Категории

Баўленне вольнага часу гарадскіх жыхароў (XIX – пачатак XX ст.)

11 минут на чтение

Рэканструкцыя і вывучэнне баўлення вольнага часу даюць магчымасць прасачыць, як у канкрэтных умовах горада фарміравалася і развівалася пабытовая сфера ладу жыцця беларускага народа, глыбей і паўней ахарактарызаваць культуру сацыяльных груп, свет чалавечых пачуццяў, умовы і абставіны іх штодзённага і святочнага жыцця. Усе сацыяльныя групы, у тым ліку розныя слаі гарадскіх жыхароў, маюць свае сацыяльныя і культурныя адметнасці, свае традыцыі выкарыстання вольнага часу.

Вярхі гарадскога грамадства бавілі вольны час у “благародных сходах”. У члены “благародных сходаў” прымаліся дваране, ваенныя і цывільныя чыны, пачэсныя грамадзяне, купцы першых дзвюх гільдый. Гадавая плата за наведванне складала 10 рублёў серабром [1, арк. 30-31].

Члены сходу збіраліся тры разы у тыдзень (па панядзелках, серадах і пятніцах), а па суботах ладзіліся балі і сямейныя вечары. Пры наведванні “благароднага сходу” можна было чытаць часопісы і газеты, іграць на більярдзе, у шахматы і шашкі, дазволеныя картачныя гульні. У Гродзенскай губерні выпісвалася 885 экзэмпляраў газет і часопісаў, сярод якіх былі выданні на польскай, французскай і нямецкай мовах [2, арк. 531].

Прымаць удзел у балях і сямейных вечарах можна было з сям‘ёй бясплатна. Удзельнікі картачнай гульні плацілі за вечар 1 рубель 50 кап. і мелі права гуляць толькі прапячатанымі пячаткай сходу калодай карт, якая пакідалася затым у сходзе. За партыю ў більярд плацілі 5 капеек серабром [3, арк. 31].

У сярэдзіне XIX ст. у асяроддзі прывілеяваных колаў гараджан гульня ў карты стала абавязковым элементам баўлення вольнага часу. У карты гулялі ўсе: мужчыны, дамы, юнакі, дзяўчаты. Найбольш пашыранымі гульнямі былі вінт, віст, прэферанс, пікет і інш. Вывучэнне механізму агульнапрынятых картачных гульняў абавязкова ўваходзіла ў сістэму выхавання юнакоў, інакш малады чалавек мог апынуцца ў няёмкім становішчы, калі ў гасцях яму прапанавалі заняць месца за картачным сталом. Да таго ж знаёмства за картачным сталом з асобамі, якія займалі важныя пасады, паспяхова адбівалася на кар‘еры юнака.

Запрашэнні на баль адпраўляліся за 10 – 15 дзён. На запрашэнне трэба было адказаць пісьмова падзякай або адмовіцца на працягу двух дзён. На балях і танцавальных вечарах у клубах усталёўваліся буфет і рэстаранная кухня. Танцы адбываліся абавязкова пад духавы аркестр у строга вызначаным парадку, які складаўся загадзя і быў вядомы ўсім запрошаным. Калі ў пачатку XIX ст. балі абавязкова пачыналіся “польскім” (паланезам), то ў сярэдзіне стагоддзя яны адкрываліся часцей за ўсё вальсам, затым ішлі кадрыль, кацільён, мазурка, розныя полькі.

Сямейныя танцавальныя вечары ўстанаўліваліся штотыднёва ў суботу, паколькі ў нядзелю было прынята наведваць царкву. На танцавальныя вечары ў “благародны сход” збіралася ўсё маёмаснае насельніцтва. Тут адбывалася знаёмства моладзі, гэта была своеасаблівая “выстава нявест”, дзе маладыя людзі выглядалі сабе пару.

Акрамя дваранскіх (“благародных сходаў”), у беларускіх гарадах існавалі яшчэ “англійскія”, афіцэрскія і іншыя клубы, якія арганізоўваліся заможнымі асобамі аднаго сацыяльнага кола для сумеснага адпачынку, зносін, забаў.

Членамі “англійскіх” арыстакратычных клубаў былі чыноўнікі вышэйшых рангаў, дваране. Такі ж замкнёны характар мелі і афіцэрскія клубы (або афіцэрскія сходы). Акрамя гульні ў карты і зносін, звязаных з палітычнымі, прафесійнымі, мастацкімі і іншымі інтарэсамі, у клубах праводзіліся балі, святочныя сустрэчы (“з‘езды”), маскарады, дабрачынныя мерапрыемствы, сямейныя танцавальныя вечары. На такія масавыя  мерапрыемствы сцякалася ўсё прывілеяванае гарадское насельніцтва.

У сярэдзіне стагоддзя дваранскія клубы арганізоўваюцца ў многіх павятовых гарадах Беларусі. Члены клуба маглі запрашаць на танцавальныя вечары сваіх сяброў і знаёмых (пры ўмове адказнасці за іх паводзіны), за парадкам на якіх назіралі па чарзе [3, арк. 6-7].

У сярэдзіне XIX ст. вельмі папулярнымі формамі баўлення вольнага часу ў прывілеяваных і сярэдніх колах гараджан сталі пікнікі (маёўкі). Паездкі за горад звычайна прадпрымалі кампаніі добра знаёмых паміж сабой людзей: чыноўнікі аднаго ведамства з сем‘ямі, сваякі. Часам маёўкі рабілі вельмі шыкоўнымі, з раскошным абедам і шампанскім, але часцей яны абмяжоўваліся адпачынкам на ўлонні прыроды, з чаем і халоднымі закускамі. На маёўкі ездзілі на рамізніках, плавалі на лодках, хадзілі пешшу. Часам з адпачынкам сумяшчалі збор ягад, грыбоў, рыбную лоўлю.

У сярэдзіне XIX ст. шпарка расце гарадское насельніцтва. Буйныя гарады Беларусі набываюць аблічча еўрапейскіх цэнтраў, а ў вольным часе іх насельніцтва вялікую ролю пачынае адыгрываць тэатр. Яшчэ ў канцы XVIII – пачатку XIX ст. у многіх гарадах Беларусі адчыняюцца прыватныя антрэпрызы, спектаклі якіх шлі на польскай, рускай, беларускай мовах. На іх аснове сталі стварацца пастаянныя гарадскія тэатры.

Невялікія тэатральныя трупы, якія гастралявалі амаль па ўсіх гарадах і мястэчках, адыгрывалі значную ролю ў далучэнні да тэатра гарадской моладзі і разначыннай інтэлігенцыі, выхаванні густу.

Для тэатра існавалі свецкія правілы паводзін. У тэатральнай ложы мужчына ніколі не дазваляў даме, нават незнаёмай, сядзець ззаду яго. Свісцела, топала нагамі і бурна выражала свае пачуцці толькі галёрка. Ложы, бельэтаж і партэр апладзіравалі вельмі стрымана, а дамы, наогул, толькі для віду.

Сустрэчы ў тэатры разглядаліся прывілеяванай часткай гарадскога насельніцтва як працяг свецкіх зносін, а таму наведванне тэатра патрабавала абавязковага святочнага адзення. Мужчыны апраналіся ў тэатр як на танцавальны вечар у клуб, а жанчыны – у вячэрнія туалеты з каштоўнымі ўпрыгожваннямі. Пастаяннымі наведвальнікамі тэатра былі гарадскія вярхі, інтэлігенцыя, студэнты і гімназісты. Рамеснікі, рабочыя, хатняя прыслуга і насельнікі гарадскіх ускраін глядзелі на тэатр як на панскую забаву.

Вялікая папулярнасць тэатра сярод інтэлігенцыі садзейнічала арганізацыі ў гарадах аматарскіх музычных і драматычных гурткоў, спектаклі якіх былі разлічаны часцей за ўсё на масавага гледача. У 1868 г. у 101-м пяхотным Пермскім палку, які стаяў у Гродне, быў арганізаваны салдацкі тэатр. Салдаты-аматары ў памяшканні гродзенскай музычнай школы кожны дзень на Каляды і Масленым тыдні давалі для салдат прадстаўленні народных п‘ес. На спектаклі дапускаліся і асобы з простага народу з платай за ўваход 5 капеек (месцы на лавах) і 10 капеек (месцы на крэслах). Для зручнасці гэтыя прадстаўленні пачыналіся ў 2 гадзіны дня [4, арк. 3].

Амаль у кожным беларускім горадзе у пачатку XX ст. існавалі аматарскія тэатральныя трупы і гурткі, якія садзейнічалі знаёмству з тэатральным мастацтвам самых шырокіх мас насельніцтва. Акрамя гараджан, на спектаклі артыстаў-аматараў прыязджалі і прыходзілі жыхары навакольных вёсак, часта за 10 – 20 вёрст ад горада.

У XIX ст. вярхі гарадскога насельніцтва вялікую ўвагу надавалі выхаванню ў дзяцей свецкіх манер, знешняга лоску,  навучанню танцам, музыцы, спевам, авалоданню замежнымі мовамі. Іх з ранняга ўзросту прывучалі іграць на фартэпіана, спяваць перад гасцямі.

Сярод адукаваных гараджан Беларусі ў сярэдзіне XIX ст. стала традыцыяй правядзенне хатніх вечароў, дзе гучалі самыя новыя партытуры музычных твораў. Чыноўнікі сярэдняй рукі, служачыя, купцы і заможныя мяшчане устрайвалі вечарынкі ў коле сваякоў і блізкіх знаёмых [2, арк. 796], дзе моладзь спявала пад гітару або фартэпіяна, танцавала, а паміж танцамі і музыкай забаўляліся іграмі ў рыфмы, фанты і г.д.

Сярод гарадской моладзі, асабліва сярэдніх слаёў, вялікую папулярнасць набываюць вячэрнія шпацыры па цэнтральных вуліцах, скверах, бульварах, у гарадскіх парках ці садах, як іх тады называлі, набярэжных рэк [5, арк. 151-152.].

Вольны час ніжэйшых слаёў гараджан (рамеснікаў, рабочых, прыслугі), якія насялялі гарадскія ўскраіны, – таксама быў цесна звязаны з вуліцай. Летнімі вечарамі хлопцы і дзяўчаты з гарадскіх слабод і ўскраін гулялі на сваіх вуліцах, збіраліся на лавачках, бярвеннях каля чыёй-небудзь хаты. Там пад скрыпку, а з другой паловы XIX ст. пад гармонік, спявалі, танцавалі, расказвалі розныя гісторыі і байкі, гулялі ў лапту, гарадкі і іншыя вулічныя гульні.

Моладзь з заможных мяшчанскіх сем‘яў у сваіх дварах і садах таксама гуляла ў даганялкі, лапту, гарадкі, калыхаліся на арэлях.

Адным з асноўных цэнтраў грамадскага жыцця гараджан ў XIX ст. заставалася царква або касцёл. Гараджане строга выконвалі пасты, царкоўныя запаведзі. На вялікія святы царкву або касцёл наведвалі ўсе дарослыя веруючыя, акрамя хворых і састарэлых. Толькі ў канцы стагоддзя некаторыя прадстаўнікі дваранства, чыноўнікаў, служачых і рабочых перасталі наведваць царкву, не выконвалі пасты, хаця вянчаліся, хрысцілі дзяцей, адпявалі нябожчыкаў абавязкова ў царкве ці касцёле.

Да сярэдзіны XIX ст. гарадскія каляндарна-царкоўныя святы амаль поўнасцю паўтаралі вясковую традыцыю, але с развіццём буржуазных адносін і тыпова гарадскога ладу жыцця строгая рэгламентацыя свят і іх абраднасць пачалі парушацца, знік магічны бок многіх абрадавых дзеянняў і г.д.

У мяшчан у святы прынята было хадзіць у госці або прымаць гасцей. Пасля святочнай вячэры госці з гаспадарамі гулялі ў карты, а моладзь у асобным пакоі спявала пад фартэпіяна ці гітару, танцавала. Для юнакоў і дзяўчат гаспадары звычайна наладжвалі асобнае частаванне: чай, варэнне, яблыкі.

У дні царкоўных святаў ладзіліся масавыя народныя гулянні. Вясной і летам гулянні праходзілі ў парках, па ўзбярэжжах рэк, на галоўных вуліцах, у прыгарадных гаях. Там ігралі аркестры, выступалі куплетысты, гандлявалі рознымі прысмакамі, прахладжальнымі напоямі.

У канцы XIX – пачатку XX ст. у гарадах Беларусі сталі адчыняць сацыяльна-прафесійныя клубы: камерцыйныя, чыноўніцкія, прыказчыцкія, чыгуначнікаў і г.д. [6]. Яны нагадвалі дваранскія, афіцэрскія і англійскія, адрозніваючыся адзін ад аднаго галоўным чынам сацыяльна-прафесійнай прыналежнасцю іх членаў. Пры клубах ствараліся і дзейнічалі літаратурныя, музычныя і драматычныя гурткі, невялікія бібліятэкі. Членскія ўзносы ў такіх клубах былі невялікія, што адкрывала доступ у іх сярэднім слаям гараджан.

1 ліпеня 1897 года у беларускіх губернях быў уведзены казённы продаж напояў і адначасова ўстанаўліваліся губернскія і павятовыя папячыцельствы аб народнай цвярозасці, якія ў канцы XIX – пачатку XX ст. разгарнулі актыўную працу па адкрыцці чайных, народных дамоў і арганізацыі разнастайных культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў і народных забаў.

Народныя дамы павінны былі стаць асяродкам культуры для шырокіх слаёў гарадскога і местачковага насельніцтва і прапаноўваць яму разумныя і карысныя формы баўлення часу. Так, Слонімскі народны дом папячыцельства аб народнай цвярозосці праводзіў “забаўляльныя” вечары для простага народа, здаваў памяшканні ў арэнду для прыезджых артыстаў, пад канцэрты і спектаклі слонімскіх аматарскіх літаратурна-драматычнага і музычнага таварыстваў. У народным доме працавалі чайная і буфет [7].

На рубяжы XIX – XX ст. у Расіі з‘яўляецца кінематограф. З пачатку стагоддзя наведванне кінеатэатраў пачынае ахопліваць усе большую колькасць гараджан. Напрыканцы першага дзесяцігоддзя XX ст. кінатэатры меліся ўжо ў кожным буйным горадзе Беларусі. Жыхароў невялікіх населенных пунктаў з кінастужкамі калі-нікалі знаёмілі ўласнікі перасовачных кінаўстановак. Так, гродзенскі губернатар атрымліваў шмат прашэнняў аб дазволе дэманстраваць фільмы па гарадах і мястэчках губерні [8, арк. 2-2 адв.].

Аднак сацыяльная размежаванасць і карпаратыўнасць у формах правядзення вольнага часу захоўвалася і ў пачатку XX ст. У рабочых вольны час быў вельмі нязначным: гэта  быў пасіўны адпачынак, неабходны для аднаўлення фізічных сіл. Некаторыя маладыя работніцы і рабочыя бралі ўрокі танцаў у прыватных настаўнікаў, наведвалі вечарынкі, нядзельныя школы пры гарадскіх народных вучылішчах. У зімовы час вечарынкі былі самай распаўсюджанай формай правядзення моладдзю вольнага часу.

У асяроддзі чыноўнікаў, купцоў і заможных мяшчан вечарынкі моладзі вызначаліся вузкім і адобраным бацькамі колам удзельнікаў. На такія вечарынкі запрашалі сваякоў, сябровак дачок і хлапцоў са свайго сацыяльнага асяроддзя. Пры гэтым усе маладыя людзі павінны былі мець “добрыя манеры” і сціпла сябе паводзіць, інакш ім “адказвалі ад дому”. На такіх вечарынках бацькі ўважліва назіралі за моладдзю, падбіраючы дачцэ або сыну выгадную шлюбную “партыю”. Моладзь на вечарынках спявала модныя гарадскія рамансы і песні, танцавала пад грамафон ці фартэпіяна, гуляла ў розныя маладзёжны гульні (фанты, сапсаваны тэлефон, “мышку” і інш.).

Масавым зімовым відам баўлення часу ў канцы XIX – пачатку XX ст. у гарадской моладзі стала наведванне каткоў. Туды хадзілі кампаніямі, у асноўным прадстаўнікі сярэдніх і заможных колаў гараджан, маладыя рабочыя, гімназісты, студэнты.

Усё большую папулярнасць сярод гарадской моладзі ў канцы XIX – начатку XX ст. набываюць вячэрнія гулянні па цэнтральных вуліцах, у гарадскіх садах, па набярэжных рэк. Гімназістам прымаць удзел у вячэрніх вулічных гуляннях дазвалялася толькі па святах. Для іх у гімназіях па суботах наладжваліся вечары з танцамі, на якія ў мужчынскія гімназіі запрашалі дзяўчат з жаночых гімназій і наадварот.

Матэрыяльная незабяспечанасць дробных чыноўнікаў, настаўнікаў школ і вучылішч прымушала іх шмат працаваць, таму яны былі практычна пазбаўлены магчымасці паўнацэнна карыстацца дасягненнямі прафесійнай культуры.

Рост прамысловай сферы гарадоў надаў у пачатку XX ст. масавасць загарадным формам летняга адпачынку гараджан: маёўкам, рыбнай лоўлі, дачнаму адпачынку.

Трэба адзначыць, што ў баўленні вольнага часу мелі месца і выпадкі негатыўных паводзін: наведванне шынкоў, хуліганскія выхадкі, лаянка, бойкі. Так, у гарадскім садзе Гродна з дня ў дзень раніцай і ўвечары натоўп хлапчукоў, якія прадавалі тэлеграфныя бюлетэні, размясціўшыся на лаўках галоўная алеі, спявалі хуліганскія песні і адпускалі пошлыя жарты па адрасу гуляючай публікі, выразалі на лаўках розныя подпісы [7].

У вольным часе зберагаецца шмат форм, структур і элементаў, якія сваімі каранямі ідуць у глыбіню папярэдніх гістарычных эпох і звязваюць у адзіны вузел мінулае, сучаснае і будучыню.

 

Крыніцы і літаратура

 

1. НГАБ у г.Гродна. – Ф.1. – Воп.6. – Спр. 545.

2. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния / составил член Императорского Русского Географического Общества Генерального штаба подполковник П.Бобровский. Часть первая. – Санкт Петербург: В типографии Департамента Генерального штаба, 1863. – 866 с. футболки на заказ

3. НГАБ у г.Гродна. – Ф.1. – Воп.20. – Спр. 926.

4. НГАБ у г.Гродна. – Ф.1. – Воп.6. – Спр..1220.

5. Шпилевский, П.М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю / П.М.Шпилевский. – Мн.:Беларусь, 2004. – 251 с.

6. Гродненский губернские ведомости. –  № 24. – 31 января 1903 г.

7. Гродненские губернские ведомости. – №24. – 24 июня 1905 г.

8. НГАБ у г.Гродна. – Ф.1. – Воп.18. – Спр. 1437.
    

  Н.А. Івашчанка  

 
Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Праграма  фестывалю «Гальшанскі замак - 2018»  26 мая 2018 г.  аг.Гальшаны  Аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны  10:00 Адкрыты фестываль-конкурс інструментальнай музыкі «Музыкі ля замка Сапег»  Касцёл Святога Іаана Хрысціцеля аграгарадка Гальш...
Актуальнасць вывучэння гісторыі дробнай шляхты ў 30–60-я гг. XIX ст. абумоўлена значнай адметнасцю ў самасвядомасці, звычаях, паводзінах, якой вызначалася дробная шляхта. Дробная шляхта прымала вельмі актыўны ўдзел у значных падзеях грамадска-палітычнага жыцця...
Гарадскія паселішчы Беларускага Панямоння ўзніклі і развіваліся ў складаных тапаграфічных умовах. Даследчыкі адзначаюць тэндэнцыю да размяшчэння іх на рачных тэрасах, паміж сухімі і вільготнымі ўчасткамі. Акрамя таго, гарады і мястэчкі знаходзяцца на краях рач...