Категории

Бялун

2 минуты на чтение

БЯЛУН як апякун беларускага турызму. Б – адзін з прародзічаў беларускага паганскага пантэону (паводле некаторых версій быў бацькам Перуна; атаясамліваецца з заходнеславянскім Бялбогам – богам шчасця і шанцу). Бялун зыходзіць на зямлю толькі пры сонечным святле ў выглядзе старца з доўгай белай барадой, у белай вопратцы і з кіем у руках. Ён творыць дабро і калі сустрэне ў дрымучым лесе вандроўніка, які заблукаў, выведзе яго на вялікую дарогу. Б., як бог шчаслівага выпадку, быў богам усіх вандроўнікаў і любіў падарожнічаць: хадзіць па нівах і дапамагаць жнеям, даваць добрым людзям шанец дасягнуць сваёй мэты,у тым ліку, стаць шчаслівым і багатым. Маецца на ўвазе міф пра сустрэчу Б., калі нехта з гаспадароў выціраў яму нос (інакш кажучы, рабіў паслугу), на таго абваліваўся мяшок з золатам. Тут трэба зразумець сімвалічны сэнс міфа: той, хто сустракаў Бялуна з пашанай, паважаў як госця і прапаноўваў адпаведныя паслугі па прыёму, той і атрымліваў шанец.І наадварот, калі неабазнаны бог мог аб’явіцца госцем у выглядзе старца альбо жабрака з намерам скарыстаць гасціннасць гаспадароў, а яму (паводле логікі міфа) адмаўлялі ў гасціннасці (не прызналі, не пусцілі на парог, прагналі)– гаспадароў чакала бяда (хваробы, пошасць, мор скаціны, пажар, няўрод у полі і іншае змярцвенне), і хата ў хуткім часе магла засвяціцца пусткамі. І гэта ўспрымалася як божая кара за негасціннасць. Такое распаўсюджанае разуменне міфа закладвала ў падсвядомасці людзей пачцівыя адносіны да кожнага вандроўніка, што, з цягам часу, фармавала асновы беларускай гасціннасці.Таму і не дзіўна, што такая з’ява, як хаджэнні старцаў, у Беларусі і Літве была вельмі распаўсюджанай з’явай, бо пад выглядам старцаў мог быць сам бог. Менавіта  такая народная традыцыя магла нарадзіць глыбока філасофскі выраз: Госць у хату – Бог у хату. Такім чынам, паганскага Бялуна ў беларускай міфалогіі варта лічыць не толькі богам  шчасця і шанцу; Бялун – гэта яшчэ і апякун усіх вандроўнікаў і падарожнікаў, натхняльнік і крытэрый гасціннасці. Усё гэта дае абгрунтаваныя падставы для магчымасці выкарыстання вобраза-сімвала Бялуна як бога-апекуна беларускага турызму. І.І. Трацяк.

Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы:Гродзеншчыны і Сувальшчына. Энцыкл. давед. ; Рэд. В.Р. Карнялюк, І.І. Трацяк [і інш.] – Гродна: СМЫК, 2014

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp