История региона » ПЛАНІРОЎКА І ЗАБУДОВА МЯСТЭЧКА ЗЭЛЬВА Ў XVI – XVIII ст.

З свайго заснавання і да пачатку XIX ст. Зэльва была прыватнаўлясніцкім мястэчкам. Менавіта ад жадання і мэтаў уласніка мястэчка развівалася і забудоўвалася ў тым ці іншым напрамку. На забудову Зэльвы вельмі паўплываў адзін з багацейшых і ўплывовых магнацкіх родаў – Сапегі. За два стагоддзі свайго існавання Зэльва перажыла вялікія змены. На падставе дадзеных інвентароў, у 1616 г. у Зэльве, акрамя рыначной плошчы, існавалі ўсяго 3 вуліцы, а на пачатак XIX ст. вулічная сетка налічвала ўжо 9 вуліц. На працягу даследуемага перыяду ў Зэльве будаваліся розныя будынкі грамадскага і гаспадарчага прызначэння, гандлёвыя крамы, шынкі і корчмы, бровары, млыны, будынкі звязаныя з местачковым правасуддзем. Таксама развіваўся і панскі двор. Такім чынам, на працягу двух стагоддзяў планіровачная структура і забудова мястэчка Зэльвы развіваліся і ўскладняліся.

Планіроўка населенага пункта – гэта не толькі гандлёвы рынак і вуліцы, злучаныя маленькімі завулачкамі, на якіх размяшчаліся хаты і гаспадарчыя пабудовы жыхароў. У планіроўцы адлюстроўваюцца розныя формы жыцця мясцовых насельнікаў, іхнія духоўныя запатрабаванні, матэрыальныя магчымасці, звычаі і паводзіны.
Каб перайсці менавіта да разгляду забудовы мястэчка Зэльвы, варта коратка спыніцца на гісторыі яго заснавання і характарыстыкі ландшафту даліны ракі Зяльвянкі, да якой і дапасоўвае свае формы горадабудаўнічы ансамбаль Зэльвы. Магчыма, першая пісьмоваяя звестка пра Зэльву ў Галіцка-валынскім летапісе адносіцца да 1258 г. і звязаная з барацьбой князёў Данілы Галіцкага і Войшалка. Але гэтая дата не пацверджана археолагамі, а магчымае старажытнае гарадзішча існавала на месцы сучаснага помніка Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Старажытнае паселішча ўзнікла на велізарных плато ды рачных тэрасах Зяльвянкі, а сама ландшафтная прастора ўяўляе сабой раўніну, раскінутую на некалькі кіламетраў, з вялікімі ляснымі масівамі. Афіцыйная дата заснавання мястэчка – 1470 г., калі Міхаіл Нацавіч залажыў у сяле Вялікая Зэльва каталіцкі касцёл, але з упэўненасцю можна гаварыць, што гэтае сяло пачынала забудоўвацца ўжо раней. Цяжка дакладна акрэсліць прастора-планіровачную кампазіцыю мястэчка на той час. Была гэта радыальна-кальцавая ці геаметрычная кампазіцыя – вызначыць цяжка. З-за недаказанасці існавання старажытнага зэльвенскага гарадзішча, вакол якога магла фармавацца вулічная сетка, прынята лічыць, што забудова Зэльвы адбывалася паводле геаметрычнага прынцыпу, пачынаючы з рынку, які з’яўляўся цэнтрам мястэчка.
Да галоўных крыніц, якія даюць нам уяўленне аб планіроўцы ды горадабудаўнічых пераўтварэннях у Зэльве даследуемага перыяду, адносяцца інвентары мястэчка. З гэтых інвентароў можна даведацца пра назвы вуліц, іх напрамак і забудову, прасачыць эвалюцыю гэтых вуліц і ўзнікненне новых. Першыя звесткі пра планіровачную структуру Зэльвы адносяцца да 1616 г. Паводле іх, мястэчка складалася з рынку і трох вуліц: Дворнай, Ваўкавыскай і Мяжэрыцкай ( пазней называлася Забалоцкая і Ружанская). Да пачатку XIX ст. планіровачная структура перажыла вялікія змены. З’явіліся новыя вуліцы: Касцельная, Кушнерская (пазней называлася Слонімская), Царкоўная, “Вуліца над выганам”, “Вуліца ў тыле над выганам”, “Вуліца ў тыле за лядоўняй у кафенхауза”. Такім чынам мажна пабачыць, што планіровачная сетка не была надта складанай і на пачатак ХІХ ст. складалася з 9 вуліц, а галоўнымі артэрыямі мястэчка з’яўляліся вуліцы Гродзенская, Слонімская і Ружанская.[1 – 6]
Акрэсліўшы планіроўку мястэчка і маючы ўяўленне пра вулічную сетку, можна перайсці да аналізу забудовы Зэльвы. Гаворачы пра забудову, трэба ў першую чаргу адзначыць тыя будынкі і комплексы, якія не змяняліся на працягу многіх гадоў і лакалізаваліся ў тых жа месцах. Да іх адносяцца панскі двор, будынкі грамадскага прызначэння (гандлёвыя крамы, шынкі і корчмы, бровары, млыны), будынкі звязаныя з местачковым правасуддзем, культавыя пабудовы.
Да ліку асноўных дамінант панарамы мястэчка адносіўся панскі двор. Амаль усе мястэчкі ў XVI – XVIII ст. належалі магнатам і багатай шляхце, а двор з’яўляўся месцам іх жылля і гаспадаркі. Уласнік населенага пункту будаваў там свой палац і шэраг гаспадарчых пабудоў. Хоць сам двор не знаходзіўся ў межах мястэчка, ён уносіў значны ўклад у яго развіццё. Да панскага палацу напрамую з рынку вяла вуліца Дворная. Першыя звесткі пра Зэльвенскі двор адносяцца да 1616 г. Інвентар апісвае драўляны панскі палац і гаспадарчыя пабудовы. Двору належылі два млыны, бровар, кузня, некалькі склепаў, на тэрыторыі двору размяшчаўся дом урадніка, стайні і г.д. [1, л. 1-9; 2, л. 37-43] Пры апісанні палацу Сапегаў 1757 г. адзначаецца, што будынак быў ужо цалкам мураваным.[6, л. 24] А інвентар 1815 г. гаворыць аб будаўніцтве новага палацу, на той час яшчэ не завершанага. І тады амаль усе найбольш важныя для панскай гаспадаркі пабудовы былі ўжо мураваныя.[6, л. 1]
Пры аналізе забудовы мястэчка будынкамі грамадскага прызначэння нельга абысці разгляд развіцця месцаў, дзе мяшчане маглі правеці свой вольны час. Д іх ліку адносяцца корчмы і шынкі. Упершыню зэльвенскія корчмы ўзгадваюцца ў інвентары 1616 г., паводле якога іх па ўсяму маёнтку было 17, з якіх 16 належала мяшчанам, і адна – двору. Крыніца не гаворыць аб колькасці корчмаў, якія знаходзіліся у самім мястэчку. Дворная карчма знаходзілася на адной са старон рынку. А вось шынкі, якія належалі мяшчанам, лакалізаваць не магчыма. Інвентар падзяляе корчмы на 2 тыпы: піўныя і гарэлачныя, ад гэтага залежала, што там прадавалі і колькі грошай уладальнік плаціў за іх трыманне.[1, л. 7] Па прычыне дрэннай захаванасці крыніц і скуднасці інвентарных вопісаў устанавіць колькасць корчмаў на XVIII ст. не магчыма. У інвентарах пачатку XIX ст. адзначаюцца існаванне корчмаў, якія належалі ўладальніку. І зусім мала звестак пра прыватныя корчмы мяшчан. Так, у інвентары 1815 г. ёсць звесткі пра месца лакацыі “скарбавых” (дворных) тракціраў. На рынку знаходзіліся кабак і кафенхауз з тэатрам. Таксама ў гэтым інвентары гаворыцца пра існаванне гасціннага дому і панскай карчмы, якія размяшчалія на Гродзенскай вуліцы. [5, л. 13; л. 16 – 17]
Першыя звесткі пра гандлёвыя крамы адносяцца да XIX ст. Але мы можам дакладна гаварыць аб іх з’яўленні намнога раней. Так, на пачатку XVIII ст. у 1721 г. быў дадзены прывілей Антону Казіміру Сапегу, на правядзенне штогадовага кірмаша. Яшчэ трэба мець на ўвазе, што рынкавая плошча была заўжды месцам гандлю паміж мяшчанамі і жыхарамі навакольных вёсак. Паводле інвентара 1832 г. адзначаеца, што ў мястэчку былі пабудаваны шэсць “каравульных будак каля лавак і ў канцы вуліц”. Таксама ў гэтай крыніцы адзначаецца існаванне складоў для тавараў на кірмаш, якія знаходзіліся блізу гандлёвых крам.[7, л. 5-7] У інвентары 1815 г. змешчаны звесткі пра існаванне “скарбовых” крам. Яны знаходзіліся на рынку і на вуліцы “у тыле за лядоўняй у кафенхауза”.[5, л.13; л. 22.] Канешне існавалі і прыватнаўласніцкія крамы, але высветліць іх месцазнаходжанне ды прывесці грунтоўную графічную рэканструкцыю іх комплексу ў дадзены момант немагчыма.
Адным з галоўных элементаў гаспадарчага ўкладу мястэчка, арганічна звязанага з працай корчмаў, былі бровары і вінакурні. Сведчанняў пра іх зусім няшмат. Першыя згадкі аб зэльвенскім бровары тычыца 1631 г., калі пры вопісе панскага двору быў адзначаны будынак, у якім быў створаны “бровар з горнам”.[2, л. 39] Аб існаванні мяшчанскіх бровараў і вінакурняў сведчыць інвентар 1835 г. Іх уласнікамі у асноўным былі яўрэі.[8, л. 19 - 20]
У крыніцах змешчаны цікавыя звесткі пра існаванне ўстаноў аховы здароўя, якімі з’яўляліся шпіталі. Яны адносяцца да 1815 г., калі ў мястэчку існавалі дзве такія ўстановы. Першы быў заснаваны каталіцкім касцёлам і знаходзіўся на Слонімскай вуліцы. Другі быў заснаваны яўрэйская грамадой мястэчка і знаходзіўся на працілеглым баку гэтай жа вуліцы.[5, л. 15-16]
Будынкі, звязаны з аховай грамадскага парадку, таксама знайшлі сваё месца ў крыніцах. Так, пра зэльвенскую вязню ўзгадваецца яшчэ ў 1616 г. Яна знаходзілася на рыначнай плошчы побач с дворнай карчмой.[1, л. 11] Ёсць цікавыя звесткі пра існаванне інстытута местачковай варты. Так на 1832 г. у мястэчку існавалі 6 “каравульных будак”.[7, л. 7]
Асноўнай дамінантай забудовы мястэчка з’яўляліся культавыя збудаванні. Але недахоп крыніц вельмі ўскладняе іх лакалізацыю. Па крыніцам 1815 г. зэльвенскі касцёл быў драўляны, а каля яго знаходзіліся мураваныя сцены, якія толькі пачалі будавацца.[10] У 1828 г. было прынята рашэнне аб ўзвядзенні новага мураванага касцёла, так як стары пачаў развальвацца, а ў 1858 г. парафіальны камітэт даў на гэта згоду. Але пасля 1866 г. касцёл быў пераданы праваслаўным, якія пабудавалі тут царкву. Атрымліваецца, што старажытны касцёл знаходзіўся на месцы сучаснай праваслаўнай царквы.
Тады ўзнікае пытанне, дзе знаходзілася праваслаўная царква? Паводле інвентара 1815 г. яна была мураванай, і Павел Баброўскі адзначае існаванне якраз мураванай царквы. [5, л. 19; 10] Баброўскі піша, што каталіцкі касцёл знаходзіўся ў другім канцы і на працілеглым баку гэтай жа вуліцы, што і праваслаўная царква.[10] Атрымліваецца, што яна знаходзілася на ўсходнім ускрайку мястэчка.
Такім чынам, на працягу двух стагоддзяў планіровачная структура і забудова мястэчка Зэльвы развіваліся і ўскладняліся: з’яўляліся новыя вуліцы, ўзводзіліся мураваныя будынкі, закладваліся такія ўстановы, як шпіталь, тэатр і г.д. Канешне, вялікі ўплыў на гэты працэс аказалі і ўладальнікі мястэчка – Сапегі, якія належалі да багацейшых магнатаў Беларусі. Але галоўная заслуга ўсе ж належала самым зэльвенцам – беларусам і яўрэям, дзякуючы ўпартай працы якіх разрасталася і разбудовалася мястэчка.

П.С. ТОКЦЬ


Понравилось? Пускай узнают все :) !



Яндекс.Метрика
Опубликовано 20 мая 2011

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: