Категории

Асноўныя цяжкасці на шляху ажыццяўлення камасацыі ў Палескім ваяводстве ў 1921-1939 гг.

13 минут на чтение

На пачатак 1920-х гг. у заходнебеларускай вѐсцы былі даволі слаба развіты капіталістычныя адносіны, захоўваліся шматлікія перажыткі (адным з галоўных з іх была цераспалосіца), у аграрнай сферы шырока выкарыстоўвалася ручная праца і натуральная аплата. Цераспалосіца была адной з галоўных перашкод на шляху развіцця сельскай гаспадаркі, у сувязі з чым патрабавалася тэрміновае аб‘яднанне раскіданых сялянскіх надзелаў. Разам з тым пры правядзенні камасацыі  (ліквідацыі цераспалосіцы) ў Палескім ваяводстве ў 1921-1939 гг. польскім уладам прыйшлося сутыкнуцца з шэрагам істотных цяжкасцей.

Вялікую перашкоду на шляху камасацыі, якая ажыццяўлялася на падставе закона ад 31 ліпеня 1923 г. [19], уяўлялі складаныя мясцовыя прыродныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы, перш за ўсѐ забалочанасць, малая колькасць населеных пунктаў і цяжкае матэрыяльнае становішча мясцовага сялянства. Напрыклад, у справаздачы Палескай акруговай зямельнай управы (Poleski  Okręgowy  Urząd  Ziemski, ПАУЗ) за 1927 г. адзначалася, што ―цяжка на Палессі праводзіць зямельныя і мерныя работы, паколькі гэтыя землі палохаюць землямераў балотамі і прымітыўнымі ўмовамі пражывання, якія не могуць задаволіць элементарных патрэб інтэлігентнага землямера‖ [2, с. 137]. Падцвярджэннем гэтага з‘яўляецца  заява  ад 30 кастрычніка 1926 г. землямера Антонія Флісоўскага, які ажыццяўляў камасацыю зямель вѐскі Сабалі гміны Равяцічы Пружанскага павета і сведчыў, што яго памочнік Віктар Дробышаў у сувязі з цяжкімі забалочанымі мясцовымі прыроднымі ўмовамі без узгаднення з ім спыніў сваю працу, у сувязі з чым быў звольнены. На месца Дробышава прыехаў Ежы Янчак, які скончыў дзяржаўную школу землямераў у Варшаве і меў ужо вопыт трох гадоў працы па спецыяльнасці [11, Арк. 10].

Значнай перашкодай на шляху ажыццяўлення ў Заходняй Беларусі  камасацыі стаў востры недахоп кваліфікаваных кадраў для правядзення землямерных і меліяратыўных работ. На 1927 г. у Палескім ваяводстве, напрыклад, налічвалася ўсяго 136 кваліфікаваных землямераў: 21 урадавы і 22 прыватныя і 8 урадавых памочнікаў землямераў і 85 прыватных, што было відавочна недастаткова, улічваючы колькасць вѐсак, у якіх патрабавалася правядзенне камасацыі [14, Арк. 2]. 

Паводле ацэнак тагачасных польскіх даследчыкаў, калі першапачаткова ажыццяўленне камасацыі асобнай вѐскі зацягвалася на 3–5 гадоў, то з цягам часу дзякуючы некатораму ўдасканаленню працэдуры камасацыі і назапашванню надзвычай карыснага вопыту тэрміны скараціліся да 1½–2 гадоў, якія ішлі ў першую чаргу на падрыхтоўку неабходнай нарматыўна-прававой і тэхнічнай дакументацыі. За сезон два кваліфікаваныя інжынеры-землямеры з дапаможным персаналам маглі ажыццявіць памер 1 000 га на абшары некалькіх гмін, у той час як для высвятлення ўсіх абставін справы неабходна была б дзейнасць некалькіх юрыстаў [17,  s. 127].

Вялікай праблемай на шляху камасацыі стала таксама непісьменнасць многіх мясцовых сялян, з-за чаго ўладам часта было цяжка дакладна вызначыць усе абставіны землеўладання і землекарыстання. У сувязі з неабходнасцю складання шматлікіх нарматыўна-прававых дакументаў ажыццяўленне камасацыі асобных вѐсак часта зацягвалася нават на некалькі гадоў, што выклікала рэзкае незадавальненне і скаргі мясцовага сялянства, якое пры камасацыі несла вялікія затраты і спадзявалася на хутчэйшае яе ажыццяўленне. Так, 6 верасня 1926 г. жыхары вѐскі Вулька гміны Антопаль Кобрынскага павета скардзіліся ў ПАУЗ на землямера Адольфа Лапінскага: ―камасацыя (у нашай вѐсцы) ідзе з пачатку 1925 г., (мы) спадзяваліся, што яна працягнецца 3-4 месяцы, а яна ідзе ўжо два гады, з-за чаго наша вѐска засталася без куска хлеба, і мы не толькі не можам пракарміцца, але і выплаціць падаткі як дзяржаўныя, так і гмінныя. Просім… паскорыць правядзенне (ў нашай вѐсцы) камасацыі‖ [9, Арк. 8].

7 верасня 1928 г. пружанскі павятовы зямельны камісар паведамляў вышэйстаячым уладам, што 3 верасня наведваў Юлію Чарноцкую, удаву памочніка землямера Валер‘яна Чарноцкага, які ажыццяўляў камасацыю ў вѐсцы Лясоты гміны Турна Брэсцкага павета. Мэтай візіта  было забраць у яе дакументы па камасацыі вѐскі Лясоты, але ўдава паведаміла, што ў дзень смерці муж паведаміў ѐй, што землямер Тадэўш Стульгінскі павінен быў заплаціць яму грошы за ажыццѐўленыя работы. Па гэтай прычыне да поўнага разліку Чарноцкая адмаўлялася вярнуць патрабуемыя дакументы і падкрэслівала, што пасля смерці мужа засталася адна з 3 дзецьмі і без граша ў кішэні, у сувязі з чым не можа рушыць з месца і таму прасіла тэрмінова разгледзець яе хадайніцтва [13, Арк. 7, 9]. Далейшы ход справы невядомы, але відавочна, што такая сітуацыя не магла не выклікаць затрымкі пры правядзенні ў вѐсцы аб‘яднання надзелаў. 

Неабходна падкрэсліць, што ўлады надавалі вялікую ўвагу камасацыі і пільна кантралявалі працу землямераў на ўсіх яе этапах. У выпадку зацягвання тэрмінаў складання планаў камасаваных зямель землямеру пагражаў штраф у памеры 10 % ад аплаты за вызначаны аб‘ѐм работы за кожны месяц затрымкі, а ў выключных выпадках зварот выплачаных грошаў у двайным памеры. Так, напрыклад, 29 кастрычніка 1926 г. Тэхнічны аддзел ПАУЗ звяртаўся ў Генеральную пракуратуру міжваеннай Польшчы з паведамленнем, што землямер Антоні Раланд не выканаў свае абавязкі па камасацыі зямель вѐскі Бараны гміны Азяты Кобрынскага павета (абшарам каля 154 га). Раланд павінен быў распачаць сваю працу ў Баранах не пазней 1 чэрвеня 1926 г., але па стане на 11 ліпеня так у вѐсцы не з‘явіўся і адпаведна ніякіх прац не распачаў. У якасці аванса землямеру паштовым пераводам выплачана 215 злотых 60 грошаў, у сувязі з гэтым з яго неабходна было спагнаць разам з штрафам 431 злоты 20 грошаў. Справа надоўга зацягнулася, землямер адказваў, што не мог прыступіць да працы ў в. Бараны ў сувязі з неспрыяльнымі мясцовымі атмасфернымі ўмовамі, а грошы не вярнуў, бо ад яго  гэтага раней не патрабавалі. Такое тлумачэнне відавочна не задаволіла ПАУЗ, якая адзначала, што на самой справе: 1) даручанай справы Раланд не распачаў не ў сувязі з цяжкімі ўмовамі, а з-за адсутнасці добрай волі; 2) да землямера неаднаразова звярталіся з патрабаваннем вярнуць грошы, але адказу так і не атрымалі, таму вымушаны былі звярнуцца ў пракуратуру з мэтай звароту грошай у судовым парадку. Далейшы ход справы невядомы [10, Арк. 2-10].

Пры правядзенні камасацыі часам у супярэчнасць уступалі інтарэсы розных дзяржаўных устаноў, што перашкаджала хуткаму ажыццяўленню камасацыі. Так, напрыклад, 14 верасня 1931 г. Дырэкцыя дзяржаўных лясоў у Белавежы прасіла ПАУЗ у сувязі з цяжкай гандлѐва-гаспадарчай сітуацыяй працягнуць яшчэ на адзін год (да 1 красавіка 1933 г.) тэрмін, вызначаны на вырубку лесу на надзелах, якія падлягаюць замене і як мага хутчэй даць свой адказ. У адказе зямельнай управы ад 30 верасня  падкрэслівалася, што зрабіць гэта можна толькі са згоды зацікаўленых асоб з ліку ўдзельнікаў камасацыі.

Азначаная справа па розных прычынах зацягнулася, так, напрыклад, у кастрычніку 1931 г. прапаноўвалася частку лясных анклаваў заставіць у якасці ахоўных і ішла дыскусія, як ацэньваць вырублены лес – як лясныя надзелы ці ворную зямлю. У выніку 19 студзеня 1933 г. ПАУЗ адзначала, што вызначэнне ахоўных абшараў лесу не адносіцца да яе кампетэнцыі і таму не мае падстаў да іх класіфікацыі, бо нічога пра іх раней не ведала, а ацаніць іх можа як землі найгоршай якасці V, VI ці нават VII класу [7, Арк. 2, 3, 7, 9, 16].

Акрамя таго, 13 кастрычніка 1932 г. Дырэкцыя дзяржаўнай чыгункі звярталася ў ПАУЗ з заявай, што на 166-тым кіламетры чыгункі Граева-Брэст з левага боку калеі ў чэрвені 1932 г. пры камасацыі вѐскі Голя гміны Полаўцы Брэсцкага павета праз недагляд землямера Рудольфа Латаўца насуперак існуючым межавым знакам заняты чыгуначныя землі, якія з‘яўляюцца незаменнымі для ўсталявання на зіму супрацьснежных заслонаў. Мясцовае насельніцтва знішчыла межавыя знакі, у сувязі з чым Дырэкцыя прасіла як мага хутчэй разбрацца ў справе і даць свой адказ. 19 кастрычніка 1932 г. ПАУЗ паведамляла, што межы надзелаў вѐскі Голя з чыгуначнымі землямі вызначана яшчэ 6 жніўня 1928 г. у адпаведнасці з існуючымі абставінамі справы ў прысутнасці прадстаўніка Дырэкцыі Яна Дэмбскага, які не выказаў ніводнай заўвагі і падпісаў пратакол вызначэння межаў. Знішчаныя насельніцтвам межавыя знакі неабходна аднавіць на падставе плана, які захоўваецца ў архіве акруговай зямельнай управы, а вінаватых адпаведна пакараць.  У  адказе падкрэслівалася, што  камасацыя вѐскі Голя скончана яшчэ ў 1931 г. і межы надзелаў зацверджаны 31сакавіка 1932 г. Аднаўленне гэтых межаў паводле існуючага заканадаўства не належыць да кампетэнцыі ПАУЗ, а да абавязку непасрэдна задзейнічаных землямераў. Разам з тым, землямер Рудольф Латавец поўнасцю выканаў свае абавязкі ў азначанай вѐсцы 7 верасня 1931 г. і аніяк не мог у чэрвені 1932 г. ажыццяўляць там працы па камасацыі [12, Арк. 72-74].

Міністр сельскай гаспадаркі Юліўш Панятоўскі ў цыркуляры ад 20 студзеня 1935 г. абгрунтоўваў зацягванне тэмпаў рэалізацыі камасацыі недастатковаю падрыхтоўкай землямерных прац перад іх ажыццяўленнем на грунце; нізкаю кваліфікацыяй выканаўцаў работ па ссяленні; недаацэнкай удзельнікамі ссялення гаспадарчага боку і неўдакладненнем яго з хутаранамі; неналежным выкананнем з боку павятовых старостваў неабходных землямерных работ; слабай арганізацыяй нагляду за правядзеннем работ па ссяленні.

Міністр звяртаў асаблівую ўвагу, што распачынанне на грунце землямерных работ без удакладнення існуючых на месцы аграрных адносін зацягвае ссяленне, у выніку чаго страты нясуць як дзяржава, так і сяляне. Адначасова многія землямеры з мэтаю як мага больш зарабіць набралі заказаў на камасацыю ў некалькіх аддаленых мясцовасцях, а асноўныя работы па складанні і рэалізацыі праектаў перакладалі на памочнікаў, што яшчэ больш зацягвала тэрміны ссялення [15,  k. 3]. Так, на пачатку 1934 г. сяляне вѐскі Здзітава гміны Пескі Косава-Палескага павета звярталіся да ўладаў з паведамленнем, што землямер Освальд Дэнгль на працягу ўсяго перыяду камасацыі быў у вѐсцы ўсяго два ці тры разы, у сувязі з чым склаў неадпаведны рэчаіснасці рэестр класіфікацыі зямель, не праінфармаваў аб ім мясцовых сялян, у сувязі з чым яны не маглі своечасова падаць скаргі, акрамя таго, загадаў ім пераходзіць на новыя надзелы яшчэ да зацвяржэння дзяржаўнымі ўладамі праекту камасацыі вѐскі. У такіх неспрыяльных умовах палова гаспадарак атрымалі зямлю ў тых месцах, дзе не маглі рацыянальна весці асабістую гаспадарку. Пры разглядзе падання ўлады прыйшлі да высновы, што асноўныя працы па камасацыі Здзітава выкананы памочнікам землямера Мечыславам Грынкевічам, а Дэнгль у поўным аб‘ѐме ажыццяўляў над імі нагляд.

Новыя надзелы вызначаны ў поўнай адпаведнасці з існуючым заканадаўствам і мясцовымі  гаспадарчымі і тапаграфічнымі умовамі, якія неабходна браць пад разгляд, у сувязі з чым скаргі былі прызнаны не заслугоўваючымі ўвагі і застаўлены без задавальнення [3, Арк. 2].

Многія сяляне лічылі, што камасацыя аўтаматычна палегчыць іх матэрыяльнае становішча, у той час як у рэчаіснасці яна стварала для гэтага даволі спрыяльныя магчымасці і была толькі пачаткам справы. Некаторыя мясцовыя жыхары, ведаючы, што ў хуткім часе іх зямля пяройдзе да іншага гаспадара, свядома пераставалі яе добра апрацоўваць і ўносіць угнаенні, у выніку чаго для новых гаспадароў ствараліся значныя праблемы [16, s. 1]. Так, напрыклад, 21 снежня 1934 г. жыхары вѐскі Вялікія Арлы гміны Хорск Столінскага павета пісалі ў звароце да ўладаў, што камасацыя на іх землях распачалася яшчэ ў 1928 г., ідзе ўжо досыць доўга (у многім па прычыне змены землямера-выканаўцы работ) і восенню 1933 г. прыпынілася ў сувязі з неабходнасцю рэгуляцыі ракі Ветліцы Аддзелам водных шляхоў зносін.

Мясцовае насельніцтва з распачаццем прац па камасацыі перастала ўгнойваць свае ранейшыя надзелы і стала перавозіць гной на новыя хутары. Пры такім стане справы доўгі перапынак у ажыццяўленні камасацыі выкліча збядненне сялян вѐскі Вялікія Арлы, бо неўгноеная зямля кожны год дае менш ураджаю.

У лістападзе 1933 г. палеская ваяводская ўправа загадала сялянам выплаціць траціну неабходных плацяжоў за камасацыю, але мясцовыя вяскоўцы зрабіць гэта не ў стане. Паводле існуючага заканадаўства плату за камасацыю, якая не перавышае 50 злотых, сяляне павінны выплаціць за адзін раз, але большасці з  іх зрабіць гэта немагчыма. У сувязі з гэтым жыхары вѐскі Вялікія Арлы прасілі дазволіць ім выплаціць азначаныя плацяжы за два разы, бо ад гэтага моцна залежаць іх адносіны да дзяржаўных уладаў [4, Арк. 29]. Далейшы ход справы невядомы.

Для поспеху камасацыі неабходна была добраарганізаваная сумесная праца сялян разам з дзяржаўнымі ўладамі. Варта адзначыць, што ў некаторых выпадках сяляне не маглі самастойна абраць склад мясцовай рады ссялення, у такіх абставінах членаў рады вызначалі польскія ўлады. Так, 13  сакавіка 1936 г. пры разглядзе абставін справы камасацыі вѐскі Боркі гміны Велікарыта Брэсцкага павета дзяржаўныя ўлады вызначылі, што 21 ліпеня 1935 г. выбары рады ссялення ў вѐсцы не ажыццяўляліся. Каля 20 ліпеня 1935 г. працаўнік мясцовай гміннай управы Чэслаў Мюлер прыехаў у вѐску Боркі, выслухаў большасць мясцовых жыхароў і прыйшоў да высновы, што незадавальненне і скаргі сялян можна было б пазбегнуць праз замену існуючай рады. У сувязі з тым, што з-за жніва большасць радных адсутнічала, Мюлер па ўпаўнаважанні войта гміны даручыў солтысу склікаць грамадскі сход. Гэтае даручэнне было выканана і Мюлеру быў прадастаўлены 22 ліпеня спіс кандыдатаў у члены рады, падпісаны солтысам і дзевяццю раднымі ўпаўнаважанымі. Кандыдаты зацверджаны

павятовым старастам 26 ліпеня 1935 г. [5, Арк. 13].

У многіх выпадках цераспалосныя надзелы некалькіх навакольных вѐсак у выпадку мэтазгоднасці падлягалі адначасоваму аб‘яднанню, але і тут справа не абыходзілася без канфліктаў. Напрыклад, 14 жніўня 1936 г. жыхары вѐскі Коты гміны Дзяткавічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства пісалі, што 1 жніўня даведаліся аб тым, што кобрынскі павятовы зямельны камісар па прыбыцці на месца паведаміў на грамадскім сходзе аб сваім рашэнні праводзіць камасацыю вѐсак Рашын і Коты сумесна. Сяляне пісалі, што землі жыхароў вѐскі Коты аддзелены межамі з капцамі, акрамя таго, бацькі, дзяды і прадзяды карысталіся гэтымі землямі спрадвеку асобна ад сялян суседняй вѐскі. У сувязі з гэтым, азначаныя сяляне не жадалі агульнага правядзення камасацыі, якая можа выклікаць паміж жыхарамі абодвух вѐсак вялікія нязгоды і нават крывавыя бойкі.

24 кастрычніка 1936 г. палескі ваявода зрабіў выснову, што абедзьве вѐскі ўяўляюць адну адміністрацыйную адзінку, атрымалі зямлю з аднаго маѐнтка Ключ-Зѐлаўскі па адзінаму акту. У сувязі з гэтым з гаспадарчых поглядаў (асабліва пры вызначэнні межаў надзелаў і сеткі дарог даезду) прынята рашэнне ажыццяўляць камасацыю сумесна, а скаргі сялян вѐскі Коты з‘яўляюцца цалкам беспадстаўнымі [6, Арк. 3, 4]. 

Большасць заходнебеларускіх сялян мела схільнасць па зразумелых прычынах пераацэньваць вартасць страчаных надзелаў і пераменшваць вартасць атрыманых. Так, напрыклад, 19 мая 1939 г. селянін Юзаф Чарняк з хутара Новыя Клюкі каля вѐскі Шэрашава гміны Гарадзечна Пружанскага павета  Палескага ваяводства скардзіўся, што атрымаў землі, вартасць якіх была істотна завышана. На яго думку выходзіла, што:

1) зямля ў гаі ―Запарочча‖ ацэнена ў 40-60 злотых за 1 га (на самой справе каштуе 20-40) і 70 (40);

2) зямля ў гаі ―Пацераб‖ – 20 (5) і 50 (30); 3) у гаі ―Ваўчынец‖ – 5 (2) і 20 (10) адпаведна, у сувязі з чым селяніні павінен быў атрымаць дадатковую зямлю. На заяву 23 чэрвеня 1939 г. быў дадзены адказ зямельнага інспектара, што зямля ацэнена правільна і адпавядае паказчыкам класіфікацыі [8, Арк. 18-21].

Асноўную прычыну сялянскага руху супраць камасацыі польскія ўлады бачылі менавіта ў дзейнасці левых. Так, напрыклад, 5 снежня 1938 г. начальнік аддзела сельскай гаспадаркі і аграрнай рэформы палескай ваяводскай управы паведамляў у сакрэтнай  справаздачы мясцоваму аддзелу грамадскай бяспекі, што камасацыя не магла даць патрабуемых вынікаў па прычыне ―неразумення сутнасці ажыццяўляемай палітыкі хутарызацыі і з-за ўплыву некаторых мясцовых крыкуноў (вѐска Рудня Высоцкай гміны Столінскага павета)… За мінулы (1937 г.) меў месца толькі адзін выпадак супраціву сялян у перыяд хутарызацыі на падставе гаспадарчых канфліктаў пры яе ажыццяўленні (вѐска Адвержыцы Столінскай гміны)‖ [1, с. 238]. 

У цэлым на той час у Заходняй Беларусі прафесія землямера па прычыне незадаволенасці пры правядзенні

камасацыі значнай колькасці сялян, якія лічылі сябе пакрыўджанымі, станавілася часта небяспечнай для яго

здароўя і нават для жыцця. Як паведамлялася, напрыклад, у цытаванай справаздачы: ―... у вѐсцы Нечатава Плотніцкай гміны Столінскага павета псіхічна ненармальны (мясцовы) селянін збіў землямера-выканаўцу работ па хутарызацыі з-за нанесенай яму пры правядзенні хутарызацыі крыўды. Павятовы стараста перадаў (дадзеную) справу пракурору‖ [1, с. 472].

Падводзячы вынікі, неабходна зрабіць выснову, што сучаснікі разглядаемых падзей падкрэслівалі, што рэалізацыя камасацыі прыводзіць да павышэння ўраджайнасці зямлі дзякуючы паляпшэнню якасці яе апрацоўкі. Так, пры аналізе 49 сялянскіх гаспадарак з 32 скамасаваных у 1927–1933 гг. вѐсак Палескага ваяводства адзначалася, што, калі пры цераспалосіцы ў цэнтнерах з 1 га ўраджай пшаніцы складаў 5,0, жыта – 7,0, ячменю  –  4,8, аўсу  –  10,0, бульбы  –  85, сена  –  13, то пасля камасацыі паказчыкі сталі даволі істотна вышэйшымі: пшаніца – 7,5, жыта – 9,0, ячмень – 8,0, авѐс – 10,0, бульба – 100, сена – 16 [18, s. 8]. У цэлым камасацыя была на той час даволі эфектыўным, але вельмі затратным спосабам рацыяналізацыі і інтэнсіфікацыі заходнебеларускай сельскай гаспадаркі. 

Пры рэалізацыі камасацыі польскія ўлады сутыкнуліся з цэлым шэрагам істотных цяжкасцей аб‘ектыўнага (перш за ўсѐ цяжкае матэрыяльнае становішча мясцовага сялянства, недахоп землямераў, неабходнасць складання вялікай колькасці дакументацыі і г. д.) і суб‘ектыўнага (актыўная дзейнасць левых, роззнагалоссі ў ацэнцы вартасці зямель, жаданне мясцовых сялян атрымаць дадатковую зямлю і г. д.) характару, у сувязі з чым нягледзячы на актыўную дзейнасць на верасень 1939 г. камасацыя ў Палескім ваяводстве была яшчэ далѐка не выканана ў поўным аб‘ѐме.

В.П.Гарматны

Историко-философские и социально-политические аспекты сохранения национальнойидентичности белорусского общества(Дню Победы советского народа в Великой

Отечественной войне посвящается) [Текст] : материалы Республ. науч.- практ. конф., 17 апреля 2015 г., г. Барановичи, Респ. Беларусь / редкол.: А.
В.Никишова (гл. ред.),А.В.Демидович (отв. ред.),З.Н.Козлова [и др.] — Барановичи : РИО БарГУ, 2014.
Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

На территории Западной Беларуси в 1921–1939 гг. насчитывалось 198 местечек, из них в Белостокском воеводстве – 31, Виленском – 81, Новогрудском – 54, Полесском – 32. В местечках еврейское население являлось значимой и зачастую доминирующей демографической груп...
У творчасці Янкі Купалы вершаў, якія  толькі ў загалоўку ўтрымліваюць канцэпт шляху ці дарогі, назбіраецца на добрую паэтычную кнігу. Зрэшты, і кніга з назвай матыву таксама ёсць: «Шляхам жыцця». Выбіраючы загалоўкавую фармулёўку для аднаго з лепшых паэтычных ...
Эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі пачалася амаль адразу пасля яе ўключэння ў склад Польскай дзяржавы паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. Заходнебеларускія землі, якія з’яўляліся аграрным прыдаткам, крыніцай сыравіны і таннай рабоч...