История региона » Пісанкі, маляванкі, дэкараваныя курыныя яйкі.

Звычай распісваць курыныя яйкі бярэ свой пачатак з язычніцкіх часоў. Пазней ён стаў адным з абрадаў святкавання хрысціянскай Пасхі (Вялікадня). Раней для прыгатавання пісанак бралі яйкі ад маладзенькіх курачак, абавязкова апладатвораныя, і толькі тыя, якія былі знесены пад час нарастаючага першага вясенняга Месяца. Лічылася, што ад фазы Месяца залежыць і форма яйка, і здольнасць шкарлупы прымаць фарбу. Фарбаванне звычайна адбывалася ў Чысты чацвер. Пісанка ідзе палоскамі, і фактычна ўсё яйка малюецца на палоскі, і кожная палоска – узор. Раней казалі не “пісанкі”, а “пасанкі”, ад слова “пас”, “пасак”, бо палоскі павінны ісці па яйку, як паскі па спадніцы беларускай кабеты. Фарбы неабходна было браць у вясёлкі, а яна хавала іх у кветках, травах, карэннях, кары, лісце дрэў. У добрай гаспадыні заўсёды было прыпасена шмат зёлак. З кары, знятай з пабегаў маладой дзікай яблынькі атрымлівалася жоўтая фарба, якая ў народзе так і называлася “яблынькай”. Усе магчымыя адценні жоўтага колеру здабывалі таксама з малачая, гарыцвета, зверабоя, цыбульнага шалупіння, маладых пабегаў таполі, кветак бузіны, купавак, шафрана. Зялёная фарба атрымлівалася з зеляніны жыта, кары крушыны, шалупіння чорных семак сланечніка, лісця бярозы, а таксама шляхам змешвання жоўтай і сіняй фарбаў. Сінюю, ліловую, блакітную, фіялетавую можна было прыгатаваць з сушаных ягад бузіны ці чарніцаў. Густыя адвары кары дуба ці яблыні, лістоў грэцкага арэха ці конскага каштана, цыбульнага шалупіння былі цудоўнай карычневай фарбай. Чорную рабілі з маладых лістоў чарнаклёна, корня крапівы, кары вольхі. У арнаментах пісанак, строга падпарадкаваных форме яйка, заключаны сакральны сэнс. Яйка ў старажытнасці было не толькі ежай, але і лекамі, календаром, абярэгам, духам зерня, мадэллю Сусвета. У часы язычніцтва прыгатаванне пісанак было прымеркавана да Новага года і Раству Сусвета. З перасячэння “месяцавых вулак” – кругоў і авалаў, якія апаясваюць яйка, - вымалёўваліся ламаны крыж (свастыка), трынога (трыкветр), васьміпрамянёвая разетка – зорка Раства. Гэта асноўныя арнаментальныя формы, якія распадаюцца на трохвугольнікі, ромбы, кружочкі, “сасну”, “родзію” (лілею), утвараючы стройную сістэму сімвалаў і боскіх чыслаў. Можна меркаваць, што арнамент бярэ свой пачатак ад пісанкі. Яна на шматлікія стагоддзі стала эталонам кампазіцыі ў народным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Канструкцыя арнамента пісанкі адлюстроўвае будову Сусвету па вертыкалі. У яе аснове ляжаць тры кардынальных сімвала: круг, квадрат і сусветная вось у выглядзе крыжа альбо дрэва. Аднак гэта пісанка жрэчпская. Просты народ акрамя ламаных крыжоў і ружаў размяшчалі на яйках знакі стыхій, лекавых раслін, усемагчымых калючак, прылад працы, якія далучаліся да святасці. Малявалі зярняты, каласкі, гваздік, вісілёк, макі і інш. Асноўныя колеры арнамента пісанак – белы, жоўты, чырвоны і чорны. Усе іншыя лічыліся не сімваламі, а простымі ўпрыгожаннямі яйка. Лініі развода звычайна белыя, а ў тых выпадках, калі фон пісанкі белы, – развод жоўты. Фон пісанкі мож абыць таксама чырвоны альбо чорны. Яйка, распісанае з парушэннем законаў пісьма, называлася ўжо не пісанкай, а маляванкай. Пісанка прымеркавана толькі для дарэння. Яна – радасць, яна – прыгажосць і вялікая святасць. Лічылася, што пісанкі ў хаце – гэта прызнак дабрабыту і згоды. Літаратура: Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т.2: Лабараторыя традыцыйнага мастацтва – “Яшчур”/ Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2006. – 832 с.: іл.
Понравилось? Пускай узнают все :) !



Яндекс.Метрика
Опубликовано 23 июля 2017

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: