных вырабаў: клёпкі рознай велічыні ад вёдзер, кадак, бочак, цэбраў, маслабояк; днішчы розных дыяметраў, разны коўш, точаныя міскі, кубкі, дэталі кроснаў, абутковыя калодкі; Ускрыты жылыя гаспадарчыя пабудовы, 2 вулічныя маставыя, частаколавыя агароджы, драўляныя зрубы з брусоў і г.д.  У залежнасці ад асаблівасцей рамеснай тэхнікі і наменклатуры  вырабаў сярод ДР можна вылучыць цяслярства, сталярства, бандарства, стальмашнае і такарнае рамяствы, выраб выдзеўбанага посуду, разьбу па дрэву, вытворчасць дахавых матэрыялаў, выраб лубяных і плеценых ёмкасцяў.

Цяслярства – адзін з самых старажытных рамёстваў, існуючых у сінхраністычным адзінстве са сталярствам: абодва рамёствы былі мэтанакіраваны на стварэнне жыллёвых умоў і ўладкавання жыллёвага асяроддзя,  кожны цясляр, як правіла, быў добрым сталяром, абодва  карысталіся амаль аднолькавымі інстументамі, розніца была толькі ў частаце іх ужывання і спецыялізацыі вытворчага працэсу. Да цяслярства адносяцца цяслярныя работы па ўстаноўцы драўляных падмуркаў, сцен, падлогі, перагародак, перакрыццяў (бэляк, насцілаў), дапаможных канструкцый (рыштаванняў, памостаў) і інш. Выпрабаваныя народнымі цеслярамі-дойлідамі аптымальныя формы і рашэнні   паспяхова выкарыстоўваюцца і ў наш час у драўляных канструкцыях грамадскага і прамысловага будаўніцтва.

Сталярнае рамяство – вытворчасць разнастайных вырабаў з дрэва – прылад працы (вілы, цапы, граблі, лапаты, сохі, бароны, ступы, ткацкія станы), прадметаў хатняга ўжытку (полкі, пасуднікі, вешалкі), мэблі (куфар, буфет, шафа, канапа, ложак, стул, стол), прыкладных элементаў жылля і гаспадарчых пабудоў (дзверы, аконныя рамы). Сёння спрабуе аджывіць традыцыі свіслацкі майстар С.Ц. Палуэктаў.

Бандарства – выраб посуду з клёпак – трапецавідных ці авальных (парабалічна-акруглых) па краях драўляных плашак, счэсаных да неабходнай таўшчыны. Бандарныя вырабы можна аб’яднаць у некалькі наступныя груп: посуд для вады і вадкіх рэчаваў (бочка для падвозу вады, вадзянка, вёдры, баклага, барыла, кубельчык, конаўка); посуд для захоўвання сельскагаспадарчых прадуктаў (бочка для зерня, кадзь ці кадка, кадушка, бачонак з адным днішчам для квашанай гародніны, мачоных яблык і інш., бачонак двухдонны для напіткаў, паўбачонак, кубелец ці сальнік для мясных прадуктаў); посуд для разастайных дамашніх патрэб (кубел ці бодня для адзення, жлукта ці трынога для вымочвання бялізны ў зольным растворы, балея для мыцця бялізны і купання,  дзяжа ці квашня, даёнка, маслабойка, цэбр ці шайка, ражка); меры ёмкасці (асьміна, шаснастка ці пудоўка, гарнец). Традыцыі бандарства ў Панямонні працягваюць М.М. Кукса, І.А. Баўфалік.

Стальмашнае рамяство – некалькі разнастайных вытворчых працэсаў, якія адрозніваліся па тэхналогіі і рамеснай тэхніцы: тэрмамеханічная апрацоўка (распарка) драўніны, выраб колаў, дуг, санных палазоў, экіпажаў, грузавых саней, вазкоў, санак, ярэмаў і інш. Дэкаратыўныя экіпажы і колы вырабляе ў сучасны час М.М. Кукса.

Даўбежнае рамяство – адно з самых старажытных сярод дрэваапрацоўчых. Цясло, разец, пешня, скобла сякера, долата, стаместка дазвалялі зрабіць калодны вулей, кухонны шкап, кадоўб  для зерня, фаску ці кадку для мёду і квасу, салонку (саланіцу), карэц, карыта, камягу (калоду, карыта) для вадапою, якія знаходзіліся звычайна побач калодзежа, ночвы (начоўкі) для мыцця бялізны, пыланкі (палушкі, начовачкі) для правейвання (пылання) абдзірной крупы. Пэўныя элементы даўбежнага рамяства праглядаюцца ў творчасці народнага майстра С.М. Ляшчука.

Такарнае рамяство цесна звязана з разьбой па дрэву, токар і рэзчык звязаны аднолькавымі наменклатурнымі вырабамі: посуд сталовы –  блюды, чашы, міскі, ступкі, цёркі, сальніцы, коўшыкі, апалонікі, лыжкі; бытавыя прадметы і прынадлежнасці – падсвечнікі, вазы, попельніцы, люлькі, табакеркі, цацкі і інш.; прыкладныя элементы і дэталі да мэблі, экіпажаў, карнізы, налічнікі для ўпрыгожвання жылля, культавых прадметаў; вытворчыя прылады – самапрадкі, верацёны, дэталі для кросен.

Выраб і пляценне з лубу, лазы, саломы і чароту розных прадметаў гаспадарчага карыстання: каробкі для бялізны, кашы, калыскі, збаны, карзіны, скрынькі, гарнцы і д. п., а таксама упрыгожванні (павукі, зорачкі). Вытворчасць дахавых матэрыялаў – выраб дошкі, дранкі, гонта.

З эвалюцыяй грамадства і ўдасканаленнем рамеснай тэхнікі паглыблялася вытворчая спецыялізацыя, што абумовіла дыферэнцыяцыю дрэваапрацоўчых рамёстваў на адносна самастойныя вытворчыя заняткі. Так, у цяслярскай справе вылучыліся выраб дахавых матэрыялаў, будаўніцтва мастоў, абарончых аб'ектаў, у сталярнай — выраб прыкладных элементаў жылля (акон, дзвярэй і інш.), мэблі, сельскагаспадарчых прылад, у стальмашным — вытворчасць рабочых вазоў, карэт, колавае, саннае, дужнае рамяство і інш.
У 17 ст. на Беларусі існавала каля 30 рамесных прафесій, звязаных з апрацоўкай дрэва. Ужо ў ХУІ ст. у гарадах рамеснікі адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцей утваралі свае карпарацыйныя аб'яднанні — брацтвы, або цэхі.  Напрыклад, у Гродне карэтнікі ўваходзілі з 1570 г. у цэх, якія аб’ядноўваў кавалёў, кацельшчыкаў, мечнікаў, слесараў, а з 1639 г. былі створаны самастойныя цэхі названых рамёстваў.  У 1593 г. арганізаваны аб’яднаны цэх домнікаў, стрыхараў, муляроў, ганчароў, цесляроў. У 1699 г. Аўгуст ІІ дараваў грамату цэхам бондараў і цесляроў. Сярод 15 цэхаў у 1777 г. былі цэхі цеслярскі, бондарскі, сталярны, фурманскі. Найбольш пашыраны дрэваапрацоўчыя рамёствы былі у сельскай мясцовасці. У сярэднявеччы амаль кожная сялянская сям’я будавала жыллё, рабіла сельскагаспадарчыя прылады, транспартныя сродкі, прадметы ўжытку посуд, простую мэблю. Сельскія майстры звычайна не мелі спецыяльнага памяшкання; на двары пад паветкай стаяў варштат, знаходзіліся простыя вытворчыя прыстасаванні і інструменты. Зімой у хаце выраблялі посуд, плялі лапці, кошыкі і інш. Частка вырабаў прызначалася для аднавяскоўцаў, жыхароў суседніх вёсак ці збывалася на мясцовых  кірмашах. Частка сельскіх рамеснікаў несла службы пры замках, гасцінцах, фальварках і жыла асобнымі дварамі ці пасёлкамі. Вядомы службы цяслярская, дойлідская, калёсніцкая, бандарная і інш. Другая частка сельскіх майстроў вызвалялася ад пастаяннай службы і плаціла чынш.  З развіццём капіталістычных адносін і ажыўленнем гандлёва-эканамічных сувязей дрэваапрацоўчыя рамёствы набывалі форму адыходных промыслаў. Некаторыя майстры-гаспадары мелі вучняў і падсобных рабочых, якіх адпраўлялі ў суседнія вёскі рамантаваць калёсы, рабіць бочкі, цэбры, дзежкі, тачыць верацёны і інш. Многія цесляры і сталяры хадзілі на заробкі ў аддаленыя мясціны. У першай палове ХІХ ст. значная колькасць бярвенняў, дошак, дубовай клёпкі, гонта, брусоў, карабельнага лесу выраблялася для замежнага гандлю. Па Нёману штогод вывозіліся названыя вырабы ў Рыгу, а адтуль – у Англію, Бельгію, Францыю, Галандыю і інш. краіны. Сацыялістычная рэканструкцыя і развіццё буйной прамысловасці прывялі да скарачэння попыту на драўляныя вырабы саматужных майстроў, павялічылася колькасць металічнага і шклянога посуду.  У наш час дрэваапрацоўчыя рамёствы існуюць у форме індывідуальнай працоўнай дзейнасці як народнае ўмельства і дапаможны промысел у сельскагаспадарчай вытворчасці.

В.В.Швед

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp