История региона » Да пытання аб некаторых аспектах дзейнасці уніяцкіх святароў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941-1944 гг.)

Горны А.С., Гродна, ГрДУ імя Я.Купалы Дзейнасць беларускага грэка-каталіцкага духавенства падчас Другой Сусветнай вайны з’яўляецца адной з загадкавых старонак у найноўшай гісторыі Беларусі. Гэтая праблематыка на жаль не знайшла належнага адлюстравання ў навуковай літаратуры і таму даследчыкі, вывучаючы яе, павінны былі ў асноўным звяртацца да ўспамінаў сведкаў гэтых падзей, якія друкаваліся на старонках перыёдыкі беларускай эміграцыі яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. Аднак з’яўленне новых дакументаў па гісторыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ставіць пытанне аб пераглядзе некаторых момантаў, звязаных перш за ўсё з дзейнасцю уніяцкіх святароў у адзначаны перыяд. Як вядома, на пачатак вайны нешматлікія уніяцкія парафіі, што знаходзіліся ў Заходняй Беларусі падпарадкоўваліся юрысдыкцыі Беларускага Грэка-Каталіцкага Экзархата. Гэта царкоўная структура была ўтворана мітрапалітам Андрэям Шаптыцкім, прадстаяцелем УГКЦ, на сінодзе епіскапаў у Львове 9 кастрычніка 1939 г. У верасні 1940 г., пасля адмовы каталіцкіх святароў Ф.Абрантовіча, А.Станкевіча, В.Гадлеўскага і П. Татарыновіча, пасаду першага беларускага уніяцкага экзарха заняў а. Антон Неманцэвіч [1, с.2]. Паспрабуем падрабязней разгледзіць дзейнасць гэтага святара падчас вайны. Пасля нямецкай акупацыі Беларусі а. А. Неманцэвіч адразу пачаў здзейсняць захады па адраджэнню уніяцкай царквы, якая фактычна спыніла сваю дзейнасць пасля 1939 г. У жніўні 1941 г. экзарх нанава асвяціў царкву ў Альбярціне, пераўтвораную бальшавікамі ў кіно для салдат. Патроху пачалі засяляцца альбярцінскія кляштарныя памяшканні [2, с.9]. Але разам з тым, як азначае сам а. Антон у справаздачы для ІІІ Сабору экзархаў, у гэты час праваслаўнымі былі перанятыя дзве уніяцкія царквы: у Бабровічах і Сынкавічах [2, с.9]. Пасля таго, як ў верасні 1941 г. беларускія нацыянальныя дзеячы дамагліся ад нямецкіх уладаў права наведаць лагеры для ваеннапалоных на тэрыторыі генеральнага камісарыята “Беларусь” дзеля збору рэкрутаў у паліцыю і іншыя вайсковыя фарміраванні, а. А. Неманцэвіч разам з а. І. Гермацюком (гаворка аб ім пойдзе трохі ніжэй) актыўна ўключыліся ў гэтую працу і часта наведвалі лагеры ў ваколіцах Слоніма. Крыху пазней экзарх пачынае збіраць сясцёр скрытак, якія жадалі працаваць у беларускіх дзіцячых дамах [3]. Недаследаванным аспектам дзейнасці альбярцінскай місіі езуітаў і ў тым ліку а. Антона Неманцэвіча з’яўляецца аказанне дапамогі пераследаваным нацыстамі яўрэям [4, с.158]. 5 снежня 1941 г. а. Неманцэвіч звяртаецца да нямецкіх акупацыйных улад з мэтай легалізаваць працу Экзархата. Праз чатыры месяцы, 16 сакавіка 1942 г. ён атрымлівае ад генеральнага камісара В. Кубэ дакумент, які пацвярджае яго статус экзарха і дазваляе яму дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі. Адразу ж узнікае пытанне – чаму прашэнне аб легалізацыі было накіравана так позна, калі, напрыклад, рыма-каталіцкая і праваслаўная цэрквы былі легалізаваны яшчэ летам 1941 г.? Даследчык С. Горбік робіць выснову, што сярод тагачаснага беларускага актыву большасць з’яўлялася прыхільнікамі праваслаўнай аўтакефаліі, і таму экзарх А.Неманцэвіч увесь гэты час мог весці перамовы аб падтрымцы Экзархата з боку нацыянальных дзеячоў [1, с.7]. Пошукі саюзнікаў мабыць далі свой плён, бо як сцвярджае Леў Гарошка “вестку аб iснаваньнi Беларускага Усходнекаталiцкага Экзархату ў беларускiх грамадзкiх кругох прынялi даволi прыхiльна, як аб гэтым можна было пераканацца з водгаласаў у тагачаснай беларускай прэсе…” [3]. Але па-ранейшаму колькасць вернікаў і святароў, якія належалі да Экзархату заставалася нязначнай. Даволі спрэчнай і нявырашанай па сённяшні час застаецца палітычная дзейнасць а. А.Неманцэвіча. Некаторыя біёграфы святара падкрэсліваюць, што ўдзел у палітыцы не быў характэрны для жыццёвых прынцыпаў будучага экзарха. Яны падмацоўваюць сваю тэзу тым, што ў міжваенны час Неманцэвіч не далучыўся ні да воднай з палітычных груповак Заходняй Беларусі [4, с.158]. Аднак падчас нямецкай акупацыі і вайны, такая асоба, як кіраўнік Грэка-Каталіцкага Экзархата, не мог заставацца ў баку ад тагачаснай палітычнай сцэны і хаця б ускосна яна мусіла закрануць яго. Гэтай думкі прытрымліваюцца і гісторыкі С.Ёрш і вышэйпазначаны С.Горбік, выказваючы гіпотэзу, аб пэўных сувязях а. Неманцэвіча з Беларускай Незалежніцкай Партыяй (БНП) і ў прыватнасці з яе лідарам – кс. В.Гадлеўскім. Вясной 1942 г. кс. В.Гадлеўскі пачаў наладжваць сувязь з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў на чале якой стаяў С.Бандэра. На думку гісторыкаў кс. Гадлеўскі хацеў дамагчыся вываду ўкраінскіх вайсковых аддзелаў з беларускага Палесся, а таксама знайсці саюзнікаў для будучай барацьбы як з немцамі, так і з Чырвонай Арміяй. Каб здзейсніць гэта ён планаваў выкарыстаць свае старыя сувязі з мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Таму ў сярэдзіне мая 1942 г. адбылася сустрэча ксяндза з сябрам БНП па мянушцы «Язафат». Апошні, як мяркуецца, быў беларускім уніяцкім святаром і, самае галоўнае, сябрам Рады Экзарха Беларускага Грэка-Каталіцкага Экзархата. Гаворка ішла аб магчымасці выкарыстання экзарха а. Неманцэвіча, які меў сталыя сувязі ў Львове, у якасці пасярэдніка ў перамовах паміж мітрапалітам Шаптыцкім і АУН з аднаго боку, і кс. Гадлеўскім і БНП з другога. Пасля адбылася другая сустрэча Гадлеўскага і «Язафата», на якой прысутнічаў ўласна А.Неманцэвіч. Апошні пагадзіўся дапамагчы «Язафату» выканаць заданне Гадлеўскага ў Львове. Нагодай для паездкі стаў III Сабор экзархаў, які мусіў адбыцца з 9 па 15 чэрвеня 1942 г. [5]. У справаздачы Гадлеўскаму ад 29 чэрвеня 1942 г. таямнічы “Язафат” распавядае пра сустрэчы з мітрапалітам А.Шаптыцкім і з упаўнаважанымі АУН. Па словах гэтага святара, А. Неманцэвіч толькі дапамог адбыцца перамовам і прысутнічаў на адной з сустрэчаў. Аднак ужо праз некалькі тыдняў у мінскае гестапа і СД з рэйхскамісарыяту «Украіна» паступіла інфармацыя, што падчас працы ІІІ Сабору экзархаў А.Неманцэвіч вёў, пры пасярэдніцтве мітрапаліта Шаптыцкага, перамовы з АУН(б) аб супольнай антынямецкай барацьбе [1, с.15]. Фактычна гэта і магло стаць прычынай арышту экзарха гестапаўцамі на пачатку жніўня 1942 г. Тое, што а. Антона маглі арыштаваць менавіта па справе “беларускай канспірацыі” падкрэслівае і Вацлаў Пануцэвіч – былы супрацоўнік Баранавіцкага СД. У сваім артыкуле пра кс. Гадлеўскага ён піша: “Менскае СД паездку Неманцэвіча да Шаптыцкага расцэньвала як кансьпірацыйнае шуканьне кантактаў так з украінцамі, як і з Рымам… Яны (немцы – А.Г.) спадзяваліся, што ад яго атрымаюць больш матарыялаў у справе беларускай кансьпірацыі…” [6, с.75]. Афіцыйныя паведамленні немцаў аб тым, што епіскап Неманцэвіч памёр у канцы 1942 – пачатку 1943 гг. [3] яшчэ раз пацвярджаюць апошні прыведзены сказ з артыкула Пануцэвіча – гестапаўцы дамагаліся ад святара нейкай інфармацыі пра беларускі актыў. Звернемся зараз да лёсу астатняга беларускага уніяцкага духавенства на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці да айцоў Л.Гарошкі, В.Аношкі і І.Гермацюка. Усе гэтыя святары на пачатку 1941 г. увайшлі ў склад Рады экзарха. Таму, праз прызму іх дзейнасці, паспрабуем прыблізна вызначыць хто мог выконваць ролю невядомага “Язафата” – сябра БНП. Біяграфія апошняга з вышэйнапісанага спісу святара, а. Гермацюка, а таксама яго адносіны да беларускага нацыянальнага руху застаюцца на сённяшні дзень таямніцай. Дакладна вядома толькі тое, што гэты святар захварэў на тыф і памёр увесну 1942 г. [3] і таму ён не мог быць у чэрвені разам з Неманцэвічам у Львове. С. Горбік, на падставе мізерных фактаў, вызначыў, што а. Гермацюк мог з’яўляцца прыхільнікам польскай канцэпцыі міжваеннай уніі, якая прадугледжвала паступовы перавод праваслаўнага беларускага насельніцтва ў рыма-каталіцызм [1, с.11]. Наступны святар, Вацлаў Аношка, сустрэў вайну ў сваёй парафіі ў в. Дзяляцічы Навагрудскага павета. Пасля з-за канфлікту з партызанамі, а. Аношка вымушаны быў працяглы час хавацца ў Навагрудку. Звесткі пра яго зноў узнікаюць толькі ў 1943 г., калі святар па невядомых абставінах перабраўся ў Кракаў [7]. Гісторыкі Ёрш і Горбік, на падставе таго, што ў міжваенны час Аношка быў прыхільнікам БХД, а таксама таго, што быццам бы падчас свайго знаходжання ў Навагрудку а. Аношка мог наладзіць кантакты з актывам БНП, вызначаюць яго ў якасці “Язафата”. Аднак фактычна акрамя гэтых гіпатэтычных непацверджаных думак, больш нічога не паказвае на хоць якую-небудзь палітычную дзейнасць гэтага святара. Рэальна на ролю “Язафата” можа прэтэндаваць, на нашу думку, толькі айцец Леў Гарошка. Бадай ён адзіны меў вопыт палітычнай дзейнасці і быў цесна знаёмы з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Але і яго біяграфія выклікае супярэчнасці. Часлаў Сіповіч у 1966 г. падае наступныя звесткі аб знаходжанні а. Гарошкі ў пазначаны перыяд: “ад восені 1939 г. і да лета 1944 г. мешкае ў Баранавічах” [8]. А вось Язэп Малецкі ў сваіх успамінах сцвярджае, што “Леў Гарошка, адзін з выдатных беларускіх дзеячоў, у часе нямецкага паходу на Усход быў на беларускім Палесьсі, якое паводле гітлераўскага пляну… адміністрацыйна прыразалася да Райсхкамісарыяту Ўкраіны. Там, у сваёй парафіі, з прыходам немцаў ён не толькі дзеіў у кірунку хрысьціянскае рэлігійнае супольнасьці, але і ставіў востра дамаганьне, каб Палесьсе, як беларуская прастора, мела беларускую адміністрацыю і школьніцтва. За гэта а. Л.Гарошка апынуўся пад украінскім і мясцовым праваслаўным абстрэлам, і нямецкі камісар загадаў высяліць яго зь Пінскай акругі без права павароту…” [9]. Ужо пасля гэтага а. Гарошка пераехаў у Баранавічы, дзе займаўся настаўніцкай працай, а таксама супрацоўнічаў з рэдакцыяй “Баранавіцкай газэты”. Вышэйпадазены факт безумоўна падкрэслівае тое, што а. Леў Гарошка быў даволі свядомым палітычным дзеячом, больш таго ў яго быў досвед стасункаў з украінцамі, што безумоўна магло яму спатрэбіцца для працы ў якасці “Язафата”. Дарэчы да гэтай працы а. Гарошку маглі таксама падштурхоўваць і ранейшыя сувязі з мітрапалітам Шаптыцкім і некаторымі ўкраінскімі нацыянальнымі дзеячамі, якія ён набыў, праходзячы навучэнне ў 1931—1936 гг. у Львоўскай Украінскай Духоўнай Акадэміі. Такім чынам, гісторыя дзейнасці беларускага грэка-каталіцкага духавенства падчас Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца даволі супярэчлівай, а падчас і таямнічай. Адсутнасць прамых крыніц па гэтай тэме вымушае даследчыкаў разглядаць яе ў рэчышчы розных гіпотэз і здагадак. Аднак, спадзяемся, што ўсе невядомыя старонкі па гісторыі Беларускага Грэка-Каталіцкага Экзархату і яго святароў у хуткім часе будуць адчынены. Спіс крыніц і літаратуры 1. Горбік, С. Таямніцы Беларускага Грэка-Каталіцкага Экзархату / С.Горбік – Львоў, 2006. – 17 с.; 2. Невядомыя дакумэнты Беларускага Грэка-Каталіцкага Экзархату // Наша Ніва – 2001 – №29 (16 ліпеня) – С.9; 3. Гарошка, Л. Айцец Антон Неманцэвіч / Л.Гарошка // Божым шляхам – 1964 – №8 – Рэжым доступу: http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/historia/harbinski/brd/uspaminy_09.htm#4 – Дата доступу: 28.04.2009 г. 4. Усошын, Я, Гаек, С. Экзарх Антон Неманцэвіч – верны сьведка Евангельля. Колькі слоў пра ягонае духоўнае служэньне / С.Гаек, Я.Усошын // Roczniki teologiczne. Tom LIII-LIV, zeszyt 7 – 2006-2007 – S.153-163; 5. Ёрш, С, Горбік, С. Львоўская місія “Язафата” / С.Ёрш, С.Горбік // Рэжым доступу: http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=4042 – Дата доступу: 28.04.2009 г.; 6. Пануцэвіч, Вацлаў. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі: Дзяржаўны Муж і Правадыр Народу / Вацлаў Пануцэвіч // Спадчына – 1993 – №6 – С.69 – 85; 7. Канстантыновіч, Ч. Да ўспамінаў аб сьв. пам. а. Вацлаве Аношцы / Ч.Канстантыновіч // Божым шляхам – 1966 – №3 – Рэжым доступу: http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/historia/harbinski/brd/uspaminy_03.htm – Дата доступу: 27.04.2009 г.; 8. Дзедзінка, А. [Часлаў Сіповіч]. Айцец Леў Гарошка – архімандрыт / А. Дзедзінка // Божым шляхам – 1966 – №94 – Рэжым доступу: http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/historia/harbinski/brd/uspaminy_06.htm – Дата доступу: 27.04.2009 г.; 9. Малецкі, Язэп. Пад знакам Пагоні – Таронта, 1976 г. – Рэжым доступу: http://knihi.com/memuary/znak.html – Дата доступу: 28.04.2009 г.
Понравилось? Пускай узнают все :) !



Яндекс.Метрика
Опубликовано 6 февраля 2019

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: