Категории

Антычная літаратура і станаўленне беларускай пародыі

13 минут на чтение

Як літаратурны жанр пародыя ўзнікла і атрымала афіцыйнае прызнанне ў Старажытнай Грэцыі ў V  ст. да н.э. Упершыню пародыя як літаратурны тэрмін сустракаецца ў Арыстоцеля. Кантэкст, у якім Арыстоцель ужывае слова “пародыя” у  сваёй “Паэтыцы”, вельмі вузкі, але з яго зразумела, што пад пародыяй разумелася “перайманне” у тым шырокім значэнні, што было ўласціва для антычнасці, дзе мастацтва ўспрымалася як перайманне рэчаіснасці. Па словах Арыстоцеля,  «эпічная і трагічная паэзія, а таксама камедыя і паэзія дыфірамбічная… – усё гэта, уласна кажучы, мастацтвы пераймальныя. Перайманне адбываецца ў рытме, слове і гармоніі, асобна ці разам: так, толькі гармоніяй і рытмам карыстаюцца аўлетыка і кіфарыстыка і іншыя музычныя мастацтвы, якія адносяцца да гэтага ж роду; а тое мастацтва, якое карыстаецца толькі словамі без памеру ці з метрам, прытым альбо змешваючы некалькі памераў адзін з адным, альбо скарыстоўваючы адзін які-небудзь з іх, дасюль застаецца без азначэння: бо мы не маглі б даць агульнай назвы ні мімам Сафрона і Ксенарха і сакратычным размовам, ні калі  б хто здзясняў перайманне з дапамогай трыметраў, элегічных ці якіх-небудзь іншых падобных вершаў. Пераймаць даводзіцца ці лепшых, чым мы, ці горшых, ці нават такіх, як мы… Так, Гамер паказваў лепшых, Клеафант – звычайных, а Гегемон Фасасец, першы творца пародый, і Нікахар, творца “Дэліяды”, – горшых” [1, с. 23-24].

Як незалежны літаратурны жанр, пародыя звязана з Гегемонам, хоць яшчэ да яго існавала парадыйна-камічная паэма “Маргіт”. Герой паэмы – дурнаваты, бесталковы, нязграбны чалавек, якога высмейваюць за яго недарэчныя ўчынкі, у прыватнасці за няўменне абыходзіцца ў першую шлюбную ноч са сваёй жонкай. Аўтарства паэмы неабгрунтавана прыпісваецца Гамеру.

Неабходна згадаць і камічную паэму “Батрахаміямахія” (Вайна лягушак і мышэй), якая з’явілася як пародыя на гамераўскую “Іліяду”. Яе невядомы аўтар – адны лічылі Гамера, іншыя называлі паэта Пігрэта, – парадыруе не толькі змест “Іліяды”, але і яе стыль і паэтыку, выкарыстоўваючы цалкам гамераўскія вершы і гамераўскія формулы.

Яшчэ адна традыцыя звязвае антычную спадчыну са старажытнай атычнай камедыяй, пра што сведчаць творы Арыстафана.

У Арыстафана міфалагічныя героі парадыруюцца, дзякуючы знішчальнаму смеху, які выступае зброяй бязлістаснага выкрыцця зла. Пра гэта сведчаць адпаведныя парадыйныя сцэны народнага сходу ў камедыях Арыстафана “Ахарняне” і “Коннікі”. Асобныя сцэны і сітуацыі парадзіраваліся і ў камедыі “Восы”. Гэта і выдатная пародыя на судовае разбіральніцтва, дзе ў ролі істца і адказчыка выступаюць сабакі, што ўвасабляюць пэўных палітычных дзеячоў, а таксама эпізод, у якім паказваюцца ўцёкі Адысея з пячоры Паліфема. І хоць сам Арыстафан заяўляе,  што камедыя “Восы” ўсяго толькі “забаўная казачка”, усё ж многія дасціпныя і злыя жарты ў яго камедыі гучаць даволі горка і скрозь іранічны смех выразна адчуваецца і жаль, і смутак.   

Выдатна парадыруе Арыстафан стыль і мову Эсхіла і Еўрыпіда ў сваёй камедыі “Лягушкі”, дзе асаблівую цікавасць уяўляе спаборніцтва паэтаў у песнях.  Тут Арыстафан разглядае асноўнае пытанне аб задачах паэтычнага мастацтва. Вуснамі Эсхіла Арыстафан выказвае свае ўласныя думкі аб значэнні і задачах драматургіі. Эсхіл перамагае ў спрэчцы Еўрыпіда,  і Дыяніс бярэ яго з сабой на зямлю. Арыстафан у гэтай п’есе ўдала парадзіруе і міф аб падарожжы Геракла ў падземнае царства, насычаючы эпізоды, звязаныя з Дыянісам і яго рабом Ксанфіем, вясёлымі жартамі, фарсам з пераапрананнем, грубым камізмам.

Беларуская  пародыя, як і антычная, узнікла як дзейсны фактар і эфектыўны сродак барацьбы супраць састарэлай ідэалогіі, прадоўжыла і развіла з’яву “навыварат”, адыграла вялікую ролю ў станаўленні і развіцці новай беларускай літаратуры. Не выклікае ніякіх сумненняў, што аўтар “Прамовы Мялешкі быў добра знаёмы са сцэнай народнага суда з камедый Арыстафана “Ахарняне” і “Коннікі”. Аўтар  знішчальнай сатырычнай прамовы Іван Мялешка накіраваў яе супраць згубнай паланізатарскай палітыкі Польскага Каралеўтва на Украіне і Беларусі, з’едліва высмееў побыт і норавы апалячанай, акаталічанай беларускай і ўкраінскай шляхты. Паводле зместу “Прамова Мялешкі” – гэта не соймавая прамова, а палітычны памфлет, парадыйна-сатырычны твор.

Выдатным узорам палітычнай сатыры з’яўляецца памфлет “Ліст да Абуховіча”, хутчэй за ўсё – гэта пародыя на дзелавое пасланне. Пачцівыя звароты аўтара да смаленскага ваяводы Піліпа Казіміра Абуховіча надаюць твору саркастычны характар. “Прамова Мялешкі” і “Ліст да Абуховіча” з’явіліся крокам наперад у развіцці  беларускай літаратуры. У творах свядома пераймаецца стыль, імітуюцца сеймавыя прамовы і дзелавое пасланне.

Невядомы аўтар канца ХVІІІ ст.  стварае яскравую пародыю  на біблейскае пісанне, парадыйна-сатырычную паэму “Уваскрэсенне Хрыстова”. У творы зроблена спроба спрашчэння “высокіх” біблейскіх сюжэтаў пра другое “пришествие” Ісуса Хрыста, які пасля свайго ўваскрасення спусціўся ў пекла і выратаваў адтуль першых людзей – Адама і Еву, што пакутавалі за свае грахі.

“Уваскрэсенне Хрыстова” – самы значны беларускі твор бурлескага жанру ў чыстым выглядзе, які заснаваны на перавялічана камічным паказе біблейскага жыцця.

Класічныя традыцыі антычнай пародыі і твораў Арыстафана працягваюць аўтары ўкраінскай, рускай і беларускай “Энеіды навыварат”, якія  напаўняюць вобразы Вергілія новым зместам, паказваюць сувязь новай літаратуры з традыцыямі антычнай культуры.

Дзеянне беларускай «Энеіды навыварат» разгортваецца ва ўмовах класічнай старажытнасці і ў той жа час у пэўнай меры ў родных мясцінах аўтара. Выкарыстаўшы фабулу старажытнарымскай паэмы, Вікенцій Равінскі  расказвае пра падарожжа і прыгоды Энея, які пасля разгрому Троі грэкамі, разам са сваімі воямі-траянцамі накіраваўся морам у Рым, каб там заснаваць новае царства. У час падарожжа ён сустракае шмат перашкодаў, перажывае розныя прыгоды. Спачатку яго і траянцаў намерылася загубіць багіня Юнона, якая падгаварыла бога вятроў Эола ўзняць на моры буру. Але Эней звяртаецца за дапамогай да бога Нептуна, які адганяе вятры і суцішае мора. Далей траянцы спыняюцца ў Карфагене. Карфагенская царыца Дыдона спачатку насцярожана паставілася да траянцаў, накінулася на іх з лаянкай, але, убачыўшы Энея, палагаднела, запрасіла яго і ягоных таварышаў да сябе, наладзіла ім пачастунак. Сюжэт ў беларускай «Энеідзе», як і ў «Энеідзе» Вергілія, «вядзе» Эней. Вакол яго разгортваюцца страсці багоў, ад якіх залежыць лёс Энея. Пабудаваная паводле першай песні «Энеіды» Вергілія, беларуская «Энеіда навыварат» пачынаецца так:

 

Жыў-быў Эней, дзяцюк хупавы,

Хлапец няўвошта украсіў ;

Хоць пан, але удаўсь ласкавы,

Даступен, вецел, не грабіў.

Ды грэкі вуйму нарабілі:

Як ляда, Трою ўсю спалілі.

Кашэль ён згробшы - наўцек,

І, швыдка зробіўшы чаўнок,

Траянцамі яго набіў

Ды ў мора з імі ён паплыў [2, с.15].

 

Для Вергілія падзенне Троі, блуканне Энея, заснаванне Лавінія і Альбы Лонгі — усё гэта мае пэўную мэту: паказаць узнікненне Рыма. Вікенцій Равінскі на вобразах сваёй паэмы паказаў рэальнае жыцце розных саслоўяў беларускага грамадства першай паловы XIX ст., адлюстраваў нявольніцкае становішча прыгоннага сялянства.  Як адзначае Уладзімір Мархель,  “на ўрачыстасць у «Энеідзе», здаецца, няма ніякага намёку, але яна прысутнічае ў падтэксце, у здольнасці аўтара незвычайную і не сваю мінуласць абзвычаіць і асвойтаць. Урачыстасць тут якраз выяўляецца не ў захапленні загадкавай антычнасцю, а ў пераадоленні гэтага захаплення і ў рэшцэ рэшт — у разняволенні духу” [3, с.21].

У «Энеідзе навыварат» антычнасць і яе традыцыйнае выкарыстанне — бурлеск і травесція — сталі апорай для зацвярджэння новых ідэй у беларускай літаратуры. Супастаўленне ў паэме беларускіх і рымскіх побытавых рэалій успрымаецца чытачамі арганічна, і ў той жа час аўтар як бы падкрэслівае травестацыю твора. Своеасаблівасць і арыгінальнасць «Энеіды навыварат» у тым і заключаецца, што ў ёй цесна ўзаемадзейнічаюць гэтыя шматлікія рэаліі, антычнасць «урываецца» ў беларускі побыт, а беларускі побыт уваходіць у антычнасць. Антычныя героі і багі ў «Энеідзе навыварат» набываюць сялянскія рысы і паводзяць сябе не як міфічныя асобы, а як канкрэтныя людзі адпаведнага беларускага рэгіёну ва ўмовах прыгону. Антычная міфалогія набліжаецца да нас у часе, становіцца свойскай і будзённай з’явай.

Героі паэмы В.Равінскага, іх учынкі, матываванне гэтых учынкаў ператворана ў поўную процілегласць таму, чым яны з’яўляюцца ў паэме Вергілія. Адкідаўся ідал, каб абвергнуць усю бязглуздасць яго жрацоў. Знішчальна высмейваліся мараль і эстэтыка дваранства праз зніжэнне вобразаў рымскіх багоў і герояў, якія нібыта былі носьбітамі гэтай жа маралі і эстэтыкі. Так антычныя багі ў беларускай «Энеідзе» выступаюць без маскі напышлівай вялікасці і непагрэшнасці, не па-за часавай прасторай, а ў рэальным жыцці. На вобразах старажытных багоў чытач лёгка распазнае распусных прыгоннікаў. Хто з іх не «зводнік», не «буянец», не «злодзей»?  Хто не квапіцца на грошы, не любіць «цешыць грэшна цела», не любіць «сцябаць гарэлку»?  Аўтар выразна малюе карціну прыгону.

Як відаць, аўтар беларускай травесціі не толькі для формы карыстаецца міфалагічным сюжэтам аб прыгонніцкім вандраванні Энея. Сваёй паэме В.Равінскі надае прыкметы беларускага нацыянальнага каларыту, адлюстроўвае ў ёй тыповыя рысы сялянскага побыту і жыцця розных грамадскіх слаёў эпохі прыгону. Ідэйна-эстэтычная вартасць паэмы і заключаецца якраз у тым, што адмоўныя рысы герояў «падаюцца не як «прыродныя», а як сацыяльныя, спароджаныя прыгонніцтвам, канкрэтна-гістарычнымі абставінамі жыцця» [4, с. 66]. З’яўленне беларускай «Энеіды» было перш за ўсё праяўленнем глыбокага духоўнага яднання яе аўтара са сваім народам і яго культурай.

Трэба адзначыць, што важнейшай крыніцай, якая жывіла бурлескна-травесційную і парадыйную накіраванасць В. Равінскага, з’явілася старажытнагрэчаская «Батрахаміямахія». Гэта іроі-камічная паэма была шырока вядома як у Заходняй Еўропе, так і ў Расіі, на Украіне і ў Беларусі. Напрыклад, першы рускі празаічны пераклад гэтага твора з’явіўся ў 1700 годзе пад назвай «Брань жаб и мышей, Гомером древле описана».

У Вікенція Равінскага знаходзім такія радкі:

От так і мора заравела,

Бублілась, пенілась, шумела.

Эней спалохаўся, ўсхадзіўся.

Матуз ад портак аж зваліўся,

Са страху й нюні распусціў

Ды, як у трасцы, ён завыў [2, с.19].

 

Гэты эпізод беларускай травесціі сугучны радкам старажытнагрэчаскай паэмы, дзе апісваюцца падзеі, калі мышаня Крахабор, сын Хлебаеда, пераплывае неспакойную сажалку на плячах Уздуламорды. Дадзены эпізод у Равінскага можна разглядаць як рэмінісцэнцыю з вядомага старажытнага твора.

Нельга не адзначыць наяўнасць падобных рэмінісцэнцый у «Энеідзе» Івана Катлярэўскага. Для прыкладу возьмем тое апісанне ў паэме, дзе ўкраінскія героі вядуць падрыхтоўку да ваенных дзеянняў:

 

Для куль — то галушки сушили,

А бомб — то з глини наліпили,

А слив солоних - для картеч;

Для щитів ночви припасали

Ідна із діжок вибивали

І приправляли всім до плеч [5, с.153].

 

Нешта падобнае накшталт знаходзім у парадыйнай паэме Старажытнай Грэцыі:

 

Голени прежде всего листьями мальвы покрыли,

Крепкие панцири соорудили из свеклы зеленой,

А для щитов подобрали искуссно капустные листья,

Вместо копья был тростник у них длинный и остроконечный,

Шлем же вполне заменяла улитки открытой ракушка [6, с.7-8].

Некаторыя сцэны «Энеіды навыварат» у фабульнай паслядоўнасці амаль што калькуюць адпаведныя эпізоды вергілеўскай паэмы: зварот Венеры да Зеўса з просьбай выратаваць яе сына ад праследаванняў Юноны, прадраканне вярхоўным богам Алімпа Зеўсам далейшага лёсу траянскага героя, сустрэча Энея з Дыдонай і інш. Толькі сістэма ўсіх падзей «Энеіды» Вергілія з трагедыйна-эпічнага кантэксту перамяшчаецца ў камічна-бытавы план, дзе ў беларускай паэме падзеі выварочваюцца навыварат. В.Равінскі малюе траянцаў з улікам нацыянальных асаблівасцей жыцця і побыту беларускіх сялян. Апісвае іх звычкі, забавы, адзенне, стравы.

Некаторыя месцы з паэмы Вергілія беларускі пісьменнік падкарочвае, а іншы раз, каб узмацніць сатырычны, гратэскны план, пашырае той альбо іншы эпізод.

Заканчваецца «Энеiда навыварат», як i першая кнiга паэмы Вергiлiя, вясёлым застоллем з танцамi i гульнямi ў Карфагенскай царыцы Дыдоны, апiсаннем беларускiх народных звычаяў:

 

    I жарты розныя рабiлi:

    Казу святочную вадзiлi,

    З загнеткi лося забiвалi,

    Дугу ў браму прадзявалi, -

    Пустоты ў воленьку было [2, с.26].

 

Прыём парадзiравання, а дакладней травестацыi даваў аўтару магчымасць напоўнiць вобразы паэмы новым зместам, стварыць характэрныя тыпы прадстаўнiкоў розных грамадскiх груп, выявiць свае адносiны да жыцця. У вобразах антычных багоў, у iх паводзiнах аўтар паказвае феадальныя вярхi тагачаснага грамадства.

Так ужо павялося, што беларускiя лiтаратуразнаўцы побач з «Энеiдай навыварат» ставяць i другую парадыйна-сатырычную паэму XIX ст. — Канстанціна Вераніцына «Тарас на Парнасе».

У паэме мiфалагiчныя багi Старажытнай Грэцыi i Рыма пераносяцца ў XIX ст. Так адбываецца сустрэча розных эпох i розных культур. Аўтар твора знайшоў iдэйную платформу i кут мастацкага бачання рэчаiснасцi, якiя дазволiлi яму аб’яднаць праўду жыцця i мiфалагiчную фантастыку, рэальнае i казачнае.

У грэчаскай мiфалогii гара Парнас — сiмвал абазначэння свету паэтаў i паэзii. На ёй, паводле падання, жылi бог апалон i Музы. У пераносным сэнсе Парнас — згуртаванне паэтаў, парнаскiя кветкi — вершы, парнаскiя сёстры — Музы.

Мiфалагiчныя вобразы ў паэме «Тарас на Парнасе» выконваюць iншую функцыю, чым у «Энеiдзе навыварат» Тут яны не парадыруюцца, а асэнсоўваюцца праз прызму гумару. Сюжэт паэмы носiць прыгоднiцкi характар. Палясоўшчык Тарас трапляе на мiфалагiчны Парнас, якi малюецца ў казачных танах:

 

Авохцi мне!  Як там прыгожа!

Як быццам хто намаляваў!

Чырвоны краскi, мак i рожа, —

Ну, як сукенку хто паслаў!

I птушкi ёсць там, дужа стройна

Пяюць, палепш за салаўя! [2, с.40-41].

 

Старыя рымскiя багi, якiя былi ўзорам высокага, iдэальнага, усяго таго, што не сутыкаецца з зямным жыццём, у паэме паказваюцца ў бытавых абставiнах. Багi займаюцца тымi ж справамi, што i звычайныя сяляне, прытым у кожнага з iх вылучана i падкрэслена ў камiчнай форме найбольш характэрная рыса i дэталь, звязаныя ролямi i становiшчамi, якiя былi замацаваныя за iмi ў антычнай мiфалогii. «Аўтар паэмы з вялiкiм майстэрствам надае абымшэлым кнiжным багам «зямное» аблiчча, здымаючы з iх флер боскай святасцi, паказваючы iх нiкчэмнымi пустацветамi, пустабрэхамi, гультаямi, распутнiкамi», — пiша I.Навуменка [7, с.17].

Антычныя багі ў «Тарасе на Парнасе» малююцца ў гратэскна-сатырычным плане. Для прыкладу можна прывесці радкі аб тым, як Юпітэр «з вестай пусціўся, стары хрэн, у пляс, як бы жаніх перад нявестай, заткнуў ён рукі за паяс» або «Нептун з прыгожанькай Наядай пайшоў у прысядку казака; нябось і ў старога гада кроў грае, як у дзецюка».

Развiваючы сатырычна-парадыйныя традыцыi «Энеiды», аўтар «Тараса на Парнасе» iстотна ўзмацняе сацыяльна-выкрывальны пафас твора, надае яму акрэсленае лiтаратурна-грамадскае гучанне. Ён не абмяжоўваецца маральным асуджэннем адмоўных з’яў, а ўзнiмаецца да разумення характэрных тэндэнцый свайго часу [8, с. 23].

У цэлым жа сустрэча Тараса з антычнымi багамi сiмвалiзуе ўзыходжанне беларускага селянiна на парнаскiя вышынi, далучэнне яго да здабыткаў сусветнага мастацтва i культуры. Аўтар сцвярджае, што беларускi селянiн можа з годнасцю трымацца там, дзе месца традыцыйна займалi багi або мiфалагiчныя героi. Узыходжанне Тараса на Парнас i яго прысутнасць на свяшчэннай гары даказвае сваё права на дастойнае месца i iснаванне ў лiтаратуры. На Парнасе, сярод багоў, г.зн. сярод лiтаратурных персанажаў, ён выглядае як новы герой лiтаратуры, што хутка прыйдзе на змену ранейшым i надзейна зойме ў лiтаратуры сваё месца.

Звычайна гара Алiмп паказваецца ў бурлескным, жартоўным выглядзе. Гэта адзiн з найбольш традыцыйных элементаў рускай iроi-камiчнай паэмы. Жанр камiчнай паэмы ў рускай лiтаратуры цесна звязаны з важнейшымi этапамi лiтаратурнай эвалюцыi ад класiцызму да сентыменталiзму, у iм праявiлiся рэалiстычныя патэнцыi рускай лiтаратуры XVIII стагоддзя: дэмакратызм, цiкавасць да паказу быту, сувязь з фальклорам, старажытнарускай лiтаратурай, яркая нацыянальная самабытнасць на фоне еўрапейскай традыцыi.

Беларускі аўтар таксама стварае парадыйны кантраст паміж Алімпам і сялянскай рэчаіснасцю XIX стагоддзя. На такім кантрасце, як Геба частуе смачнай крупеняй палясоўшчыка Тараса, а «хлапчына кудравы, як баран» з лукам і калчанам размаўляе з ім па-беларуску, узмацняецца камічны эфект паэмы пра селяніна, які трапіў на Парнас.

Парадыраванне вобразаў антычнай міфалогіі падаецца з сялянскага пункту гледжання: норавы і побыт багоў нічым не адрозніваюцца ад простанароднага. Неадпаведнасць узвышана-боскага і прыземна-бытавога, чыста-прымітыўнага і грубаватага ў паводзінах і ўчынках персанажаў разбурае іх традыцыйную, кананічную святасць і высакародства.

Пісьменнік зніжае колішнія эстэтычныя ўяўленні пра антычных багоў, «агаляе» святы Парнас і ў яго вобразе паказвае звычайную сялянскую хату з яе тыповымі атрыбутамі:

 

... на лаўцы шыюць

Шаўцы багіням хадакі,

Багіні ж у начоўках мыюць

Багам кашулі і парткі [2, с. 45].

 

Але для аўтара беларускай паэмы асноўнае не парадзіраванне, а паказ простага чалавека, ператварэнне яго ў галоўнага героя. Вобраз Тараса намаляваны выразнымі фарбамі. Ён больш спрытны, чым парнаскія багі, за якімі праглядваецца воблік зямных паноў.

Такім чынам, разам з гэтым творам у літаратуру ўваходзіла жывая рэальнасць народнага жыцця, узрастала цікавасць да паказу сялянскага побыту, этнаграфічных падрабязнасцей, абрадаў, звычаяў і святаў. Беларускі аўтар здолеў «упісаць» высокую антычнасць у люстра народнай карнавальнай культуры, паказаць захад класічнага Парнаса. Багі і героі старажытнага свету саступалі сваё месца новаму герою беларускай літаратуры. Новая беларуская літаратура з іроі-камічнай стылізацыі пад грэка-рымскую традыцыю ў «сваіх першых паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» як бы выводзіла нацыянальнае мастацкае слова на парнаскія вышыні сусветнай літаратуры» [9, с.78].

Бурлеска-травесційныя творы – гэта сведчанне таго, што нараджалася новая дэмакратычная літаратура, якая і вызначыла галоўны кірунак станаўлення і развіцця новай беларускай літаратуры.

Дзмітрый Лебядзевіч

по материалам: Шлях да ўзаемнасці, Гродна-Беласток, 2012

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Лацінская мова не была заўсёды мёртвай мовай, як гэта сцвярджаюць некаторыя скептыкі, а лацінская літаратура не была мёртвай літаратурай. На гэтай мове не толькі пісалі, але і гаварылі, што цалкам натуральна, паколькі лаціна ў тагачаснай Еўропе ўважалася за мо...
Беларуская байка апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя пачалася з перакладу твораў  антычных, рускіх, польскіх і іншых байкапісцаў. Наогул, без высокаякаснай перакладчыцкай дзейнасці не можа абыйсціся ні адна нацыянальная літаратура. Пераклады з замежных аўтараў адыгра...
Каля 1% слоў сучаснай беларускай літаратурнай мовы можа нарматыўна ўжывацца ў некалькіх (звычайна дзвюх) разнавіднасцях, тоесных у сэнсавых, стылістычных, спалучальных адносінах і ўзаемазамяняльных у любым кантэксце, – варыянтах. Як, напрыклад, слова прыкмета ...